Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Аргумэнтацыя гэтага фэномэну была распрацаваная Фройдам настолькі бліскуча, што пасьля кароткага пэрыяду ўсеагульнага абурэньня (як так можна!), “шырокая” грамадзкасьць вымушаная была зьмірыцца з гэтай праўдай пра сябе. Але ўсе астатнія складнікі пансэксуальнай парадыгмы Фройда і па сёньня ў той ці іншай ступені актыўна аспрэчваюцца ці нават адпрэчваюцца большасьцю. Гэта датычыцца і “комплексу Эдыпа”, пра які ў свой час казалі: ён — той магутны лякаматыў, што праімчаў цягнік Фройда вакол зямной кулі. Пэўна, апошняму паспрыяла як шырокая вядомасьць сюжэту пра цара Фіваў, які забіў бацьку і ажаніўся з сваёй маці, так і прастата схемы комплексу, прапанаваная Фройдам на падставе гэтага міту: кожны сын надзелены сэксуальнай прагай да сваёй маці і ненавідзіць бацьку як суперніка. (Зрабіўшы элемэнтарны пэрыфраз “комплексу

Эдыпа”, Юнґ, — бадай самы знакаміты з вучняў Фройда, — выснаваў у дадатак ідэю “комплексу Электры” — кожная дачка кахае свайго бацьку і мае з гэтага рэўнасьць да маці.)

Аднак якраз прастата, выразнасьць і сцьвярджэньне аб татальнай прыналежасьці “комплексу Эдыпа” да кожнага і ўсіх шмат у чым адмоўна паўплывалі як на ацэнку фройдаўскай тэорыі, так і на адносіны масавай сьцьвядомасьці да псыхааналізу ўвогуле. Бо кожны паспаліты, прыклаўшы гэтую схему-лекала да сваіх стасункаў з бацькамі, мог вызначыць наколькі Фройд мае рацыю. А паколькі большасьць не заўважыла за сабой нічога падобнага (ці не адважылася заўважыць), то разам з “комплексам Эдыпа” адпрэчыла ад сябе і “ўсяго Фройда”, як вялікага махляра і ашуканца. Тагачасныя крытыкі Фройда пакеплівалі: “Найлепш ужо на першым сеансе ў псыхааналітыка прызнацца, што ты спаў з сваёй маці і спрабаваў атруціць бацьку”.

Сьпяшаючыся завершыць абрыс тэмы фройдаўскага “пансэксуалізму”, пакінем па-за ўвагаю такія істотныя моманты, як сэксуальная біпалярнасьць, комплекс кастрацыі, нарцысцызм і некаторыя іншыя. Аднак сьпехам прамінуць “лібіда” ніяк не ўяўляецца магчымым.

У самым спрошчаным выглядзе “лібіда” Фройд тлумачыць як сэксуальны голад (параўнаньне было прыдуманае Вітэльсам, яшчэ адным вучням Фройда). А вось больш шырокае тлумачэньне гэтага тэрміну : “Мы выпрацавалі сабе паняцьце пра лібіда, як пра зьменлівую колькасную сілу, якая можа вымяраць усе працэсы і пераўтварэньні ў сфэры сэксуальнага ўзрушэньня. Гэтае лібіда мы адрозьніваем ад энэргіі, якую трэба пакласьці ў аснову душэўных працэсаў...”

Зьвернем увагу на другі сказ. Нягледзячы на тое, што тут сэксуальная энэргія аддзеленая ад іншых, на пэўных этапах творчасьці і практыкі Фройда менавіта лібіда вызначыла ягоную канцэпцыю чалавека. Выцесьненая сэксуальнасьць была першапрычыннай і сутнаснай асновай як чалавечых паводзінаў, так і ладу мысьленьня.

* * *

Калі на пачатку яшчэ адносна цнатлівага XX стагодзьдзя Фройд прапанаваў чалавецтву сваю мадэль чалавека, канструкцыя якой складалася зь дзіцячай сэксуальнасьці, “эдыпавага” ды іншых комплексаў, выцесьненага ў не-сьвядомае лібіда, то, натуральна, чалавецтва жахнулася і перажагнулася. Бо ў параўнаньні з чалавекам Фройда нават д’ябал выглядаў анёлам.

Што і казаць, пасьля Ніцшэ і Дастаеўскага ўяўленьні пра чалавека (сфармаваныя эпохаю Асьветніцтва), як пра нешта здольнае зрабіцца разумным, добрым і прыгожым, пачалі выклікаць пэўныя сумненьні, але як бы там ні было, вера ў тое, што чалавек — тварэньне боскае і толькі першародны грэх замінае яму ўзьняцца ўпоравень Абсалюту — пераважна заставаліся. Псыхааналіз Фройда разбэрсаў гэтыя аптымістычныя ўяўленьні. Аднак чалавек не хацеў ведаць праўды пра сябе і, як звычайна бывае ў такіх выпадках, абвінаваціў у сваіх грахах другога.

Фройд мужна трываў папрокі і ганьбу. Больш за тое. Ён рашуча адхіляў усе прапановы сваіх вернікаў зьмякчыць, “упрыгожыць” вобраз чалавека, хаця для гэтага ад яго не патрабавалася ні асаблівых высілкаў, ні здрады навуковай прынцыповасьці. Трэба было толькі зьмяніць некаторыя лексэмы і сям-там завуаліраваць некаторыя азначэньні. Але Фройд упарта трымаўся свайго права казаць тое, што яму жадаецца. “Гэтыя любоўныя інстынкты называюцца ў псыхааналізе a potiorі і па сутнасьцi зьяўляюцца сэксуальнымі імкненьнямі. Большая частка інтэлігенцыі ўспрыняла гэтае найменьне як абразу і адплаціла за гэта тым, што папракнула псыхааналіз у пансэксуалізьме. Хто лічыць, што сэксуальнасьць утрымлівае ў сабе нешта абразьлівае і прыніжаючае чалавечую прыроду, хай ужывае больш шляхетныя назовы: эрас і эротыка. Я мог бы сам гэта зрабіць ад самага пачатку і тады пазьбег бы шматлікіх абвінавачваньняў. Аднак я не хацеў гэтага, бо я па магчымасьці ўнікаў патураньню сваёй слабасьці. Нельга наперад ведаць, куды завядзе гэты шлях: сьпярша саступаюць адносна

слоў, а затым паступова і адносна сутнасьці. Я ня бачу якой-кольвек заслугі ў тым, каб саромецца сэксуальнасьці: грэцкае слова эрас, якое павінна зьмякчыць сорам, у рэшце рэшт нішто іншае, як пераклад слова каханьне; і напрыканцы, хто мае цярпеньне чакаць, таму няма патрэбы ўлагоджваць”.

Той, хто патурае натоўпу, робіцца ягоным кумірам, а Фройд не хацеў быць кумірам, ён хацеў быць Мэсіяй. Яму жадалася быць павадыром у новае веданьне чалавека пра самога сябе.

* * *

І тут я не магу ўтрымацца, каб ня выказаць адно, мякка кажучы, авантурнае меркаваньне. Часам мне здаецца, што ў гэтым бязьлітасна жорсткім вобразе “фройдаўскага” чалавека ёсьць нейкі момант помсты чалавецтву за тыя пакуты, за тыя абразы народа Ізраіля, якія ён цярпеў на працягу тысячагодзьдзяў, раскіданы вятрыскам неміласэрнага лёсу па краінах і кантынэнтах. Фройд сваім вучэньнем быццам кажа: паглядзі, зь якога сьмярдзючага бруду зроблены ты, які абзываеш мяне жыдам пархатым, ты, які трымаеш мяне ў гета, ты, які лічыш мяне за недачалавека і заўсёды гатовы расквітацца са мной за ўсе ўласныя грахі.

Калі б Фройд прачытаў гэтыя радкі, ён, пэўна, сказаў бы: “Лухта, братка! Я — навукоўца, я дасьледаваў факты, трымаўся фактаў і рабіў высновы, зыходзячы з фактаў”.

Магчыма, сапраўды, — лухта. Але ёсьць даволі сьведчаньняў, якія гавораць, што Фройда не абыходзіла доля яго народа. Згадаю толькі адзін эпізод. Падчас II кангрэсу псыхааналітыкаў у Зальцбургу (1910 г.) Фройд зьвярнуўся да сваіх венскіх вучняў з наступнымі словамі: “ Большая частка з вас гэбраі, а таму вы не прыдатныя для заахвочваньня сяброў да нашага вучэньня. Гэбраі павінны суцяшацца тым, што ім дазваляюць быць гноем для культуры. Я мушу выйсьці ў сьвет навукі, я ўжо стары (тады яму было толькі пяцьдзясят чатыры гады. — В. А.) і не хачу заўсёдна і ўсюдна сустракаць варожасьць. Мы ўсе ў небясьпецы”.

Дарэчы, як мне здаецца, уяўляе цікавасьць тлумачэньне Фройдам вытокаў антысэмітызму.

Фройд лічыў, што прычына антысэмітызму зыходзіць з традыцыі “абрэзваньня” ў гэбраяў. Выцесьненае ў не-сьвядомае гэтае веданьне пра гэбраяў блытае (ці, хутчэй, атаясамлівае) абрэзваньне з кастрацыяй (“комплекс кастрацыі” вельмі істотны ў сыстэме Фройда; гісторыя гэтага комплексу бярэ пачатак у сьвядомым падаўленьні чалавека чалавекам, калі чалавек зразумеў, што можна больш чым забіць свайго ворага, можна пазбавіць яго магчымасьці працягвацца ў дзецях). Таму не-сьвядомае (“Яно”) лічыць гэбраяў жорсткімі. Гэбраі, якія “кастрыруюць” сваіх дзяцей, здольныя на якое заўгодна забойства.

“Яно” пагарджае гэбраямі, бо яны кастраты, і адначасна баіцца гэбраяў, бо яны кастрыруюць.

* * *

Асобая старонка ў біяграфіі Фройда — яго адносіны зь сябрамі і вучнямі. Але напачатку міжвольная “самахарактарыстыка” з працы “Па той бок прынцыпу насалоды”: “Так, напрыклад, вядомыя асобы, у якіх усялякія чалавечыя адносіны заканчваюцца тым самым: дабрачынец, якога кожны зь ягоных выхаванцаў у нейкую пару пакідае з крыўдай і злосьцю, колькі б ні розьніліся гэтыя выхаванцы, як быццам прысуджаны да таго, каб зьведаць усе пакуты няўдзячнасьці; ёсьць мужчыны, у якіх кожнае сяброўства завершваецца тым, што сябра ім здраджвае; ёсьць іншыя, якія ў сваім жыцьці бясконцую колькасьць разоў абіраюць каго ў якасьці бясспрэчнага ўласнага ці нават грамадзкага аўтарытэту, а затым, праз пэўны час, скідваюць гэты аўтарытэт з пастамэнту і падымаюць туды наступны...”

У гэтым фрагмэнце сказана амаль усё пра ўзаемаадносіны Фройда зь сябрамі і вучнямі — і наадварот...

Шарко, Брэер, Адлер, Юнґ, Штэкель, Ранк, Вітэльс... Яны і шмат хто яшчэ былі настаўнікамі-сябрамі, паплечнікамі, адэптамі, вучнямі, папулярызатарамі псыхааналізу, і ўсіх іх аб’ядноўвае, акрамя адданасьці Фройду — непрыгожае расстаньне са сваім кумірам. Хтосьці самахоць адыходзіў, але большасьць адпрэчваў сам Фройд. Самымі вядомымі сталіся сваркі Фройда з Юнґам і Адлерам, што і натуральна, бо кожны зь іх зрабіў унёсак у тэорыю (і філязофію) псыхааналізу амаль роўны фройдаўскаму. З Адлерам (аўтарам “комплексу непаўнавартасьці”) Фройд разьвітаўся таму, што той і ня ўтойваў свайго жаданьня перахапіць у Фройда мэсыянскую паходню. (“Ці вы думаеце, што для мяне вялікая радасьць усё жыцьцё быць у вашым ценю?..”)

Поделиться с друзьями: