Паляўнічы
Шрифт:
— Што ён хоча? — спытаў Рой.
— Не ведаю, — сказаў Скоці, — ён выклікаў сёння ўсіх трапераў Муск-о-гі. Нешта рыхтуецца. Так што табе лепш прыйсці самому і паглядзець. Які сэнс хавацца?
Рой узрадаваўся хоць нейкай пэўнасці, нейкаму завяршэнню.
— Дзе мая шапка? — сказаў ён. — Дзе яна, Самсон?
Самсон знайшоў яе ў бары і нацягнуў Рою на галаву. Ішлі моўчкі. Рою не было што гаварыць, Скоці быў надта засмучаны выглядам Роя і яго бедамі. Час ад часу Самсон пазіраў на Скоці, круціў галавой і некалькі разоў падтрымліваў Роя, калі той спатыкаўся. Не даходзячы да канторы інспектара, Рой спыніўся ля снежнай гурбы і пацёр мокрым снегам твар і рэдкія валасы, вочы, шыю. Ён выцер твар шапкаю, высмаркаўся проста ў снег, ачысціў з каленяў гразь, але, калі яны па высыпанай пяском сцежцы падыходзілі да канторы, выгляд у яго быў
У маленькай канторы інспектара ўжо сабраліся іншыя дзесяць трапераў Муск-о-гі. Са з'яўленнем Роя, Скоці і Самсона ў зборы былі ўсе трынаццаць. Тут былі людзі, якіх Рой не бачыў па пяць-шэсць гадоў, хоць яны лавілі ў Муск-о-гі амаль побач. Усе даўнія сябры, якія віталі адзін аднаго грубаватымі жартамі сапраўдных лесавікоў.
— Хэло, Рой, — казалі яны. — Вось ён, граза каліфарнійскіх баброў, наш Рой Мак-Нэйр!
Ніхто не высмейваў ягонага пакамечанага выгляду, і некаторыя не глядзелі на яго: яны ўжо ведалі пра Сэма. Яны ведалі пра яго больш, чым сам Рой. Рой яшчэ ні з кім не гаварыў пра дэзерцірства брата, і ніхто з іх не пачынаў гэтай гаворкі; ніхто не хацеў быць надакучлівым. «Ну як, яшчэ не злавіў ён цябе, Рой?», — звыкла гаварылі яны, ведаючы, што Рой любіць, калі яму нагадваюць пра паядынак з інспектарам.
Рой адказваў усім, але ў яго жартах не было запалу, і ён быў задаволены, калі яго пакінулі ў спакоі ў кутку побач з Індзейцам Бобам.
— У цябе ўсё нармальна, Рой? — спытаў індзеец.
Рой кіўнуў.
— Нармальна, Боб, — сказаў ён. — Як у бабра на плаціне!
Больш яны не размаўлялі, чакаючы з'яўлення інспектара.
Разам з грузнай фігурай інспектара ў пакоі з'явіўся яшчэ адзін камлюкаваты мужчына. Гэта быў Бэрк — той заолаг, які быў у Роя на пачатку зімы. Рой устрывожыўся, гэта была не проста ўлада. Прысутнасць Бэрка азначала ўварванне высокай навукі, абяцала рашучыя меры.
— Пакуль пачаць пра справу, — сказаў інспектар, уважліва, амаль з асуджэннем пазіраючы ў іхнія твары, — я хачу сказаць вам вось пра што. Перад самымі Калядамі нехта з вас распачаў паляванне ў заказніку Срэбных Даляраў. Я гэта ведаю таму, бо быў там, і я ведаю, што гэта нехта з вас, бо ледзь не злавіў вінаватага. — Ён памаўчаў, даючы магчымасць задумацца над яго словамі, гатовы з неверагодным пры яго паўнаце спрытам схапіць вінаватага. — Аднаго з браканьераў мы злавілі, таго, за кім сачылі. Гэта Джэк Сэнбі з Шасці Рэк. Ён паляваў у заказніку, як у сябе дома. Але ў пагоні за ім мы напароліся яшчэ на цэлую кампанію. Іх было два ці тры чалавекі, і мне здаецца, што сярод іх Мэрэй і Сен-Клэр. Хто быў трэці — я яшчэ не ведаю. Толькі ведаю, што ён уцёк у Муск-о-гі з вялікай ношай незаконнай пушніны. Дык вось, калі я знайду гэтую пушніну ў некага з прысутных, абяцаю, што даб'юся для яго суровага турэмнага зняволення. Мне вельмі не хочацца, каб хто-небудзь з вас, сябры, трапіў у бяду, асабліва зараз. Але калі я злаўлю яго, не будзе ніякага патурання і ніякага апраўдання. Узяць скурку-другую звыш нормы — гэта адно, але рабаваць заказнік — гэта ўжо недаравальна. Таму, хто б гэта ні быў, няхай асцерагаецца. Закон не дрэмле!
Рой не зводзіў вачэй з інспектара. У мёртвай цішыні, якая наступіла пасля гэтай заявы, ён чакаў погляду-асуджэння. Чакаў і гатовы быў сустрэць не міргаючы, хоць вочы і былі чырвоныя, балелі. Але для інспектара Рой нібыта і не існаваў, ён ні разу нават не зірнуў у яго бок. Аднак Рой ведаў, што ўвесь гэты маналог быў адкрытым папярэджаннем яму. Інспектар ведаў, каго ён даганяў. Без слоў ён казаў Рою: «Я ведаю, што гэта ты, і я ледзь не злавіў цябе. Выкрываць цябе я не хачу, але не рабі нічога, што прымусіць мяне зрабіць гэта. Калі пушніна дзе-небудзь у цябе схавана, хай там і застаецца. Зараз я мог бы накласці на цябе руку, Рой, але я не хачу. Таму сцеражыся. Я цябе адпускаю!» Са шкадаваннем ці спачуваннем, але інспектар, нарэшце, адолеў яго, паклаў на абедзве лапаткі, а пасля сам падняў. Горшага і прыдумаць нельга: гэта была не дапамога, гэта было поўнае паражэнне.
— І яшчэ, — працягваў інспектар, — я так упэўнены, што Мэрэй і Сен-Клэр прымалі ў гэтым удзел, што атрымаў у паліцэйскім упраўленні акругі ордэр на іхні арышт. Кожны, хто дасць ім прытулак, будзе вінаваты ў патуранні ім, і лічыце гэта за афіцыйнае папярэджанне. Гэтым валацугам дарогі сюды няма, і ў тутэйшым лесе ім ніколі не паляваць. Пра гэта я паклапачуся.
Зноў панурае маўчанне. Інспектар усміхнуўся: ён, відаць, пашкадаваў, што стварыў такую
напружаную атмасферу, але што-небудзь змяніць ужо не мог.— Я не хачу вас крыўдзіць, звераловы, — сказаў ён, — таму што горшае яшчэ наперадзе, але я хачу, каб вы зразумелі, што ўсё мяняецца. Калі вы хочаце калі-небудзь паляваць у Муск-о-гі, шмат што трэба змяніць, таму не думайце, што я круты таму, што я інспектар. Я вымушаны прымаць крутыя меры таму, што ўся гэтая тэрыторыя, можна сказаць, вычарпана для звералова, і я проста спрабую ўратаваць рэшткі. — Ён кіўнуў на Бэрка, які стаяў побач. — Вось містэр Бэрк з Аховы пушных і рыбных рэсурсаў. Ён раскажа вам, што засталося ад нашага Муск-о-гі, а засталося няшмат. Ён скажа вам і пра пастанову, і думаю, што многім з вас яна будзе не даспадобы.
Бэрк не глядзеў на іх, здавалася, ён звяртаўся да жменькі дробязі, якую падкідваў на далоні.
— Вы ўсе за апошні год у розны час бачылі Ласона і мяне ў Муск-о-гі, і вы ведаеце, што праведзена надзвычай сур'ёзнае абследаванне дзічыны гэтага ўчастка. — Ён падняў вочы. — Вы, звераловы, ведаеце пра дзічыну больш за мяне, і вы ведаеце, як яе становіцца мала. Вы ведаеце, што пушніны ў Муск-о-гі не можа больш хапаць на жыццё трынаццаці трапераў на трынаццаці ўчастках. — Бэрк на імгненне затрымаў вочы на Роі, але быў падкрэслена абыякавы, трымаўся холадна. — Многія з вас, відаць, памятаюць, чым было звералоўства да тысяча дзевяцьсот трыццаць пятага года, калі былі створаны заказнікі. Да тысяча дзевяцьсот трыццаць пятага года гэта была шалёная гонка па азёрах, рэках і сцежках, і кожны трапер ставіў свае пасткі там, дзе хацеў, пакуль не сустракаў пасткі іншых. Тады ён збочваў, калі баяўся, альбо вычышчаў чужыя пасткі, калі быў дастаткова нахабны. Падзел усёй тэрыторыі Муск-о-гі на ўчасткі спыніў такое становішча. Ён даў вам трынаццаць пэўных участкаў, па, адным на кожнага. Гэта спыніла сваркі і драпежніцтва адзін супраць аднаго, але не знішчыла пагрозы залішняга аблову Муск-о-гі. Магчыма, калі б вы больш ашчадна абыходзіліся з вашымі ўчасткамі, дык там і зараз было б больш дзічыны, але не ўсе былі дбайнымі гаспадарамі. Некаторыя з вас ганяліся за кожным цэнтам, які можна было выціснуць з пастак, і вы спусташалі ўчасткі дарэшты. Я нікога не абвінавачваю, бо ведаю, што трапер сам сабе не вораг, я ведаю, што спусташалі ўчасткі вы не без падстаў. Але факт ёсць факт. Пушніны засталося хіба што на палову вас, і калі зараз не прыняць неадкладных мер, дык хутка яе не застанецца зусім. Мы меркавалі, што заказнік на Сярэбранай рацэ калі-небудзь уратуе Муск-о-гі, мы на гэта спадзяваліся.
Рою хацелася пратэставаць, апраўдвацца, але ён слухаў Бэрка, а яго траперскае сумленне мучыла яго.
— На няшчасце, — працягваў Бэрк, — заказнік не даў яшчэ жаданых вынікаў, часткова з-за браканьерства, але галоўным чынам таму, што ён яшчэ занадта малады. — Рой адзначыў гэта як частковае апраўданне яго віны, а Бэрк працягваў гаварыць: — Дык вось, паколькі няма надзеі захаваць увесь Муск-о-гі, я прыехаў сюды, каб паведаміць вам пастанову дэпартамента. Ці ёсць у вас пытанні, перш чым я абвяшчу яе?
Ніхто не скрануўся з месца, ніхто не прамовіў ні слова.
— Яна надта простая, — рэзка прамовіў Бэрк, апусціў свае манеткі ў кішэню і агледзеў прысутных, — і яна надта суровая: з трынаццаці ўчасткаў Муск-о-гі сем будуць закрыты, а шэсць захаваны. — Тут ён прыпыніўся, даючы магчымасць пярэчыць і пытацца, але пэўны час усе маўчалі.
Затым пачаў Самсон:
— А якія ўчасткі будуць закрыты?
Інспектар падаў Бэрку карту.
— Нам давядзецца закрыць тыя ўчасткі, дзе менш за ўсё засталося дзічыны, — сказаў Бэрк. — Зараз я назаву іх. — Ён вадзіў тоўстым пальцам па зялёнай карце Муск-о-гі і абвяшчаў канец аднаго ўчастка за другім, а траперы сачылі за гэтым пальцам, які абвяшчаў лёс кожнага з іх. Ён закончыў, лёс стаў вядомы. Участак Роя ацалеў, адзін з двух участкаў Скоці і Самсона быў закрыты, закрыты былі і ўчастак Індзейца Боба.
Але гэта не магло быць канчатковым рашэннем.
— А як жа быць нам? — сказаў нехта.
Многія незадаволена зашумелі, але тут умяшаўся інспектар.
— Містэр Бэрк толькі назваў закрытыя ўчасткі. Ён не сказаў, хто будзе карыстацца тымі, што засталіся. Нам здаецца, што вы павінны вырашыць гэта самі, паміж сабой. Вас тут трынаццаць, адкрытых участкаў шэсць, і мне здаецца, што адзіная магчымасць паступіць справядліва — гэта кінуць жэрабя. Як вы лічыце?
Зноў пачаўся шум.
— А вы прагаласуйце, — прапанаваў Бэрк.