На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
Потым надышло дзіўнае, чароўнае лета, калі я цэлы месяц правёў у Шатляндыі... Паездка была арганізаваная з дапамогай пратэстанцкай царквы, бацька мой тады нават быў ня проста шчырым вернікам, але й час ад часу прапаведаваў... маці прыгожа сьпявала гімны... У Шатляндыі я быў настолькі ўражаны іншым укладам жыцьця, што па вяртаньні праплакаў зь пераменным посьпехам зь месяц... А то ж... параўнаць было з чым — вялікія дамы, катэджы й культура, "Fish & Chips" на кожным рагу, Хайлэндз і Лоўлэндз, горы й узгоркі, Паўночны Ледавіты акіян, кілты ў кубікі, дуды й горцы, гучаньне іншай мовы, двухпавярховыя аўтобусы бяз дахаў, палацы, вежы, зайцы па пагорках скачуць... Дома ж карціна не абнадзейвала — крызіс, бедната, шэрыя блёчныя шматпавярховікі, Біл Клінтан прыязджаў на плошчу Перамогі... Мая сям’я яшчэ год наведвала царкву, пакуль брат ня зьезьдзіў у Лёндан па той жа праграме — царкоўная дапамога дзецям, якія нарадзіліся пасьля Чарнобыльскай аварыі. А потым
Новы верасень, новая школа, спэцкляса па ангельскай, кляса, разьдзеленая на групы, нас называюць элітай. Толькі пазьней я даведаюся, што гэта тычылася не мяне, а сына галоўнага судзьдзі Менску, унука будучага кандыдата ў прэзыдэнты. Файна я трапіў: усе аднаклясьнікі былі добра абароненыя бацькоўскімі грашыма й прафэсіямі — журналісты, дактары, бізнэсоўцы, банкіры, замежнікі, хімікі, фізыкі, настаўнікі.
На пачатку чацьвёртай клясы я ўдзельнічаў у алімпіядзе па матэматыцы, у пераможцы не прабіўся, але адзначыўся.
Каб клясны кіраўнік вылучыў на алімпіяду, трэба было гэта заслужыць...
Але напрыканцы пятай клясы мяне хацелі пакінуць на другі год праз тую ж матэматыку. Бацькі пазычылі шмат грошай, і я цэлы год наведваў заняткі ў рэпэтытара...
Як я быў здольны ўдзельнічаць у алімпіядах і амаль адначасова быць пад пагрозай застацца на другі год?! Яшчэ зусім нядаўна бацькам прапаноўвалі, каб я пераскочыў з трэцяй клясы адразу ў пятую... а тут...
Але ўсе турботы зьнікалі, калі ў групах падчас урокаў ангельскай мовы мы вучылі вершыкі й песьні:
My heart’s in the Highlands, my heart is not here; [2] My heart’s in the Highlands a-chasing the deer; A-chasing the wild-deer, and following the roe, My heart’s in the Highlands wherever I go. Farewell to the Highlands, farewell to the North, The birth-place of Valour, the country of Worth; Wherever I wander, wherever I rove, The hills of the Highlands for ever I love. My heart’s in the Highlands, my heart is not here; My heart’s in the Highlands a-chasing the deer; A-chasing the wild-deer, and following the roe, My heart’s in the Highlands wherever I go. Farewell to the mountains high covered with snow; Farewell to the straths and green valleys below; Farewell to the forests and wild-hanging woods; Farewell to the torrents and loud-pouring floods. My heart’s in the Highlands, my heart is not here; My heart’s in the Highlands a-chasing the deer; A-chasing the wild-deer, and following the roe, My heart’s in the Highlands wherever I go.Таксама моцна трымала песенька пра Боні:
My Bonnie lies over the ocean [3] My Bonnie lies over the sea My Bonnie lies over the ocean Oh bring back my Bonnie to me Refrain: Bring back, bring back Bring back my Bonnie to me, to me Bring back, bring back Bring back my Bonnie to me Last night as I lay on my pillow Last night as I lay on my bed Last night as I lay on my pillow I dreamt that my Bonnie was dead Oh blow the winds o’er the ocean And blow the winds o’er the sea Oh blow the winds o’er the ocean And bring back my Bonnie to me The winds have blown over the ocean The winds have blown over the sea The winds have blown over the ocean And brought back my Bonnie to meТак ужо стараліся, цягнулі гэтыя дыфтонгі, язык да нёба ліпнуў, сьпявалі, крыўляліся,
нібы малпы, пазіраючы на настаўніцу ангельскай і кляснага кіраўніка ў адной асобе... Дзіўная жанчына, часта з-пад ейнай спадніцы была бачная "камбінашка", белая з вышытымі пастэльнымі ружамі.Я хварэў на Брытанію, я марыў пра Англію... Бацькі звычайна казалі, што трэба вучыць мовы, гэта абавязкова спатрэбіцца.
Ізноў надышла зіма, я яе люта не любіў, бо насіў паедзены мольлю стары чорны кажух. Кожны раз, калі заканчваліся заняткі, я, замест таго каб ісьці гуляць у сьнежкі з усімі, намагаўся як мага хутчэй выскачыць са школы, пакуль мяне не заўважылі ў гэтай жудаснай вопратцы, і куляю бег дадому... Аднойчы аднаклясьнікі мяне нагналі, іх была амаль цэлая кляса... Я спалохаўся, што цяпер да канца жыцьця буду абсьмяяны за гэты кажух... але ніхто нічога не заўважыў! Я быў агаломшаны — ніхто нічога не заўважыў!!! ...Мы амаль да цёмна гулялі ў сьнежкі, раўлі, дурэлі ўсе разам... і мяне нарэшце адпусьціла вусьціш, я зразумеў, што змагу вучыцца ў новай школе, у новай клясе, з новымі сябрамі.
А потым хутка скончылася пятая кляса, я пасьпяхова перавёўся ў шостую, навучыўся паліць, ледзь не памёр ад першай цыгарэты, а мае бацькі ў траўні атрымалі лецішча і пачалі на ім працаваць...
Першае лецішча было ў Ласях, што ў кірунку Маладэчна. 12 сотак, бацькам у той час было каля трыццаці год. Зямлі зашмат як на дваіх дарослых і двух малых, але што паробіш. Спачатку энтузіязму хапала на тое, каб падтрымліваць праполатымі й засаджанымі пяць сотак з пахілым парніком й разваленым летнім домікам. Бацька здолеў толькі выкапаць бульдозэрам вялікі катлаван — месца пад мур для трохпавярховага дому... Гэты катлаван, напэўна, і да гэтага часу залівае вадою, там гадуюцца жабы... Так бы мовіць, прыватная сажалка атрымалася.
Суседзі з бакоў, як і зьверху (а нашае лецішча нібыта спускалася з гары й было каля шашы), спрэс былі старэйшыя за ўсю нашую сям’ю, разам узятую, калі не ўдвая, то ў паўтара раза дакладна. Мелі яны шмат сыноў і дачок, унукаў і ўнучак, працавалі з імпэтам — будавалі харомы й палацы, садзілі блакітныя елкі й узводзілі альтанкі й парнікі... Мы на ўсё гэта пазіралі сарамліва й стараліся як мага лепей даглядаць сваю зямлю. Але адным пальцам вузла не завяжаш. Каб былі мы з братам дарослымі, мо' штосьці пайшло б па-іншаму... а так усё, што нам, малым, было наканавана, — зьбіраць кіслыя парэчкі й даглядаць сабаку, каб той ня рыў кратовыя норы пад кустамі й не псаваў грады.
Самыя няўдзячныя ягады — парэчкі: сядзіш пад кустом, брудны, стомлены, у галаву пячэ, зьбіраеш чырвоныя пацеры, а іх шмат, нават зашмат, і пад’есьці ня здольны — хто ж будзе есьці гэтыя кіслыя парэчкі... Адным словам, пакуты, а тады яшчэ ўсю зіму сочыва з гэтых ягад есьць — жах!
Потым лецішча пакрысе стала закінутым, парасло бярозамі й хрэнам, які разрастаўся, як пустазельле, разам з маліньнікам... Карацей, адабралі ў нас зямлю за недагляд, і мы апынуліся вольнымі ад гэтай маруднай апрацоўкі цаліны, узараная зямля якой пасьля кожнага дажджу сьцякала са схілаў да шашы.
Праз дванаццаць год у нас зьявілася новае лецішча, каля Сяргееўскага вадасховішча, разьмешчанае крыху бліжэй да Менску, у два разы меншае па плошчы — шэсьць сотак з утульным летнім домікам. Вакол — лес, вада, рыба, грыбы, дзікія жывёлы й мы... але ўжо дарослыя й здольныя працаваць. Бацькі адразу накінуліся на зьбіраньне грыбоў і ягад...
Чалавек у крыві, у генах мае жарсьць да зьбіральніцтва. Як там было ў старажытнасьці, чым займаліся?.. Так, зьбіральніцтва, рыбалоўства, паляваньне... Але я не трываю такіх справаў. Мне нецікава й самотна швэндацца па лесе, шукаючы ягады й грыбы, я дзіця ўрбанізацыі. Бацькі любілі прывозіць дадому шмат назьбіраных масьлятаў, груздоў, сыраежак і лісічак, навозілі ягад... Усё гэта перабіралася, варылася, закатвалася.
Сёмая кляса... Мы зноў ішлі ў школу, а разам з намі йшоў дождж, быў кастрычнік. Восень, забруджаная апалым лісьцем на волкай скуры зямлі, чорнымі плямамі глядзела нам у вочы, мы былі стомленыя, нявыспаныя, незадаволеныя, разьюшаныя, змушаныя па адной і той жа сьцяжынцы крочыць да сьвятла розуму, да "новых ведаў", якія збольшага складаліся зь непатрэбных рэчаў — іх вызначылі нейкія тоўстыя мужчыны ў працёртых гарнітурах, недзе там, на далёкіх дзяржаўных сходах.
Восеньню мне зноў было не да вучобы: гульні ў бутэлечку на пацалункі, цыгарэты й віно адцягвалі амаль усю ўвагу, але больш за ўсё часу я пачаў выдаткоўваць на гульні ў першую ў сваім жыцьці прыстаўку, якую дзядзька неяк прыцягнуў дадому й уключыў у наш тэлевізар "Віцязь". Тэлевізар паказваў гульні толькі ў чорна-белым зь зялёным адценьнем фармаце... Дзядзька Сяргей старэйшы за мяне толькі на шэсьць год, таму мы адзін аднаго вельмі добра разумелі, суткамі рэзаліся ў гонкі й стратэгіі... Маці сварылася й ганяла нас, але якое там... Кока-кола й чыпсы, сьнікерс і картрыдж з новай гульнёй — і ўсё, гамон прыватнаму жыцьцю: вочы чырвоныя, апухлыя, трыццаць дзьве гадзіны. Гэта ня жарт. Затое новы ўзровень пройдзены, коды запісаныя, ёсьць магчымасьць прыснуць на якую гадзінку, а потым ізноў у бойку...