Пастка для рэха
Шрифт:
Дзяўчына змоўкла і адпіла з кубачка.
— Што гэта за Запавет такі? — спытаў я нецярпліва.
— Поводле ўсходняй легенды: «Скарбніца падрыхтавана і вораг не возьме залачонага шчыта. Чакайце Каменя!» Каменем у свой час валодаў Напалеон, але — не без умяшання ліхіх сіл — пагасіў сваю зорку. Камень быў дадзены яму ў Марсэлі невядомай асобай, а ён падарыў яго Жазэфіне, тым самым парушыў Указ — не нападаць на Расею. Каменем валодаў і Аляксандр Македонскі, які распачынаў вялікую справу — уз’яднанне Азіі з Еўропай, аднак і ён аддаў Камень сваёй каханцы Мелісе.
Дзяўчына хітра зірнула на мяне:
— Жарсць і эмоцыі кіравалі іх учынкамі. Камень павінна насіць жанчына, якой мужчына аддасць яго для выратавання Свету…
Яна замаўчала. Не ўсё,
2
— Генік!.. Сынок!.. Гэта бальніца, а не інстытуцкая лабараторыя… І чаму вас вучаць у тых інстытутах зараз?..
Гэтае зневажальнае яўрэйскае «Генік» псуе настрой канчаткова. Жэнік цярпліва выслухоўвае папрокі загадчыка хірургічнага аддзялення і маўчыць. Адмысловец з яго і сапраўды пакуль што неважнецкі… Вопыту не стае і ведаў малавата. Але адкуль таму вопыту ўзяцца? Чарніла і тое не паспела высахнуць на дыпломе: малады, зялёны. «Але хіба гэта прычына для здзекаў?» — думае Жэнік, пакрыўджана пазіраючы на загадчыка. Можна, вядома, паказаць характар, агрызнуцца, бразнуць дзвярыма: «Які я вам Генік?» Можна, але не з яго характарам. Характар не перайначыш. Што зробіш, калі яму дастаўся такі? Тым больш што заўвагі слушныя. І работы ў бальніцы праз край, і медперсаналу не хапае.
— І чаму вас вучаць у тых інстытутах зараз?.. — назойліва перапытвае Сурто, мужчына сярэдняга ўзросту, таўсташчокі, са стомленымі загноенымі вачыма.
— Іван Пятровіч! — умешваецца ў размову дзяжурная медсястра. — Хіба мы з вамі іншымі былі?.. Памятаеце, як вы…
— Іншымі, — катэгарычна спыняе медсястру загадчык хірургічнага аддзялення. — Я, ва ўсякім выпадку, дыплом свой не за грошы купіў. А калі і не цяміў у нечым, дык не саромеўся запытацца лішні раз.
— І я не купляла… Але і па нашым часе розныя шустрыкі знаходзіліся. Не за грошы, дык за блат атрымлівалі, — не згаджаецца з ім дзяжурная медсястра. — Хіба мала такіх праз вашыя рукі прайшло? Дарэчы, з некаторых атрымаліся някепскія хірургі.
— Атрымаліся, — перакрыўляе яе загадчык аддзялення. — Дзе яны зараз, тыя касталомы? У бізнес падаліся?..
— Рыба шукае дзе глыбей, а чалавек дзе цяплей, — у голасе жанчыны чуецца няўпэўненасць.
— Быць нянькаю не збіраюся. Ні-ко-му-у… Бальніца — не тая ўстанова, дзе можна эксперыментаваць на людзях.
Схіліўшы галаву, як шкадлівы шкаляр, Жэнік слухае і па-ранейшаму маўчыць. Падумаеш, не запісаў у медкартку выніку аналізаў. Усё і так зразумела…
Свае выхаваўчыя лекцыі бурклівы загадчык ладзіць звычайна зранку, пасля чаго надоўга знікае некуды. Тады Жэнік выцягвае з шуфлядкі кіпу медыцынскіх картак і пачынае старанна вывучаць іх перад чарговым абходам…
Праца хірурга нудная і нецікавая. Кожны дзень адно і тое ж: прыклейваеш да твару скупую ўсмешку і: «Што вас турбуе?..»
Праз хвіліну ён адчыняе дзверы ў бальнічны пакой і накіроўваецца да хворага. Свой новы працоўны дзень, як і заўсёды, распачынае завучанымі да аўтаматызму словамі:
— Як вы сёння пачуваецеся?
Фальш гэтых слоў выдае інтанацыя. Аднак жыццё падпарадкоўваецца жорсткай дысцыпліне цярпення. Ён гэта ведае з уласнага вопыту. І хоць кожны з нас мае схільнасць да спагады і дабрыні, мы таксама даволі хутка звыкаемся з людскім горам. Асабліва, калі сутыкаемся з ім кожны дзень…
Увечары таго дня, калі трагічна загінула мама, у горадзе адключылі электрычнасць. Ненадоўга, праз некаторы час падачу яе аднавілі, аднак адчуванне дыскамфорту, выкліканае гэтым раптоўным адключэннем, засталося. І ўвогуле, Жэньку здалося, што са смерцю мамы ў свеце парушыўся выпрацаваны часам баланс агульнай раўнавагі. Дабрыня, на якую спадзявалася чалавецтва,
згубіла свой сэнс. Апраметны плявок Сатаны — і шасцярню ў гадзінніку Жыцця заклініла…Дзяцінства для яго скончылася таксама ў той дзень. Дзіцё перастае быць дзіцём, калі пачынае разумець, што чалавек смяротны. Большая частка яго бесклапотнай пары прайшла ў інтэрнаце для дзяцей-сірот. Яму не было і шасці гадоў, калі не стала мамы. Даведзеная да суіцыду бацькам-тыранам, яна ўтапілася ў рэчцы, у яго на вачах. Памяць дасюль захоўвае тыя трагічныя фрагменты жнівеньскай раніцы: мамін пацалунак і развітальны крык — крык адчаю і бязмежнай любові:
— Жэнік!.. Сы-ы-но-о-к!..
Калі ён чуе гэтыя словы ад некага іншага — надрывістыя, знявечаныя жыццём, — ён міжволі ўздрыгвае. Уздрыгвае ад адчаю, бо ведае, дзе сапраўднасць, а дзе штучнасць.
— Я вярнуся! Я абавязкова вярнуся! Не асуджай мяне і даруй! Смерці няма, яе прыдумалі людзі!.. Прыдумалі, каб пасяліць у душах страх і сумненне…
Каб зразумець сэнс гэтых слоў, ён тады яшчэ не дарос. Не зусім разумее іх і сёння.
Што гэта: словы-апраўданне ці словы-надзея?..
Дрыготкія вільготныя пальцы балюча ўпіваюцца ў густую чупрыну. Мамін дотык тоіць дабрыню і прымус…
— Пажывеш у цёткі Валі. Яна добрая… Слухайся яе. Абяцай, што будзеш слухацца. Дай слова!.. Яна любіць цябе… Прывыкнеш…
З гэтага моманту ён і пачынае цяміць, што людзі нараджаюцца дзеля таго, каб да ўсяго прывыкаць.
Мама плача і роспачна цалуе яго. Дзіцячыя вусны смакуюць гаркавата-салёную вадкасць — прысмак маміных пацалункаў. Ён адхіляецца. Ён нічога не разумее. Толькі хто яму растлумачыць, што мамы няма ўжо?! У каго яму выпытаць таямніцу гэтых прагных маміных пацалункаў?..
Шмат пазней, калі ўсвядомяцца падрабязнасці той ранішняй трагедыі, якая дасюль вярэдзіць яго памяць, ён зразумее незразумелае: людзі нараджаюцца не толькі дзеля таго, каб да ўсяго прывыкаць, а яшчэ і дзеля таго, каб заслужыць для сябе Вечнасць. Зразумее і пранясе гэтае разуменне праз усё жыццё. Пранясе ў сваім сэрцы. Лёс не аднойчы будзе помсціць яму за шчырыя, а значыць, безабаронныя пачуцці. Але вера — вера ў Справядлівасць — будзе дапамагаць яму выблытвацца з самых неверагодных, з самых складаных жыццёвых сітуацый. Вера навучыць яго па-філасофску ставіцца і да цяжкасцей, і да нешматлікіх радасцей. Напэўна, маміны словы — вылепленыя з пацалункаў — і стануць для яго тым выратавальным маячком, на які будзе імкнуцца яго бязвінная душа… Імкнуцца, каб выжыць… І ў яго крохкай дзіцячай свядомасці ніколі не паселіцца зло, бо яму там не будзе месца. Бо разуменне Справядлівасці пасялілася там задоўга да той жнівеньскай раніцы… І будзе жыць заўсёды.
…Памятай, смерці няма, яе прыдумалі людзі, каб сеяць у душах страх і сумненне…
3
Буднік — чалавек непрадказальны. Што ў яго галаве, ніхто не ведае. Не прывык ён загадзя планаваць сваё жыццё. Мала што можа заўтра здарыцца. Як кажуць, усе пад Богам ходзім...
— Ну, наконт Бога… ты гэта прыплёў, Буднік, — хітра ўсміхаецца Лупонік, мужчына нявызначанага ўзросту, з доўгім прамым носам і густой рыжай чупрынай. Гэта ў яго доме Буднік днюе і начуе некалькі ўжо тыдняў. Так бы мовіць, здымае невялічкі пакойчык на другім паверсе. Здымае — сказана недакладна: пасяліўся і жыве, як у сябе дома. У думках Лупонік, само сабой, пратэстуе супраць такога суседства, але то ў думках. А на справе маўчыць, церпіць. Запазыка ёсць за Лупонікам перад гэтым чалавекам. Колішняя запазыка, недаравальная. І ўсё роўна праўдзівая мэта візіту свайго госця Лупоніку невядомая. А карціць даведацца, цікавасць выплюхваецца аж праз край. Якое ліха прывяло яго сюды? Не вытрымаў нарэшце, спытаў д’ябла і цяпер не рады. Буднік адно павялічыў таямніцу, зацяўся. Швэндаецца невядома дзе, а калі не, дык сядзіць у пакоі невылазна, замкнуўшыся… Сёння таксама прыплёўся наранку аднекуль. Зноў не начаваў дома, вылупак бяздушны…