Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Захопнікі выдатна ведалі, што беларуса адольваюць адно незьлічоная колькасьць, вынішчэньне веры й татальны генацыд. І каго як не цярплівых, маўклівых мацакоў-беларусаў рэкрутавалі потым на свае войны акупанты! Беларусы заваёўвалі для Расеі Сібір, Каўказ і Сярэднюю Азію, біліся й паміралі за польскую незалежнасьць; абаранялі Берасьцейскую крэпасьць, Маскву ды Сталінград. Нават у Афганістан першай уваходзіла Віцебская дэсантная дывізія. Дагэтуль ва ўсім былым Саюзе браткоў-беларусаў вайсковыя спэцы ведаюць як адмысловых байцоў.
Таму беларусы шчасьлівыя, калі не ваююць. АБЫ НЕ БЫЛО ВАЙНЫ – гэта таксама
Беларусы не пацыфісты. Проста Беларусь – гэта ўсё, што засталося тут пасьля тысячагодзьдзя войнаў.
ГАБРЭЙСТВА
…Беларусь? І пасьля гэтага вы будзеце гаварыць мне, што ў вас няма сваякоў у Ізраілі?…
Зь Беларусі паходзяць лідэры сіянісцкага руху і большасьць кіраўнікоў адноўленае дзяржавы Ізраіль – два прэзыдэнты й шэсьць прэм'ер-міністраў. Габрэйская дыяспара Беларусі адрадзіла старажытны іўрыт, зрабіла дзяржаўнай моваю ідыш і прыдумала эспэранта, заснавала "Масад" і найславуцейшыя габрэйскія школы – іешывы – а таксама дала сьвету дзесяткі знакамітасьцяў, дзеячоў і геніяў плянэтарнага маштабу.
Габрэі ("жыды", "жыдове") зьявіліся ў Беларусі яшчэ ў Сярэднявеччы – іх добра арганізаваныя й уплывовыя кагалы з XIV ст., паводле вялікакняскіх прывілеяў, займаліся камэрцыяй ды рамесьніцтвам.
"А сыны Ізраілевыя пладзіліся вельмі, і размножыліся, і зрабіліся яны дужа моцныя, і напоўнілася тая зямля імі." (Выхад 1:7)
Эўрапейскае скрыжаваньне. Небывалая талеранцыя. Натуралёвая духовасьць. Багаты й утульны край. Беларусь? Ды проста зямля абяцаная!
Па меры таго, як у тагачаснай Эўропе ў выніку крыжовых паходаў, эпідэміі чумы й разгулу цемрашальства габрэі пачалі падвяргацца ўсё больш моцнаму ўціску, цэнтар цяжару габрэйскага расьсяленьня паволі перамяшчаўся зь Нямеччыны на ўсход, праз Польшчу да ВКЛ – дабраславёнага Ханаану, дзе цякуць малако і мёд. У XV – XVI стст. міграцыя прыняла масавы характар: на беларускіх землях аселі дзесяткі тысячаў габрэяў.
Беларусь Залатога веку чула на ўласныя вушы й бачыла на ўласныя вочы, як выконвалася Божае абяцаньне габрэям:
"Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе…” (Быцьцё 12:3)
Беларусь атрымала дар велізарнага гістарычнага значэньня. На працягу апошніх стагодзьдзяў, да аднаўленьня габрэйскае дзяржаўнасьці, якраз тут, у Сэрцы Эўропы, і быў Ізраіль! Мільёны габрэяў век за векам канцэнтраваліся на тэрыторыі колішняга Вялікага Княства.
… І што, цяпер вы таксама будзеце пытацца ў мяне, чаму беларуская гісторыя так нагадвае Біблію?..
У XIX – пачатку ХХ стст. абмежаваныя імпэрскай рысай аселасьці габрэі складалі асноўнае насельніцтва беларускіх гарадоў. Менск, Магілёў, Берасьце, Віцебск, Гомель, Пінск, Мазыр былі габрэйскімі на 50-80%! У Валожыне, Міры, Слоніме, Слуцку дзейнічалі самыя вядомыя ў сьвеце іешывы – юдаісцкія ўнівэрсытэты. Сюды, да знакамітых равінаў і тлумачальнікаў Талмуду таго часу зьяжджаліся вучыцца габрэі з ЗША, Нямеччыны, Ангельшчыны. Беларусь выконвала ролю агромністага
рэзэрвуару, дзе намнажаліся сілы для адраджэньня народа, абранага Богам. Беларусь – другая радзіма габрэйства, ня больш, ня менш.Фэномэн габрэйскага расьсеяньня, які спрабуюць сарамліва не заўважаць дагэтуль, насамрэч іскрыць і зьзяе ў беларускай нацыянальнай ідэі на поўную сілу. Бліскучыя імёны, пляяды талентаў, паўсюдныя прозьвішчы зь беларускай сэмантыкай на Захадзе і Усходзе – ад клясычных Рабіновіча й Кагановіча да Гомельскага, Сланімскага, Слуцкай, Шклоўскага ці Магілевера, па якіх можна вывучаць геаграфію Беларусі – скрышталізоўваліся тут, у краіне ціхай, сьветлай і празрыстай, у вобласьці высокае духовае канцэнтрацыі.
Зорны час беларускага габрэйства, пік ягонае трагедыі й нацыянальны трыюмф – ХХ стагодзьдзе. Беларусь літаральна выбухнула габрэйскай пасіянарнасьцю. З плоднасьцю біблійных патрыярхаў яна нараджала:
— Мастакоў з сусьветным імем: Марка Шагала, Хаіма Суціна, Саламона Юдовіна, Льва Бакста;
— Клясыкаў габрэйскай літаратуры: Мендэля Мойхер-Сфорыма, Ізі Харыка, Майсея Кульбака;
— Фантаста Айзэка Азімава, філёзафа Саламона Маймана, скульптара Заіра Азгура, пісьменьніка Зьмітрака Бядулю;
— Егуду Бэн-Эліезэра, што стварыў наноў іўрыт, і Людвіка Замэнгафа, што вынайшаў эспэранта;
— Лідэра рэлігійнага сіянізму Меіра Бар-Ілана з Валожына; заснавальніка Сусьветнага Сіянісцкага Кангрэсу Навума Гольдмана зь Вішнева, стваральніка габрэйскага руху Расеі, Шмуэля Магілевера, старшыню Габрэйскае Агенцыі й Сусьветнай Сіянісцкай Арганізацыі Ар'е Дульчына зь Менску;
— Ісэра Харэла (Ізю Гальперына), бацьку "Масаду", які здолеў здабыць і перадаць у ЦРУ даклад Хрушчова аб разьвенчваньні культу Сталіна яшчэ да яго выступу на ХХ зьезьдзе КПСС;
— Міхала Грузэнбэрга, у 1941-49 гг. галоўнага рэдактара Саўінфармбюро, і Сямёна Косбэрга, асноўнага канструктара савецкіх касьмічных рухавікоў…
… І што, вы скажаце мне, што гэта ня нашыя людзі?!.
Беларускія габрэі – гэта супэрзоркі заходняе цывілізацыі. Норбэрт Вінэр, заснавальнік кібэрнэтыкі – зь сям’і беларускіх эмігрантаў. Давід Сарноў, кіраўнік Радыёкарпарацыі ЗША, дарадца Эйзэнхаўэра і патрыярх сучаснае мэдыя-індустрыі – зь Меншчыны. Ізя Бейлін, ён жа Ірвінг Берлін, аўтар “God Bless to America”, музыкі для 19 мюзіклаў, 18 кінафільмаў і 282-х найпапулярнейшых гітоў ЗША – з Магілёва. Ляўрэат нобэлеўскае прэміі Аарон Клуг – зэльвенскі. Давід Мэр-Сухаўлянскі – заснавальнік Лас-Вегасу, "самая загадкавая постаць амэрыканскае мафіі", што ніводнага разу не трапляўся ў турму і стаў прататыпам для Майкла Карлеонэ з "Хроснага бацькі" Марыё К'еза – гарадзенскі. Легенды Галівуду Кірк Дуглас з сынам Майклам Дугласам – магілёўскія!
Беларускае габрэйства спарадзіла бомбаў сусьветнае рэвалюцыі – Паўла Аксельрода са Шклова, рэдактара "Іскры" й старшыню партыі меншавікоў; Рыгора Гершуні зь Менску, стваральніка баявой арганізацыі эсэраў; Аляксандра Парвуса зь Бярэзіна, галоўнага фінансіста й выдаўца партыі бальшавікоў, а ў дадатак і Фані Каплан з Рэчыцы, якая старшыню гэтае партыі ледзь не адправіла на той сьвет стрэламі з рэвальвэру, а яшчэ пяцёх зь дзевяці заснавальнікаў РСДРП…
… Ну вось, як заўжды: габрэі зноў ва ўсім вінаватыя!…