Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
Шрифт:
Нахлебнік традыцыі, сьціпла тулячыся ў адным зь яе закуткоў ці нахабна ўладкаваўшыся ля яе цёплай печы, нічога, акрамя сваёй прысутнасьці, традыцыі не дадае, але за сталом сёрбае поўнай лыжкай. Гэтай немудрагелістай мэтафараю я хачу сказаць, што для нахлебніка традыцыя ёсьць адно дармавым прытулкам, дзе ён месьціць свой індывідуальны талент.
— Хіба гэтага мала? — запытаецца нехта. — І што яшчэ можна прынесьці ў літаратурную традыцыю, акрамя ўласнага таленту?
— Мала, — запярэчу. — Аднаго таленту мала. Патрэбна яшчэ і творчасьць. Каб у традыцыі ня толькі адымаць, сілкуючы трыбух свайго таленту кавалкамі яе цела, а наадварот — дадаваць, гадаваць гэтае цела, патрэбны ня проста талент, а творчы талент.
— Хіба талент бывае ня творчым? — зноў запытае нехта.
— Бывае. На жаль, амаль заўсёды адно так і бывае. Літаратараў, надзеленых здольнасьцю
Адным словам, гадуюць традыцыю адно творчыя таленты, а астатнія, як лайдакі бацькаву спадчыну, праядаюць, прагульваюць, раскідваюць — паразытуюць на традыцыі. Мала таго, яны яшчэ і абараняюць свой паразытоўны лад жыцьця гультаяватай рыторыкай пра насьледаваньне традыцыі, захаваньне спадчыны і г.д. і да т.п.
Падсумуем, абапіраючыся на тэкст Эліота: нітуецца з традыцыяй адно тая творчасьць, чыё зьяўленьне ў літаратуры мяняе як зьнешнія контуры, так і нутраное структурнае ўладкаваньне традыцыі.
І зробім уласную выснову: мерай угрунтаванасьці ў цела традыцыі ёсьць мера нетрадыцыйнасьці творчага таленту. Традыцыя ў традыцыйным гібее — і ажывае, жыве адно празь нетрадыцыйнае...
2. Пярэйсьце
Уласна, усё напісанае мной папярэдне адносна традыцыі і яе стасункаў зь індывідуальным талентам калі і не хлусьня, то ўжо напэўна падман.
Наколькі я разумею, падманлівымі лічацца словы, якія не адпавядаюць думкам таго, хто іх прамаўляе ці, іначай, калі ён сам ня верыць у тое, што кажа. Гэта якраз той самы выпадак. Я ня веру ва ўсё, што сказаў вышэй, — бадай, за выняткам таго, што казалася непасрэдна пра “нахлебнікаў традыцыі”.
Навошта тады я пісаў тыя словы, выказваў зьнявераныя думкі? Ніхто ў мяне пра традыцыю не пытаўся, ніхто ў карак ня тоўк — адказвай!
Сапраўды — ня тоўк, самому закарцела. Але адразу сказаць тое, што я папраўдзе думаю, у мяне не атрымлівалася зь некалькіх прычынаў. І найперш таму, што мой тэкст быў запачаткаваны на эсэ Эліота, напісаным у 1919 годзе, калі нават Эліоту не магло прыйсьці да галавы ставіць пад сумнеў наяўнасьць традыцыі. А мне да галавы прыйшло (нічога дзіўнага, між пачаткам і канцом стагодзьдзя прамінула як мінімум дзьве інтэлектуальныя эпохі), і калі б я адразу пра гэта сказаў, то ня мела б сэнсу згадваць эсэ Эліота, якое цалкам трымаецца на гэтым панятку. У той жа час прамінуць Эліота не выпадала, бо разуменьне традыцыі ў нашым літаратурным асяродку знаходзіцца, на маё бачаньне, яшчэ ў “даЭліотавым” стане, і мне зважалася як неабходнае пазначыць праз Эліота выйсьце з гэтага (не адпаведнага ня толькі канцу, але і пачатку стагодзьдзя) стану.
3. Аблуда традыцыі
Кожны раз, калі заходзіць размова пра літаратурную традыцыю, мне згадваецца сьнежны чалавек: усе пра яго чулі, але ніхто ня бачыў. Тое самае і зь літаратурнаю традыцыяй, асабліва калі яна аздоблена прыметнікам — беларуская.
За сваё, цяпер ужо і не такое кароткае жыцьцё, мне давялося прачытаць безьліч літаратурна-крытычных артыкулаў і пэўна не адну ладную валізку важкіх літаратуразнаўчых кніг, але ні ў адным з гэтых артыкулаў і ні ў адной з тых кнігаў, дзе слова “традыцыя” сустракаецца гэтаксама часта, як дрэва ў лесе, ніводнага разу не было ўцямна напісана, што ёсьць, так бы мовіць, “уласна” традыцыйным у традыцыі й, бадай, менавіта з гэтага аніяк не было магчымым зразумець, чым, урэшце, ёсьць традыцыя?
Здагадка, што традыцыя — гэта ня нешта рэальнае, а адзін з прывідаў (сымулякраў — у постмадэрновай лексыцы), якія ў безьлічы ўсё яшчэ блукаюць па Эўропе, у мяне ўзьнікла даўно, але толькі дзякуючы эсэ Эліота зьявілася магчымасьць яе выказаць.
Аднак перш чым пазначыць канцэптуальную адпрэчву, давайце засяродзімся на адным лякальным пытаньні, хаця таксама пастаўленым рубам: ці існуе ўвогуле беларуская літаратурная традыцыя, як тое, што трымае на сабе і рухае наперад літаратурны працэс, пэрсаніфікаваны ў творчых постацях? Што я гэтым хачу сказаць? Прыкладна наступнае: аб’ём і энэргія ўплыву беларускай літаратуры на фармаваньне кожнага беларускага літаратара невымерна саступае аб’ёму і энэргіі ўплываў неайчынных літаратураў (расейскай, нямецкай, францускай,
а тым больш — усім іншым разам). А калі гэта так, дык атрымліваецца: тое, што мы называем уласнай літаратурнай традыцыяй, ёсьць падрахункаванай колькасьцю твораў, напісаных пад уплывам іншых літаратур (ці асобных твораў зь іншых літаратураў) у беларускай мове. І хаця прысутнасьць больш-менш устойлівых тэматычных кампанэнтаў і этычных імпэратываў дазваляе літаратуразнаўцам шчыраваць на ніве гэтак званай айчыннай літаратурнай традыцыі, квазінавуковасьцю акрэсьліваючы поле яе наяўнасьці, аднак насамрэч гэтая наяўнасьць фіксуецца хіба толькі тапаграфічнымі маркамі пэрсаналіяў, прысутных у нашай геаграфічнай прасторы, але ніяк не апрычонай адметнасьцю творнага, задзіночанага нейкай агульнай эстэтычнай, ці якой яшчэ, ідэалёгіяй, тым болей пэўнай сыстэмай ідэалёгіяў.Вырашальную, і нават вызначальную ролю “замежных” уплываў на айчынную літаратуру лёгка патлумачыць яе прыпозьненым, параўнальна зь іншымі, фармаваньнем у якасьці самастойнага і самадастатковага чыньніку. Не адмаўляючы істотнасьці гэтага фактару, я ўсё ж такі схільны адхіліць яго. Бо, як на маю думку, кожная нацыянальная літаратурная традыцыя — гэта аблуда, міт, створаны ў эпоху сыстэматызацыі, калі ўсяму, што мела месца ў бытным, падшуквалася свая ўнівэрсалія. Апошняе цьверджаньне аднолькава пасуе як да беларускай, так да францускай, нямецкай, расейскай і якой заўгодна іншай, прынамсі эўрапейскай літаратуры.
На першы погляд гэтая тэза выдае на безадказную авантуру: у лепшым выпадку — на гарэзьлівае цьвяленьне парадоксам. Але хай той, хто так палічыць, назаве мне хоць адзін базавы (канструктыўна, эстэтычна, этычна, ідэалягічна і г.д.) элемэнт, які ня меўся б ва ўсіх больш-менш сфармаваных эўрапейскіх літаратурах. А калі ўсе эўрапейскія літаратуры разгортваюцца на агульнай, прынамсі аднолькавай ці падобнай канструктыўнай і эстэтычнай аснове, то на што мы тады абапіраем панятак нацыянальная літаратурная традыцыя? На геаграфічныя каардынаты? На тэматычную пераемнасьць? На перавагу тых ці іншых літаратурных формаў, жанраў, сюжэтаў? Але акцэнт тут (за выключэньнем хіба геаграфіі) заўсёды рухомы, у кожную літаратурную эпоху (ды што — эпоху, у кожнае дзесяцігодзьдзе) ён мяняецца і заўсёды, ва ўсялякай актуалізацыі нейкага складніку (формы, тэмы, жанру...) прыблізна адпаведны гэткай жа актуалізацыі таго самага найменш як у некалькіх іншых літаратурах, з чаго заакцэнтаванае ў пэўны пэрыяд ніяк ня можа заставацца вызначальным аргумэнтам адной асобнай літаратурнай традыцыі. Адсюль вынікае наступнае падсумаваньне: ніводная эўрапейская літаратура — у тым ліку і беларуская — ня мае нейкіх базавых унікатаў, што належалі б выключна ёй (нават мова тут не зьяўляецца вызначальным чыньнікам), і зыходзячы з гістарычнай пераемнасьці якіх мы маглі б казаць пра тое, што прызвычаіліся называць традыцыяй.
Відавочна, каб вывесьці тэзу аб нелігітымнасьці традыцыі з сытуацыі парадоксу і знайсьці ёй месца хаця б у сытуацыі палемікі, патрабуецца больш разгорнутая і больш трывалая аналітыка, але апошняе не ўваходзіць у непасрэдную задачу гэтага тэксту. Таму мы ячшэ раз зьвернемся да праклямацыі і паўторым: Нацыянальная літаратурная традыцыя — гэта ня факцыя, а фікцыя, аблуда, міт эпохі сыстэматызацыі. У пэўнай меры гэты міт трымаецца і мацуецца ў якасьці рэальнасьці тым, што раней я быў схільны пазначыць словам “кантэкст” (“Літаратура ў краіне Сакрэту”, ЛІМ, №1, 1993 г.). Але літаратурны кантэкст зусім ня тое, што літаратурная традыцыя. Літаратурны кантэкст — гэта мова соцыякультурнага дыскурсу ці, згодна Раляну Барту, “пісьмо”. Літаратуры адрозьніваюцца (розьняцца) ня ўласнымі традыцыямі, а ўласнымі кантэкстамі, дыскурсамі, “пісьмамі” (вэрбальнымі фэномэнамі соцыякультурных дыскурсаў).
Не традыцыя, а кантэкст (“пісьмо”) і ўплывае, і фармуе, і абмяжоўвае як асобнага літаратара, так і асобную літаратуру.
Панятак “традыцыя” ўзьнік у тую ж пару і тым жа шчыраваньнем, што і панятак “эвалюцыя”. Яны разам былі сфармаваныя на інтэлектуальнай фабрыцы Асьветніцтва, якое якраз і вынайшла мэханізм адбываньня руху як біялягічных, так соцыякультурных ды інтэлігібэльных фэномэнаў празь іх мэханічна-пасьлядоўную пераемнасьць і развой у выніку пярэйсьця колькасьці ў якасьць.
Адносна эвалюцыі непасрэдна, празьмерная мэханістычнасьць падобнага падыходу была выяўлена аналітыкай ужо на пачатку XX стагодзьдзя, але шмат у якіх сфэрах дзейнасьці чалавека эвалюцыянісцкая па сваёй сутнасьці ідэалёгія заставалася па-за крытыкай і адсюль — па-за пераасэнсаваньнем. Як у выпадку зь “літаратурнай традыцыяй...”.