Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Нявымаўленае заўсёды абароненае кодэксам “прэзумпцыi невiнаватасьцi”. Але мне вельмi карцiць на хвiлiнку скочыць за гэты кодэкс i выказаць хоць адно, па-за славутай прэзумпцыяй, меркаваньне. Да прыкладу такое, у якiм Польшча (цi ня самы апантаны заўзятар гэтай абстракцыi), хай сабе i падсьвядома, але мроiць выкарыстаць iдэю Сярэдне-Ўсходняй Эўропы для сваiх усё яшчэ не рэалiзаваных мэсыянскiх памкненьняў, гэта значыць у “нiчэйнай прасторы” памiж Заходняй Эўропай i Расеяй стварыць на подзе самой сябе новы геапалiтычны i культуралягiчны цэнтар, дзе б ужо не Бэрлiн (Парыж) цi Масква, а Варшава ўласнаручна вяла рэй.

Ня станем далей множыць авантурныя скокi i фантазаваць пра падсьвядомыя мроi чэхаў, украiнцаў, летувiсаў... Таксама пакiнем абок гаворкi трызьненьнi беларусоў, бо беларусы, як зазвычай, патрабуюць асобнай размовы. Скажам толькi, насуперак таму скепсісу да iдэi Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, якi перасьледуе

гэты тэкст ад яго пачатку, што падчас геапалiтычнай паўзы падобная iдэя ў палiтычных, эканамiчных дый сацыякультурных практыках бадай можа даць нейкiя пазытыўныя вынiкi, i высiлкi на яе рэалiзацыю не застануцца зусiм марнымi, калi... Калi яе iнiцыятары i рэалiзатары будуць ясна ўсьведамляць, што гэта вымушаная iдэя, часовая iдэя, iдэя на перапынку ў руках актыўных iдэалёгiяў; што Сярэдне-Ўсходняя Эўропа — гэта тактыка, а не стратэгiя, “фiзыка”, а не мэтафiзыка, экзістэнцыя, а не анталёгiя.

II.

А цяпер пра тое, чаму Сярэдне-Ўсходняя Эўропа не “мэтафiзыка” i не “анталёгiя”. I чаму яна i ня можа iмi быць...

Тут наперад, пэўна, трэба было б паразважаць, з чаго гэта вiдавочна палiтычная (палiталягiчная) прыдумка патрапiла ў цэнтар культуралягiчных рэфлексiяў? Чаму ёю заангажавалiся фiлёзафы, культуролягi, тэарэтыкi? Як гэта яна зьінiцыявала самарухомы iнтэлектуальны дыскурс з уласнай праблематыкай, уласнымi мiтамi i ўласнымi героямi? Але, здаецца, нас гэтыя разважаньнi нiкуды iнш не прывядуць, як зноў жа да той самай палiтыкi, гэта значыць да таго, што “Мы Захаду не патрэбныя” i што “Нас палохае Расея” (паралельны варыянт для беларускiх i ўкраiнскiх iнтэлектуалаў: “Мы Расеi не патрэбныя”).

Незапатрабаваны знанымi iнтэлектуальнымi цэнтрамi “ўсходне-эўрапейскi” iнтэлектуалiзм змушаны быў шукаць сваю прыдатнасьць у той прасторы, дзе мясьцiўся, i ў тых формах, якiя маглi стацца хоць як актуальнымi для гэтых месьцішчаў. А што можа быць больш прыдатным i актуальным за выяўленьне гэтай прасторы ў значэньнi суб’екта гiсторыi праз намацваньне яе iдэалягемнага поля...

Бадай менавiта з гэтага, нягледзячы на сваё выразна палiтычнае (то бок прымусовае) паходжаньне iдэя Сярэдне-Ўсходняй Эўропы атрымала нечакана актыўную (для падобнай iдэi) падтрымку ў iнтэлектуалаў, што выявiлася ў нейкiм нават катаклiзьме тэкстаў, канфэрэнцыяў, выданьняў, iнстытуцыяў. На гэтую звабу непасрэдна цi ўскосна сталi працаваць ня толькi яе артадоксы, апалягеты ды сымпатыкi, але нават i скептыкi ды супрацiўнiкi. Разам з тым, як на маю думку, i першыя, i другiя, супольна будуючы новую Бабiлёнскую вежу на сярэдне-ўсходнеэўрапейскiх разлогах, неабачлiва абыйшлi ўвагай праблему “грунту”, якi мусiць утрымлiваць гэтую вежу.

Як мне здаецца, патрэбнай трываласьцi “грунту” пад такую важную пабудову тут якраз i няма. Што я маю на ўвазе? Як для “вежы”, то найперш i пераважна тое, што досыць умоўна назавём агульнай культурнай парадыгмай з выразна акрэсьленымi дамiнантамi i зафiксаванымi, легiтымiзаванымi i канстытуцыяванымi заканадаўчымi цэнтрамi.

Каб выразьней патлумачыць, з чаго складаецца гэтае “няма”, паспрабуем зьвярнуцца за прыкладам туды, дзе тое, чаго тут “няма” — “ёсьць”. А менавiта — да Заходняй Эўропы.

Культурная парадыгма — панятак настолькi зблытаны ў самiм сабе сваiмi судачыньнямi i сваiмi супярэчаньнямi, што яго немагчыма нават раскласьцi на чыстыя дамiнантныя складнiкi, таму мы пойдзем шляхам гранiчнага спрашчэньня i выдзелiм з цэлага адну-другую лiнейную дамiнанту, каб толькi прадэманстраваць, што там (у Заходняй Эўропе) “ёсьць” i чаго тут (у Сярэдне-Ўсходняй Эўропе) “няма”.

Выбiраючы, на чым спынiцца, мы мiжволi азiраем магчымы спэктар варыянтаў: уласна гiсторыя, тэалёгiя, фiлязофiя, лiтаратура, навука, тэхнiка, сацыяльныя iнстытуты... Усё можа быць узята за прыклад. Але адбярэм адно тое, што, пэўна, найблiжэй большасьцi чыньнiкаў праблемы “iнтэлектуалы i iдэя Сярэдне-Ўсходняй Эўропы”, а менавiта фiлязофiю i лiтаратуру.

Бадай нiкому ня трэба даводзiць, што Заходняя Эўропа (Эўропа) мае сваю адметную фiлязофiю, разгорнутую як у часе, так i ў прасторы, зафiксаваную як у постацях, так i ў iдэях, выяўленую як у сюжэтах, так i ў сэнсавых фiгурах. Калi мы кажам: эўрапейская фiлязофiя, то мы найперш зважаем на яе гiсторыю, пэрсаналiзаваную шэрагам выбiтных постацяў: Гераклiт, Сакрат, Плятон, Арыстотэль, Сьвяты Аўгустын, Тамаш Аквiнскi, Дэкарт, Ляйбнiц, Кант, Кiркеґар, Нiцшэ, Гусэрль, Гайдэґер, Вiтґенштайн, Фуко, Дэрыда. (Натуральна, склад пэрсаналiяў можа быць бязьмежна пашыраны.)

Тое самае i зь лiтаратурай: Гесыёд, Гамэр, Сафокл, Эсхiл, Эўрыпiд, Дантэ, Сэрвантэс, Шэкспiр, Гётэ, Байран, Стэндаль, Заля, Джойс, Томас Ман, Камю, Кафка... i г.д. i да т.п.

Адным словам, Заходняя Эўропа (Эўропа) мае сваю ўласную фiлязофiю i сваю ўласную лiтаратуру. А гэта значыць,

што гiсторыя эўрапейскай лiтаратуры i фiлязофii адэкватныя, тоесныя праблематыцы гiсторыi бытаваньня Заходняй Эўропы (цi наадварот?) i адсюль — што Заходняя Эўропа, як суб’ект, анталягiчна, а ня толькi экзістэнцыйна, угрунтаваная ў быцьцё.

Цяпер давайце запытаемся ў сябе, цi мае сваю ўласную фiлязофiю, сваю ўласную лiтаратуру (навуку, музыку, тэалёгiю...) Сярэдне-Ўсходняя Эўропа? Удакладняю, пытаньне не iдзе пра тое, цi мае сваю ўласную лiтаратуру (архiтэктуру, жывапiс i г.д.) асобна Польшча, Чэхiя, Вэнгрыя, Беларусь i г.д. (тут адказ адназначна станоўчы), а менавiта Сярэдне-Ўсходняя Эўропа, як нешта культуралягiчна цэлае i анталягiчна самадастатковае?

Мне здаецца, гэта рытарычнае пытаньне. Але адсутнасьць на яго станоўчага адказу не выключае (як сьведчыць вопыт вусных дыскусiяў) спробу нейкiх кампiляцыйных апэрацыяў у спадзеве сфармаваць праз выняткi з нацыянальных культур нечага культуралягiчна-агульнага для ўсiх чыньнiкаў Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Натуральна, з гэтага нiчога вартага не атрымлiваецца. Цэлае ня ёсьць сумай частак. Немагчыма скласьцi гісторыю лiтаратуры Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, мэханiчна ўлучыўшы ў яе па дзьве-тры пэрсаналii з кожнай нацыянальнай лiтаратуры, як i немагчыма стварыць гэтую гiсторыю, адабраўшы для прэзэнтатыўнага гурта найвыбiтнейшых прадстаўнiкоў гэтай прасторы без увагi на колькаснае прадстаўнiцтва той цi iншай лiтаратуры (фiлязофii, навукi, музыкi). Рэч у тым, што сапраўды найвыбiтнейшыя (Капэрнiк у навуцы, Мiцкевiч у лiтаратуры, Лукач у фiлязофii i да т.п.) увайшлi ў кантэкст заходнеэўрапейскай (агульнаэўрапейскай) культурнай парадыгмы i iх ужо адтуль ня вымкнуць хаця б таму, што яны сфармаваныя менавiта агульнаэўрапейскiм (i нiяк не сярэдне-ўсходнеэўрапейскiм) iнтэлiгiбэльным дыскурсам, — а фармаваць сваю культурна-гiстарычную парадыгму з творчасьцi другарадных пэрсанажаў наўрад цi мае сэнс. Гэта па-першае. А па-другое (трохi паўторымся), укладаць цэлае з частак у нашым выпадку ўвогуле не выпадае. Цэлае i павiнна фармавацца (стварацца i само тварыць) для цэлага, гэта значыць творчасьць лiтаратара (фiлёзафа, навукоўцы) ад самага пачатку прама цi ўскосна мусiць быць зарыентавана ня толькi на нацыянальную лiтаратуру (нацыянальнага чытача) i ня толькi на эўрапейскую i сусьветную лiтаратуру (гэта значыць на чытача ўвогуле), а перадусiм на Сярэдне-Ўсходнюю Эўропу, на сярэдне-ўсходняга чытача... Цi магчыма такое? Апанэнты мне адразу адкажуць: — магчыма! I спашлюцца на Часлава Мiлаша (нехта яшчэ дадасьць Кундэру, але Кундэра толькi гаворыць пра Сярэдне-Ўсходнюю Эўропу, а пiша для францускага абывацеля). Я прымаю Часлава Мiлаша як аргумэнт, але на адным (хай сабе i некалькiх асобных) аргумэнце татальную парадыгму культуры не ўтрымаць... Дарэчы, я нават не выключаю, што нехта апантаны паспрабуе з частак скласьцi цэлае, гэта значыць праробiць неверагоднавялiкую працу, адбярэ з нацыянальных культураў, розных iхных пластоў найвыдатнейшае i створыць макет культурнай тапалёгii i Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Створыць i прапануе яго заканстытуяваць усiм чыньнiкам гэтай прасторы ў якасьцi асноўнага культурнiцкага закону. Так некалi стварылi i запрапанавалi для агульнага ўжытку эспэранта. Як вядома, нiчога вартага з гэтага не атрымалася...

Мяркую, нiчога вартага не атрымаецца i зь iдэi Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, i не атрымаецца менавiта з адсутнасьцi адметнага i агульнага культурнага (у самым шырокiм сэнсе гэтага слова) падмурку цi, нават, грунту. Чарговая Бабiлёнская вежа, як тое належыць усiм бабiлёнскiм вежам, разбурыцца недабудаванай. Зрэшты, яе i бурыць ня будзе патрэбы. На яе папросту ўсе забудуцца. Першымi ад яе адвернуцца iнтэлектуалы, якiя праз сваю палiтычную заангажаванасьць i спарадзiлi гэты фэномэн, затым “эканамiсты” i сацыяiнтэрнацыяналiсты, — бадай найдаўжэй яна будзе iснаваць у якасьцi палiтычнага фэномэну. А можа i зусiм наадварот. Можа першымi на яе забудуцца якраз палiтыкi. Дастаткова будзе краiнам Сярэдне-Ўсходняй Эўропы патрапiць у склад НАТА, як адразу тая апазыцыя (“Мы не патрэбныя Захаду” —”Расея нас палохае”), якая i ўтварыла iдэю Сярэдне-Ўсходняй Эўропы, рассыплецца ўшчэнт, а разам зь ёй зьнiкне (для палiтыкаў) хоць якi сэнс у тым iдэалягемным сурагаце, якi пазначаўся нязграбным задзiночаньнем геаграфiчных паняткаў.

III.

Уласна на гэтым аповед пра свае погляды на вызначаную тэму можна (ды i трэба) было б скончыць, каб не адна iстотная акалiчнасьць, пра якую нельга не згадаць... Гэтая акалiчнасьць называецца “канец геаграфii”...

Геаграфiю (як навуку з пэрспэктывай), здаецца, пахавалi ўжо недзе на пачатку ХХ стагодзьдзя. Другi раз, ужо ў сэмiятычным дыскурсе, яе пахавалi структуралiсты, а постструктуралiсты, падобна, нават забылiся, дзе яе магiлка. Мiж тым iнэрцыйныя тэндэнцыi мысьленьня раз-пораз скiроўваюць грамадзтва на геаграфiчныя па сваёй сутнасьцi праекты.

Поделиться с друзьями: