Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Беларусы зь іх генэтычна закладзенай вострай недастатковасьцю незалежнасьці, рабіліся галоўнымі героямі паняволеных народаў. Тадэвуш Касьцюшка ваяваў за незалежнасьць ЗША ад Ангельшчыны, а Рэчы Паспалітай ад Расеі; Юзаф Пілсудзкі вёў да свабоды Польшчу; Зыгмунт Мінейка біўся супраць турэцкае акупацыі Грэцыі.
Каліноўскі, Купала, Пазьняк – ідэолягі беларускай незалежнасьці.
Прынцып адасобленасьці, аддзяленьня сябе ад іншых, усьведамленьня сваёй адметнасьці ёсьць асновай паняцьця “нацыя”. Богаабраны Ізраіль – найстражытнейшая нацыя, прыналежнасьць да якой патрабавала выкананьня 10 запаветаў – ахоўваў сваю асобнасьць нават у дробных дэталях быту. Гэта дазволіла габрэям захавацца ў двухтысячагадовым расьсеяньні й застацца найбольш упловым народам у сьвеце.
Адасабленьне, чысьціня дзеля выкананьня свайго пасьвячэньня!
У 90-х гг XX ст. незалежнасьць Беларусі дасталася літаральна цудам. Сучасьнікі так і казалі: “звалілася зь неба”. Але ў гэтым і ёсьць сэнс беларускай незалежнасьці – яна нам дадзеная звыш.
“Незалежнасьць!” – гэтага беларускага слова панічна баяцца ў Крамлі й расейскім Генштабе. Незалежнасьць – гэта пляцдарм. Каб зьмяніць Эўропу і збавіць Расею, Беларусь мусіць быць незалежнай.
Сучасны выклік, кінуты нацыянальнай ідэі глябалізацыяй, робіць незалежнасьць толькі яшчэ больш каштоўнай, больш надзённай, больш жаданай. Імпэрыі й гіганцкія карпарацыі кідаюць гэты выклік проста нам у твар. Таму наш адказ – усе разам, і яшчэ раз:
— НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЦЬ!
НЯМІГА
Няміга – месца нараджэньня Менска.
Немая рака Няміга-крывавыя-берагі. Вобраз са "Слова аб палку Ігаравым" прадбачыць увесь боль беларускага сэрца.
Няміга – адно з самых глыбокіх месцаў у Беларусі.
Няміга – старажытная рэчка, на якой для страшнае бітвы сустрэліся Чарадзей і Яраславічы, рэчка, сёньня схаваная ў трубах пад цэнтрам Менску.
Няміга – гэта першая менская вуліца, на якой месьціўся Ніжні рынак, і якую штовесну, зьбіраючы ўсе нечыстоты, увесь бруд, затапляла бурлівая паводка.
Няміга – гэта страшная катастрофа 30 траўня 1999 г., калі ў ціскатні падземнага пераходу станцыі мэтро загінула 53 чалавекі – у асноўным дзяўчаты 15-19 гадоў.
Няміга – аголеная нэрва Менску.
Няміга, незьмігутная Няміга, найвышэйшыя беларускія храмы глядзяць – не наглядзяцца ў тваю страшную яму. Сьвята-духаў сабор, праваслаўны прастол краіны, зьвернуты да цябе фасадам, залатымі крыжамі й бліскучымі вокнамі; вежы каталіцкае Катэдры ўздымаюцца па-над Верхнім Горадам, каб адтуль, са званіцаў, пільнаваць твой чорны правал; пазірае з-за мосту Петрапаўлаўская царква 1612 году пабудовы, а з выспы на Сьвіслачы – капліца ў памяць тых, хто загінуў за межамі Беларусі.
Каб збудаваць станцыю мэтро "Няміга", Саветы разбурылі ўвесь гістарычны цэнтар Менску. Яшчэ Панамарэнка праз пасьляваенныя руіны выбухамі праклаў праспэкт на Маскву, разьвярнуўшы ўсю сталіцу да Ўсходу; потым, у 70-ыя, Паркавая магістраль, цяпер Машэрава, адгроханая праездам да візыту прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана, адным махам перакрэсьліла забудову Верхняга гораду й пласты старажытнага Менскага замчышча. Катакомбы мэтро правальным рэхам паўтарылі гэты аграмадны крыж, пратараніўшы падзем'і старога гораду, і зьдзейсьнілі самае жахлівае, што толькі можна прыдумаць у Менску – пагружэньне ў Нямігу.
Рэчышча Нямігі-крывавыя-берагі, было пахаванае ў велізарных бэтонных трубах – на ўзьбярэжжы Сьвіслачы з боку Траецкага й сёньня можна ўбачыць іхнія жэрлы. Расправа з замчышчам працягвалася, калі, пашыраючы воднае люстра Сьвіслачы, у раку абрынулі цэлую ўскраіну недасьледаванага дзядзінца. У 80-ыя забой мэтро прайшоў пад Катэдральным саборам. Падчас будаўніцтва ў раскоп зь нейкае тайнае галерэі асыпаліся кнігі XVII ст. Іх разграбалі шуфлямі й выгружалі ў хлам. Вайна пад зямлёй разгортвалася. Прарваўшыся з глыбіняў, грунтовыя воды падмывалі падваліны храмаў да страшных прасадак і расколінаў, разьядалі бэтон і ржавілі канструкцыі мэтрабуду. Ішло няспыннае падтапленьне тунэляў, і абліцаваныя пад дрэва сьцены Нямігі скрозь пацямнелі, пайшлі ці то слязьмі, ці то крывавымі падцёкамі. У каменяломнях станцыі былі разгромленыя падмуркі кляштару баніфратаў,
што стаяў на сярэднявечнай Рынкавай плошчы, знакамітая Менская брама, ня раз штурмаваная ворагамі, рэшткі драўлянай царквы Ўсьпеньня. Шматвекавыя кладкі цэглы, падарваныя дынамітам, задубелае за паўтысячагодзьдзя бярвеньне й насычаныя чалавечымі касьцямі, золатам і ўнікальнымі археалягічным начыньнем пласты выграбаліся экскаватарнымі каўшамі з самага болю гораду, вывозіліся й звальваліся на ўскраінных сьметніках. Гэтак раскопвалі катлаван, брацкую магілу для 40 юных дзяўчатак, адзінаццаці хлапцоў і двух міліцыянтаў.Гэта тады, пры канцы 80-х, у беларускіх інтэлігентаў, што пікетавалі мэтро, з крывёю рвалі з рук плякаты. "Наплачацеся яшчэ з гэтай станцыяй мэтро! " – крычаў тады будаўнікам Зянон Пазьняк.
30 траўня 1999 г. людзі правальваліся ў стагодзьдзі Нямігі. У яму, вырытую бульдазэрыстамі разам з раскрышанымі касьцямі. Глыбей, да ўдушша і пачарненьня, у таўкатню Ніжняга рынку, дзе буяніць зборышча п’яні, а паводка віруе прорвамі нечыстотаў. Яшчэ глыбей, пад нагрувашчаньнем целаў, у крывавы мясьніцкі рад, дзе, раздушаныя праз рот да вантробаў, пагружаліся ў грукат сякераў скрозь шаламы, шчыты й кальчугі палачанаў ды яраславічаў, у малатарню калёнай зброі, даверху накормленай чалавечынай, у чавільню віна лютасьці й гневу – раку Нямігу, якой няма. Для ўсяе Беларусі менавіта адсюль, зь гістарычнага правалу Нямігі, падымаецца шлях да Сабору й Катэдры.
Паспрабуйце прайсьці прахон угару. Скрозь натоўп, праз вал чалавечых целаў, надыханага перагару й дурнога напору, пастарайцеся ўзьняцца, як бы вам ні было гэта цяжка, крычаць, хоць вас і ня чуюць, стрымліваць і выцягваць з правалу тых, хто падае, тых, хто зьбівае вас з ног – і на бліскучых верхніх прыступках, закіданых кветкамі, з сонечным асьляпленьнем уваччу вам стане ясна, што гэта такое, лесьвіца ў неба.
"Няміга" – пароль для Менску. Шлях праз увесь грэх, боль і бруд чалавечы, праз косьці й руіны. Праз усю гісторыю – да неба, да Бога.
Таму будзьце ўважлівыя, калі пачуеце: "Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца. Наступная станцыя – “Няміга".
ПЕРШЫ ЗЬЕЗД РСДРП
Вось ужо сто гадоў камуністычныя лідэры, заходнія палітолягі, студэнты-гісторыкі й аналітыкі ЦРУ, спрабуючы асэнсаваць сусьветны выбух савецкага камунізму, штораз вяртаюцца да яго пачатковага пункту. Увесь сьвет са зьдзіўленьнем ды жахам разглядае непрыкметны драўляны дамок у Менску па-над Сьвіслаччу, дзе 1 – 2 сакавіка 1898 года сабраўся падпольны I Зьезд Расейскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі.
Ва ўмовах царскага палітычнага сыску разрозныя групы сацыял-дэмакратаў з усёй Расеі даслалі сюды сваіх прадстаўнікоў для ўтварэньня агульнай партыі й прыняцьця маніфэсту. Менск выбралі і як скрыжаваньне паміж галоўнымі рэвалюцыйнымі цэнтрамі – Масквой, Вільняй, Кіевам, Піцерам, Варшавай – і як самы зацішны заходні горад імпэрыі. Іх было дзевяцёра: кіеўляне Барыс Эйдэльман, Натан Відгорчык і Павал Тучапскі, Сьцяпан Радчанка зь Пецярбургу, масквіч Аляксандр Ванноўскі, екацярынаславец Казімір Петрусевіч, а таксама бундаўцы Аляксандр Крэмэр, Шмуел Кац і Абрам Мутнік. Маніфэст расейскай сацыял-дэмакратыі, напісаны піцерскім марксістам Пятром Струвэ, быў падпольна аддрукаваны ў Бабруйску.
Тым, хто вывучаў "Кароткі курс гісторыі КПСС", і тым, хто прывёў эўрапейскую сацыял-дэмакратыю да трыюмфу канца XX ст., і тым, хто вывучаў Імпэрыю зла як ворага, было б цікава даведацца, што зь дзевяцёх заснавальнікаў РСДРП пяцёра мелі беларускае паходжаньне. Ніводзін з удзельнікаў I Зьезду так і ня стаў нават сярэдняй рукі кіраўніком рэвалюцыйнага руху. Ніводзін зь іх ня мае ў сваёй далейшай біяграфіі якіх-небудзь гістарычна значных падзеяў. Большасьць расчаравалася ў рэвалюцыі й стала звычайнымі абывацелямі. Але велізарная сіла, спароджаная імі, ужо разгортвалася, мяняючыся, набываючы жахлівыя абрысы й небывалую разбуральнасьць, ахоплівала мільёны ва ўсім сьвеце. Дзеля таго, каб амаль праз стагодзьдзе пацярпець гістарычны крах – на тым жа месцы, дзе й нарадзілася.