Мяжа
Шрифт:
Сапраўды, Ігару Снарскаму заўсёды шэнціла. Да апошняга курса інстытута, да самага праклятага сакавіка, жыццё яго не йшло, а кацілася — як па масле, роўна, гладка, без трагедый і нават без простых непрыемнасцей; адзінае, калі яму перад прызывам у армію няўдала вырвалі зуб, ад чаго загнаілася дзясна і потым яе пад замарозкаю рэзалі і чысцілі, — але не станеш, папраўдзе ж, лічыць гэта за нейкую трагедыю! Аднойчы, ужо на апошнім курсе інстытута, Снарскі афармляў да 8-га сакавіка сценгазету і зацікавіўся вершам, падпісаным ініцыяламі. Ён чамусьці адразу здагадаўся, што аўтар — жанчына. Верш напісаны бойка, з элементамі лёгкай сексуальнасці ў стылі Сашы Чорнага, нешта «ты прыйдзі да мяне» і «к пене бедер за алой подвязкой ты не бойся устами припасть…» Сябра, белабрысы рэдактар сценгазеты, хлопец хоць і малады зусім, але які ўсё пра ўсё і пра ўсіх ведаў, калі Снарскі паказаў яму верш і нагадаў
— Дык у Чорнага — алегорыя, а тут — чаго хочацца, пра тое і пішацца! Пазнаёміць?
— А хто такая?
— Завочніца, з нашага інстытута. Але глядзі, Снарскі, ведай, што, па-першае, яна замужам, за нейкім шафёрам, якога, вядома, «имела в виду» — выскачыла толькі з-за прапіскі, па-другое, гуляе ў адкрытую і, самае галоўнае, яна здаровая, прыгожая, вульгарная самка, якая пляваць хацела на ўсё, што не мужчынскае цела. А такія вершы так і пішуцца — ты абсалютна правільна згадаў Чорнага — радок пазычаецца ў Чорнага, рыфма — у Белага, камбініруецца… — I белабрысы рэдактар расказаў, як пішуцца такія вершы: у літаратуры ён, як і ва ўсім, разбіраўся і любіў і ўмеў пагаварыць пра гэта.
Праз некалькі дзён, на вечарыне да 8-га сакавіка, сябра паказаў Снарскаму аўтарку, і той уразіўся — яна знешне аказалася акурат такая, як ён сабе і ўяўляў: высокая, чарнявая («з надзвычай развітымі жаночымі формамі», — падумаў Снарскі), у кароткай сукеначцы, яна была, відаць, п’янаватая, голасна гаварыла і смяялася, танцавала з усімі, хто хацеў. Усім сваім выглядам яна паказвала даступнасць. Калі адышлася да дзвярэй і закурыла, не зважаючы на выкладчыкаў, белабрысы падвёў Снарскага і пазнаёміў; яна паволі, як купец аглядае тавар, агледзела Ігара з галавы да пятаў… У яе быў даволі прыемны тварык. У паўсонных, і ад таго мяккіх, кашэчых вачах Снарскаму прачыталася: «Я такая, як ты і думаеш, і як вы ўсе думаеце — і чорт з вамі! Калі хочаш — тады смялей. I ўсё маё, тое, на што так прагна глядзіш, будзе і тваім. Хочаш? Тады смялей!»
I Снарскі стаў смялей. Яны патанцавалі адзін танец, потым яна, апусціўшы вочы, зняўшы яго руку са свайго пляча, сказала ціха: «Хадзем, дасі іголку, у мяне капрон на назе парваўся». Калі ішлі да інтэрната, Снарскі, ступаючы за ёю след у след — ноч была адліжная, сакавіцкая, і снег быў расквашаны, у глыбокіх слядах — круціў у галаве: «Як баран пад абух…» Самае цікавае, што капрон сапраўды аказаўся падраты…
Раніцай ЯНА, напяваючы, выходзіла з душа, сядала за стол, даставала з касметычкі туш, памаду, а ён, не вылазячы з-пад коўдры, шчасліва-раздушаны, глядзеў на ЯЕ з сабачай адданасцю, і раптам сказаў неакрэплым са сну голасам: «Калі мы зноў пабачымся?» — на слове «пабачымся» пусціўшы пеўня, і закашляўся. ЯНА засмяялася, сказала строга, не павярнуўшыся: «Ну, а яшчэ што выдумаеш?» «А што?» — «А то, што я замужам». На добры розум, з гэтага ўсяго можна было толькі пасмяяцца, але ў Снарскага ў тыя хвіліны не магло быць добрага розуму. Да яго дайшло раптам, што белабрысы казаў праўду, і ён, Снарскі, звычайны, на час, кліент, якім «числа несть», і, самае жахлівае, кліент не з лепшых.
Перажываў ён страшна: злосць, пяшчота, адчуванне сваёй знявагі, жаданне зняважыць ЯЕ, помста — усё мяшалася… То хацелася забіць ЯЕ, то абагаўляць, то перажыць яшчэ адну такую ноч — а там хоць хай бы забівалі яго самога… Трэба паўтарыцца, што жыццё ў яго ішло вельмі роўна, не лічачы вырванага зуба, таму і не дзіўныя былі гэтыя перажыванні.
«Я больш чым упэўнены, што ЯНА яшчэ прыбяжыць — як міленькая!» — думаў, не могучы заснуць, Снарскі, вярнуўшыся ад Галі пасля таго, як яна сказала пра кватэру. I ён ужо ўяўляў сябе жанатым, тут — званок у дзверы, а жонка недзе там, далёка, недзе на рабоце, — а ЯНА стаіць у дзвярах, апусціўшы вочы, як тады пасля танца… Альбо — нечаканая запіска — «прыходзь, я адна, муж мяне кінуў»…
«Ах, муж цябе кінуў?..» Закалыханы, Снарскі пачаў ужо засынаць, як раптам успыхнула перад вачыма тая ноч, бессаромнасць ЯЕ, словы, пакусаныя вусны, рухі, паднятыя поўныя ногі ў чорным капроне — і ўвесь сон адляцеў, як і не было. I зноў, як і каторую ўжо ноч, крыўда, горыч і нейкая шалёная радасць закруціліся ў клубок, але — упершыню — радасці ў гэтым клубку было болей. Жыць як набяжыць — і ўсё само сабою зробіцца!
I на другі вечар Снарскі, стоячы на Галіным балконе, папіваючы гарачы чай праз цыгарэтныя зацяжкі, сказаў:
— Хелена… (ён быў з Гродзенскай вобласці, і ў іх так звалі жанчын; праўда, ён ведаў, што Хелена — гэта Алена, але, называючы Галю гэтым мілагучным еўрапейскім імем, ды яшчэ ў цемры, яму пачынала здавацца, што не такая ўжо яна непрыгожая і можа нават падабацца) Хелена… — ён узяў яе за руку і не ведаў, што рабіць.
Яе рука дрыжэла.
— Нашто ты сказала мне ўчора пра кватэру? Цяпер ты падумаеш… Я хацеў табе сказаць… але цяпер я звязаны, разумееш? Не магу
сказаць таго, што сказаў бы, не ведаючы пра нейкія кватэры…Яна маўчала. Памаўчаў і Снарскі, проста як актор адчуваючы, што ў гэтым месцы патрэбна паўза, — памаўчаў, уздыхнуў і сказаў:
— Ты падабаешся мне, Хелена, і калі…
— Ты хочаш сказаць, што хочаш са мною ажаніцца? — спытала раптам Галя.
— Ну.
Яна засмяялася, вызваліла руку і дакранулася да яго пляча.
— Ігар, дурань ты мой мілы!.. Не трэба гэтага нічога. Я ж усё роўна не паверу ніколі, што ты хочаш аканіцца на мне, а не на кватэры… Хіба я не ведаю, не бачу, што такое я і што — ты?
— Як знаеш…
— Не, ты кажы! — аж замалілася яна.
У Снарскага патухла цыгарэта, і пакуль ён ляпаў сябе па кішэнях, Галя хутка схапіла з падаконніка запалкі і падала.
— Хелена… дзякую… нашто гэтыя комплексы? Ты харошая, добрая дзяўчына, нічым ні за кога не горшая, і дарэмна думаеш, што калі б мы пажаніліся, табе дастаўся б нейкі падарунак, нейкая вялікая цаца… Я ведаю пра сябе, што я не такі, як усе, але не такі ў горшым значэнні, Хелена. Вось мне дваццаць пяць гадоў, а часамі такое адчуванне, што сем альбо семдзесят; я ж быццам і жыў, і служыў у арміі, і скончыў вось інстытут, а ў жыцці арыентуюся як дзіця ці стары дзед… Я інфантыльны, гультаяваты, грошы зарабляць не ўмею, нічым не цікаўлюся — ты ж сама ведаеш, што за ўсю вучобу я нікуды не вылазіў, не цягаўся ніколі па гэтых чортавых мітынгах, адзін з усёй групы не выйшаў з камсамола — і не таму, што трэба быў мне нейкі камсамол, а проста лянота была некуды ісці і пісаць некія заявы; усе бегаюць, чытаюць газеты, а мне начхаць, што ў нас тут заўтра будзе: капіталізм, камунізм, немцы, амерыканцы — хоць чорт рагаты; для мяне большая трагедыя спазніцца на тралейбус ці атрымаць тройку на экзамене, чым усе іхнія будучыя грамадзянскія войны і дзяржаўныя перавароты, якія не вылазяць з газет… Можа, таму, што мне ўсё ў жыцці ўдавалася? I парушыўся нейкі жыццёвы імунітэт? Я ж гадаваўся адзін, у сям’і вясковых настаўнікаў — песцілі, вядома, голасу ніколі не павысілі, у школе хвалілі ўсе гады, ніхто са мною не біўся ніколі — сын двух настаўнікаў! — але і гуляць чамусьці не хацелі, сяброў не было… Так і ў войску: я маляваў добра, спадабаўся ротнаму, астаўся пасля вучэбкі ў часці, пры штабе — паштальёнам, потым афарміцелем, у каравулах не мёрз, у нарады не ставілі, два гады праляцелі — і ўспомніць няма чаго, і сяброў блізкіх няма… Зараз скончу інстытут, паеду некуды — і тое ж будзе, не знацьму, каму напісаць, хто мне напіша… Я нейкі нелюбімы, Хелена, і сама бачыш — узяць з мяне можна мала што, а прашу я многа… Хочацца простага спакою, утульнасці, крэсла мяккага перад тэлевізарам, лямпы пад сінім абажурам, добрай, ласкавай жонкі — вось як ты…
Раптам, перш чым Снарскі паспеў нешта зразумець і адхіснуцца, яго шыю абвілі худыя, слабыя рукі, а да шчакі дакрануліся няўмелыя сухія вусны — і раз, і другі… Гэта яго так цалавалі!..
— Дурань ты мой… Ты ж сам не ведаеш, які ты… Стой, стой тут!.. — і яна знікла ў пакоі, потым ляснулі дзверы на калідор.
Снарскі, выцершы шчаку, дакурваў, чуў, як у пакоі, побач, варочаецца пад прасцінаю раздзетая флегматычная гультайка Зоя, слухаў смех унізе на лаўках, глядзеў на ярка-зялёную, падсвечаную знізу ліхтаром лістоту грушы, на інстытут, дзе дасюль яшчэ свяціліся вокны, — і нібы па накаце, не могучы спыніцца, расказваў у думках далей: «…хочацца крэсла, чыжа ў клетцы… хочацца ўсяго эгаістычна-мяшчанскага, супраць якога заўсёды так распіналіся, рабілі рэвалюцыі, вялі войны, — а ўрэшце выяснілася, што толькі ў свеце і ёсць разумнага, што гэтае бяскрыўднае мяшчанства…»
У пакоі запалілася вялікае святло, і Галін голас крыкнуў: «Зоя, пад’ём!»; сама яна, задыханая, выскачыла на балкон і сунула ў рукі Снарскаму цяжкую пляшку.
— Адкаркоўвай шампанскае! — ізноў сухія дотыкі на шчацэ. — Толькі шумна — я хачу, каб усе чулі! Усе! — крыкнула яна ўніз.
I заціснула вушы, калі Снарскі, паклаўшы на падаконнік недакурак, пачаў абдзіраць фольгу і адкручваць дроцік.
На вяселлі, якое згулялі не лепшае і не горшае, чым у людзей — нанятыя таксоўкі, роспісь, фатаграфаванне каля Вечнага агню, заказаная вечарынка ў рэстаране — асабліва ўсім спадабаўся брат маладой (той самы, які дарыў кватэру). Малады, дужы, ён многа і з ахвотаю выпіваў, крычаў «горка!», гаварыў смешныя тосты, шчодра плаціў музыкам за песні — адну «Галю маладую» сыгралі разоў пяць — словам, паказваў усяляк, што весяліцца, гуляе, як і трэба гуляць на вяселлях. Калі надышоў час адорваць маладых, сказаў проста, ціха: «Галінка, я рады твайму шчасцю, і пакуль жыць буду…» — не дагаварыў, згроб маладых у ахапак, расцалаваў і заплакаў. I ўсе ўбачылі, як ён любіць сястру, і неяк цяплей пасля яго слоў і руху зрабілася ўсім за сталом (а спачатку нацягнутасць паміж Ігаравымі і Галінымі сваякамі была, не ўсе ж маглі падараваць цэлую кватэру).