Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Дарэчы, хаця ў эсэ Эліота панятак “традыцыя” базавы, але ўжо нават Эліот выкарыстоўвае яго хутчэй у значэньні кантэксту, эўрапейскага літаратурнага дыскурсу, запоўненага постацямі і творамі самых розных эпохаў і культураў. Уласна, Эліот пазначае словам “традыцыя” ўсё тое, што было адметнага раней, ніяк не зьвяртаючы ўвагі на “традыцыйнасьць” традыцыі ці, скажам так, не аналізуючы, што ёсьць у традыцыі традыцыйным (і ці ёсьць яно ўвогуле), якой такой традыцыйнасьцю задзіночаныя, да прыкладу, малюнкі на скалах у гроце Ля-Мадлен, “Боская камэдыя” Дантэ і паэзія Ляфорґа.

Традыцыя ў Эліота не рэгіяналізаваная ні геаграфічнымі, ні гістарычнымі, ні этнічнымі, ні эстэтычнымі парамэтрамі. Тым ня менш, ён улучыў у адну праблему традыцыю і індывідуальны талент, чым стварыў тэрміналягічна заблытаную (адносна

сучаснага гледзішча) сытуацыю, зь якой можна выйсьці толькі пагадзіўшыся, што “літара” і “дух” у Эліота не таясамяцца, што яны разьведзеныя па розных стагодзьдзях, “літара” застаецца ў XIX, “дух” — у XX.

Між іншага, праблема стасункаў паміж “традыцыяй” (каб адасобіцца ад гэтага сымулякру, далей я буду адсланяць яго ад сябе двукосьсем) і індывідуальным талентам і ў ранейшай, традыцыйнай сыстэме каардынат (як у Эліота) схематызавалася не карэктна. Ніколі індывідуальны талент не арыентаваўся ні на сваю айчынную, ні на агульнаэўрапейскую літаратурную “традыцыю”. Заўсёды вызначальным у ягоных стасунках зь літаратурным кантэкстам быў пануючы там эстэтычны мэтад (клясыцызм, барока, рамантызм, сэнтымэнталізм, мадэрнізм, постмадэрнізм), зь якім індывідуальны талент альбо тоесьніўся, альбо ствараў апазыцыю, выяўляючы сябе ў гэтым выпадку ці то ў асобных прамінулых эстэтычных сыстэмах, ці то ў іх эклектыцы. У адрозьненьне ад “традыцыі” як лінейна-аднамернай (ці хай сабе нават дыялектычнай) пераемнасьці і пасьлядоўнасьці літаратуранга руху і развою, эстэтычны мэтад вычэрпваецца сваёй эпохай, а статункі паміж эстэтычнымі эпохамі хутчэй будуюцца на энэргіі адпрэчваньня, чым пераемнасьці, хаця адпрэчваньне гэта толькі мэханізм перамены сытуацыі. А сам новы эстэтычны мэтад паўстае з глябальных перарухаў унутры соцыякультурнага дыскурсу і выяўляецца ў непрагназуемых вэрбальных формах (тут карэнная розьніца з “традыцыяй”, у аснову якой пакладзены прынцып аб’ёмна-пасьлядоўнага нарошчваньня, а гэта значыць і дэтэрмінаванай запраграмаванасьці). Прынамсі, пакуль гісторыя літаратуразнаўства, здаецца, ня ведае фактаў, каб наступны эстэтычны мэтад быў хоць аднойчы футуралягічна абмаляваны. Новая эстэтычная сыстэма спачатку намацвае сама сябе ў стыхійна-спантанных “авангардных” практыках, і толькі пасьля замацаваньня нейкага больш-менш устойлівага агульнага абрысу пачынаецца фармуляваньне яе эстэтычных прынцыпаў, катэгорыяў, паняткаў. Так літаральна на нашых вачах адбылося з постмадэрнізмам (але дакладна так было і з рамантызмам, і з рэалізмам, і з мадэрнізмам).

Дык вось, індывідуальны талент фармуецца не літаратурнай “традыцыяй”, а той ці іншай эстэтычнай сыстэмай (некалькімі, сумай усіх), якая дэфармуецца рэгіянальным (нацыянальным) літаратурным кантэкстам адпаведна яго сучаснага стану. Мера здэфармаванасьці эстэтычнай сыстэмы пэўным кантэкстам стварае рэгіянальную (нацыянальную) адметнасьць “пісьма”, у якім творчы талент (выяўлены як стыль) адбываецца празь меру паэтычнай энэргіі індывідуальнай дзейнасьці.

І ні пры чым тут нейкая там “традыцыя”!

ЧАРГОВЫ БАБІЛЁН НА РУІНАХ ГЕАГРАФІІ

I.

Паўночная Эўропа, Паўднёвая Эўропа, Заходняя Эўропа,Усходняя Эўропа, Цэнтральная Эўропа, Сярэдне-Ўсходняя Эўропа, Кантынэнтальная Эўропа, Астраўная Эўропа, Балканы, Балтыя, Расея (да Ўрала таксама, здаецца, Эўропа)... Што там яшчэ? Колькi там яшчэ “эўропаў”? I цi не зашмат iх для кавалка зямлi, якi без астачы зьмесьцiцца ў адным сэгмэнце Сыбiру?...

Зрэшты, такая шматлiкасьць “эўропаў”, падобна, ніколi i нiкому асаблiва не замiнала. Не асаблiва турбавала i тое, што ў вызначэньнi межаў кожнай з гэтых “эўропаў” адвеку не было пэўнасьцi i прыналежнасьць да той цi iншай “эўропы” спачатку апазнавалася чым заўгодна, а ўжо потым геаграфiяй.

Такое абыякавае стаўленьне да геаграфiчных пазнакаў, бадай, найперш зьвязана з тым, што фармальная ўлучанасьць у тую цi iншую “эўропу” той цi iншай дзяржавы (нацыi, супольнасьцi) сама зь сябе не выяўляла нейкага iстотнага значэньня. Скажам, Заходняя Эўропа нiколi ня мела збройных, эканамiчных, iдэалягiчных i г.д. войнаў з Паўночнай Эўропай менавiта за Заходнюю Эўропу (тое — i ў адваротны бок: тое — i для iншых “эўропаў”). I хаця

ў гiсторыi Эўропы неаднойчы здаралася, што палiтычнае (эканамiчнае, iдэалягiчнае...) супрацьстаяньне ў нейкай меры супадала з “супрацьстаяньнем” геаграфiчным, але такое становiшча складвалася “выпадкова” i ўжо анiяк не геаграфiя была таму прычынай.

Як нi круцi, а нi адна з “эўропаў” (бадай, за выняткам Заходняй, дый i тут ня бяз пэўнай умоўнасьцi ) нiколi не была забясьпечана чымсьцi анталягiчным, чымсьцi такiм, што б дазволiла ёй набыць трывалы статус суб’екта ў прасторава-часавых стасунках з быцьцём. У кожную новую эпоху геаграфiя кожнай з “эўропаў” (як вечна пасыўная для Эўропы iдэалёгiя i практыка) ахвяравалася на карысьць iдэалёгiяў i практыкаў актыўных. Падчас панаваньня канфэсыйных iдэалёгiяў Эўропа падзялялася па рэлiгiйных прыкметах i адзнаках, падчас панаваньня iдэалёгiяў цывiлiзацыйных — па сацыяльна-эканамiчных .. i г.д. i да т.п.

Мiж тым, iдэя той цi iншай “эўропы”, як пэўнай iдэалёгii, што прэтэндуе надаць нейкай прасторы статус суб’екта, быццам той Фэнiкс з попелу, раз-пораз паўстае зь нябыту i пачынае вярэдзiць галовы палiтыкаў i публiцыстаў то ў адным, то ў другiм закутку эўратопу. Зазвычай гэта адбываецца на зломе эпохаў, калi структуры адных актыўных iдэалёгiяў ужо спрацавалiся, а структуры другiх — яшчэ не ўвабралiся ў сiлу... Тады адчыняецца бабчын куфэрак, адтуль выцягваецца старасьвецкая мапа, зь яе страсаецца нафталiн i ў чарговы раз распачынаецца “эпоха вялiкiх геаграфiчных адкрыцьцяў”... Раптам паспалiтае людзтва ўсьведамляе, што яно месьцiцца ня проста ў Эўропе, а ў Эўропе апрычонай якiм-кольвечы прыметнiкам. (Нешта падобнае неяк адбылося з знакамiтым мальераўскiм героем, якi ўжо сталым чалавекам раптам зразумеў, што ён ня проста размаўляе, а размаўляе прозай.)

Няма чаго i каму даводзiць (гэта навiдавоку), што мы жывём якраз на “зломе эпохаў, калi структуры адных актыўных iдэалёгiяў ужо спрацавалiся, а структуры другiх — яшчэ не ўвабралiся ў сiлу”. I таму зусiм натуральна, што ў гэтым бясчасьсi нас пацягнула прыўзьняць вечка куфэрку, каб трохi паваражыць на старасьвецкай мапе... На гэты раз у якасьцi дарунку з будучынi мы наваражылi сабе Сярэдне-Ўсходнюю Эўропу (ужо аднаго гэтага грувасткага, каструбаватага словазлучэньня “сярэдне-ўсходняя” даволi, каб паставiцца з сумненьнем да таго, што iм пазначаецца)...

Здаецца, нават зацятыя апалягеты iдэi Сярэдне-Ўсходняй Эўропы не спрачаюцца адносна таго, што яна вымкнутая не сама зь сябе, не з сваёй уласнай патэнцыi да рэалiзаванасьцi ў адпаведным суб’екце, а з факту ўтварэньня нiчэйнай прасторы ў геапалiтычных зрухах памiж Заходняй Эўропай i Расеяй. Гэтая прастора, раптам пазбаўленая сфэраў уплыву двух магутных палiтычных цэнтраў, апынулася ў вольным — фiгуратыўна i iдэалягемна — стане. Каб пазбавiцца сваёй волi, гэтая невыразная, неакрэсьленая, прамежкавая прастора спрабуе цяпер праз тапаграфiчную манiпуляцыю аформiцца ня толькi геапалiтычна i гiстарычна, але i культуралягiчна.

Увогуле, не складае вялiкай цяжкасьцi зразумець i вытлумачыць падобнае жаданьне. Пэўна я не памылюся, калi скажу, што нiводная краiна Сярэдне-Ўсходняй Эўропы не жадае быць “сярэдне-ўсходняй”, а жадае быць “заходняй” цi проста Эўропай. I становiцца яна “сярэдне-ўсходняй” толькi зь немагчымасьцi быць сапраўднай Эўропай, зь нежаданьня сапраўднай Эўропы ўлучыць яе ў сваё мэтафiзычнае цела, прышчапiць да адной з галiнаў свайго фiзычна магутнага галаменя i затым паяднаць з сваiм футуралягiчным дыскурсам.

Калi чалавек ня можа мець нешта сапраўднае, яму даводзiцца задавальняцца сурагатам.

Iдэя Сярэдне-Ўсходняй Эўропы — гэта сурагат iдэi сапраўднай Эўропы.

Мэханiзм зьяўленьня гэтай iдэi да бессаромнасьцi трывiяльны. Яна паўстала з скрыжаваньня нелiнейнай апазыцыi дзьвюх прафанных тэзаў: “Мы не патрэбныя Захаду” — “Нас палохае Расея”.

Натуральна, будзе залiшне спрошчаным сьцьвярджаць, што iдэя Сярэдне-Ўсходняй Эўропы ўзьнiкла выключна з факту наяўнасьцi гэтай нелiнейнай апазыцыi. Безумоўна — не. У гэтай абстракцыi, акрамя геаграфiчных падставаў маецца сякi-такi гiстарычны грунт, сякое-такое супольнае культурнiцкае поле i сякiя-такiя, пакуль утоеныя ад iншых (а можа i самiх сябе), спадзяваньнi на ўласны, толькi для сябе прэзэнтатыўны гешэфт.

Поделиться с друзьями: