Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пастка для рэха

Паплаўскі Алесь

Шрифт:

— Што ў цябе яшчэ новенькага?

— Джынсы…

Тэрэза дэфіліруе па пакоі.

— Як?..

— Класныя, — адказвае Жэнік. У голасе несхаваная абыякавасць.

— А вочы?

— Вочы таксама класныя…

— Не, Жэнік, — сумна ўсміхаецца Тэрэза. — У іх няма ранейшага бляску, няма свежасці...

За яе пранізлівай халоднай усмешкай тоіцца нейкае глыбока схаванае расчараванне.

— Тэрэза, нам неабходна пагаварыць.

— Аб чым? — здзіўляецца яна.

— Іншы раз мне здаецца, што ты… — ён замаўкае і сумна глядзіць на Тэрэзу. — Што ты нешта старанна хаваеш ад мяне. Можа ў цябе ёсць нехта іншы? Лепшы?..

— Чаго ты хочаш? — злуецца яна.

Я хачу, каб ты калі-небудзь закахалася ў мяне. Я пачакаю… Чуеш?

— Я і так цябе кахаю.

— Не, Тэрэза, не кахаеш... Ты толькі дазваляеш кахаць сябе…

Яна хоча дадаць нешта ў апраўданне, аднак перадумвае і збянтэжана ўсміхаецца. Яе ўсмешка агаляе адзіноту. Яго адзіноту. Ён не ведае, пра што гаварыць далей, і маўчыць. Лепшы сродак ад болю — гэта туга. Туга па сваіх пачуццях…

Калі б нехта спытаў у яго ў гэты момант, з чаго складаюцца нашы эмоцыі, ён не задумваючыся адказаў бы: з іроніі. Вечар таксама вылеплены з іроніі. А яшчэ з пацалункаў…

Усю ноч яны мілуюць адно аднаго. Раніцай разам пакідаюць цесны інтэрнацкі пакойчык. Яна ідзе на працу, ён — на пошукі ўчарашняга дня. Настрой выдатны. Калі не ўлічваць, што хочацца спаць. Аднак санлівасць хутка пройдзе. Кубачак кавы верне ўпэўненасць і бадзёрасць…

6

Ноччу ідзе снег. Раскалупаныя вулічным святлом жоўтыя дзіркі ў ліпкай цягучай цемры запоўненыя каляровым віхурным пылам. Цені нагадваюць пачварных міфічных жывёл. Парывісты вецер гоніць гэты прывідны статак у канец вуліцы, потым вяртае яго назад. Вуліца падобная да вялізнага вальера — запыленая і пакалечаная капытамі нябачных міфічных істот. Але вецер некалі сціхне… Снег таксама... Першы снег не ляжыць доўга. А пакуль… Сняжынкі сыплюцца з развязанага меха Вечнасці і разносяцца ветрам па вуліцы. Акамянелая завірушная цемра набывае выразна акрэсленыя формы. Буднік узіраецца ў гэтае размытае да непазнавальнасці Нешта і думае пра Вечнасць. І ноч цалкам спрыяе гэтаму. За вокнамі падае снег. А ў пакоі цішыня... Буднік слухае сябе — там таксама цішыня…

Недзе на краі бездані віднеецца Вялікі Горад. У шэра-белай дымцы вымалёўваюцца размытыя адлегласцю шматпавярховыя будынкі. Яны нагадваюць Будніку пакорлівых вартаўнікоў лета, што сыходзіць у нябыт. Яны ўсё яшчэ працягваюць несці сваю бездакорную, пачэсную варту. Але іх пакорлівасць нікому не патрэбная ўжо. Пакутуючы ад гэтай напатканай знянацку сваёй непатрэбнасці, пакутуючы ад незразумелай зямным істотам безвыходнасці, іх запыленыя паўсляпыя вочы-вокны роспачна моляць аб літасці…

Здрада выношваецца гадамі. Ускормленая добрымі намерамі, яна ціха гняздзіцца ў нашай свядомасці па суседстве з дабрынёю. Але аднойчы яна абавязкова праявіцца…

Калі ён думае пра Вечнасць, яму згадваецца невялічкі інтэрнацкі пакой — усё, што засталося яму ад колішняга жыцця. Пакой гэты ў доме № 20 на вуліцы Піянерскай, і час у ім больш не вымяраецца звыклым ціканнем ходзікаў. Яны сапсаваліся некалькі гадоў таму, адразу ж пасля недарэчнай, заўчаснай смерці жонкі. Час у гэтым пакоі вымяраецца крокамі… Як адлегласць…

У гэтым каменным казённым саркафагу, які называюць зневажальна «дзіватнікам», ён марыць аб дні заўтрашнім. Мроіць, бо разам з ім у гэтым пакоі пасяліўся і жыве цэлы свет — свет яго ўражанняў і крыўд. Недасягальны для іншых, як сама недасяжнасць.

А з чаго ўсё пачыналася, ён выдатна памятае. І калі ім авалодвае туга, ён не цураецца паблукаць сярод лабірынтаў сваёй памяці, паблукаць у пошуках страчанага — таго, чаго не вернеш ужо ніколі. Бо мары — не матэрыя. Яны з’едзены звычайнай

людской абыякавасцю. Нібыта з’едзены ненажэрнай моллю дыван — той, што вісіць у яго пакоі над ложкам. І няма яму ніякай справы да таго, што выношвае за сваёй пазухай гэты складаны і жорсткі час. Ён перакананы: не час вінаваты, што людзі такія, а людзі вінаватыя, што такі час...

У краіне, дзе ён нарадзіўся, пра існаванне Бога не здагадваліся. А тыя, хто здагадваўся, верылі ў яго ўпотай…

Таму ад размоў на тэмы рэлігіі ён далікатна ўхіляўся. Прытрымліваўся левых поглядаў: і ў жыцці, і ў палітыцы імкнуўся верыць у магічную сілу слова, а не ў нейкі там міф. І калі аднойчы апынуўся ля царквы, шчыра здзівіўся:

«Рыхтуйце запалкі, памінальныя свечкі закупленыя ўжо!..»

Насамрэч ніякай выпадковасці ў яго ўчынку не было. Бо ўсе нашы ўчынкі — вынік нашых думак. Бо адна бяда водзіць за сабою другую. Бо людзі звяртаюцца да Бога часцей за ўсё тады, калі чакаць дапамогі ім больш няма адкуль…

Жыццё пачынала здзекавацца з яго. Спачатку яго вытурылі з дырэктарскай пасады. Потым адабралі службовую кватэру, а потым… Потым захварэла жонка… У пошуках выратавальнай саломінкі ён і апынуўся ў той дзень ля царквы...

Калі Бог — міф, то ці можа ён існаваць вякамі? Вось якая думка закралася ў яго свядомасць у тую хвіліну. Залезла і ўкаранілася там, каб выціснуць усе астатнія думкі.

«Не прасі рады ў Бога, — іранізавалі з яго неаднойчы калегі. — Ён усё роўна пакажа самы цяжкі шлях…» Але калі гэта так, то чаму ж мы адчуваем радасць ад веры ў Яго?

Думкі спляталіся ў клубок супярэчнасцей… Думкі нараджалі сумненне... І ён няўпэўнена накіраваўся да царквы.

«Магчыма, гэта і ёсць тое месца, дзе людзей разумеюць з паўслова? — думаў ён, мітусліва паглядваючы ва ўсе бакі. — Ці зразумеюць мяне тут?..»

Царкоўная брама была прыадчыненая. З аднаго яе боку стаяў сівы дзядок, з другога — жанчына з невялічкаю скрынкай у руках. Галава ў старога была схіленая долу. У жанчыны, наадварот, смела ўзнятая. «Ім бы толькі выкленчыць што-небудзь, — гідліва падумаў Буднік, разглядаючы гэтых папрашаек. — Бог падасць…» — выцадзіў ён праз зубы. Не вытрымаў пранізлівага, ледзянога позірку жанчыны, апусціў галаву…

— Бог любіць цябе… — лісліва прашапялявілі вусны старога.

Ён уздрыгнуў. Далонь жабрака нахабна парушыла межы дазволенай прасторы. «Чаму ж мы адчуваем радасць ад веры ў Яго?»

«Вартаўнікі жыцця» з’ядалі яго патрабавальнымі позіркамі. Ён зрабіў некалькі крокаў назад і, апынуўшыся ў недасягальнасці іхніх рук, супакоіўся.

— Бог любіць цябе!.. — зноў прашапялявіў стары.

Буднік намацаў у кішэні кашалёк і адлічыў некалькі пацёртых паперак. Павагаўся і падзяліў іх на дзве роўныя купкі.

«Знаем тебя, переодевшийся гомункул! Опять ты выполз!..»

Словы вылезлі аднекуль знутры, з неспасцігальных глыбінь ягонай свядомасці. І ад гэтай магільнай бяздоннасці павеяла ледзяным холадам. «Чаго я прыпёрся сюды?» — падумаў ён з раскаяннем.

На невялікім царкоўным дворыку было людна. Аднак ніхто не звярнуў на яго ўвагі. Людзям было не да яго. Ні зараз, ні ўвогуле…

— Бог любіць цябе!..

У царкве ён прабыў нядоўга. Пастаяў сціпла ля дзвярэй. Паўзіраўся ў абразы святых. Паслухаў святара. «Бога няма ў гэтай царкве», — вырашыў ён і ў сполаху ад сваёй думкі пасунуўся да выхаду. «Бога няма ў гэтай царкве, — падумаў ён зноў, але ўжо з упэўненасцю. — Яго прыводзіць сюды малады святар — той, які пільна ўзіраўся ў вочы… На каго тады спадзявацца мне? На самога?..»

Поделиться с друзьями: