Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мадэль для забойства

Аляшкевіч Маргарыта

Шрифт:

Вось яны і сядзяць у гасцёўні, надзьмуліся абедзве. Адна артыкул нібыта піша, другая салату крышыць. Словам не перакінуцца, не тое што раней, калі, бывала, у карты рэзаліся, ці там, ледзь не абняўшыся, кіношкі на кампутары глядзелі, ці гімнастыку рабілі — Агата паказвае, а Яначка старанна пераймае. Цяпер Яначцы калі што і хочацца пераняць, дык гэта Агаціну манеру распраўляцца з чужымі валасамі — і веды гэтыя прымяніць да самой настаўніцы. А пакуль тое, можна душу адвесці на крэветках.

І вось у гэтае напружанае маўчанне з лазенкі выходзіць Дэйв — свежы, мокры і задаволены. Ён даволі прыстойна загорнуты ў белы накрухмалены ручнік. “Ага, такі дайшло нешта”, — крыху зларадна адзначае пра сябе Агата: пасля апошняга разу, як Дэйв выйшаў з душа без ручніка і без чаго-небудзь яшчэ, яны мелі непрацяглую гутарку. Збольшага,

канечне, пра тое, хто ў доме галоўны, але крыху і пра ўражлівую дзіцячую псіхіку, і пра сістэму ідыёцкіх табу, прынятых у грамадстве ханжаў, і пра тое, як можна беспакарана хаваць прыгажосць... Яначкіна крэветка так на паўдарозе з панцыра і застыла. Якая салата, калі такое дзіва перад вачыма стаіць: цела бы вытачанае з ясеню, усе цягліцы пры ім, і акурат такія, як трэба — не выпіраюць, як у культурыстаў, але ж відавочна прысутнічаюць, скура самага моднага адцення і з кропелькамі вады, хоць ты пераводзь фоцік у рэжым макра. А сама пастава? Ну, проста армані наступнага сезону. Не, лепей ёнікук, ён цяпер самы круты.

Дэйв трымае позу роўна столькі, каб прысутныя паспелі яе зафіксаваць, потым прастуе да люстэрка. Люстэрка ў лазенцы пацее, бо там зламаўся кандыцыянер (ну яшчэ б, столькі працы, падумала Агата, калі бедны апарат памёр якраз на дэйваўскім душы, трэцім у дзень). А хлопцу ж трэба фрызуру навесці. Дзеўкі і крэветка зачаравана глядзяць, як ён падладжваецца да калідорнага люстэрка, якое для ягонага росту вісіць занізка, — прысядае і горбіцца, спрабуючы пры гэтым захаваць на твары выраз “Супермэн года” і прыгладзіць чупрыну. Агата ўрэшце пырскае і хаваецца за маніторам, каб адтуль крадком цікаваць далей, Яначка ж кідае шалупінне ў місу, а крэветку ў сметніцу і бяжыць дапамагаць.

 — Не-не, не трэба, я сам, — Дэйв паспешліва ўхіляецца ад дапамогі. — У цябе рукі брудныя.

 — О! — Яначка ўся чырванее, кідаецца мыць рукі, але замест рукамыйніка чамусьці адкрывае кулер.

 — Хіба спадар не ведае, што крэветачны сок надзвычай карысны для мужчынскіх валасоў? — гэта Агата смешачкі строіць. — Калі тым лоем галаву на ноч мазаць, дык да самае смерці не будзеш лысы.

 — Ніколі пра гэта не чуў. — Хлопец намагаецца адкінуць кудзеры назад, але тыя распадаюцца на прабор.

 — Пра гэта нават у “Косма” пісалі. А яшчэ пра тое, што калі, маўляў, пакінуць на тры дні, дык крэветачны сок уступіць у рэакцыю з натуральнымі мужчынскімі тлушчамі, і тады пах на дзяўчат будзе ўздзейнічаць як афрадызіяк.

 — Ды не можа быць. Гэта ў якім “Косма”?

“Пойдзе шукаць”, — задаволена вырашае Агата і прыкідвае, як бы гэта, чытаўшы тое косма ўсяго двойчы, назваць што-небудзь праўдападобнае.

 — Ой, ну не памятаю дакладна, але напэўна штосьці ўлетку. Ты мо пагуглі, бо я праўда не памятаю (“а ў сеціве якой толькі трасцы не знойдзеш”)…

Але Яначка вырашае, што гугліць, а значыцца, падыходзіць да ўключанага кампа, а значыцца, да Агаты — благая ідэя:

 — Дэйв? Дапамажы мне, калі ласачка! Тут трэба ананаса, вууунь адтуль, ты мне не дастанеш?

 — Акей! Трымай. Мо чаго яшчэ дапамагчы?

“Ага!” — Агата зноў радуецца, але ўжо і здзіўляецца эфектыўнасці сваіх прафілактычна-выхаваўчых гутарак. Гаворку пра тое, што пры сумесным жыцці і супольным харчаванні варта кожнаму выконваць пэўныя абавязкі, яны з хлопцам вялі на другі дзень, як ён да іх падсяліўся. Тады дзеўкі сабралі сабе вячэру загадзя, ведаючы, што са здымкаў вернуцца позна і галодныя. Вярнуліся — ані капусты тушанай, ані кавалачка кавуна, па ўсёй кухні раскіданыя семкі ды коркі. І Дэйв, нібы сыты кот, у сваім пакоі дрыхне, дзверы разнасцежаныя, коўдра сапхнутая, адзення, як заўжды, — ніякага. (“Яшчэ раз пабачу — адарву табе яго і выкіну”, — сказала яму Агата, калі ён, увесь такі прыгожы, выпаў на яе з лазенкі). З чаго гэта раптам мы ветлівыя, няўжо да Яначкі стральцоў прыстаўляе?

 — Дапамагчы? Ага, смецця набралася ўжо тры мяхі, ідзі вось на рог, вынесі.

 — От бы сама і вынесла, раскамандавалася тут! — Яначцы зусім не хочацца пазбаўляцца прыемнай кампаніі, куды лепей скарыстаць нагоду і застацца з прысухай сам-насам. — Між іншым, табе не зашкодзіць прагуляцца, сядзіць тут цалюткі дзень, а потым скардзіцца, што, маўляў, ногі баляць, варыкоз пачынаецца. Рухацца трэба болей!

Ужо трапіла дык трапіла — і апраўдвацца Агата перад хлопцам не будзе, ёсць ці няма ў яе варыкозу, і Яначку лупцаваць не стане,

бо паводзіцца трэба ж годна, і заставацца з такою злосцю на месцы не зможа. Яначка сваю сяброўку вывучыла добра.

Агата раззлавана шыбуе да рога вуліцы, адкуль зранку машына забірае смецце. Нешта ён надта далёка, а учора здавалася — зусім блізкі шлях. Чартоўка, завяла, як малую! Сядзяць цяпер, пэўна, салату крышаць і з дурной Агаты пакепліваюць…

 — Чакай! — Дэйв, пэўна, пабег за ёй адразу, але паспрабуй дагані, злосць акрыляе. — Дай сюды, яно мусіць цяжка. Ты чаго? Што ў вас тут за войны ідуць дзень пры дні?

 — Якія яшчэ войны, нармальны беларускі шлюб, хіба што аднаполы. А, ну ты ж не ведаеш, што такое “беларускі”… Ну, карацей, у нас так заведзена, хто каго чубіць, той таго і любіць. І ўвогуле, не твая справа. Чаго прыпёрся, хіба салата нясмачная?

 — Слухай, дай ты мне гэты мех, я ж бачу, ён табе ў пальцы ўпіўся, абяцаю не думаць пра цябе горай, калі дазволіш дапамагчы…

“Ды пляваць мне, што ты там будзеш думаць!” — але аформіцца гэтай думцы ў словы хлопец не даў:

 — …ты вельмі прыгожая, калі не злуеш.

 — Як гэта? — Агата ад кампліментаў усё яшчэ бянтэжыцца. — Вой, лепей вазьмі мех ды сціхні.

 — Вось так, малайца, ого, напраўду цяжка! А цяпер кажы, куды.

Агата дзівілася і моўчкі крочыла побач, а Дэйв расказваў. Штосьці пра тое, як не проста хлопцу ўладкавацца ў вялікім горадзе, пра тое, як абрыдла ўвесь час клапаціцца пра цела, але ж яно пакуль корміць, як мала плацяць за трэнерства, асабліва ў параўнанні з мадэльным заробкам. Неўзабаве яны ўжо шпацыравалі без пэўнага кірунку і без мяхоў, ноч прынесла прыемную прахалоду і водар магноліяў. Яшчэ цягнула вострым перцам, тутэйшыя гаспадыні яго ўвесь дзень сушылі на сонцы, і камяні запомнілі водар, а цяпер аддавалі. Дэйв усё гаварыў і гаварыў, усё пра сябе ды свае нягоды, Агата слухала, але не яго, даўся ёй гэты балбатун, яна слухала сябе. Што за дзіва, хлопец відавочна пусты, дарма што такі ладны, але ж у ёй замест звыклае пагарды — цікаўнасць, нібыта няўцям ёй, што будзе далей. Не прыкмеціла, як пакрысе кірунак гутаркі змяніўся.

 —… і вось я гляджу, што вы ўсё цапаецеся, думаю — гэта ж Яначка да цябе раўнуе, што ты таксама зрабілася мадэллю і ў яе цяпер хлеб адбіраеш. Не, гэта не яна, гэта мне Маса расказаў, як ты ў нашу агенцыю трапіла. Ну, думаю, не проста дзеўцы, табе, то бок, нічога не ўмееш, а сяброўка вунь якая цяпер, яшчэ на кастынгу пад каленку пхне… Хочаш, я цябе позам навучу, ну, для фотасесій?.. Гэта проста. Спярша трэба расслабіцца, ты ўся такая заціснутая, так не пойдзе.

Дэйв просіць Агату заплюшчыць вочы, расслабіцца і даверыцца яму. Агата слухае сваю начную млосць, адчувае ягоныя рукі ў сябе на плячах — ён злёгку гайдае яе, каб праверыць, ці напраўду яна расслабілася. Але ці быў у дэйваўскім сцэнары нейкі працяг, мы не ўведаем. Бо акурат у той момант, калі Агата ўжо падумала, ці не варта прачнуцца і даць драпака, на нашых галубкоў коршакам наляцела Яначка.

Пакрыўджаная, яна крыху пасядзела над салатай, але ўтрывала нядоўга, пайшла следам і хутка іх знайшла:

 — Ты, ... ты мне што на даху казаў, а?

Бог над намі, конь пад намі, ты са мною, я з табою — нешта такое ён ёй на даху і казаў, калі на бетон укладваў. Не казаў — вуркатаў, не вуркатаў, а душна так у шчаку дыхаў. Разок у шчаку, а потым у патыліцу. Добра дыхаў, ажно ў Яначкі голаў кружыўся, ногі падгіналіся, цела само па бетоне расцякалася. Але ж — ну хто не ведае — колькі ў рэшаце вады ёсць, столькі ў хлопцаў праўды ёсць. Мілаваў, а цяпер на вострую Агатку прамяняў.

У Агаты ногі хуткія, у Дэйва рукі моцныя, а ў Яначкі калун. Востры калун, Дэйв сам жа і натачыў, бо дзеўкі прасілі. Хацелі ў садзе парадак навесці, там сакура засохла, акурат проці акна, тырчыць, вока коле. Агата збегла, а хлопец пачаў Яначку ўгаворваць, халяўкі смаліць, у залёты хадзіць. Але ж няма веры кату блудліваму. Яначка з цесных абдоймаў выкруцілася, стаіць, слухае, выгляд робіць, нібыта вушы развесіла. Вось ён пацалаваць яе хоча, давесці сваю палкую любоў — дык яна ж яго калуном пацалуе! Але не тут, не тут, бо ён вялікі, цяжкі, трэба бліжэй да дому. Ах, якая ў цябе, бычок мой ахвярны, шыя. Накачаная, гожая, дзе ж яе прапароць. Не цяпер, не цяпер, бо траўка мяккая, дыханне ў цябе такое гарачае, ажно шчаку паліць. Ах, як цягліцы хораша пад скурай перакочваюцца, пацеркі поту блішчаць — усё жыццё глядзела б.

Поделиться с друзьями: