Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
Як двое супрацоўнікаў таемнай арганізацыі, з аднолькавымі шалікамі на нэрвовых шыях, мы ідзем па палым аксамітым лісьці, падобным да разарванага ў шматкі каляровага сьвяточнага нумару газэты нумар пяць. Яна трымае мяне пад локаць – калі яна робіць гэта, яе лоб перасякае пакутлівы ўспамін. Цікава, ці можна будзе абысьціся без ампутацыі? Мы заходзім у краму і як турысты марудна адольваем кілямэтры яе раскошы.
Бананавыя сем’і, што счапілі жоўтыя рукі ў прадчуваньні немінучага; непрыстойнасьць ківі; амаль каўбасныя палкі галяндзкіх, вечна сьвежых агуркоў, не падлеглых нават страваваньню. Золата й бронза яблыкаў; матылі цыбулі ў сачках авосек. Бруд бульбы й морквы.
Мілы дзядуля заляцаецца да адной з тых бальзакаўскіх жанчын, якія купляюць тут толькі натуральнае. “Мужу вазьміце гарачага вэнджаньня”, – шэпча ён на сарамлівае чырвонае вуха. “Толькі гарачага”. “Скажы: яму б лепш сасісак узяць спачатку”, – рагоча пажылая, але жвавая прадавачка, уся нібыта зьлепленая з выстаўленага за шклом мяса. Чарга пасьмейваецца, хаця й коўзаецца на пляскатым жарце. Жанчына чырванее, але згодна ўсьміхаецца. “Толькі гарачага”, – гучна шэпча дзед – ахайна апрануты, выгалены да сінявы, у старамодным элеганцкім капялюшы. Ён ідзе за ахвярай уздоўж рыбных кансэрваў. Пакецікі харчовай хіміі, горка гаркавай гарбаты, тысяча разоў паўтораны маладзён на бляшанках кавы. Саркафаг Амундсэна, марозіва. Гронкі чыпсаў на плястмасавым вецьці. Мы йдзем, нічога не купляючы. “Толькі гарачага”. Здоб вінных бутэлек, шы здуб каньякоў. Жанчына крычыць.
Дзядуля дагнаў яе ля хлебнага адзьдзелу, і цяпер трымаў доўгі нож ля шыі жанчыны, вольнай загартаванай рукой сьціскаючы яе пад грудзьмі. Пакупнікі за папяровым гальлём. Сьнежныя каралевы гарэлкі. Добразычлівыя пакеты соку. Цэгла печыва. “Прадайце мне!” – нож у руках дзядулі скача, нібы хоча вырвацца. “Прадайце мне!” Каравэлы карамэлі. Рыбныя бургеры. Запацелая вэнджаніна. Біфіды. Жывыя ёгурты. Паштэты. Крык стаіць такі, што на нас глядзяць нават з вуліцы. Надрываецца прывязаны кімсьці каля ўваходу сабака. Нож падае. Да дзядулі падбягае ахоўнік, за ім яшчэ адзін, яны валяць вар’ята на падлогу й потым мы бачым хіба мільгаценьне заднікаў модных ботаў, што ўзьлятаюць да вітрынаў і апускаюцца ў нешта мягкае, слотнае. Пачынае стракацець касавы апарат. Мы выходзім.
117.
– Лепш у кнігарню.
Ды вось яны кнігі. На латку ля крамы. Мы падыходзім.
– Не азірайся. Кармушкін.
Але ён ужо рукаўся з пустэчай, трос кадыком. Кудысьці падзеліся доўгія, заўсёды залізаныя валасы, як у рокераў пяцідзесятых, не заўважылі мы й было студэнцкага лоску. Я ўздыхнуў і запаліў цыгарэту. Кармушкін спалохана, нібы насякомае на стале, стаў прыбіваць долу дым. Потым нясьмела пасьміхнуўся, выцер вусны рукавом.
– Як жа ён енчыў. І вочы закрываў, быццам яго асьляпілі. Візантыйцы так рабілі. Гуманны быў народ. Не забівалі пратэрмінаваных прэтэндэнтаў на кесарства. Проста асьляплялі. І ідзі ты на ўсе чатыры бакі.
Мы глядзелі на яго з прыкрасьцю. Кармушкін пачасаў калючае падбародзьдзе – відавочна, гэты занятак быў адзінай ягонай фізычнай радасьцю:
– Вас жа не было, так? Гэта на пастаноўцы гэтага авангарднага тэатру. Як толькі яны там тогі апранулі й на хадулі ўсталі, Даражок як зараве. Ледзь шкло ня вылецела. Праўда. Цяпер ён...
– Мы пойдзем, – я ўзяў яе за руку. Кармушкін не марудзячы схапіў маю і ўмольна прамармытаў:
– А я знайшоў, знайшоў. Вось ён, адказ.
Кармушкін выдастаў з сумкі стос зялёных кніжак, якія развальваліся ў яго ў руках. Некалькі старонак вырваліся й паляцелі ў бок прывязанага да парэнчаў
сабакі, які вітаў паперу радасным брэхам. Да крамы пад’ехалі міліцэйскія жыгулі, па-маладзецку рыпнуўшы ля самага ганку. Яна дурнавата пасьміхнулася ва ўвесь рот. Трэба забараніць ёй гэта.– Вось яно, – ён таропка перагарнуў старонкі, потым ў адваротным напрамку, потым зноў дайшоў да сярэдзіны з прагалам клею. – Вось. Мяне як токам стукнула.
Мы цярпліва чакалі. Кармушкін аніяк ня мог знайсьці патрэбную старонку; паплёваўчы на замерзлыя пальцы, на пазногцях якіх яшчэ ўгадвалася былая дагледжанасьць, ён катаваў танную кніжку, як сапсаваны гармонік. Мы глыбей захуталіся ў шалікавую цеплыню.
– Вось, – Кармушкін узяўся за кніжку абедзьвюма рукамі й выставіў перад сабой. Яшчэ некалькі старонак далучыліся да апалага лісьця, якім быў закіданы цяпер яшчэ пару хвілінаў таму чыста падмецены тратуар.
– І. Р. Ляпёхін, Практычны курс нямецкай мовы, – прачытаў я й шматзначна кашлянуў.
– Вокладка ня мае значэньня, – Кармушкін усьміхнуўся, – Гэта не мае словы, а заслужанага кампазытара краіны Івана Хруля. Ён казаў гэта, калі жонка яго папракала, што піша на туалетнай паперы. Вось.
Вочы яго загарэліся, ён прысунуўся да нас ушчыльную й прачытаў:
– Калі мы падыйшлі да касы, то, на жаль, усе квіткі на спэктакль былі ўжо прададзеныя.
Кармушкін запытальна зірнуў на нас і працягваў:
– Артыст некалькі разоў выходзіў на сцэну, і кожны раз гледачы віталі яго гучнымі аплядысмэнтамі.
Мы маўчалі. Кармушкін расчаравана высмаркаўся, а потым рашуча пагартаў кнігу й выдаў:
– Мая дачка хоча стаць артысткай. Яна не прапускае ніводнае пастаноўкі й гатовая гадзінамі стаяць у чарзе, каб набыць квіток.
Кармушкін прамовіў гэта сумна-урачыста, нібы яму далі слова на хаўтурах.
– Мы сядзелі ў трэцім ярусе, але ў бінокль усё відаць досыць добра.
– Мы пойдзем, – я штурхнуў яе плячом, і яна ледзь ня ўпала. Кармушкін папераджальна замахаў указальным пальцам між нашых твараў.
– Як толькі мы занялі месцы ў глядзельнай залі, прагучаў першы званок!
Мы ішлі, не абарочваючыся. Кармушкін, не адрываючы вачэй ад кнігі, пакрочыў за намі, але каля сьветлафору спыніўся. Нам яшчэ доўга, бадай што да самага прыпынку быў чуваць ягоны сіплы голас:
– Вы спазьніліся! П’еса ўжо пачалася! Цяпер вы ня зможаце заняць месцы ў партэры! Вашыя месцы ў сярэдзіне і вы будзеце замінаць гледачам. Падыміцеся наверх і запытайцеся ў білетэркі, ці няма вольных месцаў на бальконе!
118.
Надзіманы чалавек узьняўся ў паветра неахвотна, але потым вецер нарэшце падхапіў яго й вынес на нябесныя скрыжаваньні. У розных канцах гораду па сыгнале зайгралі аркестры, і нават там, дзе Надзіманага не было відаць, жыхары сталіцы ўздымалі галовы ўгору й намагаліся разабраць сярод пены аблокаў абрысы цудоўнага гумовага цела. Плошча пад надзіманым выбухнула адзіным крыкам, некалькі хвілінаў людзі яшчэ бачылі агромністую нагу, якая прыветна гайдалася ў вышыні. Потым Надзіманы паволі паплыў у бок ракі.
Мы якраз стаялі там, ля каменнага парапэту, моўчкі слухаючы, як птахі вучацца мове выраю. Надзіманы паказаўся з-за вежы на будынку міністэрства абароны, ён ляцеў, шырока расставіўшы рукі й запракінуўшы галаву. Міма пругка прабеглі дзяўчаты ў нацыянальных строях, адорваючы ўсіх сустрэчных шарыкамі. “Як маешся, Назар?” – крыкнулі мне з тэрасы адкрытай кавярні. Я абярнуўся. Нехта з колішніх калегаў запрашальна махаў рукой. Надзіманы агінаў парк. Старая ў бейсболцы прапанавала нам набыць біноклі.