Чтение онлайн

ЖАНРЫ

На крок назад, на дзень наперад

Календа Сяргей

Шрифт:

Я быў сэнтымэнтальным дзіцёнкам, плакаў на сярэдзіне "Дзюймовачкі", мама гэтую кнігу так да канца мне не дачытала, бо як толькі яна даходзіла да месца з жабамі й прывабнай маленькай дзяўчынкай - гамон, сьлёзы так і ліліся. Але цяпер пакутаў і трагедый у мяне пабольшала: я пачаў плакаць па нулявой клясе, якая ўжо ў мінулым, а таксама аплакваць сваё сталеньне; першая кляса — гэта ня жарты.

Звычайна ўсе дзеці йшлі ў школу, калі ім спаўнялася шэсьць год. Мяне таксама ўзялі вучыцца ў гэтым узросьце, але ў мяне была адна, так бы мовіць, хіба... Я прыйшоў да дырэктара з падстрыжаным да каранёў чубам й нагадваў закатаванага дзіцёнка. Дырэктар паглядзеў на мяне, сумна так, скрушна... Мама не разгубілася: "Ой, прабачце, гэта мой Геранька ўчора на галаву сабе плястылін наляпіў і, пакуль я ня бачыла, паадразаў яго нажніцамі разам з валасамі. Я яму, боўдзілу, кажу, трэ' было ў ванну пад гарачую ваду, усё б і размокла!"...

Мне прапанавалі палічыць да ста. Я далічыў да сарака. Дырэктар уздыхнуў, і мне было наканавана пайсьці ў першую клясу ў наступным годзе. Так я трапіў у нулявую клясу... Гэта свайго кшталту дзіцячы садок, са сваёю "прадлёнкаю", запяканкай і "ціхім часам". Адзнакі нам давалі вялікія, кардонныя й каляровыя: палічыў да пяцідзесяці - атрымай кардонную "5", чырвоную, пругкую, жаданую...

Мераю розуму на той час былі загадкі, іх загадваньне і разгадваньне культывавалася яшчэ да школы. З загадкамі ў мяне звычайна было ня надта, мне часта падказвалі... Чарговы раз я ня мог адгадаць "васілёк", пачуў збоку шэпт, выгукнуў правільны адказ. Настаўніца-выхавацелька ашалела ажно! Гераня даў правільны адказ!.. Дастала вялікую чырвоную кардонку ў форме "пяцёркі"... першую ў маім жыцьці!.. нясе мне... я цягну да яе рукі... а тут раптам настаўніца пытаецца: "Геранька, а ты сам адказаў альбо хтосьці падказаў?"... у мяне сэрца спынілася, вочы бегаюць, думаю, што адказаць... кажу: "Падказалі!" Настаўніца вярнулася да стала й схавала кардонку ў тэчку... І толькі ў наступным годзе ў сапраўднай першай клясе я атрымаў сваю пяцёрку, але што гэта было — намаляваная ў дзёньніку лічба, якая ніколі не параўнаецца з той, амаль мітычнай, жаданай, кардоннай, чырвонай.

1-га верасьня. Стаю я ў сінім гарнітуры, трымаю ў руцэ чырвоныя гвазьдзікі (ненавіджу гвазьдзікі — кветка савецкага застою), школа беларускамоўная, старшаклясьнікі падыходзяць да нас, падшыванцаў, дораць кнігі, ціснуць рукі, віншуюць з пачаткам, а мы ў адказ дорым ім гвазьдзікі... І мне, вядома, пашчасьціла, мне падарылі кнігу Мікалая Чаргінца "Приказ №1"... Я гляджу — на вокладцы ваенныя, партызаны, дадому яе прынёс, на форзацы яшчэ было напісана нейкім адзінаццаціклясьнікам пошлае рымаванае чатырохрадкоўе пра тое, што вучоба робіць з нас людзей, дата й подпіс... Калі я быў ужо ў дзявятай клясе, гэтая кніга пайшла ў сьметнік, дакладней — у агонь разам з астатняй макулятурай... Мой бацька тады знайшоў усе лісты да маці, што напісаў за тры гады вайсковай службы ў Разані, дадаў да іх колькі кепскіх кніг і вырашыў "пачысьціць" кладоўку... Полымя забаўляла ўвесь двор ажно да позьняй ночы... Спалілі кіляграмы непатрэбшчыны ў закінутай пясочніцы.

Зь першага верасьня пачаліся мае пакутлівыя вечары, калі я сядзеў за пісьмовым сталом і спрабаваў пісаць пропісі: вузельчыкі, кручочкі, шляпкі грыбкоў... Перада мною стаяў стары касэтны магнітафон з адламанай кнопкай перамоткі наперад, на талерцы — у найлепшым выпадку халва, альбо печыва, альбо кавалачак белага хлеба з варэньнем, малако, зэдлік пада мною, скрыпучы, з адной разбаўтанай ножкаю. Звычайна я нагою боўтаў і час ад часу трапляў па адным з тамоў Карла Маркса "Капітал", якія выконвалі ролю апоры для аднаго боку стала, бо той быў стары й кожную хвіліну пагражаў разваліцца. Пісаць вельмі не хацелася, і я часта аддаляўся ў свае мары й думкі, утаропіўшыся ў жоўтае сьвятло лямпачкі таршэра, аздобленага парваным абажурам. Мама сядзела на сваім ложку сьпінаю да сьцяны, на якой вісеў чырвоны дыван; яна альбо вязала, альбо чытала, тата спаў альбо чытаў газэту, лежачы побач з мамаю. Зь левага боку ад мяне стаяў наш з братам двухпавярховы ложак, унізе спаў брат, а я сядзеў гадзінамі і ўсё ніяк ня мог скончыць са сваімі пропісямі.

Першая суседка па парце, якая кожны дзень паказвала мне, як рыбка заплывае ў пячорку (указальным пальцам тыкала ў кулак, пахабна так, з намёкам)... Я чырванеў, але ня надта каб саромеўся... Звалі яе Наста, а прозьвішча ў яе было дзіўнае — Маргалік, калі чытаць яго з канца, атрымлівалася "кілаграм". Яна й выглядала на кіляграм, худзенькая, сьветлавалосая... Мне зь ёю падабалася сядзець, нават была нейкая дзіцячая сымпатыя да яе, нягледзячы на тое, што я ўжо быў закаханы ў Вольгу Белую, страйнюткую высокую дзяўчынку з блакітнымі вачыма...

Першы квадратны заплечнік са штучнай скуры, які моцна ціснуў на плечы скрозь чорнае футра, дакладней, чорны кажух, якога я жах як саромеўся... Кажух калоўся й не даваў волі рухам, быў стары й падраны, месцамі перашыты й паедзены мольлю.

Першы сіні гарнітур і калготы, якія бацькі прымушалі апранаць узімку... Пакуты працягваліся на фізкультуры ў распранальні: здымаеш сінія штаны, а там — калготы... Рогат мусіў стаяць па ўсім пакоі, але... усе здымалі штаны й стаялі ў калготах — з каго тут сьмяяцца.

Я ненавідзеў фізкультуру за тое, што мы гулялі ў "Фігура замры", гаўняную гульню, якая пачыналася са словаў: "Море волнуется раз, море волнуется два, море волнуется три, морская фигура замри". Я, ляць яго, ніколі не пасьпяваў "застыць",

як належыць, і кожны раз прайграваў у самым пачатку... Лепей бы ўжо давалі гуляць у футбол альбо баскетбол... Трэ' адзначыць, што ў "Фігура замры" кожны раз перамагала Вольга, і гэта мяне яшчэ больш злавала.

Таксама я, як і большасьць дзяцей, марыў быць акторам, здымацца ў кіно, граць у тэатры... Таму, калі на калядным ранішніку адзін з удзельнікаў прадстаўленьня для бацькоў захварэў, я, нават не разважаючы, пагадзіўся заняць яго месца, ня ведаючы да апошняга, што трэба будзе рабіць... Так я апынуўся сракаю каня... Разьвітальная песьня "Дадому, дахаты" мусіла выконвацца пад выдатны танец каня, які складаўся з двух дзяцей, накрытых карычневым пледам, мой аднаклясьнік быў перадам, трымаў галаву каня на палцы й вырабляў штукі пярэднімі "капытамі", я, у сваю чаргу, трымаючыся за талію хлопца, упёршыся галавою яму ў азадак і сагнуўшыся долу, ледзь пасьпяваў перасоўваць ногі... На наступны дзень я адмовіўся быць акторам і па традыцыі, заведзенай з часоў Гагарына, пачаў марыць пра касманаўтыку, якая, я быў упэўнены, ніколі б не прымусіла мяне быць сракаю каня.

У другой клясе мы ўсе ўжо вызначыліся зь сябрамі, я зблізіўся з Вовам, Ільлём, Сашам і Косьцем. Мы ўтварылі нешта накшталт маленькай банды, старэйшыя нас не чапалі, а я пасьпяваў ганяць кепскага аднаклясьніка Рыгора.

У нашым асяродзьдзі нават зьявілася першая багатая дзяўчынка, яна распавядала, як езьдзіла ў Баўгарыю. Гэта для нас было такім далёкім і неверагодным... такім жаданым і незразумелым... ажно захоплівала дыханьне. Баўгарыя на той "фанцікаўскі" час была Мэккаю для заможных беларусаў... Ганна сябравала са мною, бо я ганяў Рыгора, які зьдзекаваўся зь яе, маляваў карыкатуры, падкрэсьліваючы ейную паўнату... Ганна мне шмат чаго распавядала й давала гуляць пасьля ўрокаў зь "вясёлкай"...

Спружынка "вясёлка", альбо "сьлінка" (ад ангельскага Slinky), была маім першым вялікім захапленьнем, вядома, пасьля электроннай гульні "Ну, погоди", дзе воўк зьбірае яйкі, а заяц яму перашкаджае... Гэтыя спружынкі, мэталічныя й непафарбаваныя, зьявіліся ў Амэрыцы яшчэ ў саракавых гадах і выкарыстоўваліся як псыхатэрапэўтычны сродак, у дзевяностых ужо кітайцы пачалі выпускаць "сьлінкі", каляровыя й плястыкавыя, розных формаў і памераў. Мы любілі клясыку — круглую форму, бо яна так ладна магла хадзіць па прыступках... На доўгіх перапынках мы толькі й назіралі, як Ганна спускала зь лесьвіцы замежную "сьлінку", а потым гэта рабіў я, няўклюдна, але ж.

Праз колькі месяцаў "вясёлкі" ўжо прадавалі паўсюль: у крамах, шапіках, разам з плястыкавым штучным гаўном, зь вішнёвымі й чакаляднымі цыгарэтамі Кэптан Блэк, доўгімі цыгарэтамі Мор, але гэтыя забаўкі, як і "чарніла", прыйшлі да нас у шостай клясе. А так — была другая кляса, прамакаткі зьніклі разам з атрамантавымі пёрамі, толькі настаўніцы яшчэ выводзілі адзнакі ў журнале, падкладаючы пад руку прамакатку, якая цяпер хутчэй нагадала б аркушык туалетнай паперы...

У трэцяй клясе я пачаў спаўзаць на тройкі, мяне не цікавіла вучоба, я рос і паступова ператвараўся ў боўдзілу... Я пасьпеў зламаць аб парту пярэдні зуб, ён так і застаўся тырчэць у дрэве... Цяпер, калі ўсьміхаўся, я нагадваў нейкага сьветлага бяззубага цыганёнка-байструка. Але паламаны зуб дазволіў мне аглушальна сьвістаць. Пазьней неяк на перапынку я бегаў па вуліцы за дзяўчатамі й расьсёк калена — пяць швоў. Я пачаў кульгаць і сьвістаць. Маю беларускамоўную клясу расфарміроўвалі, набліжаўся грэбаны "новы" час для краіны... Я мусіў зь верасьня вучыцца ў іншай школе, якая месьцілася непадалёк ад майго дому. Чаму я адразу туды не пайшоў?.. Па-першае, менавіта ў той школе я ўпершыню стаяў перад дырэктарам з падстрыжанымі пасьля плястыліну валасамі й спрабаваў палічыць да ста... й па-другое, мы імкнуліся вучыцца па-беларуску... і новыя пакуты, самыя значныя для мяне, — гэта магічным чынам хутка перайсьці зь беларускай тэрміналёгіі на расейскую, але як у матэматыцы для мяне былі свае назвы, так яны і засталіся па сёньняшні дзень. А пра гісторыю Беларусі я проста прамаўчу.

Трэцяя кляса асабліва адзначылася асэнсаваным праглядам фільма "Экзарцыст"... У дзяцінстве мне надарылася пабачыць колькі кадраў з гэтага эпахальнага кіно: калі я выпадкова прачнуўся ноччу, бацькі якраз глядзелі той эпізод, калі ў дзяўчынкі-сатаны пачала круціцца вакол восі галава... Я ледзь не набрудзіў у ложак! Асэнсаваны прагляд у трэцяй клясе зьдзейсьніўся такім чынам: агульная заля, менская трохпакаёўка, бабуля жагнаецца, ускрыквае й заплюшчвае вочы, прыгаворваючы: "Божачкі, спасі, Божа, сахрані", бацька нэрвуецца й выганяе яе з пакоя, каб не перашкаджала глядзець, маці прыкрыквае на бацьку, каб маўчаў... Я нібыта гуляюся ў калідоры й адмаўляюся йсьці спаць, а сам падглядаю... Што сказаць, гэта быў мой першы фільм жахаў, ад якога мяне й да гэтага часу кідае ў сутаргі. Потым адзін за адным зьявіліся іншыя жахі — другая частка "Паўсталых зь пекла" й першая частка "Жаху на вуліцы Вязаў"... З "Паўсталымі" ў мяне да гэтага часу свае рахункі, без алькаголю гэты фільм не ўспрымаецца як мае быць...

Поделиться с друзьями: