Мадэль для забойства
Шрифт:
Пакуль Агата з паліцыяй па вулках бегалі, каханкаў шукалі, Яначка даўно ў апартаменты вярнулася, салату дарабіла і вось сядзіць, мульцікі глядзіць. Спакойная, як слон, духмяная, што твая ружа. Толькі што з душа. Ну, што вы тут навыдумлялі, ну пасварыліся, ён сабраў рэчы ды сышоў, вось бачыш, нават торбы яго няма. Ён жа табе так не падабаўся. Сказаў, з’еду ў сваю Зеландыю. Напэўна, у аэрапорт адправіўся, сказаў — ані хвілі тут не застануся, дура гістэрычная. Так, спадар афіцэр, менавіта так і сказаў. А я што? А я нічога. Калі мужык сыходзіць — што мне, на шыю яму павесіцца? Мо, хочаце салаты? Канечне, дам усе паказанні, але і вы мне зрабіце ласку, уважце, цалюткі вечар гатавала, вось сяброўка не дасць зманіць. І табе, Агатка, пасля такіх хваляванняў падсілкавацца
А ў салаты вочы сінія-сінія. А крэветкі ў салаце ясеневыя, моднага колеру. І бутэлечкі з прусачай атрутай пусценькія-пусценькія. Ляжыце, бутэлечкі, пачакайце, зараз яшчэ смецце будзе, шмат смецця, усё ў вялікіх чорных мяхах. Дык вы пачакайце крыху, каб мне сто разоў не хадзіць. Поўня ніжэй, калун бліжэй. Ешце, даражэнькія. Табе лытку, табе шчаку паголеную. Я не скнара, з усімі хлопцам падзялюся.
Агата і Яначка худзеюць. Агату з рэдакцыі звольнілі, бо крызіс, няма як сваім плаціць, не кажучы ўжо пра ўсялякіх нелегалаў з немаведама якой краіны. Няма такой краіны, на захад ад Расіі, гэта табе прыснілася. На захад ад Расіі толькі Еўропа. На гэтай глебе і пацапаліся, Яначка потым сяброўку ва ўчастку знайшла, сяржанта вакол пальца абвяла, Агату выкупіла. Яна такая, Яначка, яна сяброў у бядзе не кідае. Асабліва калі сябры ёй дзеля чагосьці патрэбныя. А цяпер яна ўдумала худзець, дык з кампаніяй — весялей.
Есці Агаце няма на што — рэдакцыйныя грошы скончыліся, нават тыя, што на дарогу дамоў збірала, кастынгаў пакуль няма, не сезон, святы тут. Трохтыднёвыя. А Яначка больш ежы не купляе, у яе дыета. Купляе ваду, а раз на два дні — кавун. Ды які з кавуна наедак, асабліва калі ўлічыць нагрузкі, якія Яначка прыдумала. Хочаш, кажа, жыць са мной і кавун есці — дык штовечар са мной бегай.
Бег у субтропіках нават увечары больш нагадвае мыццё ў лазні, чым спартыўныя практыкаванні. Наш бы лазнік у такой задусе хутка скапыціўся, а дзеўкі нішто сабе, пацеюць і знай сабе бегаюць. Іх маршрут пралягае ўздоўж шашы, потым праз парк эксгібіцыяністаў — Агаце падабаецца іх дражніць, бедакоў, хай паглядзяць, як мокрыя майкі цела абліпаюць, — потым на гару, міма возера і назад па шашы. Цалкам маршрут атрымліваецца недзе шэсць кіламетраў, хвілін каля сарака. Яны першым разам ледзь не забіліся — кожная перад іншай хацела спартыўнейшай выставіцца, дык амаль гадзіну бегалі, а потым, на шчасце, Агата падвярнула нагу. А мо выгляд зрабіла, што падвярнула, няма дурных. Колькі дадому клыпалі, столькі аддыхацца не маглі, пульс у два разы секундную стрэлку абганяў, вочы на лоб лезлі. Нармальныя гараджане зранку цыгунам сваім займаюцца, і старыя, і маладыя, стануць усе разам на якім вольным лапіку ў зацені, усялякіх жураўлёў рукамі ды нагамі робяць, сінхронна, зладжана, прыгожа. Дык не ж, трэба дзеўкам бегаць увечары, калі смогу ў паветры болей, чым кіслароду, калі ўсё за дзень разагрэлася, што твой саган пякельны. Яначка лічыць, што так эфекту будзе болей— пацееш, выплаўляеш з сябе дзённыя калорыі. А хто плаціць, той і музыку замаўляе. Адзінае, што Агатка сабе вытаргавала, — гэта нядзельны “Старбакс”. Тут Яначку доўга спакушаць не трэба, Яначка сама за моку з карамеллю душу выме і з сябе, і з каго заўгодна.
Таму ў нядзелю дзяўчаты ядуць кавун і выпраўляюцца ў кавярню. І гэтае месца апраўдвае сваё імя — тут падаюць, хай сабе ўтрая даражэй, чым дзе, найлепшую каву ў свеце. Яначка іншай і не піла — маўляў, праз хлеб хлеба шукаць не трэба. Агаце ж даводзілася піць з туркамі такую каву, ад якой сэрца скача вонкі, была ў яе і салёная кава, быў і кіпень, хлебам фарбаваны. Але гэты цуд пад пластыкавай накрыўкай з саломкай — зусім не кава, а напраўду цуд. Хто не верыць, хай кавуновай дыеты паспытае.
Да мокі або латэ дзяўчаты бяруць
па мафіну. Агата ўпарта абзывае іх кексамі, Яначка рагоча і замаўляе ёй яшчэ адзін — спецыяльна каб паглядзець, як Агатчын твар перакрывіцца, калі касірка прамовіць: ё маффінз пліз. У гэты дзень яны не бегаюць, затое пад кіношку катаюцца па чарзе на велатрэнажоры. Яначка скрупулёзна пралічвае колькасць старбаксавых калорый, выстаўляе на трэнажоры праграму і бязлітасна сочыць, каб сяброўка яе таксама выканала. Агата і раней шкілецінай была, а цяпер на яе рэбрах можа граць, як на арфе.А Яначка ўсё нешта не худнее. Яна ўжо не “дэ”, гэта праўда, але да памеру “а” ёй яшчэ далёка, як Агаце да радзімы.
— Ты сабе ўвесь абмен рэчываў сапсуеш, — кажа ёй Агата і паказвае каляровыя малюнкі з сайта анарэксічак. — Глядзі, спачатку ў цябе сапсуецца скура, потым вылезуць валасы, а там і зубы хістацца пачнуць…
— Усё ты маніш, усё прыдумляеш! — Яначка і чуць не хоча, і глядзець не збіраецца, адно круціць і круціць педалі. — Гэта ты хочаш, каб я засталася тоўстай і табе ўсе мае працы адышлі. Дык жа не дачакаешся!
Як дзеўцы ўдаецца зрабіць рукой такі выкрунтас і пры гэтым не збіцца з рытму, застаецца загадкай.
— Нельга нічога не есці і даваць сэрцу такія нагрузкі, — працягвае мудрая, а насамрэч галодная Агата і тыцкае табліцай разлікаў сяброўцы пад нос. Гэта нарэшце прыйшоў адказ на яе запыт, яна звярталася да аднаго знаёмага лекара. Ён доўга думаў, а мо доўга пошту не правяраў, але нарэшце вось адказаў, на яе просьбу выклаў пра абмен рэчываў мовай пачатковай школы. — Зірні, у арганізме вунь колькі працэсаў ідзе, тут трэба рэчывы. А ты з потам усе мінералы павыганяеш. Хто табе без калію і натрыю будзе ў клетках электрычнасць выпрацоўваць?
— Ну дык. Мы купім, — Яначка ўжо змарылася і задыхаецца, але ўпарта круціць: да канца праграмы яшчэ тры хвіліны. — Заўтра, мінералаў, будзем есці.
— Мінералы і вітаміны ў таблетках вельмі блага засвойваюцца, сто разоў табе ўжо казала. Мы так сканструяваныя, што мусім есці, каб не памерці.
— Еш. Не еш, — Яначка круціць на апошнім дыханні, завяршыць думку не паспявае.
— Еш, пакуль жывеш, бо як памрэш — дык калом не ўвапрэш, — перайначвае яе Агата. — Вось жа і народная мудрасць за мяне. Усё, ты як хочаш, а я замаўляю піцу.
Пакуль Яначка падае на падлогу і аддыхваецца, яна не можа ўхапіць Агатку за пятку. Толькі слухае бездапаможна, як дзеўка просіць пакласці паболей цыбулі і таматаў, кетчупу ды маянэзу. Яначка сцякае потам, Агата нервова ходзіць па пакоі і грызе пазногці — трэба ж прынамсі нешта пагрызці, так у страўніку вуркоча. Ходзіць і Яначкіны рэчы трасе — збірае грашовую драбязу, каб з дастаўшчыкам разлічыцца. Нарэшце прывозяць піцу, і пах ад яе такі, што можна забыцца на ўласнае імя. Яначка хоча ўстаць і выкінуць скрынку ў акно, але яе цягліцы зведзены сутаргай, таму яна можа толькі стагнаць і хапаць ротам смачнае паветра. Агата з’ядае кавалачак, прымушаючы сябе старанна жаваць, хоць і хочацца праглынуць усё разам — кольцы цыбулькі, тры грыбкі, луску вяндліны. Потым падносіць спакутаванай Яначцы вады — поіць яе і палівае, каб астыла крышачку. Пакуль яна ідзе набраць з кулера яшчэ вады, Яначка дапаўзае да скрынкі з піцай і кавалак за кавалкам глытае. Пасля тыдня кавуноў смаку не адчуваецца. Затое імгненна пачынае страшна балець страўнік. Калі Агата вяртаецца з шклянкай вады, піцы ўжо няма, а Яначка, скурчыўшыся, ледзь сядзіць.
— Ідыётка! Нельга ж так адразу! З голаду акуратна выходзіць трэба! — Агаце і самой нядобра. Страўніку на самоце ўжо быццам падабаецца, і ён з усіх сіл супраціўляецца таварыству, спрабуючы выпхнуць няпрошаную піцу. — Пі, давай!
Але позна: Яначку ванітуе. Усёй непражаванай піцай акурат у скрыню, якую Агата паспела ёй падсунуць.
І пакуль Агата прыбірае, Яначка цалкам шчаслівая. Не, ёй усё яшчэ блага і яе ўсё яшчэ ванітуе. Але ёй вельмі даспадобы такі шлях — можна есці колькі хочаш, а потым казлы драць, і ніякіх табе лішніх калорыяў! Так што паміж сутаргамі Яначка шчасліва пасміхаецца. Убачыўшы гэта, Агата пачынае лаяцца яшчэ больш.