Мяжа
Шрифт:
Праз тыдзень мы выпадкова сустрэліся ў той жа тэхнікумаўскай сталоўцы. Лена мая, смеючыся, сказала:
«Ну ты малайчына! Дзякую, курсавы на пяць прайшоў!»
Я прамаўчаў. Яна спытала ціха:
«Што, у пралёце, як у самалёце? Пакрыўдзіўся?»
Я паціснуў плячыма.
«Праўда, не пакрыўдзіўся?» — і яна раптам зноў, як і той раз, калі мы дамаўляліся, пачала моўчкі, доўга глядзець на мяне. Але цяпер я ўжо не чырванеў і не апускаў вачэй.
«Паехалі да мяне», — прамовіла яна.
«У нас дзве лекцыі яшчэ…»
«Як хочаш», — і павярнулася ісці.
«Пачакай, — я ўзяў яе за руку. — Паехалі. Толькі зараз заскочу забяру сумку…»
Мы моўчкі праехалі аўтобусам амаль праз увесь горад. Яна жыла ў старым раёне, у пяціпавярховай «хрушчоўцы». Мы падняліся
Яна правяла мяне ў пакойчык, я прысеў на канапу, дзяўчына — побач. Нечакана мяне пранялі дрыжыкі, бы пры тэмпературы. Я баяўся, каб яна не заўважыла гэтага, зірнуў на яе скоса — і вачам не паверыў: такія ж дрыжыкі праймалі і яе! Яна хвалявалася і баялася нечага таксама, як і я.
«А цяпер паслухай, — пачала яна. — У мяне ёсць хлопец у арміі. Ён кахае мяне. Верыць мне. Табе было б прыемна, каб ты служыў, а хтосьці вось так, як ты цяпер, прыйшоў купляць тваю дзяўчыну?»
«Калі кахае пасапраўднаму — тады ён цябе ўсялякую прыме», — адказаў нехта маімі вуснамі. Нехта, бо я ўсё ж ведаў сябе, ведаў, што не мог ляпнуць такой дурноты!
«Усялякую? — перапытала яна. — Вось як вас, хлопцаў, пасля гэтага не ненавідзець… Але хай: не баішся ты, няма ў цябе сумлення, дык паслухай яшчэ. Я — дзяўчынка».
Я пасміхнуўся. Я ўспомніў сябрава «загуляла» і не паверыў ёй, вядома, — ды і хто на маім месцы паверыў бы?
«Распранайся», — дзелавіта, рашча, суха сказала яна, заўважыўшы маю ўсмешку.
Яна не зманіла.
Гэта было падобнае на кашмарны сон: абое ўпершыню, абое нявопытныя… А самае брыдкае, самае гадкае, што я і ў тыя хвіліны стараўся запамінаць больш розных дэталяўпадрабязнасцяў, каб хваліцца потым сябрам: запамінаў дыханне яе, ускрыкі, абрыўкі слоў, запамінаў, што балконныя дзверы прачыненыя і вецер варушыць гардзіну… А потым мая бедная непрыгожая дзяўчынка, спалоханая, заплаканая, абдымала мяне і зацалоўвала, і ўсё дапытвалася:
«Ты ж рабіў гэта таму, што закахаўся, і цяпер кахаеш? Такое ж нельга рабіць без кахання! Праўда ж?»
«Праўда», — адказваў я, жадаючы толькі аднаго: хутчэй вырвацца адтуль.
Я так нікому і не расказваў потым, не змог. Мне здавалася, у мяне гэта было зусім інакш, чым ва ўсіх, — нецікава, саромна, брыдка, непатрэбна… Лену ў тэхнікуме я пачаў пазбягаць. А пры рэдкіх выпадковых сустрэчах на калідоры ці ў сталоўцы лавіў на сабе яе спалоханыя позіркі.
Аднойчы, ужо зімою, калі ў мяне пачала балець нага і гэта мяне больш за ўсё турбавала, Лена сама заглянула ў нашу аўдыторыю, падышла да маёй парты:
«Што ж ты… нават не вітаешся… цяпер?»
Я не ведаў, што адказваць. Я думаў больш пра нагу. Думаў, так, застудзіў, можа, пахаджу на ўколы, падлечаць і ўсё пройдзе.
Больш з Ленаю мы не бачыліся.
І вось столькі гадоў пасля, і цяпер, я часта думаю: каб не гэтае ліха, не нага гэтая, хутчэй за ўсё я забыў бы на сваю першую і апошнюю дзяўчыну. Ды мільёны такіх выпадкаў, калі дзяўчат кідаюць і забываюць іх!.. Але цяпер я ведаю: кожнаму — сваё, і кожны толькі сам за сябе адказвае. Што дазволена многім, тое — вельмі можа быць — зусім не дазволена табе. Увогуле, каханне жанчыны, калі ўдумацца, гэта такая страшная загадка, такая тайна; ёсць у тым, што жанчына ахвяруе сабою, аддае ўсю сябе чужому чалавеку штосьці такое містычнае, незразумелае і нежартоўнае, што нельга гуляцца з гэтым. А я захацеў менавіта пагуляцца… І дагуляўся.
— Верыш, — ціха сказаў аднакласнік, — усё адно я пасвойму шчаслівы. Было ж у мяне хоць штосьці, і яна, Лена мая, была, і ёсць недзе, яна ж не прыдуманая мною! Няважна, помніць яна мяне, няважна, што ў яе даўно ўжо, відаць, муж, дзеці, — важна, што я яе помню… І больш мне нічога не трэба. Ведаць, што яна жыве цяпер на Зямлі, кожную раніцу глядзець на адно з ёю неба, кожны вечар — на адны зоры…
Аднакласнік замоўк.
І праўда, цёмна ўжо, зоркі над галавою. Мы развітваемся, і я пустой вуліцай іду дамоў, пакінуўшы яго аднаго сядзець на лаўцы, думаць.
1995 г.
СЫЧ
Вуліца
яшчэ спіць, захутаная ў белы ранішні туман; спіць сваімі шэрымі, вільготнымі ад багатай расы платамі, мокрымі дрэвамі і травою ў агародах, спіць нязвыклай для вёскі цішынёю хлявоў і хат, нават пеўні яшчэ маўчаць, — а Сыч ужо тупае з веласіпедам; сам ідзе сцежкаю паўз плот, дзе цупчэй і не бярэцца да падэшваў мокры пясок, а веласіпед стараецца каціць па траве, каб памыліся расою шыны. Адна рука ляжыць на рулі, другая — прытрымлівае вялікі кашэль на багажніку, абвязаны чыстай марляю. Ад прахалоды каўнер пінжака ў Сыча падняты, клінковая кепка з гузікам зверху насунутая па самыя вочы; правая калашына, каб пры яздзе не ўкручвалася ў цэп, забраная ў шкарпэтку, як робяць дзеці, таму правы чаравік на тонкай каля костачкі назе здаецца большым за левы. З-пад кепкі зыркаюць то на дарогу наперадзе, то на кашэль пільныя строгія вочы, вочы чалавека пажыўшага, які ніколі ні ў чым не засумняваецца, які цвёрда ведае, што ўсё, што робіць ён, адзіна правільнае і ўсё навокал для яго аднаго: сцежка — каб па ёй ступаць, раса — каб памыць ёю колы веласіпеда, сонца, што неўзабаве выблісне з-за хат — каб абагрэць яго, Сыча, у дарозе.Вось ужо гадоў дваццаць, з таго часу, як пахаваў жонку, кожны выхадны, у любую пару года, у любое надвор’е Сыч — з кашалём за плячыма, калі непагадзь і бездарожжа і да горада можна дабрацца толькі папуткамі, ці, калі суха, як цяпер, на веласіпедзе — выпраўляецца адным і тым жа маршрутам у няблізкую дарогу.
Час нібы забыўся на гэтага чалавека (увогуле, няўмольны час чамусьці заўсёды бывае найбольш літасцівы да людзей педантычных, абмежаваных, якім хоць кол на галаве чашы, а не адступяцца ад свайго раз-назаўсёды выбранага рэжыму): за ўсе гэтыя дваццаць гадоў Сыч, здаецца, зусім не змяніўся знешне. Такі ж гладкі, высокі, прамы — нават не сагнецца, калі нясе паўнюткі кашэль за плячыма. Веласіпед яго ніколі не ламаецца, тупаносыя, грубай работы чаравікі не стоптваюцца, выхадны касцюм, цесны яму, бо куплены некалі з эканоміі на памер меншым, ніяк не зносіцца, не падзярэцца, не прашмуляюцца аб сядло веласіпеда штаны. Аднак яшчэ больш, чым сваё дабро, беражэ Сыч самога сябе. Увесь век — і да пенсіі, і ўжо гады два пасля пенсіі — на лёгкай рабоце, вартаўніком у леспрамгасе.
У самога дворык, хата, агарод — хоць на выстаўку, чыстыя, акуратныя, дагледжаныя; хата абшаляваная і перакрытая новым шыферам, у хляве свінчо, у загарадцы (каб двор не загаджвалі) куры, грады на сотках высокія, разоры роўненысія, у канцы сотак, дзе ён звычайна на перамену засявае латку зямлі канюшынай і грэчкаю, тры вулеі, пад хатаю — два клёны, з якіх увесну можна браць сок, і ў лес хадзіць не трэба… Калі не на службе, Сыч не прысядзе, з досвітку будзе корпацца то каля вулеяў, то на сотках, тупае па двары, стругае штось пад паветкаю, піліць, грукае, прыбівае, паднаўляе… Але папросіць памагчы хто чужы — пальцам не зварухне. Прычым выдумляе абы-што, абы-якую прычыну, і не саромеецца, не баіцца сурочыць:
«У мяне кіла!» — гучна, на ўсю вуліцу заяўляе, калі трэба рабіць што цяжэйшае; калі лягчэйшае:
«У мяне рак касьці доктар абнаружыў!..»
I ўсе ведаюць, што брэша ў вочы, што ён за ўсё жыццё не знаў, як зуб баліць, што ён кожны год праходзіць медкамісію і з такімі хваробамі, якія сам на сябе выдумляе, ніхто б яго, вядома, на службе не трымаў.
Здаецца, не толькі знешнасць, але й душа яго, успрыманне ім усяго вакольнага раз-назаўсёды некалі ў ім застылі. Чым чалавек жыве, пра што думае?.. Вечна насуплены, да ўсяго недаверлівы, скептычны; адзінае, на што рэагуе, дык гэта на новыя грошы і цэны, да якіх ніяк не прывыкне, усё пераводзіць на «брэжнеўскія». У краме бохан хлеба па тры тысячы, гумавыя боты — па трыццаць тысяч, Сыч паглядзіць, пакрэкча, перавядзе: «Хлеб тры рублі, боты — трыццаць… Балдзёж!» Мужчыны збяруцца, загавораць пра палітыку, радыяцыю, пра «калі было лепш, тады ці цяпер?», — яму нічога не цікава. Ссупіць бровы, слухае маўчком і толькі рэдка, калі ў гуморы ці калі папытаюць: «А ты, Іван, што думаеш?», адкажа ўпэўнена: