Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнічы

Олдрыдж Джэймс

Шрифт:

— Дык ты ўсё гандлюеш незаконнай пушнінай? — пачуў ён голас Эндзі.

— Так, — цвёрда сказаў Рой. — А Джыні прадае тое, што я злаўлю. — Яму трэба было хоць нейкім чынам уключыць у размову Джыні.

— Яна мне расказвала. — Эндрус пазіраў на яго з незразумелай горыччу тлустага мядзведзя.

— Чаго ты вярнуўся, Эндзі? — незадаволена спытаў Рой.

— Не ведаю, Рой. Трэба ж было некалі вяртацца, вось і вярнуўся.

— Табе не трэба было вяртацца! Эндрус паціснуў плячыма:

— Магчыма. — Ён пачынаў злавацца.

Рою хацелася, каб Джыні падтрымала яго, але яна занялася вячэрай. Яна знарок выключыла сябе з гаворкі. Рой застаўся адзін.

— Ты

хочаш застацца ў Сент-Элене? — спытаў ён у Эндзі з жаданнем як мага хутчэй усё высветліць і скончыць, злуючыся на Джыні і ідучы напралом.

Гэта для Эндзі было ўжо занадта.

— Ну і Рой, — закрычаў ён. — Што з табой сёння? Што з табой? — бушаваў ён. — Не, вы толькі падумайце! Я вось ужо колькі гадоў, як сышоў з горада, мог сто разоў памерці. Так, так! Джыні кажа, што ты і лічыў мяне мёртвым. І вось я вяртаюся. Вось я, тут. Прыходжу, каб пабачыць цябе. А ты сядзіш, як сыч, над вожыкам. Што з табой, Рой? Чаго ты злуешся? Ты не хацеў мяне бачыць?

Рой ледзь дыхаў.

— Што са мной? — недарэчна паўтарыў ён.

— Ага, што з табой?

У гэтым сярдзітым воклічы перад Роем уваскрос яго ранейшы сябар. Цяжар гадоў быў скінуты, узрост забыты, тлусты твар быў афарбаваны згадкамі; і Рой убачыў, што гэта ўсё ж Эндзі, Эндзі з халодным пустым позіркам, але недзе ўнутры — усё той жа няўрымслівы і непаседлівы Эндзі.

— Ты проста застаў мяне знянацку, — сказаў Рой, і губы яго скрывіліся ад усмешкі.

— Так, знянацку, але ж я думаў, што ты кінешся да мяне на шыю. Сябар Рой! Адзіны чалавек, які павінен узрадавацца мне. Ты горш за Джыні.

— А Джыні табе ўзрадавалася? — забыўшыся пра стрыманасць, спытаў Рой.

Круглыя вочы Эндруса абмацалі ўсяго Роя.

— Дык вось што цябе турбуе? — Эндзі адкінуў галаву і рассмяяўся так, што ажно закалаціўся стол, бразнуў рондаль на паліцы, заміргала лямпа. — Ну і дурань жа я! Як гэта я не здагадаўся! Джыні? — Эндрус павярнуўся, каб убачыць жонку, быццам ён толькі зараз успомніў пра яе, і пакруціў галавой. — Ах, Джыні! — сказаў ён. — Дык у чым справа? Хіба Рой не клапоціцца пра цябе? Хіба вы не валодаеце разам знакамітай пушной фірмай: Рой і кампанія? — Ён задаволена стукнуў цяжкай далонню па стале. Рой не верыў вушам. Вось яна, хвіліна, якой ён баяўся цэлыя дзесяць гадоў! Дык вось яна крыўда, дакор, абвінавачанне: некалькі з'едлівых слоў, паблажлівая ўсмешка.

— Аблапошылі Роя, — сказаў Эндзі, і ягоны смех сведчыў, што чакаць можна ўсяго.

— Перастань смяяцца, — сказала яму Джын Эндрус.

— Ведаеш, Рой, — сказаў Эндзі, зноў звяртаючыся да сябра. — Калі б у яе была сіла, яна схапіла б мяне за каршэнь і выпхнула за дзверы адразу ж, як я сюды заявіўся месяц таму. Тады яна зусім звар'яцела.

— Ты не маеш права асуджаць яе, — сказаў Рой, усё яшчэ не верачы сабе і не верачы ні ў што.

— А я яе не асуджаю, — сказаў Эндзі і пацягнуўся, выпрастаўшы свае ручышчы і расправіўшы грудзі, як мяхі. — Але чаго ёй вар'яцець? Павінна радавацца, што я ад яе своечасова сышоў. Праўда, Джыні?

— Не махай рукамі, — сказала яму Джыні, — а то высыплеш на сябе муку, і спыні гэтыя размовы.

— А ты ўсё яшчэ крыўдуеш на мяне, Рой, — спытаў Эндзі, тупаючы ля пліты.

Рой не крыўдаваў, ён, нарэшце, зразумеў і ўспрыняў як належнае, што Эндзі ніяк не хвалюе такое становішча. Ну ні кропелькі! Эндзі, несумненна, усё ведаў, але яго гэта быццам не датычыла. Яго міжвольны жарт быў выкліканы тым, што іхнія адносіны яго пацешылі, але за гэтым не было ні адабрэння, ні асуджэння, а тым больш выраку. Эндзі глядзеў на гэта дакладна так, як Рой на натуральны

працэс ляснога жыцця. Гэта здзівіла Роя, — спачатку з'явілася адчуванне палёгкі, а затым і трывогі. Ён разумеў амаральнасць у прыродзе, але ў адносінах да самога сябе яна была непрыемная яму. Тут было нешта абыякавае, і, гледзячы на выцвілыя вочы сябра, ён бачыў у іх нешта халоднае і нечалавечае. І праўда: «Гэты хлопец — прыродны валацуга!» Нядзіўна, што ёні не гневаецца, і не асуджае. Эндзі Эндрусу рашуча на ўсё напляваць.

— Не, я на цябе не крыўдую, — сказаў Рой збянтэжана, але крыху супакоена. — А што ты рабіў усе гэтыя гады?

— З адной заварухі ў другую, — сказаў Эндзі, — усё больш у арміі.

— Не разумею, навошта табе армія? — сказаў Рой.

— Спачатку цяжка было, гэта праўда, але пасля пачалася вайна. Вось гэта была вайна, Рой! — Відаць, нават згадка пра гэта была для яго прыемнай, нават вочы на імгненне заззялі, і яго захапілі ўспаміны.

— Ты ўсё яшчэ ў арміі?

— Не. Некалькі месяцаў, як пакінуў.

— Зусім? — Рою хацелася скончыць хутчэй.

— Нібыта так, калі толькі зноў не прагаладаюся, — Эндзі меў на ўвазе сваю паўнату, ён паляпаў сябе па жываце і засмяяўся. — Я чуў, што ты быў у заказніку з Сахатым? — сказаў ён.

Джыні зірнула на яго.

— Цішэй, — сказала яна, — могуць пачуць.

— А як маюцца гэтыя валацугі, Сахаты і Зел? — спытаў Эндзі, які прапусціў міма папярэджанне Джыні, ён пазіраў на яе, як яна падышла да пліты і паставіла на агонь каву.

Рой таксама назіраў за Джыні. Яму хацелася ўстаць і самому зварыць каву, але ён прымусіў сябе сядзець на месцы.

— Нічога, жывуць. Яны пайшлі на поўнач, ратаваліся ад патрулёў.

— А чаму вярнуўся ты? — спытаў Эндзі.

Рой паціснуў плячыма.

— Ды вось рызыкнуў, — сказаў ён няпэўна.

— Тут цябе нічога не трымае, Рой? — загрымеў Эндзі.

Рой не адказаў.

— Ты ўпэўнены, што цябе тут нічога не ўтрымлівае?

— А што мяне можа трымаць? — нецярпліва агрызнуўся Рой.

Эндзі быў у захапленні.

— Не ведаю, Рой. Толькі ў цябе выгляд сямейнага чалавека, увесь заклапочаны, згорблены, зусім як Зел. Гэта нядобра…

Рою гэта не падабалася, і ён усё менш ахвотна адказваў на пытанні і на грубаватыя жарты. Эндзі быў ранейшы, але Рой ведаў, што сам ён ужо не ранейшы Рой; і гэта яшчэ больш бянтэжыла яго. Ён ужо страціў першапачатковы план і мэту гэтай сустрэчы — стыхійны напор гіганта Эндзі зваліў усё ў адну неверагодную кучу. Мо таму Джыні і вырашыла не ўмешвацца. А ў Эндзі проста не было за што зачапіцца, Рой не ведаў, як да яго падступіцца.

— Рой, — працягваў між тым Эндзі, — табе трэба было б нешта зрабіць, напрыклад, падацца ў Штаты. Тут ты зусім зарос мохам. Сядзіш так, нібыта і не збіраешся ўставаць з месца. Хопіць, Рой, пайшлі і атрасем пыл гэтай мясціны з нашых ног. Давай, Рой!

Пачуўшы гэты гарачы заклік, Джыні перастала збіраць вячэру і зірнула на мужчын; але ў гэты момант яны не помнілі пра Джыні. У гэтых словах захавалася былое захапленне, аднак Рой не зусім разумеў намер Эндзі.

— Не сядзі ля дамашняй печы, Рой, апячэшся, — настойваў Эндзі.

Толькі зараз Рой зразумеў: Эндзі спрабуе ўратаваць яго, уратаваць яго ад Джыні. Сямейнае жыццё, хата, клопаты, словам, усё тое, што было ўвасоблена ў Джыні, ад усяго гэтага Эндзі паказваў Рою шлях выратавання. Гэта была праява такога сяброўства Эндзі ў адносінах да Роя і такой абыякавасці ў адносінах да Джыні, што Рой засмяяўся, гледзячы на Эндзі, як ён смяяўся б, калі б слухаў лухту прыдуркаватага Джэкі Прата.

Поделиться с друзьями: