Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мадэль для забойства

Аляшкевіч Маргарыта

Шрифт:

 — Ноў, ноў, — спрабуе адбіцца ад гандлярак паўголая Яначка і нават закручваецца ў фіранку, але тыя ўпарта прыкладваюць да яе захутанай фігуры амарантавы пеньюар у блякла-жоўтыя гарохі не менш як з тонай карунак.

 — Ес, ес, соў прыці! — Адна з гандлярак спрабуе прычапіць вешалку з гэтым панкаўскім саванам да верху прымяральні, каб той апынуўся як мага бліжэй да Яначкі, а другая падсоўвае люстэрка, каб пакупніца магла сябе як след разгледзець, і прыцмоквае. — Ўаў, соў прыці!

Нарэшце карнавал разганяе Агата, адну назолу адпіхнуўшы, другой усміхнуўшыся і прыхапіўшы пры гэтым вар’яцкі пеньюар — усё, маўляў, памераем, дайце толькі волю.

 — У іх няма “цэ”, вось узяла табе 75 замест 70, паспрабуй.

У

Агаты свой інтарэс. Яначка ўводзіць яе ў свет моды: вучыць любіць крамы замест бібліятэк і вопратку замест кніг, любіць выбіраць, падбіраць, спалучаць, упрыгожваць пацеркамі і атрымліваць асалоду ад самога працэсу прымерак. У Яначкі дзве крэдыткі, татава і маміна, плюс працэнт з паказаў і здымак, які штотыдзень выдае на рукі агенцыя, таму дзяўчына купляе што ёй заманецца і калі ёй цюкне ў галаву: трэба ж неяк пазбаўляцца ад усіх гэтых грошай. У Агаты сціплыя ганарары са спазненнем у два месяцы, ніякіх картак і звычка нацягваць раніцай тое, што трапіцца пад руку.

 — Во напхалі паралону! Глядзі, тут кішэнькі, каб можна было яшчэ падкласці… — Яначка аглядае новы станік недаверліва, быццам прыкідвае, ці бяспечна на ім пераплыць акіян.

 — Ну, я іх добра разумею, у іх жа не грудзі, а прышчыкі. Паглядзі, мы ўжо ў чацвёртай краме запар не можам “цэ” знайсці, усё “а” ды “а”. І навошта на “а” яшчэ станік чапляць?

 — Ну, не ўсе ж маюць столькі нахабства, як некаторыя, — Яначка хітра глядзіць на Агату.

 — Пры чым тут нахабства, гэта ж элементарная зручнасць! Нашто чапляць на сябе гэтую збрую, калі і цягліц дастаткова? — Агата ніколі не носіць станікаў, але Яначка не губляе надзеі штосьці падабраць і ёй. Паводле яе ідэалу шчасця кожны выхад з дому ў краму мусіць завяршацца кучай пакупак, а сваёй сяброўцы яна, натуральна, зычыць шчасця. Як, безумоўна, і ўсяму свету.

Агата перавыхаванню не надта паддаецца. Вопратку мяняе, толькі каб выпраць і нацягнуць назад, кіношак купляе па адной і пераглядае потым сто разоў, ды і што гэта за кіношкі, там жа ніводнага пацалуначка, не тое каб сапраўднай сцэны ў ложку. Замест ласункаў грызе моркву, а замест начных клубаў завальваецца дрыхнуць ды яшчэ і Яначку з сабой цягне, пагражае ў іншым выпадку выдаць агенцыі, бо “трэба спаць, арганізм не падманеш”.

 — Гэта не збруя, — крыўдзіцца Яначка за свае прыўкрасныя станікі. — Я ведаю, для цябе гэта проста анучкі, але ты толькі памерай, ну, давай, ад гэтага ж плямамі не пакрыешся!

Яначка так глядзіць, так надзімае свае пульхныя вусны, што тут бы і Ёні Кук не стрываў, хоць ён адмарозак, вычварэнец і так далей па спісе.

 — Ладна, ладна, давай сюды, які мне надзець? — Як бы Агата ад гэтага пачуцця ні хавалася, ёй прыемны дотык халаднаватага шоўку, прыемная мяккасць цюлю, якім убраны верх станіка, ну, і гэтыя колеры... Так і граюць, так і ідуць рэфлексамі: блакіт на бледнай скуры, малако на блакіце, хоць ты бяры пэндзлікі і замалёўвай, што гэтая балаболка казала там пра плямы?..

 — Так, тут крыху падцягнем, — Яначка з веданнем справы папраўляе на Агаце станік. — Зараз ты ведаеш як зрабі, я на сабе пакажу, вось так іх рукой знізу падпраў, каб вышэй ляглі, так, ага, малайчына, ну, бачыш?

 — Нічога сабе! — Агата здзіўлена глядзіцца ў люстэрка — а там у шкілета і праўда з’явіліся грудзі!

 — А я табе кажу! Зараз давай майткі прынясу з гэтай жа калекцыі, зробім з цябе дзяўчыну, — Яначка знікае раней, чым Агата адкрывае рот, каб адмовіцца.

Не паспявае Агата высунуць з-за фіранкі галаву, як да яе з абодвух бакоў з новымі неверагоднымі камплектамі падбягаюць прадавачкі. Гэтым разам у іх гарсэты з браніраванымі чашачкамі, адзін атрутна-салатавы, другі летуценна-паласаты, як закаханая п’яная зебра, а да іх у камплект — дзіцячых памераў панталоны, пра якія прадавачкі ўвесь час нешта стракочуць ды ўсё тыкаюць у каталогі: там прыўкрасная Яначка выгінае спіну і гуляе доўгай нізкай брутальных

кіслотнага колеру караляў.

 — Ноў, яны ж для мяне замалыя! — спрабуе адбіцца Агата, тлумачыць на пальцах, але жэсты атрымліваюцца збольшага непрыстойнымі. — Ту тайт, ту смол!

 — Ноў смол, ноў смол, — смяюцца і вуркочуць прадавачкі і тыцкаюць пальцамі ў каталог, а каталогам Агаце пад нос, але там толькі іерогліфы і вабная Яначка з чароўнай усмешкай, адначасова спалоханай і зазыўной. — Ноў смол, лук, лук, місі!

Тут адна з прадавачак пачынае напінаць атрутныя панталоны на сябе, паказваючы, як цудоўна яны расцягваюцца, і ўсе яе дванаццаць рознакаляровых і рознафактурных спаднічак задзіраюцца ўверх — але чаго добры гандляр не зробіць для свайго пакупніка?

 — Вой, нагавічкі з нашай рэкламы! — Яначка падплывае акурат у час і ратуе Агату ад неабходнасці прымераць скуру п’янай зебры. — У нас пад гэтую лінію было цэлае шоу, яна ад цэлюліту, дык надта цісне, спачатку нічога, але потым як паходзіш, дык усё пачынае нямець, і падумай толькі, калі мне цісне, як жа ўсім гэтым цэлюлітным цёткам будзе! На, вось гэтыя паспрабуй.

 — Не, гэта ж стрынгі! — пратэстуе Агата, ашчэрыўшыся калючкамі, як дзікабраз.

 — Ну так, стрынгі, і я хачу, каб ты іх проста надзела, а не разводзіла мне тут анцімоніі! Глядзець не магу на гэтыя твае… сямейнікі! — Страшнейшай абразы ў яначкіным слоўніку проста няма. Непаразуменне ў прымяральні вось-вось перарасце ў ваенны канфлікт, дзеўкі адна на адну вырачыліся і таго глядзі паб’юцца. Агата ўжо бачыць, як на люстэрку за яначкінай спінай усплывае загаловак “Забойства ў прымяральні”, побач з наэлектрызаванага жарсцямі паветра матэрыялізуецца рэдактар, у якога гараць вочы і драпежна раздзьмухваюцца ноздры, са столі сыплюцца газетныя старонкі з каляровымі здымкамі ахвяры, задушанай стрынгамі… Зрэшты, прыкінуўшы мізэрнасць ганарару ў параўнанні з даўжынёй турэмнага тэрміну, Агата бярэ сябе ў рукі, праганяе відма і кліча на дапамогу занядбаных багоў мудрасці і цярплівасці:

 — Сто разоў табе казала: стрынгі шкодныя для дзявочага здароўя, — Агата намагаецца зрабіць нудную прамову аўтарытэтнай. — Яны ствараюць благі мікраклімат, ну, ты, памятаеш, мы з табой карцінкі ў інтэрнэце разглядалі, што там бывае? Можаш потым мець праблемы з хлопцамі…

Гэты аргумент для Яначкі вырашальны. Яе інтарэс да Агаты — апроч жадання зрабіць увесь свет разам з гэтай занудай шчаслівым, — яшчэ і ў тым, каб як мага болей дазнацца пра хлапцоў, і пра сэкс, і пра ўсё-ўсё, пра што Агата ў свае дваццаць тры ведае, а Яначка ў свае шаснаццаць — не. Таму яна хуценька капітулюе і мяняе гнеўны тон на ліслівы:

 — Я ж не кажу хадзіць так цалюткі дзень, ну проста прымерай, зрабі ласку, ну я хачу на цябе паглядзець, ну, калі ласка, ну няўжо табе так цяяаажка…

 — Акей, толькі не ный, давай сюды і схадзі прынясі мне штосьці нармальнае, а не з дзвюх нітак!

Пакуль Яначка, задаволеная сваёй малой перамогай, знікае за фіранкай, Агата лае ўсё на свеце, правярае, ці прыляпілася пракладка, саромеецца ўласнага адлюстравання, нарэшце паказвае яму язык, а там і свой хударлявы азадак з дзвюма блакітнымі пасачкамі.

 — Адпа-ад! — выдыхае Яначка з-за фіранкі, бо крыху пабойваецца ўвайсці, не зірнуўшы Агаце ў твар — ці не ўкусіць? Але Агата смяецца — надта ўжо нягеглы атрымліваецца адбітак: косткі, некалькі блакітных ліній, зноў косткі, над імі немаведама адкуль — грудзі, і далей зноў пляската і вуглавата...

 — Ну што, мо і мне на подыум? — Агата выскаляецца і прымае адну з манерных поз, якім вучыла надоечы Яначка, але тут жа хмурнее. — Гэй, і не думай нават, ты што, якая з мяне мадэля!

Але Яначка думае. І бачыць, што гэтая беласкурая шкілеціна будзе вой як даспадобы паскудзе Ёні. У Агаты, канечне, ані грацыі, ані каліўца какецтва, але ж тут свой шарм, анарэксічныя пруцікі акурат у модзе, ды і азіяты заўжды шукаюць светлую скуру…

Поделиться с друзьями: