Мяжа
Шрифт:
У нашых цяперашніх варунках, зрэшты, ёсць яшчэ варыянт: зрабіцца пісьменнікам рускамоўным, які пад сваім ці пад чужым імем гоніць вал; ён не піша — яго ванітуе штодзень словамі, сказамі, абзацамі. Маю на ўвазе гаротнікаў, якія пастаўляюць бульваршчыну і «мыла» для расейскіх або галівудскіх серыялаў («нашыя» ўжо і там). Маю права казаць так, бо нейкі час сам быў у іх скуры. Калі перасталі плаціць зарплату і трэба было выжываць, я штампаваў кожную раніцу па 8 — 10 старонак («Токарев резко обернулся и, вздрогнув, сжал в кармане рукоятку пистолета»), мне плацілі па 5–6 даляраў за старонку; за паўдня атрымоўвалася ў сярэднім 50 даляраў. Але як толькі на працы пачалі плаціць 50 даляраў у месяц, я ўмомант гэтую сарамоту скончыў і забыўся на
Самае ж галоўнае, што нават калі ператварыць сябе ў пісьмовы аўтамат, у машыну, якая «адрыгвае» тэкст, адшукаць і гарантаваць сабе месца ў гэтым вар’яцкім канвееры — ўсё роўна і тады грошай будзе пастаянна мала, іх ледзь хопіць, каб акупаць расходы, а ў пісьменніцкім выпадку ўсё гэта будзе элементарна і, у прынцыпе, бесталкова з’ядаць, адбіраць такі каштоўны, хуткаплынны час. Бо ніколі ж не ўгадаеш мяжы, калі трэба спыніцца і сказаць сабе: усё, сёння з дванаццаці трыццаці кідаю глупства і пачынаю тварыць для душы.
Літаратурная дзейнасць таму і лічылася (можа, і цяпер кімсьці лічыцца) самай лепшай у свеце, што для яе функцыянавання дастатковы мінімум: стол, папера, камп’ютэр, кава, цыгарэты… Дык усё гэта магчыма і без асаблівых выдаткаў-накапленняў.
5. Чытачы
Я не ведаю свайго чытача, не надта веру, што ён — сапраўдны — існуе, а калі існуе, дык прызнаюся, што пазбягаю і пабойваюся яго. Найперш за непастаянства і ўсяеднасць. Як пісаў мне некалі сябар у час свайго мядовага месяца: «Бачу, адчуваю, што рана ці позна яна мне абавязкова здрадзіць…» Так і мой чытач — абавязкова ж на якім-небудзь 58-м апавяданні адвернецца і плюне: «18-е было лепшае! Выпісаўся!»
І таму, калі ідуць у тэксце, асабліва ў першай частцы, патэтычныя заклікі-звароты «да чытача», вядзецца нейкі «даверлівы ўяўны дыялог з ім», дык гэта хутчэй даніна архаічнаму стылю, для звязкі слоў, інакш — для адчэпу; прымітыўная, няўмелая спроба пусціць пыл у вочы і тым нямногім добрым людзям, хто па службовым абавязку гэта яшчэ вымушаны чытаць, — каб пад шумок, пакуль вочы праціраюцца, кантрабандаю правезці свой, аднаму мне вядомы груз. Тое самае, дарэчы, і з дыдактычнымі разборкамі: «адкуль што бярэцца», ды «чым канчаецца», «ды што ёсць мастацтва»… Я не настолькі наіўны, каб прымяняць законы логікі да законаў творчасці, разумеючы, што апошняя хутчэй прывілея медыцыны. І не так важна, канечне, дасталося гэта табе ў спадчыну, ці было «падчэплена» на якім-небудзь зігзагу біяграфіі.
Яшчэ ў дэбюце я прайшоў такую загартоўку чытацкай увагай, якая надоўга, калі не назаўсёды, адвучыла мяне ўспрымаць гэтую катэгорыю — «чытач» — усур’ёз, адбіла ахвоту аперыраваць ёю, як нечым вартым увагі.
Аднойчы я быў у вёсцы на летніх канікулах. І не ведаў, пра што пісаць. І, успомніўшы Дастаеўскага, звярнуўся да газетнай крымінальнай хронікі. А так як газета была адна, раённая брахалаўка, адтуль я і вывудзіў сваё «злачынства і пакаранне».
Нататка, падпісаная інспектарам камісіі па справах непаўналетніх, называлася «Забавы падлеткаў». Гарадскія хлопцы ўкралі (цяпер пішуць — скралі, «во ўжо дзе ненавіджу!» — Сыс бы сказаў) са стайні калгаснага каня, каталіся, мучылі яго ўсю ноч, а раніцай адпусцілі. «Бацькі павінны больш пільна сачыць за тым, чым забаўляюцца ў вольны час іх дзеці», — мякка заключае ў канцы інспектар. Я ж так жыва ўявіў таго каня, як ён цэлы дзень працаваў, уночы марыў паесці, адпачыць…
І напісалася апавяданне. Такое прыкранька-сентыментальнае. Як і ўсе яны, калі нароўні з людзьмі дзейнічаюць жывёлы.
Адзінокая, ды яшчэ і кульгавая жанчына Алена, малаказборшчыца (ездзілі колісь такія па хатах з раніцы, з бідонамі ў возе, збіралі малако — як казалі, «для арміі»), мела старога каня Трутня. Ён жыў у яе дома. Але мець цяглавую сілу тады забаранялася. Час ад часу, калі наязджалі з горада правяральшчыкі, старшыня загадваў ёй адводзіць Трутня на стайню.
Ад конюха яна даведваецца,
што з блізкага горада амаль кожную ноч сюды прыходзяць падлеткі. Забіраюць коней, а пад раніцу адпускаюць. Ніякай рады ім даць не можна: конюх стары, мясцовыя мужчыны з гарадской шпаною звязвацца баяцца, міліцыя адмахваецца, бо, у прынцыпе, крымінальнага парушэння тут няма — фармальна падлеткі коней не крадуць, а толькі «бяруць у карыстанне», як бы цяпер, напрыклад, чужую машыну — узяў, пакатаўся, паставіў назад, і калі нічога з машыны не прапала, крымінальнай адказнасці за гэта не прадугледжана — хіба што калі зловіць гаспадар, дык начысціць морду.Алена слухае конюха, прыгадвае, што сапраўды чула начамі на вуліцы гіканнне і конскі тупат. Яна баіцца, каб і яе каня не забралі. Конюх суцяшае яе, што такі замораны шкілет нікому не трэба.
Аднак начныя гулякі выбіраюць менавіта гэтага Трутня (інакш не было б апавядання).
6. «Труцень»
…Алег прыслухаўся, азірнуўся і ўбачыў у тумане пляміну святла, якая досыць хутка набліжалася і большала.
— Матрос! — пазваў ён ціха.
— Чую.
Матрос з’ехаў з асфальту на край насыпнога вала, прытрымаў каня, Алег — таксама.
— Што за чорт! — углядаючыся, устрывожыўся раптам Матрос. I калі машына, асляпіўшы іх фарамі, параўнялася, ускрыкнуў: — А-а!
Машына затармазіла так рэзка, што кінуліся ўбок коні, і ў Алегаў твар паляцелі дробныя каменьчыкі.
— Мянты! — звонка крыкнуў Матрос. — У лес!
Ён мог бы і не крычаць. Напужаны святлом, віскам тармазоў конь пад Алегам ляцеў, не выбіраючы дарогі. Пад капытамі нешта трашчала, чаўкала і гэтаксама трашчала і чаўкала ззаду. Матрос? Ці гоняцца? Алег ляжаў грудзямі на мокрай кастлявай шыі, якая хадзіла пад ім і муляла, і з жахам чакаў, што вось-вось зляціць у гэтую цемру, у гразь, пад ногі свайму ці Матросаваму каню. Адной далонню ён закрываў вочы, а ў другой намёртва заціснуў пук грывы. Пра аброць ён даўно забыўся, і павады целяпаліся недзе каля конскіх каленяў.
— …Аве-ей! — данеслася да яго, але ён нават не паварушыўся. «Зараз, я, заб’юся… Зараз, я, заб’юся…» — скакала ў ягонай галаве, акрэслівалася нават у нейкую мелодыю, як у чалавека, што едзе цягніком.
Матрос скакаў увесь час ззаду, за Алегам, і ў думках хваліў яго за кемлівасць. Алег быццам чытаў ягоныя думкі: нацянькі, праз лес, выскачыць на паплоўчык, там перачакаць і, можа, нават лесам ужо і дабірацца да горада. Але нечакана Алег рэзка ўзяў управа, а Матрос ведаў — там балота, і вельмі проста можа здарыцца, што конь, даўшы паўз балота круг, вынесе зноў праменька да міліцэйскай машыны. «Правей!» — крыкнуў ён, і ў той жа момант пачуў, як нешта цяжка бухнула на зямлю, і прыглушаны Алегаў ускрык.
Алег стаяў, прываліўшыся бокам да алешыны і заціскаў рукою плячо. З-пад парванае кашулі свяцілася голае цела.
— Во, чорт! — выдыхнуў узрадаваны Матрос. — Я думаў, ты ўжо халодны.
— Ай-яй, плячо!.. — прастагнаў Алег, падымаючы і апускаючы руку.
— Стукнуўся моцна? — Матрос саскочыў на мяккую балотную зямлю. — А дзе конь?
— Я яго, мабыць, загнаў… Вунь! — паказаў рукою Алег.
Матрос глянуў туды і ўбачыў, што тое маўклівае і чорнае, што ён спачатку палічыў за тоўстае бервяно, і было канём.
— Загнаў… Каня не загоніш праз кіламетр. — Ён падышоў да маўклівага і чорнага (конь ляжаў) і, намацаўшы аброць, ірвануў на сябе: — Но!
Конь тузануўся наперад, але не зрабіў нават намагання падняцца. Матрос шморгнуў яшчэ і здагадаўся, што тут нешта не тое. Чыркнуў запалкаю, закрываючы яе далонню, схіліўся бліжэй, сунуў другую руку каню пад жывот і ўсё зразумеў: пярэдняя нага ў каня моцна сядзела паміж тоўстымі каранямі магутнай балотнай вольхі. Карані адыходзілі ад ствала ва ўсе бакі і, як адросткі спрута, здавалася, прыпадымалі алешыну над зямлёю. Падышоў Алег і таксама нагнуўся, каб глянуць, але запалка патухла. Матрос падзьмухаў на пальцы.