Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Федарэнка Андрэй

Шрифт:

— Ты б вось якую гісторыю напісаў, — пачынае аднакласнік, хітравата на мяне зірнуўшы.

«Дык вазьмі і напішы», — хочацца даказаць. Дзіўныя людзі, адкуль гэтая вера, што пісьменнік першнайперш павінен кідацца на чужыя сюжэты? Яму менш за ўсё гэта цікава. Пісьменніку трэба дэталь, іскрынка: якінебудзь кляновы сухі ліст пры дарозе, зламаная травінка, трэшчына ў асфальце, выпадкова пачутая мелодыя ці нават проста чырканне запалкі аб карабок, — і гэтага дастаткова, каб сюжэт сам сабою «ўспыхнуў», прыдумаўся, і сюжэт гэты можа атрымацца больш рэальным за любую жыццёвую гісторыю,

бо сфакусіруе многа падобных гісторый…

Але ніколі я так не адкажу свайму аднакласніку. Я буду слухаць яго. Ён — калека. У руках ён пакручвае кавеньку. У яго ўжо дзесяць гадоў баліць нага. У школе ён быў звычайны, як усе, хлопец, потым паступіў у чыгуначны тэхнікум, давучыўся да апошняга курса і раптам нага забалела і пачала сохнуць. Ні дактары, ні санаторыі не памаглі. Яна і цяпер сохне, зусім кароткая, маленькая.

Аднакласнік разумны, як і звычайна разумныя людзі, на каго бяда навальваецца з маладога веку, — мусіш быць разумным, каб выжыць.

— Ты змог бы помніць чалавека, не бачыўшы яго гадоў, скажам, пяць, дзесяць? — пытае аднакласнік.

— Неа, — легкадумна адказваю я.

— А я вось помню…

І аднакласнік расказаў. Калі ён перайшоў на апошні курс тэхнікума, усё ў яго было цудоўна. Малады, здаровы, добра вучыўся, праз год — у армію. Але вось гэтае, — што хутка ў армію, яго найбольш і мучыла. У яго не было дзяўчыны. Проста неяк не шэнціла з гэтым. Можа, таму, што жыў не ў інтэрнаце, а ў сваякоў на кватэры, у чужым горадзе, ні па дыскатэках не лётаў, ні па танцах, нікуды дужа не высоўваўся, сядзеў дома, «зубрыў». А ў іхняй групе былі амаль усе хлопцы.

І вось на апошнім курсе яму страшэнна захацелася быць як усе, каб потым таксама, як і ўсе, хваліцца, што ведае, як такое робіцца.

— Не смейся, калі ласка, і не думай, што гэта было мне лёгка, — зноў зірнуўшы на мяне, сказаў аднакласнік. — Я быў сарамлівы і ганарысты. Мне здавалася, лягчэй праз зямлю праваліцца, чым дзесьці на вуліцы, ці ў аўтобусе, ці ў тэхнікуме падысці да незнаёмай дзяўчыны і пачаць, як іншыя, «клеіцца». А раптам яна не так зірне, не тое скажа або моўчкі пагардліва адвернецца?.. Ды такое да смерці не забудзецца! Калі б я піў, магчыма, лягчэй было б, але я не піў і не курыў тады.

Вядома, можна было паспрабаваць — пацягацца ў інтэрнат, схадзіць з сябрамі на танцы — і я пазаёміўся б з кімсьці. Але, паўтаруся, мне не хацелася знаёміцца. Знаёмства заўсёды на нечага абавязвае. Пачаліся б тэлефонныя званкі, ды сустрэчы, ды провады дамоў, трэба было б дарыць кветкі, ды хадзіць разам у кіно… Урэшце, трэба было б жаніцца. Я тады не ўяўляў, як можна пасур’ёзнаму гуляць з дзяўчынаю і не мець у планах ажаніцца з ёю. Але пра гэта і думаць смешна, які мой век — семнаццаць гадоў!

Мне трэба была не чыстая дзяўчына, а жанчына, якую можна купіць, якая не запомніць нават майго імені, а я не пацікаўлюся, як яе завуць. Каб потым, пасля ўсяго, мы разышліся і ніколі больш не сустрэліся, і не цікавіліся б адно адным.

І вось аднойчы мы з сябрам, гарадскім хлопцам, на перапынку стаялі на калідоры, і каля нас прайшла дзяўчына. Сябар павітаўся з ёю.

«Шкада малую, — сказаў ён, — загуляла, курсавік не здала, выганяюць».

«На

якім яна курсе? — спытаў я, а слова „загуляла“ ўжо тахнула ў скронях.

„На другім. Хочаш, вазьміся, зрабі ёй курсавы — яна чым хочаш аддзячыць“.

Сябра, хітры і назіральны, яўна чытаў мае думкі. „Што ж, ён дапускае, што яе можна купіць, што яна прадаецца, — значыць, няма ў гэтым нічога саромнага“, — думаў я, і, схапіўшы яго за рукаў, пакуль дзяўчына не знікла з вачэй, папрасіў:

„Пакліч“.

Сябра паклікаў: „Лена!“; дзяўчына вярнулася, стала перад намі. Яна была непрыгожая, зусім непрыгожая. У доўгай сукенцы, якія тады зноў толькі пачалі ўваходзіць у моду і непрывычна ўпрымаліся. „Гэта нічога, што непрыгожая, — падумаў я і яшчэ больш асмялеў. —Гэта нават лепш; мне трэба яе ногі і ўсё астатняе, а не прыгажосць“.

„Вось, Лена, пазнаёмся… Хлопец хоча табе памагчы зрабіць курсавы“.

„Праўда?!“ — яна засвяцілася і пахарашэла. — Ой, хлопчыкі, памажыце! Я не ведаю, што б для вас зрабіла!..»

«А гэта з ім дамаўляйся», — сказаў сябра і пайшоў.

«Дык што?» — смеючыся, спытала яна.

«Праз колькі дзён табе трэба здаваць?»

«Праз чатыры, апошні тэрмін».

«Добра, я зраблю. За… гэтае самае», — сказаў я.

Яна раптам патухла і зноў зрабілася непрыгожаю. Цэлую хвіліну яна маўчала і глядзела на мяне. Я круціўся, кашляў, чырванеў, падымаў і апускаў вочы, — а сам ужо цвёрда ведаў: яна — мая, яна купляецца. Інакш не маўчала б столькі.

«Ну, рабі, — прамовіла яна ўрэшце. — І ўсё будзе».

«Калі?»

«У той дзень, калі будзе гатова».

Яна завяла мяне ў сваю аўдыторыю і дала тыпавік курсавога.

Два дні я не хадзіў на заняткі, гарбаціўся дома над раскладзенымі на стале лістамі ватману. Якія то былі два дні!.. Як я рыхтаваўся, расцягваў хвіліны і гадзіны тых дзён, нават думкамі не даваў набліжацца да таго моманту, калі… А як цудоўна ўсё складвалася! У суботу курсавік будзе гатовы. Тады ж, у суботу, сваякі — гаспадары кватэры — з раніцы на ўвесь дзень едуць у грыбы. Кватэра будзе пустая.

Так і выйшла. Да суботы я ўправіўся. Прачнуўся рана, адзін, сваякі паехалі ў лес. Я пачаў туляцца па кватэры, думаючы, — хутка гэтыя сцены, шпалеры, мэбля, канапа стануць сведкамі чагосьці, і якая перамена хутка са мной адбудзецца, — я ўжо іншым буду… Узяў дзядзькаву брытву, памазок, пагаліўся ўпершыню ў жыцці, парэзаўся… Сорамна ўспамінаць!..

І вось тэхнікум, абед; у абед я адшукаў яе ў сталоўцы і аддаў два скручаныя ў рулон лісты ватману. Яна разгарнула і ад радасці аж засмяялася, — і сапраўды, я для сябе ніколі так не рабіў: чысценька, акуратна…

«Дык што, Лена? — сказаў я, пакуль яна любавалася курсавым. — Сёння я адзін у кватэры, да позняга вечара».

«Давай адрас, — спакойна адказала яна. — У шаснаццаць гадзін я у цябе буду».

Яна не прыехала, вядома. Ні ў шаснаццаць, ні ў семнаццаць, ні ў дзевяць вечара, калі вярнуліся гаспадарысваякі з поўнымі сумкамі грыбоў.

Дзіўна, але мне не было крыўдна. Была толькі нейкая пустата ў душы. «Значыць, нельга купіць тое, што табе не належыць, нельга штучна змяніць лёс!» — думаў я.

Поделиться с друзьями: