Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Можна скептычна ставiцца да нiчым нястрыманай экспансіi ўсiх верагоднамагчымых “канцоў” (ад канца геаграфii да канца чалавека), распачатую шпэнґлераўскiм “канцом культуры” i сьцьвярджаць, што пакуль сонца будзе ўзыходзiць на ўсходзе, а заходзiць на захадзе, датуль прастора бытаваньня чалавека застанецца прамаркiраванай знакамi геаграфii, але нельга не заўважаць, што гэтыя знакi, як “непэрспэктыўныя” вёскi i закiнутыя гасьцiнцы ўжо амаль нiчога нам ня кажуць у нашай спробе вызнаньня цывiлiзацыйных вэктараў руху гiсторыi быцьця.

Геаграфiя — гэта тое, што разьядноўвае прастору храбтамi, рэкамi i межамi, паралелямi i мэрыдыянамi, найменьнямi мацерыкоў i акiянаў, абрысамi краiнаў i супольнасьцяў. Эпоха вялiкiх геаграфiчных адкрыцьцяў — гэта эпоха тэктанiчнага разлому цэльнага (паранаiдальнага)

сьветаўспрыйманьня i пераўладкаваньне яго на аснове ўяўленьня пра бытнае, як пра пэўную колькасьць сэгмэнтаў (шызафрэнiчнае сьветаўспрыйманьне). З гэтай пары чалавек перастаў жыць у сусьвеце, i пачаў жыць у Амэрыцы, Азii, Эўропе... Геаграфiя ня толькi падзялiла зямную кулю на асобныя сэгмэнты, яна разьяднала людзтва i адсланiла чалавека ад анталёгii быцьця геаграфiчнымi каардынатамi яго экзістэнцыйнай прысутнасьцi...

Сытуацыя кардынальна зьмянiлася адно цяпер, у эпоху камунiкацыяў. Цяпер прастора зноў перастварылася з таго, што разьядноўвае ў тое, што яднае. Сёньня прастора бытаваньня чалавека настолькi насычаная камунiкацыйнымi сродкамi, што сама сталася суцэльным сродкам камунiкацыi. Гэта значыць, што ў кожным сваiм мейсцы (на паўночнай скранi цi ў Парыжы, у Лепелi цi ў гватэмальскай вёсцы) прастора аднолькава шчыльна насычаная знакамi камунiкацыi — трэба толькi мець пры сабе начыньне па яе выяўленьню (радыёпрыймач, тэлевiзар, кампутар i да т.п.). Адсюль вынiкае, што цяпер не-геаграфiя забясьпечвае нас iнфармацыяй. I таму геаграфiчныя каардынаты страцiлi сваю сутваўтворную функцыю, а геаграфiчныя прыкметы ператварылiся ў этнаграфiчныя пазнакi-забаўкi. Вось чаму кожны праект, зарыентаваны на гэтыя геа-(а па-сутнасьцi ўжо этна-) графiчныя пазнакi, чакае лёс апошняга беларускага Адраджэньня, мэтадалягiчна сфармаванага паводле падобнага прынцыпу.

Разумею, што тут натуральным будзе пярэчаньне: чаму менавiта iнфармацыю я вызначыў асноўным чыньнiкам сучасных цывiлiзацыйных працэсаў i адпаведна гэтай сваёй сваволi зганiў даўно ўканстытуяваныя каштоўнасьцi, на якiх людзтва здавён палягае ў сваiм адбываньнi быцьця.

На гэтае пярэчаньне заўважым, што ў выказанай прапазыцыi павiнен ня я, а Норбэрт Вiнэр, дакладней ягоная філязофiя “грамадзтва камунiкацыi”. Зь Вiнэрам можна пагаджацца, а можна не пагаджацца, можна зьвяртаць увагу на ягоныя змыслы, а можна не зьвяртаць, але нельга не заўважаць, што сёньня ў рэальнасьцi дамiнуе iнфармацыйная падзея. Менавiта — інфармацыйная...

Падзея, якая не патрапiла ў сродкi iнфармацыi ( а празь iх у архiў iнфармацыi) — самаанiгiлюецца. Яна ёсьць адно як няма. Калi беларускiх незалежнiкаў лашчаць мiлiцэйскiя дубiнкi каля будынку БТ цi на праспэкце Скарыны, то iх, прыўлашчаных, ня столькi хвалююць уласныя пiсягi i кроў з разадранай скуры, колькi пытаньне: цi пакажа гэта расейская тэлевiзія, цi згадаюць пра гэта эўрапейскiя газэты i да т.п. Бо калi не пакажуць, не раскажуць, то i пiсягi i кроў былi дарэмнымi, гэта значыць iх быццам i не было...

Зрэшты, я адхiлiўся, цi, хутчэй завабiўся камунiкацыйным джынам, якi вымкнуў з паўправаднiковай капсулы i цяпер ад яго нiдзе няма ратунку. Ён дамiнуе, ён пануе, усюды яго столькi, што звычайнаму чалавеку даволi ад ягонай наяўнасьцi нейкай незаўважнай нязначнасьцi, каб быць iнфармацыйна поўным на ўсё жыцьцё — а ён не спыняецца, пампуе ў цябе i пампуе...

Але нягледзячы на татальнае панаваньне камунiкацыi, я не хачу сказаць, што менавiта гэты дамiнуючы сёньня факт павiнен пакласьцiся ў под нашых рэфлексыйных праектаў, якiя пэрманэнтна iнiцыююцца нашым жаданьнем намацаць сваё мейсца, свой сэнс i сваё значэньне ў кантэксьце быцьця наступнага тысячагодзьдзя. “Грамадзтва камунiкацыi” я згадаў адно дзеля таго, каб праз гэтую iдэю дадатна паставiць пад сумнеў iдэю Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, якая, на маю думку, мэтадалягiчна вяртае нас да формаў i спосабаў геаграфiчнага мысьленьня XVI-XIX стагодзьдзяў.

Мне здаецца, далей культуралягiчнае праектаваньне лёсаў Беларусi мусiць пачынацца з абмеркаваньня праблемы нацыянальнай iдэi ў трагiчных для яе варунках камунiкацыйна адкрытага грамадзтва...

Бадай, сапраўды, пачынаць трэба адсюль — цi недзе адсюль, — нават калi пэрспэктывы шляху з гэтага мейсца губляюцца

ў безданi...

ПІРАМІДА ХЕОПСУ ЗА МУРАМ МІРСКАГА ЗАМКУ

Мілажальнасьць культуры — гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсыўныя, чым іх носьбіты — народы (гэта аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае. І таму ў войнах культураў — культураў загінула болей, чым загінула народу ў збройных войнах народаў.

Не заўсёды і зусім неабавязкова чужая культура прыносіцца на штыках і штыкамі ўсталёўваецца. Да прыкладу расейская культура з уласнае волі да панаваньня зьнішчыла іншых культураў нашмат больш, чым усе войскі Расейскай імпэрыі зьнішчылі іншых войскаў. ( У Расеі сталася амаль ідэаматычным выказваньне: на прасторах нашай краіны жыве больш за сто народаў і народнасьцяў. Ня будзем зьвяртаць увагі на тое, што дакладную колькасьць народаў і народнасьцяў ніхто і ніколі ў Расеі нават не зьбіраўся лічыць. Зьвернем толькі ўвагу на тое, што для гэтых “больш за сто народаў і народнасьцяў” дамінуючай, а пераважна і адзінай культурай зьяўляецца расейская).

Дык вось, калі запытацца чаму сёньня большасьць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе зь беларускаю культураю, то адказ будзе наступным: таму што ўжо безьліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай культуры зь беларускай, у выніку якой апошняя апынулася амаль усьцяж пераможнаю. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.

Мова — той азонавы слой, які дазваляе больш-менш устойліва функцыянаваць, разьвівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыньнікам культуры нават у неспрыяльных для яе палітычных, эканамічных і сацыяльных умовах. Вядома, у гэтым азонавым слаі кожнай культуры сёньня шмат дзірак, але ў нас ён зьнішчаны амаль зуісм, ад яго засталіся адно лахманы, якія ўжо не засланяюць цела нацыянальнае культуры як ад сьцюдзёных вятроў культуры расейскай, так і ад касьмічнага холаду мэтакультуры камунікатыўна адкрытага грамадзтва.

Уласна, толькі цяпер, згадаўшы пра “касьмічны холад мэтакультуры”, мы падыходзім да той праблемы, дзеля якой і ствараўся гэты тэкст. Сфармулюем праблему наступным чынам: камунікатыўна адкрытае грамадзтва існуе як рэальная пагроза незавершаным у сваім фармаваньні нацыянальным культурам. Падкрэсьлім: не асобныя фрагмэнты, функцыянаваньня грамадзтва камунікацыяў, а яно само, цалкам, як падзея сучаснай цывілізацыі. Гэта і ёсьць найактуальная і найдраматычная праблема культуры.

Відавочна, што сёньня за найвыразны сымболь і атрыбут камунікатыўна адкрытага грамадзтва выступае інтэрнэт. Але інтэрнэт — гэта пакуль толькі адна з найноўшых формаў зьмяншэньня дыстанцыі паміж чалавекам і падзеяй быцьця ва ўсіх верагоднамагчымых прасторах (улучна зь віртуальнай). Распачыналася гэта з паравозу і чыгункі, а працягвалі сьціскаць прастору — тэлеграф, аўтамабіль, тэлефон, самалёт, радыё, тэлевізар, кампутар і шмат што яшчэ.

Праз усё гэта разам узятае прастора перастала разьядноўваць суб“екта з аб“ектамі падзеяў быцьця, яна зрабілася тым, што яднае іх, яна сама ператварылася ў суцэльны сродак камунікацыі, настолькі татальны, што нават таталітарныя і дыктатарскія сыстэмы ўжо ня могуць засьцерагчыся ад гэтай татальнасьці шчыльна закрытымі межамі.

Адным словам, жадае таго грамадзтва ці не, але яно робіцца празрыстым для інфармацыйнага і увогуле камунікатыўнага нашэсьця з усіх чатырох бакоў сьвету. Што з гэтага мае непасрэдна культура і як гэтая рашучая транфармацыя зносінаў паміж суб“ектам і аб“ектам падзеі ўплывае на працэсы культурнай ідэнтыфікацыі? Папярэдзім адказ на гэтае пытаньне яшчэ адным, на першы погляд, бадай, нават недарэчным запытам: чаму ў клясычныя эпохі ангелец карыстаўся пераважна знакамі і атрыбутамі ангельскай культуры, паляк — польскай, француз — францускай і г.д. Натуральна, найперш таму, што яны свае, родныя, звыклыя, што менавіта яны выразьнілі з чалавека ўвогуле — ангельца, француза, паляка і г.д. Але не ў меншай меры яшчэ і таму, што гэтыя знакі і атрыбуты культуры былі бліжэй да яго, побач, што за імі ня трэба было некуды хадзіць, недзе іх адшукваць.

Поделиться с друзьями: