Паляўнічы
Шрифт:
— Табе будзе дрэнна, Рой, — сказаў Боб.
— Ведаю, — адказаў Рой. — Толькі я ўсё адно пайду.
Яны так і не пераканалі яго, паказалі, дзе схавана пушніна, і прыбралі ў хаціне, пакуль ён адпачываў. Калі яны скончылі, ён апрануў сваю брызентавую куртку і выйшаў.
Самсон спытаў:
— А дзе тваё ружжо, Рой?
— Згубіў! — сказаў Рой.
— А вохці мне, ён утапіў ружжо ў тым возеры! — загукаў Самсон. — Ён згубіў ружжо!
— Даводзілася выбіраць: ружжо альбо жыццё, — спрабаваў абараняцца зніякавелы Рой.
Яны засмяяліся, Скоці і Самсон рагаталі аглушальна, а Індзеец Боб даволі абыякава назіраў, як белыя людзі разыгрываюць сваю звыклую гульню ў адносныя каштоўнасці.
— Ну як? Задаволены? — сказаў Рой. — Пайшлі!
Яны
Каб дабрацца да хаціны на возеры Т, Рою і Скоці спатрэбілася ўся рэштка дня, і па дарозе Рою, як ён і чакаў, стала блага. Але калі апынуўся ў хаціне, глядзеў на фантан полымя ў печцы, дзе Скоці рыхтаваў вячэру, Рой адчуваў, што да яго вяртаецца ранейшая сіла. Кожны гук і пах былі для яго гаючым бальзамам, і не было рэчы ў хаціне, якая нездавалася б яму новай і свежай.
— А ў тваю адсутнасць да цябе прыходзіў госць, — сказаў яму Скоці.
— Мядзведзь з лесу?
— Не зусім, — запярэчыў Скоці. — Прыходзіў Эндзі Эндрус, каб убачыць цябе.
— Убачыць мяне?
— Ага.
— А ён не сказаў, чаго хацеў?
Скоці пакруціў галавой.
— Сказаў, што зайшоў па дарозе.
— А чаго?
— Не ведаю, Рой. Ён мала гаварыў.
Рою стала лягчэй. Ён доўга моўчкі слухаў, як боўтаюць у кацялок кавалкі бульбы, якую рэзаў Скоці. Ён ведаў, што Скоці ніколі не скажа яму, ці гаварыў Эндзі пра Джыні.
— Як ён? Джэк кажа, што патаўсцеў.
— На казённым хлебе. Быў у арміі, — сказаў Скоці.
— Сказаў, што робіць у Сент-Элене?
— Не. Ён наогул гаварыў мала. Яны з Самсонам у той жа вечар напіліся.
Раней Скоці любіў Эндзі, як і ўсе яны, але было зразумела, што зараз ён Эндзі не любіць. Рой задумаўся — чаму. І зноў спытаўся ў сябе: а як ён сам адносіцца да Эндзі. Ён ведаў Эндзі такім, якім ён быў дванаццаць гадоў таму, і такога чалавека ён не мог не любіць. Але зараз да яго пачуццяў дамешвалася непрыязнасць. Ён усё больш востра адчуваў, што Эндзі не павінен быў вяртацца ў Сент-Элен. Рой быў яшчэ занадта слабы і не мог выявіць свае сапраўдныя адносіны да Эндруса, але адно было для яго зразумела: ён не стрывае, каб яго ў нечым абвінавацілі. Няхай Эндзі сярдуе, хай скарыстае сілу — гэта яго справа; але любая яго спроба зняважыць Джыні і самога Роя выкліча толькі адпор, гэта ён ведаў дакладна.
— Ведаеш, — задумліва гаварыў Скоці. — У нечым Эндзі падобны да Мэрэя. Хоць ён і служыў у арміі, але, гледзячы на яго, адразу пазнаеш у ім валацугу. Яму на ўсіх і на ўсё напляваць. Такі тлусты, абыякавы да ўсяго сяржант, да таго ж валацуга.
— І хай бы заставаўся ў арміі! — сказаў Рой, знаходзячы імгненна палёгку ў сваёй незадаволенасці, але яшчэ больш перакананы, што Эндзі шукае з ім сваркі.
Гэтага Рой ужо не баяўся, але ў думках справіўшыся з Эндзі, ён выявіў, што ў яго ёсць і іншыя, больш страшныя сумненні. У заказніку Рой ні разу не сумняваўся ў Джыні таму, што ніяк не мог уявіць сабе нейкія адносіны паміж ёй і Эндрусам. Калі ён уяўляў сабе яе, дык яе воблік звязваўся для яго толькі з ім самім. Гэтую ілюзію ён прынёс з сабой з заказніка. Зараз, аднак, усё змянілася. Так блізка ад дому і падобна на рэальнасць, ён пачаў думаць пра саму Джыні, і гэта прынясло яму новыя пакуты, новыя пытанні: як яна ўспрыняла вяртанне Эндзі, ці задаволена гэтым так, як была задаволена дванаццаць гадоў таму? За ўсе гэтыя дванаццаць гадоў яна ні разу не сказала дрэннага слова пра Эндзі, ні разу не крыўдавала на яго за знікненне і, што важней, ніколі не была пастаўлена перад неабходнасцю выбіраць паміж імі. Дык што ж яна адчувае зараз? Ці мог Эндзі так проста ўвайсці ў дзверы яе кухні і замяніць сабой сезоннага, паўпрывіднага госця — яго, Роя? Рою не хацелася верыць у гэта, але ён ведаў, што не выключана і такая магчымасць.
Эндзі вярнуўся, вось, магчыма, і ўсё, што зараз азначае для яго Джыні.— А пра Сэма ён што-небудзь казаў?' — спытаў Рой, ускладваючы апошнюю надзею на брата. Калі Сэм трымаецца моцна, мо ўсё астатняе не мае значэння, бо Рой вырашыў, што ён не прападзе, калі ацалее брат і яго дом. Каб толькі Сэм быў яшчэ тут.
— Са слоў Эндзі я зразумеў, што Сэм яшчэ не фермер, — сказаў Скоці.
— А як даўно гэта было?
— З месяц таму.
— За месяц шмат што можа здарыцца, — панура сказаў Рой.
— Калі ты думаеш схадзіць у горад? — спытаў Скоці.
Рою і самому хацелася задаць сабе гэтае пытанне.
— Мне здаецца, я лепш пачакаю і разбяруся ва ўсім, — сказаў ён. — Трэба нарасціць крыху мяса і разабраць скуркі, каб лягчэй было з імі справіцца. — Зараз, калі Джыні была недасягальнай, ён ужо думаў пра тое, як яму самому ўладкоўваць сваю незаконную пушніну. — Відаць, праз тыдзень-другі збяруся, калі тым часам не з'явіцца прыяцель-інспектар.
— А ён ведаў, за кім гоніцца?
Рой паціснуў плячыма.
— Хутка ўсё высветліцца, — ён сеў за стол і ўсё яшчэ адчуваў ненатолены голад. — Калі інспектар падазрае, што гнаўся за мной, яму трэба гэта яшчэ даказаць. Я больш нікуды не пабягу.
Інспектар не паказваўся, але Рой сядзеў у сваёй хаціне на возеры Т яшчэ доўга пасля таго, як сіла яго аднавілася і ўся пушніна была рассартавана. Хаціна была адзінай надзейнай апорай яго жыцця. Здавался немагчымым пакінуць яе дзеля злавесных сюрпрызаў Сент-Элена, дзеля клубка складанасцей, у які ўпляліся і інспектар, і Сэм, і Джын Эндрус. Увесь тыдзень ён з дня ў дзень збіраўся схадзіць у Сент-Элен, але кожны раз выгляд хаціны і возера спыняў яго. Ён ведаў, што так ці інакш, але гэта яго апошнія дні ў апошняй хаціне Муск-о-гі, і гэта здавалася яму пераканаўчым довадам, каб не спяшацца. Ён больш не гадаў, што чакае яго ў Сент-Элене. У галаве былі толькі хаціны і ўчастак, нібыта яны ўтрымлівалі ключ да ўсіх рашэнняў. Калі інспектар мае хоць нейкія ўлікі супраць яго, тады ўчастак адбяруць. Але калі інспектар і не адбярэ яго, усё адно гэтай паляўнічай мясціне прыйшоў канец, а з ёю канец і яму, як прыйшоў канец і Скоці, і Самсону, і Індзейцу Бобу. Ён ведаў гэта, і ведаў ужо даўно, але адна справа ведаць, другая — глядзець у твар раптоўнай бядзе. Калі ў Сент-Элене чакала яго вырашэнне гэтага пытання, дык там жа чакала яго шмат іншых рашэнняў, таму, стаміўшыся ад чакання, ён, нарэшце, закінуў за плечы свой мех і ў апошні раз выправіўся ў дарогу па возеры Т, пакуль яшчэ цяпло не зрабіла лёд ненадзейным.
Раздзел семнаццаты
Калі ён па звычцы асцярожна абмінуў далёкія фермы, Сент-Элен сустрэў яго поўнай цемрай: ні агеньчыка яму насустрач, і з вялікай гранітнай скалы ён мог толькі ўяўляць сонны горад. Нідзе нікога, і ніадкуль ніякага гуку. Хоць Рой вельмі дасканала прадумаў сваё начное вяртанне, яно яго не радавала. Нават інспектар — і той адолеў яго, прымусіў ісці крадком, як злодзея, і груз на яго плячах наўрад ці быў варты той ганьбы, якой за яго заплачана.
Падыходзячы да фермы, ён верыў, што знойдзе там Сэма. Усё было знаёма нават у цемры. Свіран, вяндлярня, дзіўныя сілуэты конных грабляў і плугоў, месіва ўжо расталага снегу — усё было ранейшым, ранейшым павінен быць і гаспадар. Сэм мусіў быць тут, і Рой без роздуму пераступіў парог кухні і ціха падняўся ў свой пакой.
Ён вобмацкам знайшоў лямпу там, дзе ёй і належала быць, і ўздыхнуў з палёгкай. Затым запаліў запалку, паднёс яе да кнота і, падняўшы лямпу, агледзеўся.
На імгненне святло асляпіла яго, але затым тое, што ён убачыў, аглушыла яго як абухом па галаве. На яго ложку спалі дзеці, акрамя таго, у пакоі былі яшчэ два ложкі і на іх іншыя дзеці, амаль падлеткі. Нейкі хлопчык спалохана выскачыў з-пад коўдры, і Рой, які спадзяваўся ўбачыць знаёмы твар, быў расчараваны.
— Не крычы, — сказаў Рой хлопчыку. — Я не ведаў, што вы тут. Я не ведаў, што Сэм з'ехаў. Толькі не крычы.