Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Камунікатыўна адкрытае грамадзтва кардынальна мяняе сытуацыю. Знакі і атрыбуты іншых культураў апынаюцца ля чалавека гэтаксама блізка, як знакі і атрыбуты — уласнай. (На экране тэлевізара Мірскі замак, Эйфэлева вежа і піраміда Хеопсу знаходзяцца на адной адлегласьці ад гледача.) А гэта азначае, што зьнікае, ці становіцца амаль незаўважнай розьніца паміж роднай і чужой культурамі. Бо што яшчэ, як не дыстанцыя, рабіла блізкую культуру роднай, а аддаленую — чужой? І калі з маленства, зь першых цацак і тэлеперадачаў, з першых убораў і кампутарных гульняў, і потым праз усё жыцьцё на адной адлегласьці да чалавека будуць прысутнічаць знакі і атрыбуты розных культураў, дзе родная будзе толькі адной з мноства, то зь якой культураю (не фармальна, а па сутнасьці) будзе ідэнтыфікаваць сябе такі чалавек і якая культура зможа зыдэнтыфікаваць сябе з гэтым

цалкам постмадэрновым чалавекам?

Раней, у эпоху татальнай вайны культураў, схема прылучэньня чалавека да той ці іншай культуры была гранічна простай. Культура-пераможца самаўладна далучала носьбітаў пераможанай да свайго ідэалягемнага поля, і празь нейкі час апошнія пачыналі ідэнтыфікаваць сябе менавіта зь ёй. Аднак у прынцыпе гэта нічога не зьмяняла, адна культура станавілася на месца другой — і толькі. І нават калі перамога была няпоўнай (ці няпоўнай была параза), заўсёды адна зь дзьвюх ці некалькі культураў заставалася дамінуючай і была рэальнай, а не фармальнай падставай для культурнай ідэнтыфікацыі.

Кардынальна адрозная сытуацыя пачынае складвацца цяпер, калі анулюецца дыстанцыя паміж роднай і іншымі культурамі. На жаль, многія ўсё яшчэ працягваюць праецыраваць традыцыйную схему зь лінейнай сытуацыі вайны культураў на нелінейную сытуацыю камунікатыўна адкрытага грамадзтва, і адпаведна той, ужо выпрацаванай і зусім неэфэктыўнай у новых варунках схеме, спрабуюць абараняць свае культуры. Да прыкладу, у 1994 годзе міністр культуры Францыі абвясьціў, што з-за інтэрнэту Францыя апынулася перад пагрозаю новай формы каляніялізму. З таго ж шэрагу і бясконцыя скаргі на амэрыканізацыю культуры, якія няспынна гучаць ня толькі ў Эўропе, але і ва ўсім сьвеце, на францускую інтэлектуальную экспансію, урэшце, на сьветапоглядную інтэрвэнцыю Ўсходу.

Мы ўсё яшчэ пераважна мысьлім катэгорыямі эпохі вайны культураў. І не жадаем заўважаць, што ў прасторы камунікатыўна адкрытага грамадзтва гэтая вайна заканчваецца татальнай паразаю самой вайны. Але з гэтай нагоды я не сьпяшаўся б пляскаць у ладкі, бо вайна культураў была тым мэханізмам, які забясьпечваў функцыяваньне асобных культураў. А без гэтага мэханізму рана ці позна ўсе культуры будуць пераможаныя нечым, што мы ўмоўна называем мэтакультураю: тым, што будзе мець усе прыкметы культуры, але ня будзе ідэнтыфікавацца ні зь якою культурай канкрэтна, ні, у традыцыйным разуменьні, з культурай увогуле.

Асноўная характарыстыка традыцыйнага культурнага знаку палягае на яго трывалай зафіксаванасьці ў кантэксьце нацыянальнай ці сусьветнай культуры. У адрозьненьне ад традыцыйных знакаў культуры, знакі мэтакультуры пазбаўленыя трывалай фіксацыі і нечым апрычонага кантэксту (хаця кожны зь іх мае свой “адрас” і свой “атэстат”), бо ў сытуацыі камунікатыўна адкрытага грамадзтва ўсе культурныя прасторы, праз разгалінаваныя і эфэктыўныя камунікатыўныя сродкі, зыходзяцца ў адзін кантынуум. І разам з культурнымі прасторамі ў гэтую яміну кантынууму скочваюцца ўсе знакі ўсіх культураў, ды яшчэ з такой хуткасьцю, што іх цяжка адрасна разрозьніць, зрэшты і няма ў гэтым сэнсу, бо пакуль будзеш кадыфікаваць адзін зь іх, яго заслоняць дзясяткі іншых.

Хуткасьць культурных экспансіяў, калейдаскапічная множнасьць і рознавэктарнасьць іх тэндэнцыяў анігілююць агрэсыўную сутнасьць самой культурнай экспансіі. Да таго ж электронныя сродкі інфармацыі, якія робяцца дамінуючымі ў транспартацыі знакаў культуры, падчас працэсу транспартацыі кастрыруюць культурны знак (такая іх тэхналягічная прырода), гэта значыць вымыкаюць зь яго ідэнтыфікат (такая іх сацыяльная задача), бо толькі пазбавіўшы ідэнтыфікату, можна прыстасаваць культурны знак да патрэбаў масавага спажыўца. Таму мне падаюцца няўзважанымі турботы тых, хто непакоіцца, што ўладальнікі асноўных камунікатыўных сродкаў (і ў прыватнасьці — інтэрнэту), будуць праз сваю ўладу экспансаваць знакі таго ці іншага культурнага коду і такім чынам сфармулююць культурную імпэрыю, якая праглыне ўсе іншыя культуры. Зрэшты, калі б падобнае і здарылася, то з гледзішча нашых традыцыйных каштоўнасьцяў, гэта было б яшчэ не найвялікшай бядою, бо тады мы мелі б хоць адну — вартую нашых традыцыйных уяўленьняў — культуру. Сапраўдная бяда (для тых, хто лічыць культуру за каштоўнасьць) у тым, што празь нейкі час (і гэта зусім верагодна) мы ня будзем мець ніякай культуры — ніякай у яе традыцыйным разуменьні, а будзем мець культуру без культуры, культуру, якую будзе немагчыма ідэнтыфікаваць нават адносна самой сябе.

Зрэшты,

калі наканавана такому здарыцца, то тут, як кажуць, і казаць няма пра што. Культура перастане быць культураю, і ідэнтыфткаваць сябе чалавек (і супольнасьць) будзе не з нацыянальнаю культурай ці культурай пэўнага рэгіёну, а зь нечым зусім іншым. Аднак, магчыма, гэтыя мае футурулягічныя трызьненьні ёсьць толькі штучнай унівэрсалізацыяй патэнцыйна лякальнай падзеі, пэрвэнтыўным перапалохам ад зруху ў прасторы, якая раптам бязьмежна расхінулася ва ўсе бакі ад нечаканага выбуху камунікацыяў. Паспрабуем пагадзіцца, што гэта насамрэч так, і сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва кардынальна ня зьменіць адвечнай сутнасьці чалавека, які і надалей будзе шукаць і знаходзіць свае асновапалеглыя праекцыі ў нацыянальным культурным кодзе. Але якраз у гэтым выпадку мы і маем драматычную праблему, дзеля актуалізацыі якой прапануецца гэты тэкст. Бо нават калі мы бязьмежна перабольшваем тую радыкальную навізну культурнай сытуацыі, якую нясе з сабою камунікатыўна адкрытае гармадзтва, то ўсё роўна ня зможам зусім адмаўляць, што многія тут згаданыя працэсы (натуральна, невымерна больш іх засталося за кантэкстам гаворкі) маюць месца ўжо цяпер і, відавочна, будуць інтэнсыўна разгортвацца ў недалёкай будучыні. А гэта азначае, што да звыклай вайны культураў дадаецца яшчэ адзін актыўны і пагрозьлівы для кожнай культуры дзейнік — татальная камунікацыя. Яна небясьпечная для ўсіх культураў, але гэтая небясьпека не для ўсіх аднолькавая. Для тых культураў (напрыклад, італьянскай, нямецкай), якія даўно і цалкам сфармаваліся, трывала ўгрунтаваліся ў сацыяльныя інстытуты, індывідуальную мэнтальнасьць, штодзённы побыт — гэта толькі магчымая небясьпека, пакуль больш гіпатэтычная, чым рэальная. А вось для тых культураў (найперш маю на ўвазе беларускую), працэс фармаваньня якіх яшчэ не завершаны, у якіх ледзьве хапае сілаў трымаць апошнія межы абароны ў вайне з больш магутнымі культурамі, гэты нечаканы вораг за сьпіною робіцца ўжо сёньня рэальнай і звышнебясьпечнай пагрозай.

На вялікі жаль, у нас на гэтую небясьпеку амаль не зьвяртаюць увагі, мы па-ранейшаму скіраваныя на вайну культураў (з аднаго баку, на вайну з расейскай культурай, з другога — на вайну з культурай Захаду). Між тым, на маю думку, сытуацыя камунікатыўна адкрытага грамадзтва неўпрыкмет робіцца ці не найбольш драматычнай праблеамай, якая ставіць пад пытаньне саму магчымасьць культурнай ідэнтыфікацыі. А значыць, і саму магчымасьць беларускай культуры ўвогуле.

АХІЛ І ЧАРАПАХА

Перш чым выказаць тое, што тут будзе выказана, мне неабходна патлумачыць, чаму для асьвятленьня праблемы, пазначанай Юліяй Крыстэвай як “бунт-культура”, “культура як бунт”, быў абраны менавіта гэткі ракурс.

Як на маё разуменьне, то прапанаваная Крыстэвай формула “культура бунту” — гэта ня што іншае, як рэцыдыў паэтычнага мысьленьня, выяўлены ў форме паэтычнага тропу, які мае прыгожую грэцкую назву аксюмаран. У сваім “Паэтычным слоўніку” Вячаслаў Рагойша тлумачыць аксюмаран як “дасьціпна-бязглуздае спалучэньне супрацьлежных разуменьняў, якія лягічна выключаюць адно другое”.

У спалучэньні “культура бунту” (далей я буду карыстацца яго больш шырокім аналягам — “культура супраціву”) шмат стылю і таму тут даволі мейсца для паэтычных настрояў, але зусім няма мейсца мысьленьню, бо ў сытуацыі аксюмарану (гэта значыць, выключэньня аднэй часткі цэлага другой часткай цэлага) мысьленьне паглынаецца само сабой ужо на стадыі першапачатковага разгортваньня.

Фэномэн бунту-супраціву ня толькі супрацьлежны фэномэну культуры, ён ёй варожы, а калі быць больш дакладным — чужы, гэта значыць староньні, зь іншага сьвету, зь іншай праекцыі быцьця. А варожым культуры ён стаецца тады, калі трапляе ў яе сьвет, бо ня можа выяўляць сябе інакш, адно як разбураючы культуру. Чаму?

А таму, што бунт, супраціў — гэта спрэс дынаміка.

А культура наадварот — спрэс статыка.

Культура — гэта чарапаха, а бунт — гэта Ахіл. (Тут, натуральна, адсылка да знакамітай апорыі Зянона.)

Кажная, нават самая дробная праява культуры, гэта нейкая сума зафіксаванай статыкі, гэта той адсарбэнт, што застаецца ў стане трывалай фіксацыі ад безьлічы дынамічных рухаў-перарухаў.

У прынцыпе, кажны рух-перарух можна залічыць у лякальны бунт, лякальны супраціў і з гэтага лінейнага пасылу вывесьці сьцьвярджэньне, што культура фармуецца бунтам, супрацівам. Але гэта ня так.

Поделиться с друзьями: