На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
— Бедная, бедная Лайма, даруй мне, калі ласка, даруй, — мужчына гладзіў яе й паўтараў адны і тыя ж словы, а Лайма лашчылася да яго, прыціскалася жыватом да лінолеума...
Нельга было марудзіць, мама й жонка ўжо плакалі, я сам ледзь стрымліваўся... Мужчына падняўся з кален, зьняў абутак і накіраваўся на кухню, а Лайма пабегла побач зь ім, варушачы хвастом, нібы тактамэтрам...
Лайма. Яна зьявілася ў нас сямнаццаць год таму, калі мне было дзевяць... Мама прынесла з працы маленечкі камячок поўсьці, памерам з мышанё... Малое дрыжэла й скуголіла, было яму нібыта некалькі тыдняў... Мы потым даведаліся, што Лайма — керн
Лайміна поўсьць расла вельмі хутка, таму я любіў рабіць зь яе розныя дзіўныя фрызуры: летам Лайма хадзіла з чырвоным іракезам на галаве, восеньню была сьціпла пафарбаваная ў "каштанавы" й з падстрыжанай пыскай. Мы ўсе яе вельмі любілі, а яна любіла на лецішчы паляваць на кратоў і мышэй, зьбірала іх у радок, а потым закопвала. На Нарачы яна асабліва вялікае задавальненьне атрымлівала ад вэнджанага вугра, яе расплюшчвала, расьцягвала па зямлі ад ягонага смаку, а потым палову вечара яна была нібыта ўся на ўздыме... Вар’ятка...
Мы расьлі, сталелі, сабака старэла. Калі ёй споўнілася дзесяць, вэтэрынар паставіў дыягназ: эпілепсія — максымум два месяцы... Я набыў ёй спэцыяльныя капсулы зь вітамінамі В6 і В12... Кожны дзень яна праходзіла ў мяне голкавую тэрапію — два кубы вітамінаў у азадак... Яна выкараскалася, толькі прыступы засталіся. Радзей, вядома, але засталіся — яе пачынала ўсю круціць, яна скуголіла, сьліна цякла няспынна, паралюшы з кожным разам даваліся ўсё цяжэй... Спаралюшаная Лайма — відовішча вельмі цяжкае, жудаснае. Мы тады па чарзе сядзелі побач зь ёю, гладзілі, давалі пігулкі, распушчаныя ў вадзе, чакалі, трымаючы за лапы, пакуль пройдзе прыступ...
Але ішлі гады, а Лайма быццам усё аспрэчвала свой сабачы век... Ейныя пятнаццаць год ніякім чынам не адбіваліся на спрыце й жыцьцялюбстве. Доктар выявіў шматлікія пухліны, але ня шкодныя для здароўя, і ўжо другі раз прапанаваў супакаяльны ўкол. Мы адмовіліся: сабака мусіць памерці сваёй сьмерцю... Мы ня маем права адбіраць у яе жыцьцё... Пухліны расьлі, множыліся, але Лайма паводзіла сябе файна й трывала. Хтосьці казаў, што такім чынам яна брала ад маёй хворай маці рак на сябе. Хто ведае. Хто ведае...
Неяк Лайма выбегла ўвечары на вуліцу, дзе каля пад’езда яе напаткала аўчарка, і, як вынік, — 42 швы на шыі. Калі мы беглі зь ёю дадому, яна ляжала на маіх руках, не варушылася, галава вісела на нейкай танюткай нітцы, як потым высьветлілася, — адзінай ацалелай цягліцы... 42 швы на шыі дыямэтрам зь пяць сантымэтраў! Яна доўга ачуньвала, месяц, два... Вялікія шнары цалкам не зажылі, але пакрыліся пухлінамі, якія час ад часу лопаліся. Але Лайма нічога нібыта не заўважала, яна гаўкала, бегала па двары, махала хвастом, езьдзіла на лецішча... Яна трывала ўсё. Але, калі я вярнуўся зь Лёндану, мы зь ёй пачалі сварыцца з-за любых дробязяў. Яна мне помсьціла... Сікала то на канапу, то на дыван. Я яе ганяў за гэта, але надалей, па маім вяртаньні з Ваймара, нашыя адносіны цалкам сапсаваліся: яна гаўкала й рыкала на мяне, нават калі я проста быў дома, нават калі не заходзіў і не выходзіў з кватэры. Яе адолеў сабачы маразм,
яна пазнавала толькі маці, часта прачыналася ноччу й гаўкала, скуголіла... Прыступы паралюшу сталі больш частымі... Пухліны расьлі, асабліва тая, што была ззаду...Калі я быў яшчэ падшыванцам, я часта ўсіх нэрваваў сваім клярнэтам: граў на ім зададзеныя настаўнікам п’ескі. І адзінай жывой істотай, якая з задавальненьнем успрымала мае музычныя пакуты, была Лайма. Яна хуценька забягала ў пакой і пачынала выць, задраўшы голаў да столі: выла, скуголіла й нават час ад часу трапляла ў ноты, але такт заўсёды трымала спраўна...
Калі Лайма была зусім яшчэ шчанюком, нас з братам адвезьлі на ўсё лета да бабулі ў вёску, дзе было невялічкае штучнае возера, адкапанае яшчэ пры нейкім безыменным сакратары ЦК КПСС БССР. Была на возеры выспа, да якой вёў мост без парэнчаў. З гэтага маста ўсе любілі скакаць. Мы з братам вырашылі, што будзе надта файна, калі мы навучым сабаку плаваць... Лайма й паляцела з гэтага маста адразу ў ваду. Доўга яе не было бачна, але потым зьявілася галава, тоненькія лапкі, і яна, ледзь дыхаючы, паплыла да берага. Адтуль яна, абтросшы ваду, зьбегла... Цэлы дзень яе шукалі, клікалі, але безвынікова. Толькі пад вечар яе знайшлі ў гушчары недалёка ад калгаснай сталоўкі, яна глядзела на нас з папрокам і скаргай... Мы яшчэ доўга выбачаліся перад ёю, але нам гэта даравалася праз маленькі ўзрост (шэсьць і дзевяць год): мы сапраўды лічылі, што менавіта такім чынам трэба вучыць сабак плаваць, але што намі кіравала, калі мы ўжо даволі дарослымі ёлупнямі накурвалі яе травою, зацягваючыся й выдзімаючы ёй дым у пысу, пасьля чаго яна нават ня здольная была скокнуць на канапу, ляжала на падлозе й нібыта размаўляла...
Дваццаць дзявятага чэрвеня. Ёй — сямнаццаць год. Яна ўжо тры дні як шалёна пакутавала, абязбольвальныя не дапамагалі... Да яе прыехаў вэтэрынар, яна яго пазнала, але зьдзівілася, чаму гэта доктар прыехаў упершыню да яе ў кватэру, замест таго каб мы яе на машыне адвезьлі...
Спачатку яна заснула, потым доктар доўга шукаў вену, яны былі як нітачкі... Вена была знойдзеная, і дваццаць кубоў вадкасьці, якая несла ў сабе сьмерць, пацяклі па венах... Лайму пачало моцна круціць, нібыта ў прыступе паралюшу, я трымаў яе лапы, цела, голаў... Яе вочы больш нічога не казалі, я паклаў далонь на яе грудную клетку, адчуў, як сутарга сьціскае лёгкія... Адчуў, як праз колькі сэкундаў спынілася сэрца, і яна ўжо ня дыхала, толькі рэфлексы цягліц яшчэ спрацоўвалі...
— Прабач, Лайма, прабач, — прамовіў я, — пакуль, дарагая сабачка, мы з табою пражылі шмат гадоў, нават зашмат для сабакі... Я вельмі спадзяюся, што ты цяпер у тым самым Парадысе, дзе табе ня трэба больш гаўкаць, калі цябе выпадкова зачыняюць у пакоі... што там перад табою ўсе дзьверы лёгка адчыняюцца і ты ня вымушаная чакаць, калі хтосьці зь людзей гэта зробіць для цябе... і паўсюль талеркі з каўбасой "Па-гродзенску", нарэзанай кубікамі, як ты любіш, талеркі з крабавымі палачкамі й вэнджаным вугром... і там табе ня трэба трываць і чакаць, пакуль твой гаспадар прыйдзе й выгуляе альбо пакорміць цябе... ты цяпер у тым самым месцы, дзе няма прыступаў паралюшу, пухлін, вялікіх сабак і дажджоў, якіх ты вельмі не любіла... там толькі адчыненыя наросхрыст дзьверы.
15 — 17.08.2011
Сяліба на Нёмане