Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Кажуць, у яго было шмат жанчын. Напэўна, гэта насампраўдзе так, бо ён не любіў жанчын. Ён толькі пэрсаніфікаваў жыцьцё ў той ці іншай жанчыне і такім чынам “заляцаўся да жыцьця” “ў вечнай празе зьліцца зь ім”. Але чым тужэй згортваўся ў каханьні, тым тужлівей ападаў на сэрца сум. Бадай, з гэтага амаль адчайнага суму ён мог здагадацца, што той, хто хаваецца ад тэрору небыцьця ў каханьне — самахоць прысьпешвае сваю невараць, бо чалавек найперш памірае ў жанчыне, а ўжо потым — сам у сабе... Ён не здагадаўся, хоць сэрцам адчуваў небясьпеку і таму доўга не трываў жанчыну побач, хаваўся ад адной за другую, ці сыходзіў ад усіх да мужчын (сяброў) і віна.

Чульлівы і пяшчотны, ён шукаў у сяброўстве абароны і прытулку,

а разам з тым непадманнага духоўнага хаўрусу, агульнай інтэлектуальнай прасторы, урэшце — высакароднага чыну.

І вобраз дружбы —

даўні й нягоркі.

Бо мы ж яшчэ, напэўна,

не забылі,

Як некалі яе адну любілі —

Ну, дружбу, нашу.

Помняцца спатканьні

Дзьвюх нашых душ.

Любоўныя расстаньні

Адна з адной. Да заўтра.

Ненадоўга.

(“Прыехаў сябра”)

Але як цялесны саюз з жанчынай, так і духоўная мужчынская зьвязь істотным чынам не мянялі пэрспэктыву небыцьця. Хованкі ў каханьні набліжалі да сьмерці, хованкі ў сяброўстве трохі адсланялі яе, аднак ні тое, ні другое не яднала з жыцьцём. Яднала хіба — віно; праўда, ненадоўга, і таму віна трэба было многа, і ўсялякі раз, калі яно закончвалася, гульня таясамасьці экзістэнцый (ягонай і жыцьця) перапынялася яшчэ вялікшай тугой...

Жыцьцё, сьмерць, каханьне, сяброўства, віно... Засталося — слова...

Ці слова было наперадзе ўсяго: і сродкам і мэтай жыцьця?

А калі адно спосабам не-магчымасьці жыць?

Часам мне здаецца, што ён нарадзіўся ня жыць, а выглядаць сьмерць (у восеньскай смузе, у ціўканьні сініцы, “у мінулым, сёньняшнім, наступным”). Крэмзаньне паперы “прозай” ці “вершамі” было ўсяго толькі адным з спосабаў (а, можа, як для яго, то і адзіным) гэтай “не-магчымасьці жыць”. І ці не таму ён кангеніяльны, тоесны свайму скрушанаму лёсу/генію там, дзе ў яго адрэфлексавана разьвітаньне, расстаньне, кананьне; там, дзе памірае маладым Максім Багдановіч (“Загадка Багдановіча”); там, дзе памірае дзед Міхалка (“Адзін лапаць, адзін чунь”); там, дзе гіне ЎСЁ — вяпрук, жыцьцё, надзея (“Смаленьне вепрука”).

Дух сьмерці лунае над гэтым геніяльным апавяданьнем, напоўненым пахамі, фарбамі і гукамі нежытва: “Ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі — падаюць інеем сырыя туманы. Чарсьцьвее зямля, і цёмным, ільсьняна халодным зяленівам б’е ў вочы парадзелая пры дарозе трава. Ужо выпетрала зябліва, пасівела ў гародчыках і пазванчэла бадыльлё, і панішчымніла паветра. Неба ўдзень ужо ніжэй прыпадае, цісьнецца да зямлі. Яшчэ выганяюць на пашу кароў — далей ад вёскі, у лес. Пад вечар жывёла ня хоча вяртацца ў хлеў, цаляе адбіцца ў прапахлае бульбоўнікам і сьцюдзёным капусным водарам поле”.

У “Смаленьні вепрука” ён перажыў свой мэтафізычны сыход. Тут невараць урэшце запанавала ўсюды і найперш у ім самім. Ён сам быў тым, хто забівае, ён сам зь сябе склаў ахвярнае вогнішча і сам быў тым ахвярным дымам, што завершыў яшчэ адзін кругазварот быцьця.

З тым дымам ён і адышоў у нябёсы, “а душа ўзяла і засталася”, затрымалася на нейкі час і вярэдзіць маю душу ягоным сумам па немагчымасьці інакш пазьбегнуць сьмерці, як толькі памерці.

III. БЕЗ ПЭРСАНАЛІЯЎ
ПРА ІНДЫВІДУАЛЬНЫ ТАЛЕНТ І ТРАДЫЦЫЮ

1. Нахлебнікі традыцыі

Мне здаецца, што наша літарацкая (і калялітарацкая) публіка ў сваёй пераважнай бальшыні ўсё яшчэ ўяўляе традыцыю як нейкі мэханічна пасьлядоўны

працэс па захаваньні і назапашваньні тыпалягічна аднолькавых элемэнтаў літаратурнай прадукцыі. (А тое, што не падпадае пад гэтую тыпалёгію, лічыцца ўжо не традыцыяй, а наватарствам, авангардам, форматворчасьцю — ці проста нейкай выпадковай недарэчнасьцю, хіба адно вартай жалю). Праўда, у шматлікіх развагах наконт традыцыі заўсёды згадваецца пра яе творчы развой, факталягічнае ўзбагачэньне, эвалюцыйны поступ, і тым самым падкрэсьліваецца задзіночанасьць традыцыі і сучаснасьці, іх дыялектычная лучнасьць, якая ў схеме выглядае прыкладна так: літаратурная традыцыя фармуе літаратара, а літаратар стварае адпаведныя творы, якія ў сваю чаргу далей фармуюць традыцыю... Але сутнасьць разуменьня традыцыі ад гэтага не мяняецца.

Зрэшты, падобна пра традыцыю разважалі ва ўсёй Эўропе, пакуль у 1918 годзе Эліот не надрукаваў сваё знакамітае эсэ “Традыцыя і індывідуальны талент”, некалькі бліскучых пасажаў зь якога змусілі да рэвізіі ўсяго комплексу праблемаў, зьвязаных з катэгорыяй традыцыі. Цяжка ўтрымлівацца, каб не працытаваць хаця б адзін зь іх: “Калі зьяўляецца новы твор мастацтва, ён уплывае адначасова на ўсе іншыя мастацкія творы, якія папярэднічалі яму. Існуючыя помнікі мастацтва ствараюць ідэальны парадак, узгадняюцца паміж сабою, але гэты парадак непазьбежна мяняецца са зьяўленьнем сярод іх новага (сапраўды новага) мастацкага твору. І цяпер ужо, каб аднавіць дасканалую пасьлядоўнасьць мастацкіх твораў, увесь папярэдні парадак абавязкова павінен зьмяняцца, хоць бы крышачку, і таму каштоўнасьці кожнага мастацкага твору ў адносінах да ўсіх астатніх твораў прыстасоўваюцца і ўтвараюць паміж сабою новую ўзгодненасьць. Той, хто пагодзіцца з гэтай ідэяй парадку як формаю існаваньня ангельскай і эўрапейскіх літаратураў, не палічыць абсурдным тое, што мінулае павінна мяняцца пад узьдзеяньнем сучаснага, як і сучаснае кіруецца ў сваім разьвіцьці мінулым”.

Пасябраваўшы са словамі Эліота “мінулае павінна мяняцца пад ўзьдзеяньнем сучаснага”, мы, прарабіўшы некалькі лягічных маніпуляцыяў, апынемся побач з высноваю, што толькі кардынальна адметнае здольнае зварушыць ды па-іншаму пераўладкаваць традыцыю, і тым самым у акце руху-пераруху даць ёй магчымасьць выявіць сябе актыўнай, дынамічнай, жывой...

Традыцыя ажывае, жыве ў пераменах, яна выяўляецца ў дынаміцы, а не ў статыцы. А перамены (дынаміка) у традыцыі адбываюцца не з таго, што мацуе яе статычнасьць, а з таго, што гэтую статычнасьць разбурае.

Літаратурная традыцыя — гэта бурэньне традыцыі, а не яе будаваньне. Адсюль і папярэдняя выснова: традыцыя трымаецца адно нетрадыцыйным. У традыцыйным традыцыя ў лепшым выпадку адпачывае, у горшым — памірае.

Эліот ня быў настолькі катэгарычным, аднак ёсьць у ягоным эсэ словы, якія хай сабе і ўскосна, але падтрымліваюць прадэкляраваны тут экстрэмізм: “... Калі адзіная форма насьледаваньня складаецца з таго, каб бязглузда і баязьліва ісьці па шляхах, пракладзеных бліжэйшым пакаленьнем, схіліўшы голаў перад яго дасягненьнямі, — такая “традыцыя” безумоўна бясплённая і эпігонская. Мы ўжо няраз былі сьведкамі такіх плыткіх плыняў у мастацтве, якія неўзабаве зьнікалі, як вада ў пяску, і наватарства заўсёды лепей за пустое паўтарэньне ўжо пройдзенага”.

Гэтая цытата ня толькі падмацоўвае папярэднія развагі, але і дапамагае перасунуцца да наступнага фрагмэнту размовы, пазначанага ня без публіцыстычнага напалу як “Нахлебнікі традыцыі”.

Традыцыю ствараюць, уладкоўваюць і пераўладкоўваюць адзінкі, а карыстаюцца зь яе сьціжмы і сьціжмы. Эліот у сваім эсэ аналізуе стасункі паміж традыцыяй і індывідуальным талентам, як тым, што адначасна ёсьць і творным і творцам традыцыі. А я б далей хацеў сказаць колькі слоў пра ўзаеміны традыцыі і індывідуальнага таленту, які адно спажывае з традыцыі, нічым яе ня жывячы.

Поделиться с друзьями: