На крок назад, на дзень наперад
Шрифт:
Маральныя каштоўнасьці былі на пэрыфэрыі мозгу, намі кіравалі падлеткавы імпэт, рок і алькаголь. Але ў нас усё роўна атрымлівалася расьці й станавіцца кімсьці істотным... з адукацыяй і вераю ў нешта ідэальнае, нягледзячы ні на што...
А тым часам мясцовыя панкі выходзілі з турмаў, сканчалі вячэрнія школы, станавіліся больш-менш падобнымі да людзей альбо сьпіваліся, альбо хіпавалі й наркаманілі, альбо, як мясцовы Верабей, ператвараліся ў адвакатаў — Віктараў Аляксандравічаў... Я таксама рос, і панк з рокам ужо ня вабілі, я захапляўся хардкорам, але, па сутнасьці, зьмяняліся не музычныя густы, а толькі вопратка. Ідэі андэграўнду, суб- і контркультурнасьці засталіся. Я адгадаваў доўгія валасы і перажываў першае сапраўднае, моцнае каханьне, якое было старэйшае за мяне на год і вышэйшае
У старэйшых клясах нам выпала віншаваць вэтэранаў з круглаю датай заканчэньня Другой сусьветнай. Мы цягаліся па кватэрах зь лістамі ў форме трохкутнікаў, нібыта лістамі з фронту, дзе было напісанае традыцыйнае віншаваньне ад прэзыдэнта й краіны... мы слухалі дзіўныя гісторыі, апранутыя ў форму радавых... вэтэраны радаваліся, плакалі, паціскалі нам рукі... мы ім уручалі кветкі (бэз) і сыходзілі... на той час у маім раёне жыло каля дзьвюх тысяч такіх самотных вэтэранаў, але з кожным годам іх колькасьць памяншалася на сорак адсоткаў... пасьля віншаваньняў мы абавязкова сумна выпівалі ў напаўцёмным дворыку.
А потым, калі ў краіне зьявіўся першы мабільны апэратар Velcom, мяне да яго падключылі. Гэта быў падарунак на дзень народзінаў, і я атрымаў сваю першую мабілку... Не папса, як я лічыў, пазіраючы на тое, як людзі цягаюць свае вялікія Nokia, якія не зьмяшчаліся ў кішэнях і боўталіся ў футаралах на паясох як мужчын, так і жанчын... у мяне была Motorola c200 - а то ж, нават нейкая мадыфікаваная падмадэль, з антэнкаю вонкі, амаль мініяцюрная... Але яна не ратавала ад нечаканых выбрыкаў жыцьця, як вялікая Nokia, напрыклад. У майго сябра ўвечары нейкія гопнікі зьбіраліся адабраць сноўборд, дык ён сваёю Nokia аднаму з вычварэнцаў павыбіваў пярэднія зубы й нічога, толькі на корпусе мабілкі зьявіліся сьляды паламаных зубоў. Мая мабілка была на той час элегантнаю й эстэтычнаю, але праз год я ўсё роўна перайшоў на масіўную Nokia, хадзіў і марыў пра тое, як буду ісьці са сваёю дзяўчынаю і, калі падыдуць якія быдла-хлопцы, я ім таксама павыбіваю зубы... але хлопцы не падыходзілі...
І тут нечакана на мяне абрынуўся Стывен Кінг. Я выпадкова набыў ягоную кнігу "Чатыры сэзоны", у якой апавядалася пра школьніка, які вырашыў зьвесьці рахункі з настаўнікамі й аднаклясьнікамі пры дапамозе "абрэза", пра чатырох сяброў, якія знайшлі труп... Я падсьвядома ставіў на месцы герояў сябе й перачытваў гэтую кнігу... Так, напэўна, можна сказаць, што менавіта гэтая кніга абудзіла ўва мне думкі й жаданьне пачаць пісаць самому. Ужо тады я напісаў апавяданьне ў сваім школьным сшытку па матэматыцы. Сюжэт быў просты — чатыры сябры выпраўляюцца ў лес... і там разьвіваецца містычна-трылерны сюжэт... Апавяданьне дзесьці згубілася, літаратурныя ўзоры зьмяніліся.
Я рос, і мне патрэбныя былі грошы, шмат грошай, бо тых, што я атрымліваў ад бацькоў на школьную сталоўку, было замала. Я ўжо не зарабляў на файных адзнаках, гэта засталося ў сярэдніх клясах, таксама, як і праца на праполцы буракоў летам у калгасах. Так, я хацеў ужо самастойнасьці... хацеў сапраўднай працы... таму пайшоў на курсы цырульнікаў, тым болей, што клярнэт я закінуў, а праз год мусіла пачацца падрыхтоўка да іспытаў у мэдычны ўнівэрсытэт...
Адзінаццатая кляса запомнілася грандыёзным піцьцём, незвычайнымі сяброўкамі, якіх клікалі Заноза й Адрыжка, а таксама, лютаю зімою... бо, калі тэмпэратура на дварэ апускаецца ніжэй за дваццаць пяць градусаў і сьнегу шмат, вядома, зранку ніякая школа ня сьвеціць. Значыць, зьяўляецца нагода нажлукціцца. На вуліцы сьнегу да шыі, гурбы вышэй за два мэтры... але гэта пасуе абставінам і жаданьням — трэба проста легчы ў гурбу, зрабіўшы зь яе сьнежны фатэль, дастаць пляшку шнапсу й да раніцы піць... Сьнег някепска грэе, гарэлка трымае ў пэўным стане, ты нібы не п’янееш...
Пад канец адзінаццатай клясы я мусіў вынесьці для сябе нейкія веды, нейкі розум, але будучыня бачылася цьмянай, хоць і насычанай плянамі... З ангельскай клясы я запомніў адзін сказ: "Learning foreign languages gives us opportunity not to lag behind the time" [4]. Але гэта, па сутнасьці, лухта.
3.09. — 18.09.2011
Менск — Львоў
[1] "З
усіх заганаў самая жудасная... напісалі?" (ням.)[2] Верш Робэрта Бёрнса (1759 — 1796) "Маё сэрца ў Высакагор'ях"
[3] Шатляндзкая народная песьня
[4] Вывучэньне замежных моваў дае нам магчымасьць не апынуцца па-за сучаснасьцю (з анг.).
...чым далей прасоўваецца гэты аповед,
тым болей я яго адчуваю невычэрпным.
Ён бясконцы, як сама эвалюцыя сьвету.
І ўяўляе зь сябе вывяржэньне ўсяго таямнічага,
падарожжа ў самых неверагодных шыротах —
пакуль у нейкай кропцы раптам не пачнеш разумець, што тое,
што апавядаецца, ня так істотна, як сам аповед.
Два гады запар я наведваў рэпэтытара па біялёгіі, які рыхтаваў мяне да мэдычнага ўнівэрсытэту. Рэпэтытар была старой жанчынай, выкладчыцай катэдры біялёгіі, насіла парык і брала стос даляраў за гадзіну. Бацька тады зарабляў дастаткова.
Экзамэны прайшлі, я не дабраў да бясплатнага навучаньня аднаго бала, мой лёс мусіў вырашыцца на паўплатным навучаньні. Быў агульны сход абітурыентаў. Пад канец агучылі маё прозьвішча й яшчэ дзьвюх дзяўчат. Абіралі аднаго між намі трыма, хто будзе вучыцца на паўплатным. Абралі дзяўчо зь нейкай вёскі, яна, да таго ж, была сіратою, яе гадавала бабуля.
Я, вядома, ня супраць такіх ільгот, але калі абіраюць паміж гарадзкімі й вяскоўцамі, звычайна больш шанцаў у вяскоўцаў. Чаму так?.. Таму, што ў іх горшая школьная адукацыя? Мне здаецца, па ўсёй краіне настаўнікі аднолькавыя. Гэта ж нейкая пастка, калі вяскоўцы, троечнікі, вучацца ў галоўным ВНУ краіны, а гарадзкія часта выцесьненыя на пэрыфэрыю! Я быў абураны й шакаваны, пакрыўджаны й зьнішчаны... Праз тыдзень я здаў іспыты ў цалкам іншую галіну дзейнасьці, мне было наканавана зь пераменным посьпехам шэсьць год вучыцца на культуроляга на факультэце міжнародных адносінаў у БДУ.
Першы курс быў цьмяны й пасіўны... я амаль не цікавіўся студэнцкім жыцьцём, у мяне была дзяўчына на сем год старэйшая за мяне, з Паўночнай Карэі, лялечная, прывабная... я захапляўся ёю.
Першыя два сэмэстры былі перамяшаныя й скамечаныя, усе студэнты толькі пачыналі разварушвацца, толькі прайшло пасьвячэньне ў новае жыцьцё, але некалькі дэканаў ужо былі мною пакрыўджаныя й абураныя маімі паводзінамі... Добра, што яны мяне больш ніколі ня бачылі з бутэлькаю партвэйна й самакруткай у зубах каля Палацу спорту на вечарынах з нагоды Дня студэнта, інакш, напэўна, пазналі б.
Я атачаўся сябрамі — панкам, алькаголікам, шызафрэнікам, мізантропам і шлёндрай. Мы больш часу бавілі каля нашага зялёнага вучэбнага будынка (называлі яго — хлеў), распальвалі ў кустах агонь (кусты тады былі вялікія й буйныя, сьцяною хавалі пустэчу, якая потым абрасла двума блёчнымі шматпавярховікамі), пілі, распавядалі адно аднаму нейкія гісторыі, спрачаліся, гутарылі пра філязофію й літаратуру, елі танныя бутэрброды з салам, сялёдкай і цыбуляю, пілі пладова-ягаднае з суседняй крамы, якая была нам як маці родная... ванітавалі, спалі... палілі... Мы былі купкай сучаснай моладзі, якая апынулася на ўскрайку, у пэўным маргенэзе (моладзь, не задаволеная жыцьцём, сучаснасьцю й дадзенай свабодай), мы былі яскравымі прадстаўнікамі чагосьці апакаліптычнага, быццам чорныя вершнікі хаосу... Але нам гэта падабалася. Мы верылі ў сябе, у сваю моц, у тое, што мы здольныя на вялікія справы, здольныя скалануць гэтыя антычныя калёны застою й савецкасьці, мы мянялі сьвет, але ён чамусьці не мяняўся. Мы пачыналі зь сябе.