Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Да гэтых меркаваньняў спэцыялістаў згадаем яшчэ сьмерць бацькі Фрыдрыха Ніцшэ, які таксама пакутваў ад боляў у галаве і апошні год пражыў, ужо страціўшы сьвядомасьць.

Ніцшэ не аднойчы пісаў (і ня толькі ў лістах) пра бацькаву хваробу і сьмерць. Ён ведаў, якая яму дасталася спадчына, толькі не даваў веры свайму веданьню.

Аднак лёс на кані не аб’едзеш. Памёр Фрыдрых Ніцшэ апоўдні 25 жніўня 1900 году.

2. АПОШНІ ЧАЛАВЕК

Ён быў падобны да чалавека, які выйшаў з краіны, дзе ніхто не жыве.

Эрвін Родэ

Калі над хвалямі быцьця некалі і лунаў больш магутны дух адпрэчвы,

то гэта — дух Сатаны.

Хаця, каб гаворка тут была пра Сатану, то я, напэўна б, сказаў наадварот: калі над хвалямі быцьця некалі і лунаў больш магутны дух адпрэчвы, то гэта — дух Ніцшэ.

Дарэчы, у другой канструкцыі мы апынаемся значна бліжэй да сапраўднасьці. Сатана (натуральна, я маю перад вачыма не абы-якога сатану, а гожага высакароднага волата із “Страчанага раю” Джона Мільтана) не ўтрываў Бога над сабою, паўстаў і ў жорсткай бойцы быў пераможаны ды скінуты зь вяршыні эмпірэяў у бездань смуроднага пекла.

Так і Ніцшэ ня вытрываў... толькі вынік на гэты раз быў зусім іншы...

Народжаны не з жаночага чэрава, а з духу трагедыі, Ніцшэ імкліва і нязмушана ўзыходзіў па стромкім схіле нігілізму, пакуль на вышыні 6000 футаў над узроўнем чалавека не патрапіў па той бок дабра і зла. Тут, у блакітных нябёсах нявымернай адзіноты, ён распачаў вайну з Другім як зь лішнім і дамогся таго, на што не хапіла моцы ў Сатаны.

Калі Ніцшэ вярнуўся з вайны і зазначыў перад людзьмі, што Бог памёр (заўважым, ён не сказаў: “Я адолеў яго!”), то людзі палічылі Ніцшэ за вар’ята. (Ня станем папікаць недаверкаў, яны яшчэ не жылі ў XX стагодзьдзі.)

Ніцшэ і сапраўды звар’яцеў, але не тады, як вярнуўся, а значна пазьней — потым, і зусім не таму, што быў выкляты пераможаным Богам (ёсьць такое, і досыць устойлівае, меркаваньне)... Цяпер ён ня ведаў, каго яму больш перамагаць, і таму амаль на дзесяць год схаваўся ў вар’яцтва, каб ніхто не здагадаўся, што магутны вой — нікчэмны дойлід.

Перамагае ня той, хто перамагае, а хто творыць іншае (як Бог калісьці зь нічога нешта). А Ніцшэ мог ствараць толькі праз абвяржэньне, разбурэньне, адпрэчваньне. Дакладней, вось гэтае бурэньне (“Я паўночны вецер для сьпелых пладоў”) і ставала ягоным творывам.

Ніцшэ любіў называць сябе ільвом, але, можа, таму, што на Беларусі ніколі ільвоў не было, мне ён уяўляецца разьюшаным быком, які выпрабоўвае на моц крамянёвага ілба ўсё, што трапляе на вочы. У гэтай сьляпой непераборлівасьці ён мог грукацца ў моцныя, тоўстыя сьцены, якія перастояць не адну эпоху, не адзін землятрус, а мог кінуцца і на спарахнелую штыкеціну, якая сама паваліцца ад першага подыху кволага ветрыку.

Але ўсё ж такі навідавоку іншае: гэты Давід у ворагі сабе выбіраў пераважна Галіафаў. Ён шукаў змаганьня зь яшчэ нікім не пераможанымі (Бог, хрысьціянства, мараль...) і, на сваю бяду, перамагаў.

Калі Сатана — імя Ніцшэ, то Дыяніс — ягоны першы псэўдонім (былі і другія: Заратустра, Антыхрыст)...

Дыяніс — бурэньне, рух, змаганьне ўсяго з усім, нічым не ўтаймаваны вэрхал волі да жыцьця, вечнае вяртаньне і кругазварот аднаўленьня.

Яны не маглі не варагаваць паміж сабой — Дыяніс і Хрыстос, бо Хрыстос — гэта аскеза, статыка, зьмірэньне ўсяго з усім, воля да сьмерці і паступовае зьнікненьне (перацяканьне) чалавечага з трывалай роўніцы рэальнага ў трымценьне ірэальнага.

Дыяніс — жыцьцё сьмерці.

Хрыстос — сьмерць жыцьця.

Дыянісыйства празь сьмерць зьвернутае ў жыцьцё, хрысьціянства — праз жыцьцё ў сьмерць, і таму паміж імі немагчымы нейкі іншы лад, акрамя сьмяротнай варажнечы...

Ніцшэ лічыў сябе сярод першых і найбольш адданых ваяроў Дыяніса

і ненавідзеў хрысьціянства, як толькі пераможаны здольны ненавідзець пераможцу.

Але апошняя патрабуе ўдакладненьня: нянавісьць Ніцшэ ўзьнікла не з самога факту перамогі хрысьціянства над дыянісыйствам — у аснове гэтага пачуцьця была крыўда на тое, што перамог слабейшы (Хрыстос) і перамог жыцьцё ня звышжыцьцём, а нежытвом, супрацьпаставіўшы волі да жыцьця волю да сьмерці.

Хрысьціянства для Ніцшэ — “найвастрэйшая форма варожасьці з рэальнасьцю”, і што яшчэ горш — яно абсалютная формула dйcadence (“волі да змарненьня”). А Хрыстос, прынамсі такі, якім ён паўстае ў Сьвятым Дабравесьці, — ідэал дэкадэнта.

Запрапанаваўшы чалавецтву зьмярцьвіць плоць, зьмірыцца зь ліхам, ухваліць пакорлівую кволасьць насуперак сіле, а любоў да ворага — насуперак змаганьню з ворагам, — Хрыстос “перасунуў стрэлкі”, і цягнік быцьця збочыў із скразной дарогі вечнага вяртаньня ў эсхаталягічны тупік. Таму для Ніцшэ “Бог”, “мараль”, “дух”, “ідэалы” — гэта падманная атрыбутыка, якую хрысьціянства (“апошняя лягічная выснова юдаізму”) напрацавала дзеля адной мэты: паступова абязволіць чалавека і неўпрыкмет згарнуць жыцьцё ў нішто — у нежытво.

Зразумеўшы хрысьціянства, як суцэльны dйcadence, як найвялікшую пагрозу жыцьцю, Ніцшэ, пад сьцягам Дыяніса, выправіўся ў вялікае рушэньне супраць усяго, што было пазначана крыжовым знакам сьмерці. Арсэнал зброі ў яго быў дастаткова багатым: хрысьціянскаму Богу сьмерці ён супрацьпаставіў бога жыцьця Дыяніса, Хрысту — Заратустру, маралі — імаралізм, міру — вайну, чалавекабогу — звышчалавека, пакоры — волю да ўлады, апакаліпсісу — вечнае вяртаньне...

Так, у Ніцшэ было даволі зброі, каб змагацца, і нават даволі — каб перамагчы. Але што ён мог сказаць людзям, жыцьцю на другі дзень пасьля перамогі акрамя таго, што казаў напярэдадні: “Я Анты-асёл par excellence, і дзякуючы гэтаму я сусьветна-гістарычнае страшыдла, па-грэцку і ня толькі па-грэцку, я Антыхрыст...”?

Праз узыходжаньне татальнага нігілізму, празь нічым ня стрыманае адмаўленьне пануючай веры, ідэалёгіі, маралі, эстэтыкі, палітыкі Ніцшэ ратаваў чалавека (чалавецтва) ад dйcadence, ад павольнага зыходжаньня з трывалішчаў рэальнага сьвету ў натрызьнены сьвет ідэалаў, ісьцінаў, ідалаў.

Сапраўднае жыцьцё, натуральнае, быційнае — яно па той бок дабра і зла, а ўсё, што па гэты, — фікцыя, выдумка, хлусьня, аблуда. Што як ня фікцыя нейкі занябёсны Бог, а тым болей вера ў яго, што як ня фікцыя ідэалы дабрыні, прыгажосьці, любові, што як ня фікцыя ісьціна, прагрэс, эвалюцыя, а магчыма, і навука... Гэта ўсё толькі памысьлена, прыдумана, уяўлена. Сьвет чалавека напампаваны думкамі-зданямі, словамі-фантомамі, ідэямі-прывідамі, за якімі не паўстае нічога аб’ектыўнага, рэальнага, наяўнага. Гэта не жыцьцё, а фантасмагорыя, якая засланяе ад чалавека сапраўднасьць як яго, чалавека, так і ўвогуле існасьці...

Абраўшы за мэту адлучыць чалавека ад хрысьціянскага фіктыўна-прывіднага сьвету і вярнуць яго ў рэальны сьвет пары раньняга дыянісыйства, калі жыцьцё рухалася лішкам волі да жыцьця, а фармавалася воляй да панаваньня, Ніцшэ, магчыма, і наўмысна, прамінуў нават для сябе пытаньне: калі сьвет Дыяніса з панаваньнем рэальнасьці рэальнага — жыцьцядайны, а сьвет Хрыста, напампаваны фікцыямі, — тупіковы, то з чаго гэта людзі ў сваю пару кінулі Дыяніса і рушылі за Хрыстом? На якое ліха яны адракаліся ад таго, што ёсьць, ад таго, што можна памацаць, пакласьці сабе ў рот ці за пазуху, і выправіліся ў дарогу да нечага, пра што ніхто ня ведае: яно існуе сапраўды ці толькі трызьніцца?

Поделиться с друзьями: