Пастка для рэха
Шрифт:
— Валянціна Міхайлаўна, неяк няёмка. Я ж не студэнт... Хто паедзе з дарослых? — гэта ўсё, што я здатны вымавіць.
— Дольчык, не дуры галаву. Табе ўсё жыццё перад усімі няёмка. І перастань прыкідвацца вялікім пакутнікам. Не едзеш, так і скажы… Карацей, надумаеш, патэлефануй мне...
— Валянціна Міхайлаўна!
— Усё, Дольчык, усё!.. У мяне ад цябе вуха баліць. Чакаю званка…
Дадаць нешта ў сваё апраўданне спазняюся, кароткае бзыканне ў трубцы крадзе яе голас. Ляніва плятуся на кухню, перапоўненую гаркавым смуродам гарэлай бульбы. Адключаю газавую пліту і адчыняю фортку…
Скрынка з прахам маёй памяці недзе за сцяной, у старэнькім пашарпаным шыфаньеры. І яе сёння зноў давядзецца адчыняць…
Выстава,
Счакаў, каб у зале засталося як мага меней людзей, пасмялеў і наблізіўся да дзяўчыны. Тая разглядвала рэпрадукцыю карціны Мікалая Рэрыха «Спаленне цемры» і не звярнула на мяне ўвагі.
— «…Камень спачывае на падушцы, на незвычайным пастаменце з мармуру», — іранічна працытаваў я некалі пачутае выказванне з «Агні-Ёгі», дэманструючы сваю дасведчанасць у творчасці Рэрыха.
Бялявая скоса паглядзела на мяне і нічога не сказала.
— «Глыбока схавана тое Сховішча, і многія з нас не здагадваюцца, што ў час нашага сну Белае Брацтва спускаецца па тых галерэях на сваю начную пачэсную варту…» — выпаліў я пасля хвіліннага маўчання.
— З гэтай «начной вартай» Мікалай Канстанцінавіч знаёміць нас у іншай сваёй карціне, «Скарбніца гор», — прыхільна зірнула на мяне дзяўчына і дадала: — У Сховішчы тым вялізнае скопішча горнага крышталя, а ў таемным залацістым святле патанаюць постаці ў доўгіх балахонах. У руках Галоўнага — Чаша с полымем і невыразна акрэслены прадмет...
Я ў боязі падацца ў яе вачах невукам няўпэўнена пацікавіўся:
— Можа гэта і ёсць той самы Камень, які прыводзіць рытм нашай Планеты ў адпаведнасць з Касмічным магнітам?
— Магчыма, — усміхнулася дзяўчына.
Мне здалося, што ў яе рухавых зрэнках пасялілася іронія. А яшчэ, напэўна, смутак...
— Адкуль вы ведаеце пра Камень? — пацікавілася яна нечакана.
Я паціснуў плячыма:
— Чытаў недзе.
— Чыталі, але амаль нічога не зразумелі? — з’едліва спытала дзяўчына.
«Хіба так знаёмяцца?» — падумаў я і з жалем і крыўдаю паглядзеў на бялявіцу. Выдавала на тое, што скептычная ўсмешка прыляпілася да яе вуснаў неадчэпна і разлічваць на нейкую паблажлівасць марна.
Аднак я перабольшваў… Як заўсёды…
— Ведаеце, чаму людзі баяцца смерці?.. — нечакана спытала яна. Не без іроніі, вядома.
Я падрыхтаваўся да чарговага розыгрышу.
— Таму, што яны не разумеюць, што такое Вечнасць… Рэрых падарыў нам магчымасць дакрануцца да яе поглядам. Кожны яго твор прасякнуты Прыгажосцю і Вечнасцю. Узіраючыся ў яго палотны, мы сутыкаемся са сваім глыбінным «Я», са сваім Духам. Бо чалавек найперш ёсць Дух. А жыццё — гэта хучэй сон, чым сапраўднасць… Наша душа спачывае ў «труне», якую мы называем целам…
Я баяўся спалохаць сваімі неразумнымі пытаннямі яе думкі і маўчаў.
— Мінулае, сапраўднасць і будучыня — існуюць адначасова. Зямля — гэта толькі месца іспыту нашай Вартасці, Творчасці і месца апошняга Суда. Тут мы праходзім духоўны адбор. Кожны з нас носіць свае «шалі» за пазухай. Імі мы і адважым сабе той кавалак, якога заслугоўваем. Недаравальны грэх — гэта ўяўляць сябе Богам…
— У кожнага з нас сваё разуменне дабрыні… Вечнасці таксама…
— Вы не згодныя? — зірнула яна на мяне недаверліва.
— Што вы!.. — захваляваўся я. —
Болей таго, я не супраць прадоўжыць з вамі гэтую тэму, але, здаецца, нас хутка папросяць з залы. Да закрыцця выставы застаюцца лічаныя хвіліны, — выціснуў я і заклапочана зірнуў на гадзіннік. — Вы не супраць, калі мы прагуляемся ля Дзвіны?Гэта было нахабства. Аднак па-іншаму я не мог. «Зараз, альбо ніколі», — вырашыў я цвёрда.
— Насупраць гатэля ёсць буфет… Калі жадаеце, магу пачаставаць вас кавай, — смела прапанаваў я. — Альбо півам… Ну-у-у, згаджайцеся… Раскажаце пра Камень?
Маё пытанне засталося без адказу…
Мы спускаліся па каменных прыступках уніз да Дзвіны, а мне здавалася, што я спускаюся ў апраметную нечай душы. З лабірынтаў сховішча чужой дабрыні, смутку і самоты веяла трывогай і невядомасцю. І мне захацелася як мага хучэй перажыць гэтыя хвілінныя нязручнасці…
— Ой, ды тут і ўпасці нядоўга! — засумнявалася дзяўчына, спатыкнуўшыся. Як выявілася, зачапілася абцасам боціка за вышчарбленую каменную прыступку. Я азірнуўся. Яе рука нехаця кранулася майго пляча. Ад яе сыходзіла магічная прыцягальная цеплыня. Нашы крокі адгукаліся гулкім рэхам. Жалезныя поручні апякалі далоні ледзяным холадам. Мяне здзіўляла не столькі бестурботнасць дзяўчыны, якая з лёгкасцю даверылася мне, колькі смеласць маёй прапановы. Гэта быў парыў нахабства, вераломства вечна палахлівага майго «Я». Гэта была радасць, якую людзі чакаюць усё жыццё. Я шукаў у яе бяскрыўдных словах схаваны сэнс. Шукаў і не знаходзіў яго. Бо жаданне паверыць, што гэта і ёсць тая — адзіная, з якою я марыў ісці па жыцці поруч, тая, якая зможа дапамагчы мне выжыць у гэтым жорсткім, вар’яцкім свеце, перамагала ўсе астатнія мае эмоцыі. Мне хапіла аднаго толькі выпадковага дотыку яе далоні да майго пляча. Я ад хвалявання ўсміхнуўся і ў надзеі зірнуў на дзяўчыну. Але маёй шчаслівай усмешкі яна не заўважыла…
У яе былі выразна акрэсленыя рысы твару: вялікія зялёныя вочы, акуратны нос. А яшчэ ў яе было чулае сэрца. Толькі добразычлівасць у краіне, дзе яна нарадзілася, была раднёю неабароненасці. І, пэўна, яна пра гэта нават не здагадвалася.
У рэстаране было бязлюдна. Маладзенькая афіцыянтка паклала перад намі меню.
— Што будзем піць: гарбату, каву? — спытаў я нясмела.
— Я — каву, — папрасіла Ліда. Так, як выявілася, звалі дзяўчыну.
Я заказаў кубачак кавы, а сабе куфаль піва.
— Раскажы мне пра Камень, — папрасіў я, нібыта іншых тэм для размовы не існавала.
— Баюся, ты не падрыхтаваны ўспрыняць сэнс гэтай дзіўнай гісторыі.
Я пакрыўджана зірнуў на Ліду:
— Не падрыхтаваны?..
— Не падрыхтаваны духоўна, — паправілася яна. — Ды і гісторыя доўгая…
— Абяцаю быць уважлівым слухачом.
Яна адпіла кавы і загадкава прыжмурылася.
— Што ж, слухай. Гэты Камень трапіў на Зямлю з адной далёкай зоркі, — распачала яна свой аповед. — На тым месцы, дзе ён з’явіўся ўпершыню, і ўтварылася знакамітая Шамбала. Менавіта ў гэтай краіне, паводле легенды, на вежы Рэгдэн-Джапо, у асобным памяшканні захоўваецца і зараз гэты Камень. Сцвярджаюць, што незвычайны «пасол» Сусвету ўтрымлівае ў сабе невядомае нашай навуцы рэчыва, якое дапамагае захоўваць вібрацыі Космасу. На радасць людзям, з Каменя ідуць магічныя промні. І не існуе гэтым промням перашкоды. Па свеце блукае кавалак ад гэтага Скарбу. Яму наканаваны шлях Вестуна. Гэтая часцінка душы Арыена апавяшчае Чалавецтва аб Вялікіх Сусветных падзеях. Яна захоўвае ў сабе магічную сувязь з галоўным Каменем, і мэта яе — яднанне з Вялікім Брацтвам. Валодаюць ёю — людзі абраныя. І прыносіцца той каменьчык нечакана, зусім невядомымі асобамі. Тым жа нечаканым шляхам, у патрэбны час, Камень знікае, каб паявіцца зноў у вызначаны тэрмін, але ўжо у зусім іншай краіне. З’яўленне Каменя азначае, што наспеў час магутнасці гэтай краіны. Дар Арыена прыносіць з сабою і асабісты Запавет, які павінен быць абавязкова выкананы.