Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Сёньня ў Курапатах – 5-мэтровы Крыж Пакуты, Крыжовая алея, крыжы па пэрымэтры ўрочышча.
Курапацкі Крыж зноў і зноў робіцца нашай сыстэмай каардынатаў. Крыж вяртае нацыю да пачаткаў, да першасных пытаньняў быцьця : жыцьця і сьмерці, ахвяры й памяці, веры ў Ісуса Хрыста – і, нарэшце, пераможнага ўваскрасеньня.
ЛІТОЎСКАЯ МЭТРЫКА
Літоўская Мэтрыка – дзяржаўны архіў канцылярыі ВКЛ XIV – XVIII стагодзьдзяў.
У Літоўскай Мэтрыцы зь беларускай руплівасьцю й цярплівасьцю задакумэнтавана справаводзтва вялікіх князёў, соймаў, судоў, дыпляматычнае ліставаньне, кнігі перапісаў і попісаў войска, гандлёвыя й арэндныя дамовы. Агромністы масіў жывое гісторыі, палітыкі й юрыспрудэнцыі.
Сучаснае
Вывезеная ў 1794 г. расейцамі, зараз Мэтрыка захоўваецца ў Маскве й часткова Варшаве. У пачатку XX ст. свае прэтэнзіі на архіў заявіла Летува – і Вацлаў Ластоўскі, тадышні старшыня Ўраду БНР, нават згадзіўся перадаць ёй усе дакумэнты, напісаныя па-жамойцку. Урачыста падпісалі дамову – але летувісам не дасталося ані аркушу: абсалютная большасьць папераў тут па-беларуску.
Так, Літоўская Мэтрыка – велізарны пласт беларускай мовы: да сярэдзіны XVII ст. ўсе дакуманты афармляліся на-беларускай, і толькі ў апошняе стагодзьдзе адбыўся пераход на польскую й лаціну. У нас не распрацаванае беларускамоўнае справаводзтва? Няма юрыдычнае тэрміналёгіі? Мала сувязяў з эўрапейскім заканадаўствам? Чытайце Мэтрыку, спадарове!
Літоўская Мэтрыка – вось Вялікая Беларуская Энцыкляпэдыя!
Літоўская Мэтрыка – гэта ўсё зьніклае Вялікае княства: можна пачытаць, памацаць, уявіць да драбнюткіх дэталяў. Беларусь, якая страціла амаль усе свае матар'яльныя каштоўнасьці, у якой адабралі й вывезьлі ўсе скарбы, разбурылі храмы й прысабечылі геніяў – захавалася цэлай у слове. Сымбалічна: краіна духовасьці, прывідная й бязважкая, пакінула нам некранутай усю тоўшчу гісторыі ў кнігах.
Напісанае – застаецца.
Літоўская Мэтрыка – поўны збор твораў Залатога веку. Гісторыя, што ўваскрашае Беларусь, ажыўляе беларусаў, збаўляе іх ад забыцьця ў вобразах, так неабходных нам сёньня:
"І ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе."
Калі гісторыя Беларусі прыпадобненая да Бібліі, дык Літоўская Мэтрыка – гэта рыхтык разьдзел "Лікі", поўны сьвятарных лічбаў, правілаў і сьпісаў.
Літоўская Мэтрыка – мэтрычная сыстэма эпохі ВКЛ. Матрыца, якую нам неабходна пералічыць наноў. Матэрыя, зь якой мы мусім аднавіць цывілізацыю Залатога веку. Мацярык, што зноў уздымаецца з глыбіняў гісторыі як Вялікае Княства Літоўскае.
МАГНАТЫ
Магнаты? Спадарове, ВКЛ выкладвае тузы.
Беларускі магнат – гэта амэрыканскі мультымільянэр, арабскі нафтавы шэйх і ангельскі лорд у адной асобе. Магнаты, быццам магніты, былі пунктамі прыцягненьня й цэнтрамі сілы ў палітычнай, гаспадарчай ды грамадзкай сфэрах Вялікага Княства Літоўскага.
Магнаты – глыбокая, спадчынная, дынастычная эліта. Магнацкія роды разьмяркоўвалі галоўныя пасады ў дзяржаве й валодалі большасьцю земляў, складаючы наш нацыянальны вобраз арыстакратыі. Высокародны й уплывовы фэадал – абавязковая постаць будучых беларускіх кінаэпапеяў і гістарычных раманаў.
Магнатэрыя, моцная стоеная сіла зь вялізным дыяпазонам узьдзеяньня, аказалася фэномэнам надзіва беларускім. Нават тады, калі вялікія князі й каралі мелі балцкае, швэдзкае ці вугорскае паходжаньне ды цягнулі за сабой сюды сьвіту сваякоў ды суайчыньнікаў, рэальную уладу ў ВКЛ захоўвала ядро з найбуйнейшых беларускіх родаў. Радзівілы, Сапегі, Астроскія, Пацы, Кішкі, Ільлінічы, Глябовічы, Агінскія, Хадкевічы, Алелькавічы, Гальшанскія, Гарнастаі, між іншага Абрамовічы... Канцэнтруючы ў сваіх руках найбольшыя багацьці й займаючы ключавыя дзяржаўныя пасады канцлераў, гетманаў, падскарбіяў, маршалаў, ваяводаў і кашталянаў, магнаты фармавалі вырашальны балянс паміж выканаўчай улады манархіі й заканадаўчай шляхецкай дэмакратыяй – і рабілі ўсё па-свойму.
Менавіта магнаты некалькі стагодзьдзяў былі галоўнымі беларускімі патрыётамі й пасьлядоўна адстойвалі нацыянальныя інтарэсы ў вуніях з Польшчай, вайсковых блёках і эўрапейскіх дыпляматычных гульнях.Магнаты – магутныя рухавікі беларускай гісторыі. Мікалай Радзівіл Чорны за 12 гадоў літаральна перавярнуў ВКЛ Рэфармацыяй; Леў Сапега збудаваў на груньце Статуту дзяржаву закону; Міхал Клеафас Агінскі ў XIX ст. адзінаасобна спрабаваў вярнуць ВКЛ на арэну геапалітыкі. Апошнім з магутных магнатаў быў спонсар нацыянальнага руху пачатку XX ст. Рыгор Скірмунт.
Магнат – самая ўдалая рыфма да слова "мэцэнат". Беларускія магнаты фундавалі кнігадрукаваньне, музыку, жывапіс, тэатар, навуку. Адныя Радзівілы былі вартыя цэлага міністэрства культуры. Яўхім Храптовіч заснаваў Адукацыйную камісію РП і сабраў у Шчорсах знакамітую бібліятэку, Тышкевічы ахвяравалі большасьць сваіх багацьцяў на ўнікальны музэйны збор, Агінскія спансавалі тэатар і опэру... І ўсё гэта праз акупантаў дасталося лепшым скарбніцам сьвету ў Маскве, Бэрліне, Піцеры, Варшаве, Нью-Ёрку.
Магнаты былі фактычнымі лідэрамі канфэсійных партыяў. Мікалай Радзівіл Чорны застаўся ў нашай гісторыі ў першую чаргу як правадыр кальвінскага руху, Канстаньцін Астроскі – як галоўны апякун і абаронца праваслаўя, фундатар цэркваў і брацтваў, Хадкевічы – як заснавальнікі дзесяткаў касьцёлаў і кляштараў.
Магнаты – сіла й слабасьць гісторыі ВКЛ. Нямногім магнатам Госпад Бог даў многае, і многа зь іх спытаў. Магнацкая пыха, самадурства й разбэшчанасьць, выкарыстаныя захопнікамі, урэшце рэшт і давялі Беларусь да міжсобных войнаў ды здачы. Большасьць магнацкіх родаў разарыліся, здрабнелі, вырадзіліся.
Але беларускія магнаты залатога веку і пасёньня – шыкоўны ідэал для нацыянальнага бізнэсу. "Магнат" па-беларуску значыць ня "мафія", не "наменклатура" й не "алігарх". Магнат для беларускага пэрсаналісцкага мэнталітэту – гэта нешта сярэдняе паміж патрыярхам і супэрмэнам.
І калі чуеш чарговы раз па тэлевізіі пра Абрамовіча – ну, таго самага Абрамовіча, 25-га ў сьпісе найбагацейшых людзей сьвету, які нядаўна набыў футбольны клуб "Чэлсі" – узгадваеш, што ў Варнянах, Астравецкі раён, ад сядзібы магнатаў Абрамовічаў застаўся адно вялізны, зь лёнданскі стадыён памерам, выпусташаны парк; падлічваеш, што адзіны мільярдэр беларускага паходжаньня ў стане зафундаваць аднаўленьне чыста ўсіх родавых гнёздаў вялікалітоўскае магнатэрыі – і міжволі адчуваеш гонар за Радзіму.
Трэба жыць у Беларусі XXI стагодзьдзя, каб зразумець, як нам не стае сёньня Радзівілаў, Сапегаў і Хадкевічаў. Уплывовых гаспадароў. Прыроджаных лідэраў. Проста буйных асобаў.
Усё шасьцёркі ды валеты?.. Туз, панове! Беларусы, нацыя кнігадрукаваньня й міжмоўя, слова й вобразу, яшчэ ўразяць сьвет топ-пэрсонамі са сьпісу часопісу "Форбс" – сузор'ем бліскучых мэдыя-магнатаў.
НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ
“НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЬЦЬ!” – скандавалі беларускія маніфэстацыі эпохі развалу Савецкага Саюза.
Незалежнасьць! – гэта крык душы белай Беларусі, якой неабходна застацца чыстай сярод бруду, крыві й гвалту.
Незалежнасьць! – тое, што жыло ў напружаных жылах жаўнераў Слуцкага чыну, што вышыбалі зь беларускіх галоваў стрэламі ў патыліцу, што вырывалі, быццам прызнаньні на допытах, цэлымі старонкамі зь беларускай паэзіі й прозы.
Незалежнасьць! – так гучыць у беларускім вымярэньні Божы цуд вольнае волі, свабоды выбару й асабістае адказнасьці.
Імкненьне да дзяржаўнай незалежнасьці – імпэратыў беларускай гісторыі. Самастойнасьць, саматоеснасьць, самасьвядомасьць былі абавязковай умовай рэалізацыі нацыянальнай ідэі. У розных іпастасях незалежнасьці – Полацкім княстве, Залатым веку ВКЛ, БНР, Рэспубліцы Беларусь – мы дасягалі вяршыняў. Вуніі й саюзы, аслабляючы незалежнасьць, у выніку разбуралі цэласнасьць нацыі. Наяўнасьць незалежнай, сьвядомай, духовай Беларусі ў геапалітычным цэнтры Эўропы заўжды ўспрымалася імпэрыямі як яўная пагроза. Самыя вядомыя героі беларускай гісторыі – змагары за незалежнасьць. Усяслаў Чарадзей адстойваў незалежнасьць ад Кіева й Ноўгарада, Вітаўт – ад крыжакоў і татараў, Леў Сапега – ад Польшчы й Масквы.