Шрифт:
Маргарыта Аляшкевіч
Мадэль для забойства
Вам, напэўна, даводзілася бываць у вялікім аэрапорце. А калі і не, дык вы сабе такі лёгка ўявіце. Прасторныя залы, поўна народу, кавярні, крамы, чакальні, цялежкі, экраны, на вялізным чамадане сядзіць дзяўчо і горка плача. Яе абыходзяць — хто з цікавасцю, хто абыякава, адзін мужык, прыліпшы вачыма да табло, ледзь не наехаў цялежкай.
— Глядзі, куды прэш, боўдзіла вузкавокае! —
Мужык ані слоўца не разумее, палохаецца, перапрашае. Але шанцаў знайсці агульную мову няма — дзяўчо выбачэнняў відавочна не разумее і ажно заходзіцца ад гневу. Усё больш людзей спыняецца і прыслухоўваецца, вось ужо і службе бяспекі зычаць скарпіёна ў пячонкі, як раптам:
— Халоў, Яначка! Што гэта вы тут робіце? Памятаеце мяне, я Агата, мы разам ляцелі…
— А-а, Агатка, любая! Скажы ім, скажы, каб мяне адпусцілі, а ну рукі прыбяры, казліна! Я буду жалавацца!
Дзяўчына, якая прадставілася Агатай, добра ўмее пераконваць — хутка Яначка перастае брыкацца, ахоўнікі яе адпускаюць і нават ветліва прапануюць дапамагчы, а натоўп расчаравана разыходзіцца.
— Дык што, раскажыце, здарылася — вас у сто першы раз паклікалі сёння замуж? Давайце дапамагу… — Агата папраўляе Яначцы валасы, даўгую і густую грыву каштанавых кудзераў. — І дзе тыя скаўты, вы казалі, яны за вас дома ледзь не біліся?
— Вой, кінь ты мне выкаць, я ж цябе прасіла… У тым і рэч, што няма, няма нікога! Ні-ко-га! А? Ніхто мяне не сустракае! Не ведаю нават, што рабіць…
— Ну, ну, не плачце, э-э-э, не плач, зараз што прыдумаем, ну, глядзі, вось, туш пацякла…
— А? Пацякла? — Яначка тут жа кідае румзаць, выцягвае люстэрка і робіцца страшна дзелавой. — У цябе ёсць сурвэтка і тонік? Тут недзе была прыбіральня...
— Чакайце, чакай, давай разбярэмся, а то ў мяне аўтобус праз паўгадзіны, увечары ўжо мушу быць на працы... Не, канечне, я цябе не кіну, хто гэта землякоў у бядзе кідае?.. Ты ў самалёце казала, што цябе запрасіла тутэйшая агенцыя, самая крутая ва ўсёй Азіі. І яны цябе не сустракаюць? А ў цябе запрашэнне іхняе ёсць? Давай паглядзім.
Яначка мусіць распакаваць палову чамадана — і недзе паміж сыравяленай кілбасой, нарачанскім хлебам і прасам адшукваюцца тры мятыя старонкі, мадэльны кантракт. Агата ўважліва яго праглядае:
— Ну вось, ага, ну вось, глядзі, тут жа ўсё напісана — прыбыўшы ў аэрапорт, Мадэль павінная набыць картку і пазваніць у Агенцыю, вось і нумар… ты гэта ўвогуле чытала?
Яначка засяроджана выцірае пад вачамі сляды тушы, пакуль Агата не адбірае ў яе люстэрка.
— Не чытала я, ну і што? Мне бацькі ўсё прачыталі і патлумачылі, што ты мне гэту паперку пад нос суеш, ды не ведаю я ангельскай, андэрстэнд?
Агата купіла тэлефонную картку, пазваніла ў Яначкіну агенцыю, потым купіла супермадэлі квіток на той самы аўтобус, якім ехала да горада сама.
— Лімузін! Лімузін! Гы-гы-гы! — не магла супакоіцца Яначка, калі яны сядалі. — Ты там на касе гаварыла пра лімузін, я зразумела! А гэта самы звычайны аўтобус, ну хіба двух’ярусны, дзе маё джакузі?.. Шампанскага хачу!
— Не мела баба клопату, купіла парася, — сказала Агата дрэвам, якія прывітальна квітнелі абапал шашы. Былі гэта сакуры ці не — а хто ж іх ведае, Яначка апынулася не той суседкай, у якой і пры якой
можна такое распытваць. Затое ў яе можна навучыцца віртуознаму фарбаванню веек: на ўсім горным шляху рука ў яе ні разу не задрыжала. А я б сабе, пэўна, вока выняла, падумала Агата.— Слухай, гэта, канечне, не мая справа, але як ты збіраешся тут без мовы працаваць? Будзе перакладчык ці як?
— О! Ведаеш, я нават неяк не думала пра гэта… Ну, ды абыдзецца, я кантактная, калі што, на пальцах патлумачу, ты не думай, што я з тым мужыком заелася, гэта я проста расклеілася, ведаеш, доўгі пералёт, ну, і не сустрэў ніхто, а далей паабвыкну, яно прасцей будзе. А ты збіраешся ў такім выглядзе заявіцца ў тваю самую знакамітую ў Азіі газету?.. Ого, глядзі, глядзі, колькі крамаў!! Гучы! Прада! Армані! Левісы тут! І Барбэрыз! Луівітоон!
— От ужо, збірайся лепей, хутка прыедзем.
Пакуль Яначка складвала ў торбу напаўзгрызены яблык, туш, тры часопісы, партфоліа, цацку-падушку і парфуму, якую прыдбала ў дз’юці-фры і выцягнула, каб пахваліцца Агаце, яны і праўда прыехалі. Яначку сустракаў букер, які паказаў Агаце цэлы стос дакументаў — кантрактаў, раскладаў на бліжэйшы тыдзень і ўсяго такога, запэўніў, што цяпер усё будзе добра, даў дзяўчатам па шакаладзіне і прапанаваў Агаце падвезці яе куды трэба.
— Не люблю чужыя машыны, — буркнула сабе пад нос Агата, а ўголас сказала. — Ды не, дзякуй, я хачу яшчэ горад паглядзець, дык мне метро сама тое будзе. Ну што, зямлячка, давай развітвацца.
Дзяўчаты абняліся, Яначка ледзьве зноў не расплакалася: “Ты пішы мне, ясна? Я буду мэйл штодня правяраць, абяцаеш?..” Але пачакайце, жыццё яшчэ звядзе іх разам. Звядзе, сутыкне, праверыць — хто мацнейшая…
Агата і Яна прымяраюць станікі. Гэта іх улюбёны занятак. І хаця прычыны ў іх для гэтага розныя, дзеўкі разам рухаюцца паўз даўгія шэрагі вешалак, заўзята мацаюць, пагардліва адсоўваюць, абіраюць нарэшце два-тры варыянты і пад хіханькі гандлярак зашываюцца ў прымяральню.
Яначка пазіруе нават у прымяральні. Паварочваецца да люстэрка, напружвае жывот, выгінае спіну і на імгненне замірае, гледзячы сабе ў вочы. У такія моманты яна шчыра сабой уражаная і гэтак жа шчыра ўсёй сваёй фігурай запрашае Агату, дый каго заўгодна, падзівіцца, якое ў яе вабнае маладое цела, якая пругкая скура, як выпіраюць з навюткага станіка грудзі.
— Ды не цягні так! — Раптам Яначка разбурае ідылію і пачынае вучыць Агату, што лінія ад грудзей да лапатак мусіць бегчы роўна, а не касіць уніз да спіны. — Вось глядзі, так, а то зараз зацягнеш, а тады спераду правісне. Ну, як?
— Проста шыкоўна, — з Агатай не пагадзіўся б хіба Ёні Кук, але ўсе яны, мадэльеры, крыху таго.
— Слухай, прынясі мне той блакітны, але “цэ”. І гэты, гэты таксама! — крычыць Яначка наўздагон і, разам з патрэбным станікам высоўваючыся з-за фіранкі, тыцкае сабе пальцам ў грудзі.
Яначкін лямант разрывае цішу гандлёвага цэнтра. Гандляркі, якія ў чужой мове не разумеюць ані слоўца, кідаюцца да прымяральні. Але неўзабаве зразумеўшы, што матузкі і не думаюць пакупніцу душыць, а косткі не ўпіваюцца ахвяры ў рэбры, пырскаюць смехам і адыходзяць, каб праз якую хвілю вярнуцца з неверагодна ідыёцкімі мадэлямі.