Шрифт:
Сяргей Календа
НА КРОК НАЗАД, НА ДЗЕНЬ НАПЕРАД
Апавяданьні й падарожжы
"Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой" (У. Караткевіч). Апавяданьні, зьмешчаныя ў кнізе Сяргея Календы "На крок назад, на дзень наперад", былі напісаныя ў розных гарадах, нават у розных краінах, але неба гэтых твораў — неба Беларусі, неба, якое адлюстроўваецца ў Сьвіслачы, неба з шэрымі менскімі вясёлкамі й... Шчырасьць, якая часам мяжуе зь непрыстойнасьцю, зрываецца на крык, але пры гэтым застаецца кранальнай, бо перадусім застаецца праўдай.
Ёсьць рэчы, пра якія не прынята казаць услых. Ёсьць рэчы, ад якіх немагчыма пазбавіцца, не сказаўшы пра іх. Ёсьць рэчы, якія... ёсьць, нягледзячы ні на што.
ГЕНЭРАЦЫЯ ФАНЦІКАЎ І ФІШАК
У
асабліва тое, пра што ня кажуць.
1.
Жуйкі "Turbo", "Tipi-tip", "Love is..." з фанцікамі, печыва "Wagon Wheels", цыгарэты "HB", таннае віно "Крыжачок", гульні ў фішкі й бутэлечку, налепкі з Чарапашкамі-ніндзя, круглыя кардонкі з голымі цёткамі, якія трэба было мачыць у вадзе (мы іх сьлінілі языком), тады станік на іх раствараўся — і ты меў некалькі сэкундаў, каб пабачыць сыліконавыя грудзі. Першыя прыстаўкі "Sega Mega Drive — 2", першыя гульні на іх, якія доўжыліся па некалькі сутак: "Super Mario", "Jurassic Park 1, 2, 3", "Mortal Kombat", "Golden Axe", "Sonic", і, вядома, рознага кшталту стратэгіі, да прыкладу "Doom" ці такія гульні, як "Зорныя войны". Якасьць гульняў была вельмі нізкая, нават сучасны калькулятар мае больш функцыяў і выглядае прывабней, але ў тыя часы гэта нікога не турбавала. Нават той факт, што тэлевізар "Віцязь" быў здольны паказваць прыстаўкавыя гульні толькі чорна-белымі, таксама ня меў значэньня. Пасьля "Тэтрысу" гэта было наступнае захапленьне ў дзяцінстве.
Жыцьцё, якое падавалася тады досыць бесклапотным, цяпер бачыцца цалкам іншым. Я памятаю, як бацькам было цяжка з грашыма, калі Перабудова скончылася, калі тата вымушаны быў працаваць па некалькі зьмен запар на аўтазаводзе, і ён пачаў піць, і ў свае дваццаць восем стаўся майстрам гэтае справы. Я ў сям’і быў раньнім дзіцём, і я трохі разумеў становішча бацькоў. Матуля таксама днямі працавала. І мяне дагэтуль зьдзіўляе, якім чынам яны знаходзілі вольны час і грошы, каб адвесьці мяне ў гурток альбо ў чарговую творчую школу. Мае бацькі рана пачалі сямейнае жыцьцё й не пасьпелі атрымаць пэўнай адукацыі, з усёй моцы імкнуліся даць мне ўсе магчымасьці для самарэалізацыі, таму, пачынаючы з чатырох гадоў і да дзевятнаццаці, я спрабаваў у жыцьці амаль усё.
Краіна вызвалілася ад савецкай улады й атрымала незалежнасьць, але цуд дзяцінства хаваецца ў тым, што яно не заўважае такіх дробязяў, як Перабудова, Рэвалюцыя альбо аўтарытарызм. Дзяцінства выдатна памятае першы замежны ровар-"горнік", першую рагатку, першы пацалунак з дзяўчынкай, першую цыгарэту, першае віно, першае каханьне, першае хобі, першыя фанцікі й жуйкі. Тое, што краіна магла разваліцца, а культура зьнікнуць, было неістотна. Нашае пакаленьне толькі пачынала жыць, і нам хацелася ўсяго таго, што мы бачылі ў новых каляровых тэлевізарах, усяго, што прапагандавала рэкляма й прадавалі шапікі - ад модных цыгарэт да "сьнікерса". Хацелася жыць, як Мішкі Гамі альбо Дональд Дак, у цудоўным сьвеце "Уолта Дыснэя", які ствараў новую прастору, робячы нас няўдалым пакаленьнем зь незразумелымі разьбітымі марамі, з надзеямі й п’янымі жаданьнямі ўсяго яскравага й замежнага, усяго таго, чаго бракавала ў шэрыя крызісныя часы. Мы імкнуліся кімсьці быць, мы імкнуліся да назапашваньня навыкаў і ведаў, якія ў будучыні разаб’юцца аб сьцены непаразуменьня й непатрэбнасьці. Хоць цяпер выходзь на вуліцу з апытаньнем, і кожны з нашага пакаленьня апынецца няўдалым эканамістам, бухгалтарам, юрыстам, тым самым адукаваным вар’ятам, які ахвяраваў свае школьныя і ўнівэрсытэцкія гады на нікчэмную адукацыю, каб потым ня мець магчымасьці кудысьці ўладкавацца на працу, бо патрэбны вопыт, альбо ты проста той самы чарговы чалавек з пакаленьня "бэбі буму", з пакаленьня Перабудовы, і вас такіх зашмат на адно працоўнае месца. Так, зашмат вас, тых самых, з пакаленьня ружовых мараў, з пакаленьня першых каштоўных фанцікаў з-пад жуек і першых гульнёвых прыставак, у часіны, калі краіна амаль сканала, як той сабака...
2.
Калі я патрапіў у спартовую залю па барацьбе дзюдо, мне адразу гэтае месца дзіка не спадабалася, бо ад матаў, якія зьмякчалі падзеньні барцоў, моцна й канцэнтравана пахла потнымі нагамі, і ня проста потнымі нагамі, але МУЖЧЫНСКІМІ потнымі нагамі, бо, як я адразу пабачыў, дзяўчат там не было, акрамя адной прыблуднай, якая цалкам выдавала на задзірлівага хлапчука.
Дык вось, маё знаёмства са спортам пачалося менавіта з гэтых матаў, якія анучай мыла прыбіральшчыца, прыціснуўшы мяне да сьцяны сваёю тоўстаю дупаю. Мыла яна маты і прыгаворвала: "Вось паскуды, пяску нанесьлі! Дзе яны тут пясок знайшлі?!" Міма яе велізарнага цела паціху пачалі прашчэмлівацца дзюдаісты, кіруючыся ў распранальню.
Падышоў настаўнік, і мама, узяўшы мяне за руку, прамовіла:
— Добры дзень, Ігар Юліянавіч, я вам тэлефанавала наконт майго сына, ці ёсьць у вас магчымасьць і вольнае месца для яго? — і мама павярнула галаву ў мой бок,
прамовіла. — Павітайся ж з настаўнікам!— Добры дзень, Ігар Ю-ю-вю-ве-ва-валяр... — крыху зьбянтэжыўся я, — мяне клічуць Гераня.
— Добры-добры, але, прабачце, я яго не вазьму. Колькі ж яму год? — адвёў ад мяне вочы настаўнік.
— Цяпер чатыры, але хутка будзе з паловай.
— Я ж вам яшчэ па тэлефоне сказаў, што ён замалы, я бяру дзяцей з шасьці-васьмі год.
— Але, шаноўны майстар-настаўнік, у вас тут усходнія адзінаборствы, і вы мне кажаце пра ўзрост? Хіба філязофія барацьбы ня кажа пра тое, што дзюдо мусяць займацца з нараджэньня?
З мамай цяжка было спрачацца, асабліва калі яе зацікаўленасьць у нечым была надта высокай. У выніку мяне запісалі на трэніроўкі, а празь некалькі тыдняў бацькі недзе дасталі сапраўднае кімано з выяваю Бруса Лі на сьпіне, які нагою б’е ў падбародзьдзе жудаснага тыгра. Я быў у захапленьні й нават не пытаўся, адкуль кімано, адкуль гэтая раскоша, калі ў нас часта не было нават гарбаты і тата раніцою вымушаны быў піць разбаўленае кіпнем сочыва, а на працу браць кавалак хлеба, сала й цыбулю. Адкуль кімано? Адтуль, адкуль усё астатняе, што ў мяне выпадкова зьяўлялася. А мама і тата працягвалі піць кіпень з сочывам і насіць даўно вынашаныя паліто ды касьцюмы. Адну сваю спадніцу мама насіла амаль пятнаццаць гадоў, але я ніколі ня чуў ад яе папрокаў, яна заўсёды пасьміхалася з гэтага.
У першы дзень, калі я ступіў босымі нагамі на маты, я падхапіў даволі непрыемны грыбок, але потым ён альбо кудысьці зьнік, альбо я да яго абвык, ня ведаю.
Першыя заняткі былі пакутлівымі, бо, акрамя таго што мы доўга-доўга сядзелі на каленях, больш нічога не адбывалася. Настаўнік хадзіў вакол нас альбо сядзеў, як і мы, з заплюшчанымі вачыма і распавядаў пра тое, як варта, паводле філязофіі барацьбы, трымаць у сваім целе моц і энэргію за кошт мэдытацыі й маўчаньня, за кошт уменьня канцэнтраваць і назапашваць энэргію сусьвету ў добрых мэтах празь веру ў сябе, а не празь фізычную моц, і нават калі мы ўступаем у бойку, галоўнае, што ня мы б’емся, а спрабуем энэргію й злосьць суперніка скіраваць супраць яго самога. Часта ў такія гадзіны, слухаючы манатонны голас, я засынаў, куляўся на маты й спаў, і настаўнік мяне не чапаў, а ціхенька накрываў яшчэ адным кімано, каб я не прастудзіўся й не захварэў.
Ігар Юліянавіч быў маленькі й хударлявы чалавек, без валасоў на галаве, бяз броваў і вейкаў, ён відавочна не галіўся, бо не было што галіць. Таксама я заўважыў, калі мы ўсёй групай траплялі ў душавую, што і на ягоным целе таксама нідзе не было расьліннасьці. Але настаўнік Ігар Валяр’янавіч (дарэчы, яго нават дарослыя спартсмэны толькі так і называлі, бо хуткім прамаўленьнем літары "юлі" зьмяняліся на "вал"...), трэнэр, меў апошні дан па дзюдо, і гэта было неверагодна.
Аднойчы мы, седзячы на каленях, слухалі з заплюшчанымі вачыма легенду пра тое, як надышла зіма і ўвесь лес накрыўся тоўстым пластам сьнегу, і хвоя зь елкаю спрабавалі вызваліцца з-пад гэтага цяжару, але елка казала, што яна спакайнютка вытрымае гэты сьнег і дачакаецца, калі ён сам зваліцца, а хвоя нахілялася з шапкаю сьнегу долу, нахілялася ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль ня скінула сьнег і не вярнулася ў свой звыклы стан, а елка, так і не датрываўшы, зламалася амаль ля каранёў і высахла. Дык вось, у дзюдо вы мусіце быць падобнымі да хвоі, якая замест трываньня разважала шырэй і шукала больш зручнага выйсьця з сытуацыі. Я не дачакаўся, калі трэнэр скончыць, і ціхенька пачаў пасопваць.
І тут упершыню мяне ніхто не накрыў зьверху кімано. Я прабудзіўся ад таго, што Ігар Валяр’янавіч прымусіў усіх устаць з каленяў і пачаць актыўныя трэніроўкі, шматмесячная перадпадрыхтоўка была скончана, мы мусілі пачынаць станавіцца сапраўднымі дзюдаістамі.
Трэніроўкі былі вар’яцкія. Мы клаліся на сьпіны, і трэнэр бегаў па нашых жыватах, і праз колькі дзён я адчуў, як маё невялікае дзіцячае пузіка налілося сьвінцовым прэсам. На шпагат мы таксама станавіліся дзіўна: настаўнік падкрадаўся да цябе ззаду ў час тваіх намаганьняў сесьці, браў цябе за плечы і з усёй моцы націскаў уніз, пакуль ты цалкам ня сядзеш долу, што было страшэнна балюча. Але самым пакутлівым быў футбол на каленях, калі мы, патрэніраваўшыся, мелі колькі вольнага часу. Мы часта да крыві зьдзіралі скуру аб маты, але ніхто ня скардзіўся, бо футбол — гэта яшчэ й весела, і я заўсёды з захапленьнем бег да брамаў, калі атрымліваў мяч, але забіваў чамусьці заўсёды сваёй камандзе, і мяне за гэта часта білі, а настаўнік матляў галавою й сыходзіў. Ну адкуль я мог ведаць, дзе чые брамы, усе аднолькава белыя ў кімано, і таму футбольны час бавіў часьцей ля вакна альбо ў распранальні, зьбіраючыся дахаты. У мяне яўна нічога не атрымлівалася з барацьбою.
Аднойчы празь некалькі гадоў маіх маўклівых і сумных змаганьняў зь дзюдо, я стаяў у пары са старэйшым за мяне хлопцам (мы вывучалі ўнутраную падсечку) і замест таго, каб падсекчы ягоную нагу, я акурат пяткаю патрапіў яму ў прамежнасьць. Божачкі, як ён крычаў, як ён пакутаваў, бо падсечку я рабіў зь вялікім стараньнем і моцаю — я ўжо быў дзюдаістам са стажам. Хлопца забрала хуткая. Мама потым увесь вечар маўчала. Калі б я гэтага хлопца дзе-небудзь пабачыў, дык абавязкова прабачыўся б, спадзяюся, што ён жывы-здаровы і ў яго шмат прыгожых дзетак.