Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

Гэта па-першае. А па-другое, калі б не гуляла, не забаўлялася мая маці (як бы ні хіхікалі ў Інтэрнеце і за маёй спіной пра маё самалюбаванне) з будучым творцам, з ненармальна-ўражлівым дзіцём, схільным з аднаго боку ўсё перабольшваць, а з другога — усяму верыць, у самы ранні перыяд фармавання яго псіхікі.

Маленькае сэрца аблівалася крывёю. Кожны стук у дзверы, чужыя крокі ў двары, рып веснічак, гаўканне сабакі на чужога адбівалася, адкладвалася ў галаве, замацоўвала ўмоўны рэфлекс: ідуць па маці, забіраць яе, а разам з ёю — ежу, ці самі хочуць уварвацца сюды, пасяліцца, заняць месца, нашкодзіць, адабраць, не

даць, пакараць…

Гэтая карціна — што маці або пойдзе сама, або яе забяруць, або з’явяцца тут іншыя, чужыя людзі, і я буду забыты — так урэзалася ў свядомасць, так успрыняў я гэта сур’ёзна, без усялякіх жарцікаў, так з гэтым змірыўся, што міжволі вымушаны быў шукаць выйсце, каб выжыць, калі застануся сам.

Даведзены да крайнасці пастаянным страхам, нічога не разумеючы, маленькі дзікун кіраваўся жывёльным інстынктам самазахавання: раз так стаіць пытанне, калі ўжо сыход непазбежны, дык, можа, варта мець некалькі матак? На той выпадак, што хоць нехта застанецца, калі іншыя кінуць?

Адзін мой сябар (дарэчы, псіхолаг па спецыяльнасці) са здзіўленнем заўважыў: «Слухай, для сваёй камплекцыі, пры тваіх фізічных дадзеных у цябе проста нейкая неверагодная колькасць любоўных гісторый!»

Яшчэ б. Гэта былі падсвядомыя пошукі дублёршы, запасной, статысткі… Ды і на самой справе — усё далейшае жыццё, нібы знарок, падсоўвала мне факты пацвярджэння маёй праваты, і яны яшчэ больш замацоўвалі ўмоўны рэфлекс, ператвараючы яго ўжо ў поўны комплекс. 99 % маіх знаёмых дзяўчат ці жанчын прараблялі са мной наступнае:

«Ты будзеш мяне згадваць, калі мы расстанемся?»

«Ты дастаткова моцны, калі я табе аб’яўлю, што кахаю другога?»

«А што ты будеш рабіць, калі я, напрыклад, разаб’юся ў аварыі?»

«Калі я выйду замуж, ты… нічога з сабой не зробіш?»

«Ты мужны, праўда ж? — калі я, ну, напрыклад… раптам так складзецца, што я пайду ад цябе?»

«…Будзеш успамінаць мяне?»

«…Будзеш шкадаваць?»

32. Апошні сыход

(Смерць маці)

«Памрэ маці — і мяне не стане», — упарта, са сваёй цвёрдай, рашучай інтанацыяй паўтараў Шукшын, ці то маючы на ўвазе, што ён таксама фізічна памрэ, ці тое, што ён скончыцца як пісьменнік, што знікне крыніца яго творчасці, стымул яе.

Смерць маці сталася амаль маёй смерцю. Нібыта яна, маці, усё ж такі здзейсніўшы свой галоўны сыход, у каторы раз прыняла на сябе тое, што было наканавана мне — памерла замест мяне, каб я невядома для чаго жыў далей.

Вузенькая, маленькая, убога-кранальная магілка (неверагодна падобная на Мапасанаву, як і ўсе бедныя магілы адна на адну падобныя) лягла бяздоннай мяжой паміж маім папярэднім жыццём і будучым існаваннем.

Да 45 гадоў, здавалася б, можна было сябе зацугляць і разабрацца з дзіцячымі комплексамі, прымірыцца з тым, што ўсе, да каго прывязваешся, абавязкова так ці інакш сыходзяць — або з майго жыцця, або з жыцця наогул. Тым больш, што галоўны сыход — маці — адбыўся, і нібыта няма чаго больш баяцца.

Вось тут якраз і памылка: час не лечыць комплексы, не пазбаўляе ад іх, а наадварот, накапліваючы, павялічвае іх і ўзмацняе.

Тэма сыходаў толькі абвастрылася. Яны ўсё большалі, ўсё множыліся — каскад сыходаў, снежны ком ім, лавіна іх; ужо не смаркатае дзяўчо кідае цябе, а Сыход, як рэальная,

канкрэтная непазбежнасць, набывае свой злавесны сапраўдны сэнс — Смерць.

А што такое сыход Быкава, Сыса, Скрыгана, Асташонка, Пісьмянкова, Навуменкі, Брыля, Віткі, Сачанкі, Шамякіна?.. Што такое смерць Варановіча, Дайліды, Адамчыка?.. Многіх, многіх іншых?

Гэта лепшыя мае чытачы. Якія нічога майго друкаванага, а падчас і вуснага не прапускалі, якія не скупіліся на пахвальбу, дзеля якіх варта было адштукоўваць да бясконцасці словы і сказы. З якімі падспудна можна было спаборнічаць, прычым без асаблівай рызыкі прайграць — усё табе даравалася, як меншаму, малодшаму.

Гэта лепшыя мае рэдактары. Самыя справядлівыя мае крытыкі. Што ж дзіўнага, што разам з іх сыходам, з іх знікненнем пачаў знікаць і стымул пісання? Нібы не проста жывыя, тленныя людзі пакідаюць цябе, адыходзяць у нябыт, а пакідае цябе твая маладосць, і тваё жыццё, і вось ужо адчуваеш, як пакрысе, памаленьку, з кожным днём сам сыходзіш, як тая вёска ў Купалы, «з яснай явы»!..

33. Ружовыя акуляры

Вось цяпер нам крыху лягчэй. Цяпер мы можам паспрабаваць падступіцца да адказу на пытанне: чаго чалавек да 42 гадоў пісаў, і быў шчаслівы гэтым, а потым узнікла апатыя і нават агіда да літаратуры?

Гэта была няроўная барацьба з Часам. Дзіцячае, наіўнае жаданне такім чынам перастрахавацца, абараніцца ад непазбежных, страшных, пастаянных Сыходаў.

І літаратура — выдумка, фантазіі — бачылася адзінай магчымасцю змагання з Часам і з Сыходамі (ў тым ліку і з уласным сыходам). У пісанні, на паперы Час можна было не проста спыніць, зафіксаваць — яго можна было нават павярнуць назад.

Літаратура так трывала і так рана ўвайшла ў жыццё, што стала не проста звычкай, а амаль біялагічнай патрэбай — як есці, спаць, дыхаць.

Непазбежна трэба было прыйсці — і прыйшоў — да казуістыкі, што рэальнае жыццё — гэта пабоі, небяспека, міліцыя, жаночыя здрады, абразы, недавер, хлусня, беднасць, прыніжэнні, выжыванні, боль, кроў, аперацыі, бальніцы; што рэальнае жыццё — «кніга, поўная трывог, падманаў, гора і зла», і рана ці позна аграмадныя, бязлітасныя колы накрыюць, раструшчаць і пацягнуць у жудкую, беззваротную цемру, і будзе прыгаворваць мужычок, працуючы над жалеззем, бязглуздыя словы па-французску…

А таму к д’яблу яго, вашае рэальнае жыццё! — лепш добраахвотнае вар’яцтва, ружовыя ці любога іншага колеру акуляры, лепш жыць ілюзіяй, імітацыяй жыцця, «ценямі ценяў», лепш проста гуляць у яго! Ды яшчэ і вялікае пытанне: можа, акурат г. зв. «рэальнае жыццё» і ёсць міф, абсурд, вар’яцтва (тысячы таму доказаў), а творчасць — самы сапраўдны, нармальны, прадукцыйны і пазітыўны стан?..

34. Кантрастныя межы, або «У люстэрка паглядзі»

Ёсць межы асноўныя, усім зразумелыя, шаблонныя: паміж небыццём — маленствам, маленствам — дзяцінствам, дзяцінствам — падлеткавасцю, падлеткавасцю — юнацтвам, юнацтвам — сталасцю, сталасцю — старасцю, старасцю — смерцю (небыццём).

Аднак поўна яшчэ межаў некантрастных, паўтанальных, невыразных. Пра аднаго і таго ж чалавека, якому 40 гадоў, можна сказаць «малады чалавек», «мужчына ў росквіце гадоў», «здаровы бугай», а можна пра яго ж — «дзядзька на пятым дзесятку», «малады дзед», «лепшае сваё ўжо аджыў»…

Поделиться с друзьями: