Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

«На урэмья начала вайны з нем.-ф. захватчыками мне едва исполнилось… но я прымау самае дзейсцьвицельнае учасцие»…

«Я происходила из бедной многадзетнай хрысциянскай сямьи. Акрэснасци нашаго сяла весьма жываписны, рэчка петляет между вербами…»

На вокладцы аднаго з такіх сшыткаў рукой аўтаркі цвёрдая прыпіска-аўтаацэнка: «Хорошэ!»

8. Слава

Гляньце, як тэмы пераплятаюцца, адна на адну накладваюцца, нанізваюцца, як пацеркі на нітку…

Вось хоць бы і гэтая «конская» тэма. Быў у мяне блізкі сябар. Мы разам вучыліся, разам пачыналі

пісаць, друкавацца. Ён загінуў ад дзікага, неверагоднага ў наш век выпадку: конь скочыў яму на грудзі, праламаў пярэднімі капытамі грудную клетку, змяў лёгкія, парвалася пячонка, кровазліццё ў брушную поласць… (Знаёмы дыягназ.) У Мінску ўратавалі б, ён быў дужы, трывушчы, але то было ў Дуброўне на Віцебшчыне… Застаўся пасля яго маленькі шасцімесячны сын, маладая жонка. Яна перадала мне папку яго чарнавых апавяданняў. Два былі надрукаваны ў «Першацвеце», з маёй прадмоўкаю.

«…Вядома, як пасля смерці блізкага чалавека адразу стараешся ўспомніць яго апошнія словы, адшукваеш зусім іншы сэнс, успрымаеш іх, бы нейкі наказ, папярэджанне… Пад час апошняй нашай сустрэчы Алесь прыехаў да мяне ў рэдакцыю. Мы прайшліся да кінатэатра „Піянер“. Мне трэба было сустрэцца з адным чалавекам. Стаяў халодны веснавы вечар. Я прысеў на лаўку. Алесь, развітаўшыся, пайшоў, раптам вярнуўся і папрасіў: „Не сядзі доўга, бо прастудзішся! Пачакай хвілін пяць і едзь дамоў!“ Я засмяяўся, а ён быў сур’ёзны. Потым завярнуў за вугал Купалаўскага тэатра — і знік. Назаўсёды. Бывай, Алесь!»

Чалавек ідзе ў нікуды, на смерць, а клапоціцца, каб «цёпленькі» Андрэй, не дай Бог, не застудзіўся! Неверагодна.

Калі прачыталі ў вёсцы і гэта, да мяне прыйшла сапраўдная слава. І як раней спачувалі мне, так цяпер шчыра радаваліся майму поспеху. Нарэшце! Вось якое практычнае прымяненне можна даць яго занятку! Мой былы аднакласнік, які жыў у Кіеве, зваліўся па п’яні з 9-га паверха, паламаў рукі, ногі, хрыбетнік і цяпер поўным паралізаваным калекам ляжаў у матчынай хаце.

— Хай бы мо Андрэй прапісаў…

Да маткі пачалі прыходзіць. Хто з курачкаю пад пахаю, хто са слоікам малака, хто з пакункам свежыны. «Мо Андрэй, як памру, што напіша…»

— А божачкі, што пра цябе можна напісаць?!

— Ну, як яно пішацца… як у газетах… што вот буў такі й такі… мог бы жыць ды жыць…

Маці пахарашэла, памаладзела. Магла ўжо не апускаць вачэй пры сустрэчах, не чырванець пры пытаннях — кім твой сын працуе?

— …Хутка дзевер памрэ, дык хай Андрэй што на помніку чыркне…

— Хутчэй вам! Чыркне… А мацерыял? Яму ж мацерыял трэба сабраць! — з веданнем справы, важна тлумачыла «пісьменніцкая» маці.

9. Спачуванне

А тут ужо гэтая — «некраложная» — тэма пачынае патрабаваць самастойнасці, ці хаця б нейкага (у нашым выпадку даволі жорсткага, трагічна-камічнага) завяршэння.

Адзін вясковы грамацей, ідыёціна першай гільдыі, пасля падзей на Нямізе ў 1999 годзе прачытаў газету, згарнуў, паклаў у кішэню і пайшоў да маёй маці. Прыйшоў:

— Прымі, Іосіфаўна, самые іскранніе сабалезнаванія ў связі з трагіческой гібеллю тваіх сына і нявесткі на раке Няміга ў цэнтры сталіцы нашай Родзіны, — і зняў шапку.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што апрыёры ўсё, што адбывалася ў Мінску, звязвалася са мною — ад падпісання важнага міжнароднага пагаднення да інфармацыі пра дробныя

дарожна-транспартныя здарэнні. А тут яшчэ гэтая ўскосная сувязь з некралогамі, помнікамі, смерцямі…

Маці паўдня — пакуль бегала пехам у горад на паштампт і дазваньвалася да мяне, пражыла з адчуваннем, што трэба рабіць двайное пахаванне. Пазычала грошы… (З грошай пачалі гэты блок, імі і заканчваем.)

10. «Я на гару, а чорт за нагу»

Канечне! Канечне! Не трэба ламацца. Былі ў зародку, у першапачатковым праекце мары і пра грошы, і пра славу, і пра чытачоў, і каб пры спрыяльнай нагодзе — каб неяк так само сабой склалася — не адмовіўся б ад усяго гэтага.

Але раз не склалася — туды яму і дарога. Ліса хадзіла пад вінаграднікам, аблізвалася — высака, не дастаць, махнула хвастом — «усё адно зялёны».

Можна спытаць: навошта тады друкавацца? Не цікавяць грошы, чытачы, слава — дык пішы і складвай у шуфляду, не займай чыйгосьці месца ў часопісах.

Адказваю. Друкаваўся і друкуюся… дзеля Рэдактара. Ён, і толькі ён — гэты сціплы, незаўважны руплівец на ніве роднай літаратуры, ён адначасова і чытач, і крытык, і дарадца, і Бог, і цар, і літаратурны воінскі начальнік. Груба кажучы, я друкуюся, бо мяне друкуюць. Пачнуць вяртаць рукапісы — друкавацца перастану. Ці звярнуся да іншага рэдактара. Тут ясней яснага.

Але ж трэба, каб было што вяртаць. Трэба матэрыяльная рэч — рукапіс. Адкуль ён браўся? Адкуль узнікала, чым жывілася тая нечалавечая апантанасць, сатанінская ўпартасць, тое вечнае трымценне рукі і ручкі, па 17 разоў (падлічана) перапісванне, чаму і навошта ўсё грэбся і грэбся, як жаба на корч?

Я на гару, а чорт за нагу, Цягне назад з гары. Кажа сурова: «Займі чаргу, Адпачні, пакуры». Я паслухмяна займаю чаргу, Дысцыплінавана куру. Зноў да гары — а чорт за нагу: «Канец, зачыняем гару». Тады я ціхенька гавару: «Вазьмі на смалу тры рублі». І чорт прапускае мяне на гару, Кажа лагодна: «Валі!»

Можа, нешта прасцей? Можа, не завоблачная слава, не аморфныя грошы, не зменлівыя, ненадзейныя чытачы — можа, была не глабальная, а маленькая мэта, звычайныя пошукі якіхсьці выключна зямных, меркантыльных выгод?

Напрыклад, уступленне ў Саюз пісьменнікаў?

Цалкам магчыма. Такі стымул мог быць. Тым больш у тыя часы членства ў СП давала нямала прывілеяў. Вольны дыплом, а гэта магчымасць працаваць дзе і кім хочаш, або ўвогуле не працаваць, гэта аўтаматычна — Мінск (мала ж сюды патрапіць, трэба яшчэ тут застацца)… Прапіска і жыллё. Паліклініка персанальная пісьменніцкая, пуцёўкі розныя на курорты і ў Дамы творчасці…

«Ты ведаеш, колькі такіх, як ты, з’язджалі з Мінска і знікалі без следу?! — нашэптвалі мне старэйшыя калегі. — Табе трэба толькі Мінск, і толькі праца, звязаная з літаратураю! Потым будзеш думаць пра духоўнае, калі сцены і стол з’явяцца! Маці прапішаш, перавязеш, падлечыш…» (Ведалі, чым браць.)

Поделиться с друзьями: