Мяжа
Шрифт:
З рэстарана паехалі ў братавую трохпакаёўку — ужо размененую, але з якой пакуль не выбіраліся, афармлялі ордэры. Госці селі ў залі дагульваць, а маладым паслалі ў дальнім пакоі.
I толькі цяпер, калі яны асталіся адныя, да Снарскага, які ўвесь гэты тлумны, душны дзень толькі і чакаў, калі ж усё скончыцца, пачало даходзіць, што ўсё яшчэ толькі пачынаецца. Ён проста выпусціў неяк з-пад увагі, забыўся на самае важнае — што з гэтага дня ён ужо сам сабе не належыць, што цяпер ім з Галяю давядзецца быць разам не толькі ўдзень, але і ўночы. Галя ляжала на ложку, раздзетая, больш чым калі падобная на дзіця альбо на вераб’я, папраўляла на галаве ўзлахмачаныя пасмачкі, глядзела на яго шчасліва і аддана, а Снарскі стаяў, глядзеў у люстэрка на дзвярах шафы і адчуваў сябе злодзеем, што залез у чужы пакой і якога раптам засталі. Хацелася павярнуцца і ўцякаць. Але ён перамог сябе, пазяхнуў і прысеў на край ложка, каля жонкі.
— Як
Раптам ён уздрыгнуў і ледзь не махнуў рукою, як адмахваюцца ад камара, — чужыя, сухія вусны пачалі дакранацца да яго вуха, шыі, патыліцы…
— Я хачу спаць! — глуха, у падушку, прастагнаў ён, адчуваючы проста фізічныя пакуты. Але сухія дотыкі не скончыліся — жонка цалавала яго…
Снарскі рэзка прыпадняўся і ўперыўся позіркам у вільготныя ад шчаслівых слёз Галіныя вочы. «Зараз я яе ўдару!» — падумаў ён, і да болю прыкусіў губу, адвярнуўся да шафы, да люстэрка. Міжволі глянуў на свой адбітак, і раптам з усёй яснасцю яму ўспомніліся іншыя пакусаныя губы, іншы твар і поўныя, у чорным капроне, паднятыя ногі з белай паскай скуры на левай, дзе падраты капрон… У яго сэрца забарабаніла і пахаладзела спіна; ён усхапіўся, выключыў святло, хутка распрануўся, наступаючы нагамі на калашыны, сцягваючы абы-як кашулю, — і, заплюшчыўшы вочы, сціснуўшы сківіцы, уявіў, што лягае не да жонкі, а да зусім іншай жанчыны — да ТОЙ…
Снарскі чуў ад сяброў, чытаў у кнігах, газетах, што звычайна пасля жаніцьбы жонкі змяняюцца, выплываюць нейкія такія іхнія капрызы, пра якія і здагадацца было цяжка, — але не верыў, што такое можа быць і з яго жонкаю.
Ён і да вяселля амаль нічога пра Галю не ведаў: ну, непрыгожая, вучылася так сабе, духоўна наўрад ці моцна развітая, але добрая, пакорлівая — што яшчэ?.. Калі ж перабраліся ўрэшце на сваю кватэру і пачалі жыць адныя, асабліва пасля абароны дыпломаў, калі Снарскі пайшоў на працу (Галін брат устроіў яго па блату ў канструктарскае бюро), аказалася, не такая ўжо яна і пакорлівая. Не, так яна заўсёды была радасная — проста ад таго, што ў яе ёсць муж, кватэра і ўсё, як у людзей; яна прыбірала, варыла, абмывала мужа, хадзіла па магазінах, сустракала яго з работы і, увогуле, кідалася рабіць усё, што яму хацелася, але Снарскаму непрыемна было, што яна раптам пачала патрабаваць да сябе ўвагі і, галоўнае, падзякі за ўсё гэта — за тое, што, на яго думку, любая жонка любому мужу павінна была рабіць за проста так.
Пасля вячэры трэба было сказаць «дзякуй», але ён забываўся.
— Ну, вось… Ты нічога не забыў?
— Прабач — дзякую. Галіна (Снарскі даўно, адразу ж пасля вяселля забыўся на рамантычную Хелену і зваў жонку па-простаму), — я магу задумацца? Я дзякую табе, сто разоў — і напярод, але ў душы дзякую, што лепш, чым па сто разоў паўтараць бяздумна…
Ён браў талерку і станавіўся да ракавіны — прыбіраць за сабою яго таксама прывучыла жонка.
— А пацалаваць? — уздыхнуўшы, як малое дзіця, прасіла Галя. I ён уздыхаў, паказваючы, што гэта хоць і невялікая, але не патрэбная ні яму, ні ёй ахвяра, кідаў недамытую талерку, выціраў рукі, падыходзіў і прыкладаўся на секунду вуснамі да жончынай шчакі. I Галя расплывалася ў шчаслівай усмешцы, сама абдымала яго і пачынала цалаваць сухімі, як заўсёды, вуснамі… Пасля вячэры ён ішоў у залю, уключаў тэлевізар і глядзеў, што б ні йшло, думаючы пра сваё. Але хутка заходзіла жонка і несла гарачыя яшчэ семкі, ці кубачак кавы, ці шклянку халоднага піва… I Снарскі, не адрываючыся ад тэлевізара, сапраўды з удзячнасцю машынальна казаў:
— Дзякую.
— А пацалаваць?
I ён цалаваў — уставаў, адставіўшы каву, ці піва, ці высыпаўшы з далоні семкі, адсоўваў крэсла, выбіраўся з-за століка, каб ямчэй стаць — рабіў дзесяткі непатрэбных рухаў, якія адрывалі яго ад тэлевізара, ад думак — рабіў толькі для бяздумнага, машынальнага прыкладання да жончынай шчакі.
— Што табе яшчэ прынесці? — шчаслівая, пыталася Галя.
— Нічога.
— А што табе прыгатаваць на раніцу?
— Нам, татарам, хоць што, — адказваў Снарскі прымаўкаю, якую пачуў у войску ад сапраўднага татарына, — хоць пойла звары…
— Які ты ўсё ж…
— Проста я тысячу разоў казаў: я ведаю, што ўсё, што ты ні зварыш, будзе смачна і добра.
— А можа, я ў тысяча першы хачу пачуць? Мне ж таксама адзінока цэлы дзень, хочацца пагаварыць…
— Ну, давай, — адрываўся ён ад тэлевізара. — Давай гаварыць. Ну, давай, пытайся — я буду адказваць.
— Такім тонам — не хачу… — яна крыўдзілася, сыходзіла на кухню, але праз міг вярталася, прысядала каля яго на падлогу, абдымала за нагу і, гледзячы знізу ўверх, нібы была ў нечым вінаватая і хацела загладзіць віну, ціха пыталася:
— Праўда ж, мы муж з жонкаю?
— Праўда.
— I ў нас будзе свая сям’я, і сваё дзіцятка? Ведаеш, мне трэба шукаць работу, каб потым пайсці ў дэкрэт…
— Праўда,
трэба, — казаў Снарскі, стараючыся патроху вызваліць нагу.Жонка, радая, кідала яго і бегла на кухню, а яму ўдавалася выгадаць пару гадзін адзіноты перад сном. У тэлевізары стралялі і бегалі адзін за адным, а Снарскі заплюшчваў вочы і бачыў сябе ў нямецкай афіцэрскай форме, у вузкіх хромавых ботах — падцягнуты, гнуткі, з ім два аўтаматчыкі, ідуць у канцлагеры, паўз баракі, а каля баракаў доўгімі шарэнгамі, худыя, у паласатых робах, з «хваравітым бляскам у вачах» стаяць яго знаёмыя, сябры, выкладчыкі; усе, калі ён параўноўваецца, цягнуць да яго рукі і крычаць: «Мяне, мяне!» — а ён павінен выбраць, вызваліць адсюль толькі кагосьці аднога… Шурын крычыць: «Я табе кватэру даў, работу знайшоў, дастаў халадзільнік, тэлевізар!», сябры: «Мы табе грошы пазычалі, спісваць давалі!», белабрысы рэдактар сценгазеты: «Я цябе жыць вучыў!», і толькі ЯНА, схуднелая, «але ад таго не менш прыгожая», маўчыць, апусціўшы вочы, ведаючы, што ЁЙ няма чаго і прасіцца… Тады ён спыняецца, падае руку…
— Ігарок, ідзі мыцца! — звала жонка. — Я ўжо вымыла ванну!
Снарскі ішоў, напускаў вады, залазіў у цёплую, чыстую ванну, і думаў: «Трэба нешта рабіць, пакуль не позна…»
Кожную раніцу Ігар прачынаўся з думкаю: «Што мне рабіць?! Ну, нельга так больш, і не гэтага я хацеў і чакаў!», — думаў, і рабіў тое ж, што і кожную раніцу: галіўся, снедаў, ехаў на працу, дзе сядаў за кульман і чыста машынальна пераносіў на тыпавікі заўвагі, зробленыя на асобных лістках іншымі людзьмі. А між тым неяк незаўважна праляцеў астатак лета і прыйшла восень — гарадская, бедная, без яркіх сваіх фарбаў, без сівых туманаў па лагчынах, без дымкоў з сотак, дзе паляць сухі картаплянік, без паколатых аб свежую пожню босых ног, без шолаху лісця і верасу і без грыбнога паху… гэтая, гарадская, пазнавалася толькі па тым, што каштаны каля дома пажаўцелі, ды раніцы сталі халаднаватыя — ужо не адзенеш кашулі з кароткімі рукавамі, — ды цямнець раней пачало — вось і ўся восень. Пачаліся заняткі ў інстытуце. Цяпер пасля работы Снарскі ўжо не спяшаўся дамоў, да тэлевізара, а пачаў заходзіць у інтэрнат да сябра, белабрысага рэдактара, — тым больш, што нядаўна шурын знайшоў жонцы працу — у сталовай каля самага дому, мыць посуд, і яна цяпер вярталася позна.
Сябар жыў адзін у пакоі: яму, як чалавеку, што мае справы з паперамі, фарбамі, гуашамі, на якім вісіць уся сценгазета і якому трэба разгарнуцца, зрабілі такую ільготу. У пакоі былі тры сталы, і ўсе тры заваленыя трубкамі ватману, кнігамі, пэндзлямі, застаўленыя слоікамі, таму сядалі на ложак, а піва ці віно, якое звычайна прыносіў Снарскі, ставілі на адзінае, парэзанае нажом і заляпанае фарбамі, крэсла.
Гаварылі пра ўсё на свеце, што на язык.
— У мяне цяпер такі перыяд, — казаў Снарскі, папіваючы віно ці піва, — што хоць ты вешайся. Поўная пустата ў думках і няведанне, што рабіць, для чаго жыць… Нашто? Перавесці тоны мяса, хлеба, цыстэрны піва, каб скончыць усё гадоў праз пяцьдзесят, неяк пад раніцу, у анкалагічным аддзяленні, у палаце на чатырох, дзе зачуханы дзяжурны, нядаўні студэнт, злы і нявыспаны пасля ўчарашняй п’янкі, пазяхаючы, адганяючы ад рота перагар, памацае пульс, ногі, зробіць каравым почыркам, дрыжачымі пальцамі запіс у кніжачку, п’яная баба з беламорынаю — а я бачыў такіх у арміі, вазілі неяк хлопца ў морг, б-р-р! — разрэжа жывот, пакалупаецца ў кішках, попел туды саб’е, зашые абыяк, вывезуць за горад, закапаюць — вось і ўсё, што мы знаем… I для чаго тады жыць? Што такое жыццё? Ніхто не скажа.
Белабрысаму такія тэмы падабаліся страшна — як і літаратурныя тэмы, — ён плаваў у іх, як рыба ў вадзе.
— Жыццё — ты сам, — адказваў ён. — Даўно і не мною заўважана: як толькі чалавек пачынае задаваць сабе нейкія глабальныя, касмічныя пытанні, так адказ трэба шукаць у маленькай закавырачцы, у драбязе — туфлі ціснуць, жонка кепска варыць, пломба ў зубе не пастаўлена і гэ дэ. У тваім канкрэтна выпадку трэба пастарацца знайсці гэтую драбязу і выправіць, тады само сабою знікне і анкалагічнае аддзяленне, і зашыванне жывата.
Белабрысы думаў, што Снарскі прыходзіць да яго толькі таму, што хоча вывудзіць нешта пра ТУЮ, а ў перспектыве — збіраецца разводзіцца з Галяю і сыходзіцца з ТОЮ, таму і наводзіў яго на «жонка кепска варыць».
— Ну, якія прычыны?.. Усё ў мяне ёсць, усё добра і ўсё неяк само сабою прыйшло: і кватэра, і праца, і абстаноўку ўсю шурын купіў і прывёз — я пальцам не паварушыў, і жонка варыць… Спакою няма.
— Вось і прычына! А ты як хацеў? Не мною сказана: чым больш ты паклаў бы на ўсё гэта сілы, нерваў, крыві, тым больш і цаніў бы. Нездарма ж раней жонак кралі, рызыкуючы жыццём, альбо плацілі за іх выкупы, альбо заваёўвалі на вайне… Мусіць, і табе трэба была б жанчына, якая дасталася б табе з цяжкасцю — тады б ты больш цаніў яе і думаў бы не пра анкалогію праз пяцьдзесят гадоў, а пра тое, як яе ўберагчы праз пяць дзён…