Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Мяне няма: роздумы на руінах чалавека

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Урэшце, фэномэн Бога быў ні чым іншым, як татальным адказам на ўсе верагодна магчымыя запытаньні я-чалавека пра зьмест існага і сэнс прысутнасьці яго, я-чалавека, у бытнаваньні быцьця. І тут цяжка пазьбегнуць спакусы, каб ня высунуць меркаваньне, якое б тлумачыла неабходнасьць фэномэну Бога вылучна тым, што Бог сваёй прысутнасьцю, хай і ўскосна, апасродкавана, але адказаў на пытаньне: хто я, чалавек?

Бог — гэта Адказ. А ўсе астатнія яго функцыі — прыкладныя. Зь іх маглі выцярэблівацца багі, але ня мог паўстаць Бог.

Хрысьціянства — эпоха вялікага запытаньня.

Бог — роўнавялікі адказ на яго.

СЛОВАБОГ

Хрысьціянскі Бог нарадзіўся ўва ўлоньні Тэксту і Тэкстам быў узгадаваны

як Бог (Біблія — яго фізычнае цела), за што пазьней канстытуяваў Тэкст у якасьці новай рэальнасьці (а-рэальнасьці) быцьця.

Зрэшты, гэта зусім натуральна, бо ў эру Тэксту Бог наўрад ці мог быць нечым іншым, акрамя як мэсіяй-прэзэнтантам Тэксту, яго ідэолягам і містагогам. Зьмешчаны пад вокладку Бібліі, ён мусіў пастуляваць Тэкст у якасьці сакральнай прасторы, каб надаць Тэксту тую значнасьць, якая б адпавядала значэньню Тэксту ў гісторыі быцьця.

Бясспрэчна, Бог — гэта найперш слова. Але слова зрабілася Богам не раней, чым чалавек падрыхтаваў яму мейсца, дзе яно магло вымавіць сябе як Слова.

За тое, што слова само зь сябе ня здолела б стацца Словам — сьведчыць уся папярэдняя гісторыя. Слова бытнавала і ў эру Татэму і ў эру Міту. Але тады ягонае значэньне не выходзіла за межы прыкладных функцыяў, бо яшчэ не было дзе яму разгарнуць усю магуту свайго як камунікатыўнага, так і сакральнага патэнцыялу. Ні ўтаптаны пляц, ні голае поле ні нават высокая гара зь яе магчымасьцямі доўгага рэха не маглі паспрыяць слову абазнацца Словам. Зьдзейсьніцца гэтаму вялікаму наканаваньню дапамаглі рэчы досыць нязначныя: гліняная плітка, каменная скрыжаль, лапік папірусу, кавалак скуры... калі на іх пачалі выцінаць Тэкст, як форму канструкцыі новай рэальнасьці. Вось тут, у трохмернай часавай структуры і прыдаліся раней лятэнтна ўтоеныя якасьці слова, найперш ягоная здольнасьць быць адразу ў парамэтрах было, ёсьць і будзе, а гэта значыць у пазачасавым і адсюль сакральным вымярэньні...

Здольнасьць слова быць каталягізатарам рэальнасьці, камунікатарам соцыюму, фармалізатарам а-рэальнасьці і, можа галоўнае, сакралізатарам Тэксту, — вылучыла слова на ролю, якая вымагала ўнікальнага статусу, сумернага абсалюту.

Так слова сталася Словам.

Праўда, існуе меркаваньне (Дэрыда), што маўленьне (слова) ад свайго пачатку прадугледжвае графізм, пісьмо — Тэкст. Але гэта, здаецца, не зусім так. Графізм ёсьць ня сьледзтвам мовы, а сьледзтвам дзеі, руху. Таму пацьверджаньнем — піктаграма.

Піктаграма фіксавала не маўленьне, а — праз тэхналёгію бачаньня, — дзею. Першапачаткова чалавек перадаваў інфармацыю пра сваё бытаваньне ў прасторы ёсьць нават не ўяўляючы, што гэтую інфармацыю можна транспартараваць у графічна зафіксаваным слове і што ўвогуле слова (гук) палягае магчымасьці быць графічна ўнаяўленым.

Пісьмо зьявілася не таму, што існавала маўленьне, а таму, што ў нейкі там момант адкрылася: графічна зафіксаванае слова значна пераўзыходзіць піктаграму функцыянальна і адсюль яно больш прыдатнае для ўжытку.

Хаця зусім ня выключана, што лексыкаграфія адбылася з прычынаў куды больш глябальных за “эвалюцыю эфэктыўнасьці”, а менавіта — з прычыны спакваля насьпелай неабходнасьці стварэньня мабільнай камунікатыўнай сыстэмы для сэмантычнай прасторы а-рэальнасьці.

Піктаграфія, напэўна, мела ў сабе вялікую патэнцыю да графічнай фіксацыі руху, дзеі, але яна не была прыстасаваная для транспартаваньня знакаў, якія маглі б выяўляць рух лёгікі, падзеі мысьленьня, сюжэты рэфлексіі. Адным словам, піктаграфія не пасавала да графічнага засваеньня прасторы а-рэальнасьці, якая неўпрыкмет апазналася як больш пэрспэктыўная за рэальную рэальнасьць быцьця. Вось чаму піктаграфія саступіла сваё мейсца лексыкаграфіі і такім чынам на мейсцы піктаграфічнага Тэксту узьнік лексыкаграфічны, які з аднолькавым посьпехам фіксаваў і

транспартаваў як падзеі рэальнасьці, так і сюжэты а-рэальнасьці.

Аднак апошняе зусім не азначае, што мова сама зь сябе ад свайго пачатку прадугледжвае графізм. Гэтай вэрсіі пярэчыць увесь вопыт пары піктаграфіі. Больш за тое, каб пазьней стратэгіі быцьця не заакцэнтаваліся на а-рэальнасьці, дзе пануючыя рэфлексія, лёгіка, інтэлектуалізм запатрабавалі іншай ад піктаграфіі сыстэмы знакаў, — а надалей адбывалася ў прасторы рэальнасьці, руху, дзеі (як у эру Татэму), то зусім верагодна, што піктаграфічны Тэкст заставаўся б адзінай і дастаткова задавольнай для чалавека формай пісьма. Я нават ня схільны зусім выключаць, што ў нейкім будучым (магчыма, не такім ужо і аддаленым), калі мысьленьне канчаткова асягне сваю мяжу і чалавек усьвядоміць усю марнасьць ды бяссэнсіцу адцягненай рэфлекторыкі і згорне сэнс жыцьця да дзеі адбываньня жыцьця — мадэрнізаваная піктаграма зноў станецца асноўным элемэнтам Тэксту, ці таго, што возьме на сябе ягоную ролю. І хто ведае, можа яна яшчэ калісьці набудзе значэньне якога-небудзь там Піктабога?

ДЭСАКРАЛІЗАЦЫЯ ТЭКСТУ

Праблема я-чалавека, якая, здавалася б, са зьяўленьнем хрысьціянства была вырашаная раз і назаўсёды, недзе праз тысячагодзьдзе ўтаймаванага ў самой сабе існаваньня пакрысе пачала наноў выяўляць сваю праблематычнасьць. Прычынай гэтаму бачыцца паступовае вылузваньне чалавека з прыхапкаў Бога ўва ўласную самадастатковасьць, якая і запатрабавала ад чалавека асэнсаваньня самога сябе ў сытуацыі наўзбоч Бога (ці ўвогуле безь Яго). А вось што сталася прычынай гэтай прычыны — уцямна зразумець, бадай, амаль немагчыма. Які такі тэктанічны зрух адбыўся ў чалавеку (сусьвеце), што чалавек пачаў адсланяцца ад Словабога, каб урэшце разыйсьціся зь ім, верагодна, назаўсёды?

Калі шлях са сьветлых харомаў антычнай цывілізацыі ў вечна засутоненыя катакомбы цывілізацыі хрысьціянскай, здаецца, досыць падстаўна тлумачыцца тым, што Словабог гарантаваў я-чалавеку мейсца сярод значэньняў ісьціны быцьця, то разыходжаньне чалавека са Словабогам можна зразумець хіба што ня зь нейкіх там непасрэдных стасункаў між імі, а апасродкавана, праз дэсакралізацыю Тэксту, з патрэбаў якога Слову ў свой час і быў нададзены статус Бога.

Гістарычна пачатак працэсу дэсакралізацыі Тэксту можна пазначыць вынаходніцтвам Ґутэнбэрґа, хаця фактычна друкарскі варштат толькі забясьпечыў тэхналёгіяй падзею, якой так ці інакш наканавана было адбыцца, паколькі акрамя сакральнай у слова заўсёды заставалася намінатыўная і камунікатыўная функцыі, і з пашырэньнем сакральнай ролі Слова вялічылася сацыяльнае значэньне Тэксту ў прасторы рэальнасьці.

Напачатку выдавала, што татальная інтэрвэнцыя друкаванага слова ў рэчаіснаснае бытнаваньне сьведчыць за канчатковую перамогу Словабога, і толькі найбольш відушчыя тады разумелі, што абытаўленьне Тэксту, яго ўсюдная цялесная прысутнасьць “да дабра не давядзе”, бо хаця абытаўленьне Тэксту разгортваецца пад штандарамі абагаўленьня Тэксту, але ўрэшце гэта абернецца нечым накшталт дэскрыдытацыі Словабога, як пэрсаніфікаванай ісьціны быцьця. (Калі на Кнігу — цела Бога — пачнуць ставіць патэльню зь яечняй, то цяжка будзе не пераблытаць яечню з Богам.)

Дэсакралізацыя Словабога не была наўмысна сплянаваным актам. Яна абылася як сьледзтва абытаўленьня Тэксту, але з гэтага — у сваю чаргу — адбыўся рашучы перарух энэргіі прысутнасьці Тэксту са сфэры а-рэальнасьці на роўніцу сацыяльнай рэчаіснасьці.

Вынікам гэтага пераруху сталася тое, што матрыца Тэксту паклалася ў канструктыўную аснову цывілізацыі Новага Часу, лёгіка супольнага бытнаваньня розных элемэнтаў Тэксту сфармавала прынцыпы функцыянаваньня сацыяльных мэханізмаў эпохі, а стылістыка Тэксту закадавала фігуру мысьленьня новаэўрапейскага чалавека.

Поделиться с друзьями: