Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
Шрифт:
Дык вось, з гэтай вэрсіі вынікае, што супраціў — гэта паўната, якая не патрапіла на сваё мейсца, якая ня мае сабе мейсца, і каб здабыць яго, спрабуе выштурхнуць тую паўнату, што тут ужо была да яе. Адным словам, Ахіл спрабуе апярэдзіць чарапаху, каб займець яе мейсца, бо свайго, акрамя як сам у сабе, ня мае.
Гэтая досыць пакручастая вэрсія пакідае столькі прасторы для новых пытаньняў, колькі іх можна сфармуляваць, але ўласна для мяне яна ўсё ж такі сёе-тое і тлумачыць, прынамсі адну зь якасных характарыстык супраціву — ягоную агрэсыўнасьць. (Натуральна, панятак “агрэсія” тут фігуруе ня ў якасьці этычнай катэгорыі.)
Агрэсія — гэтая якасьць, якая ўзьнікае і фармуецца з адсутнасьці свайго мейсца, сваёй якасьці, сваёй формы. Агрэсія — гэтая інтэрвэнцыя
Усе формы супраціву, а іх, зразумела, безьліч у самых розных праекцыях быцьця, абумоўлены мерай энэргіі агрэсіі, гэта значыць мерай аддаленасьці ад свайго мейсца прысутнасьці.
Без асаблівай тут патрэбы, хіба толькі ў зьвязку з агрэсіяй, як аднэй з асноўных якасных характарыстык супраціву, я згадаю адну з найцікаўшых формаў супраціву, адносна нядаўна сфармуляваную ў постмадэрнавым дыскурсе, а менавіта — дэканструкцыю.
Верагодна, дэканструкцыя — гэта самая неагрэсыўная форма супраціву. І вось чаму. Супраціў як агрэсія ўзьнікае з таго, што пакліканая непаўнатой сучаснасьці мера паўнаты патрапляе ў прамінулае, дзе шукае сабе мейсца, але ня проста шукае, а шукае мейсца тоеснага мейсцу свайго паходжаньня, гэта значыць — будучыні. І таму звычайны супраціў рэканструюе ў мінулым рэальнае як будучае, — адпаведна вобразу будучага.
Інакш дэканструкцыя. Дэканструкцыя — гэта канструяваньне рэальнасьці ня праз будучае, а празь мінулае. Адсюль вынікае, што ў гэтай формы супраціву ня так войстра стаіць праблема стасункаў зь мінулым, дзе, уласна, прасторава і рэалізуецца супраціў як фэномэн неадпаведнасьці нейкай часткі паўнаты быцьця свайму мейсцу.
І апошняе, пра што хацелася б сказаць колькі словаў. Мяне вельмі цікавіць тое мейсца, дзе Ахіл амаль нагнаў чарапаху, дзе яны рухаюцца, лічы, упоравень, але і дзе Ахіл ужо канчаткова зразумеў, што як бы ён ні ўпінаўся, ён ніколі не пераадолее чарапаху. Інакш кажучы, мяне вельмі цікавіць тое мейсца, дзе энэргія агрэсіі супраціву зьнясільваецца ў найбліжэйшым зазоры ад таго, чаму ён супраціўляецца і дзе супраціў з сваім супраціўнікам апынаюцца ў стане нейкай раўнавагі. Гэтае мейсца і гэты стан не бяз пэўнай меры выкліку нашай наскрозь запалітызаванай сытуацыі я паспрабую пазначыць словам з палітычнай тэрміналёгіі, а менавіта словам канфармізм.
Канфармізм — гэта зьнясілены супраціў, гэта супраціў, які ўсьвядоміў немагчымасьць сваёй перамогі.
У сытуацыі канфармізму супраціў нікуды не зьнікае, ён толькі пераходзіць у лятэнтны, утоены стан. Гэта ў адной праекцыі. А ў другой, праз сваю максымальную блізіню да супраціўніка ў стане зьняможанасьці агрэсіі і маўклівага дэкляраваньня зьмірэньня зь лёсам пераможанага, супраціў як бы атрымлівае магчымасьць легалізацыі сябе як супраціву ў якасьці несупраціву…
І, магчыма, сытуацыя канфармізму — гэта тое адзінае мейсца, дзе супраціў і тое, чаму ён супраціўляецца, напоўніцу выяўляюць сваю сапраўдную сутнасьць.
Ахіл прайграў чарапасе яшчэ да таго, як кінуўся навыперадкі.
Але каб зразумець гэта, яму трэба было яе дагнаць. Амаль дагнаць…
замест пасьляслоўя
Мілажальнасьць культуры — гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсыўныя, чым іх носьбіты — народы (гэта аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае. І таму ў войнах культураў — культураў загінула болей, чым загінула народу ў збройных войнах народаў.
Не заўсёды і зусім неабавязкова чужая культура прыносіцца на штыках і штыкамі ўсталёўваецца. Да прыкладу расейская культура з уласнае волі да панаваньня зьнішчыла іншых культураў нашмат больш, чым усе войскі Расейскай імпэрыі зьнішчылі іншых войскаў. (У Расеі сталася амаль ідэаматычным выказваньне: на прасторах нашай краіны жыве больш за сто народаў і народнасьцяў. Ня будзем зьвяртаць увагі на тое, што дакладную колькасьць народаў і народнасьцяў ніхто і ніколі ў Расеі нават не зьбіраўся лічыць. Зьвернем
толькі ўвагу на тое, што для гэтых “больш за сто народаў і народнасьцяў” дамінуючай, а пераважна і адзінай культурай зьяўляецца расейская).Дык вось, калі запытацца чаму сёньня большасьць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе зь беларускай культурай, то адказ будзе наступным: таму што ўжо безьліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай культуры зь беларускай, у выніку якой апошняя апынулася амаль усьцяж пераможнаю. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.
Мова — той азонавы слой, які дазваляе больш-менш устойліва функцыянаваць, разьвівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыньнікам культуры нават у неспрыяльных для яе палітычных, эканамічных і сацыяльных умовах. Вядома, у гэтым азонавым слаі кожнай культуры сёньня шмат дзірак, але ў нас ён зьнішчаны амаль зусім, ад яго засталіся адно лахманы, якія ўжо не засланяюць цела нацыянальнае культуры як ад сьцюдзёных вятроў культуры расейскай, так і ад касьмічнага холаду мэтакультуры камунікатыўна адкрытага грамадзтва.
Уласна, толькі цяпер, згадаўшы пра “касьмічны холад мэтакультуры”, мы падыходзім да той праблемы, дзеля якой і ствараўся гэты тэкст. Сфармулюем праблему наступным чынам: камунікатыўна адкрытае грамадзтва існуе як рэальная пагроза незавершаным у сваім фармаваньні нацыянальным культурам. Падкрэсьлім: не асобныя фрагмэнты, функцыянаваньня грамадзтва камунікацыяў, а яно само, цалкам, як падзея сучаснай цывілізацыі. Гэта і ёсьць найактуальная і найдраматычная праблема культуры.
Відавочна, што сёньня за найвыразны сымболь і атрыбут камунікатыўна адкрытага грамадзтва выступае інтэрнэт. Але інтэрнэт — гэта пакуль толькі адна з найноўшых формаў зьмяншэньня дыстанцыі паміж чалавекам і падзеяй быцьця ва ўсіх верагоднамагчымых прасторах (улучна зь віртуальнай). Распачыналася гэта з паравозу і чыгункі, а працягвалі сьціскаць прастору — тэлеграф, аўтамабіль, тэлефон, самалёт, радыё, тэлевізар, кампутар і шмат што яшчэ.
Праз усё гэта разам узятае прастора перастала разьядноўваць суб’екта з аб’ектамі падзеяў быцьця, яна зрабілася тым, што яднае іх, яна сама ператварылася ў суцэльны сродак камунікацыі, настолькі татальны, што нават таталітарныя і дыктатарскія сыстэмы ўжо ня могуць засьцерагчыся ад гэтай татальнасьці шчыльна закрытымі межамі.
Адным словам, жадае таго грамадзтва ці не, але яно робіцца празрыстым для інфармацыйнага і ўвогуле камунікатыўнага нашэсьця з усіх чатырох бакоў сьвету. Што з гэтага мае непасрэдна культура і як гэтая рашучая трансфармацыя зносінаў паміж суб’ектам і аб’ектам падзеі ўплывае на працэсы культурнай ідэнтыфікацыі? Папярэдзім адказ на гэтае пытаньне яшчэ адным, на першы погляд, бадай, нават недарэчным запытам: чаму ў клясычныя эпохі ангелец карыстаўся пераважна знакамі і атрыбутамі ангельскай культуры, паляк — польскай, француз — францускай і г.д. Натуральна, найперш таму, што яны свае, родныя, звыклыя, што менавіта яны выразьнілі з чалавека ўвогуле — ангельца, француза, паляка і г.д. Але ня ў меншай меры яшчэ і таму, што гэтыя знакі і атрыбуты культуры былі бліжэй да яго, побач, што за імі ня трэба было некуды хадзіць, недзе іх адшукваць.
Камунікатыўна адкрытае грамадзтва кардынальна мяняе сытуацыю. Знакі і атрыбуты іншых культураў апынаюцца ля чалавека гэтаксама блізка, як знакі і атрыбуты — уласнай. (На экране тэлевізару Мірскі замак, Эйфэлева вежа і піраміда Хеопсу знаходзяцца на адной адлегласьці ад гледача.) А гэта азначае, што зьнікае, ці становіцца амаль незаўважнай розьніца паміж роднай і чужой культурамі. Бо што яшчэ, як не дыстанцыя, рабіла блізкую культуру роднай, а аддаленую — чужой? І калі з маленства, зь першых цацак і тэлеперадачаў, зь першых убораў і кампутарных гульняў, і потым праз усё жыцьцё на адной адлегласьці да чалавека будуць прысутнічаць знакі і атрыбуты розных культураў, дзе родная будзе толькі адной з мноства, то зь якой культураю (не фармальна, а па сутнасьці) будзе ідэнтыфікаваць сябе такі чалавек і якая культура зможа зьідэнтыфікаваць сябе з гэтым цалкам постмадэрновым чалавекам?