Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
Я з голаду падыхаю. І піць хочацца. Празь нейкі час ад голаду й смагі зноў адключыўся. У пакоі сьветла, як днём. Прачынаюся: холадна, зуб на зуб не трапляе, адчуваю: усё – паміраю. Ну, думаю, пара мерцьвяка есьці. Нос затыкаю, падпаўзаю да яго, азіраю: бляваць хочацца, а няма чым. І тут заўважаю – так, ведаеш, левым вокам – грошы з маёй кішэні тырчаць. Я іх паклаў у рот, пажаваць, страўнік падмануць. Палягчэла. Яшчэ пажаваў. Смачна, чорт яго бяры! Так я некалькі паперак зжор. Адчуваю – сілы вярнуліся. Пажыву яшчэ, думаю, пажыву.
Вэтэран радасна ўсьміхнуўся самому сабе, пацёр нос, а калі адняў руку, вусны ягоныя зноў былі набрынялыя тугою. Ён зірнуў у залю і ўздыхнуў:
– Пакапаўся я па кішэнях у таго мерцьвяка, і што, як вы мяркуеце, знайшоў? Паўлітровічак! Цалюсенькі! Выпіў, сагрэўся, наеўся
Вэтэрана ажно перасмыкнула.
– Мне, вядома ж, сорамна было, я сябе ненавідзеў проста. Але трымаўся. Цярпець і выкарыстоўваць кожную магчымасьць, каб ворагу адпомсьціць – мы гэтаму тады хутка навучыліся. І правільна зрабіў. Прачынаюся неяк, а немец гэты, што ў куце з чамаданчыкам валяўся, перада мной стаіць. Ніякі ён ня немец апынуўся, а паліцай з Сучкоў, Грыша Мелех. Я хворым ды нямоглым прыкінуўся, валяюся цяпер сам у куце, а сволач гэтая кудысьці па справах бегае. І ўсё калі я сплю. Але дзе наша не прападала. Я з бабай дамовіўся й неяк мы зь ёй прыкінуліся, што сьпім: Грыша толькі зьнікнуць хацеў па сваіх бандзюжых справах, а мы яго – я за адну руку, яна за другую. І перанесьліся ў самае, можна сказаць, логава бандзюжае. Я ў аднаго аўтамат вырываю...
Апошнія словы вэтэран прамовіў ужо ў калідоры. Анюта падносіла да вуснаў вэтэрана шклянку, а ён усё намагаўся скончыць:
– А баба тая – мая баявая сяброўка, Адэля Мікіцічна Стараверава, і калі мы ў распалажэніе...
114.
Калі Анюта вярнулася ў залю, прыціхлая ад жаху моладзь моўчкі назірала, як Павел у дзясяты раз безпасьпяхова спрабуе правільна ўскласьці кветкі. Кадык Паўла торгаўся ўверх-уніз, ён цяжка дыхаў, і ўсё ж зноў і зноў вяртаўся на старт і, насупіўшыся, высалапіўшы язык і выціснуўшы на шчокі пашану, кідаўся да мэмарыяльнай дошкі. “Ужо лепш”, – сказаў нарэшце Сакратар і нават адклаў асадку – толькі што ён пісаў справаздачу ў цэнтральны камітэт, колькі раён вырашыў на нарадзе ячэйкі выставіць адзінак на сьвята. У Паўла й праўда пачало атрымлівацца. Вось ён, з каменным, як магільны помнік тварам, іншаплянэтнымі рыўкамі рухаецца праз пакрыты загадкавай, незямной, поўнай кратэраў і пясчаных бураў паверхні пліткі, запавольвае й без таго марудную хаду, са сьветлымі вачыма, удзячным лбом і аддана сьцятымі вуснамі асьцярожна кладзе кветачны трэнажор на граніт. Сакратар пляскае. “Ну, яшчэ раз, для замацаваньня. І тады дамо слова нашаму наступнаму госьцю”. Павал як лунацік вяртаецца назад, падымае кветкі як упалую паходню, рушыць наперад, галава ягоная схіляецца занадта рана і ён ляціць на брудную, ва ўзорах ад шматлікіх падэшваў кафлю.
– Доктара! – закрычала Анюта. Дрэнна разумеючы, што трэба рабіць, яна пачала распранаць Паўла, які не выпускаў з рук гвазьдзікі. Паказалася курыная ашчыпаная шыя, бледныя грудзі, ружовыя смочкі ў рудым пуху. Анюта, якую за пропускі заняткаў па мэдыцыне цалкам маглі адлічыць з унівэрсытэту, сутаргава сарвала з Паўла кашулю й на гэтым вырашыла спыніцца.
– Доктара!
Сакратар хмыкаў і хадзіў узад-уперад. Урэшце ён штурхануў Анюту ў сьпіну й сказаў не дапускаючым пярэчаньняў голасам:
– Аня, зрабіце што-небудзь.
Анюта
залямантавала:– Тут ёсьць хто-небудзь з мэдвучэльні?
Растаўхаўшы разгубленую раённую моладзь, на яе крык зьявіўся нікому не знаёмы малады, зусім невысокага росту чалавек з дзявочымі кудзеркамі й пухлымі шчакамі, залітымі нездаровай чырваньню – такое адчуваньне, быццам у яго была высокая тэмпэратура. Ён схіліўся над Паўлам, як над гранітнай дошкай, і перад тым, як прыняцца за справу, абярнуўся й з тугою, нібы просячы прабачэньня, паглядзеў на супрацьлеглую сьцяну – белую, белую, белую.
115.
Мы зьязджаем адсюль. Мы кладзем на падлогу поліэтыленавыя пакеты, бо мазаіка гэтага паркету нам ужо не належыць, мы адно й можам, што рабіць кароткія пералёты зь месца на месца, як свойскія птушкі; калі нам і даводзіцца наступіць на якую-небудзь дошачку, мы адразу ж адторгваем нагу й з палёгкай ступаем на хрусткі ды хісткі мосьцік, пад якім каламутна прасьвечваюць нашы колішнія сьляды.
Мы зьязджаем адсюль. Паравозік чамаданнай маланкі аніяк не даедзе з пункту А ў пункт Б, і пакуль ты каленам прыгінаеш дэрмантынавы ляндшафт, я ўсё ж прымушаю яго прыбыць на станцыю прызначэньня. Шкло апранаецца ў газэты, бы рыхтуецца да трансарктычнага падарожжа; сьвятло гарыць ва ўсіх пакоях.
Мы зьязджаем. Картонныя рукі старых каробак закутыя ў кайданкі, усё навокал завязанае на адмысловы вузел – вязьмо тых, хто зьязджае. Шрубкі й цьвічкі дзынькаюць пад нагамі, і ў апусьцелых памяшканьнях ня чуецца болей спакою. Вызваляецца плошча, і мы зьдзіўляемся – як шмат тут квадратных мэтраў, якія не пасьпела асвоіць нашая любоў. Раптам знаходзіцца калісьці зьніклы бязь вестак шалік – мы нават ня памятаем ужо, хто яго насіў, ты або я.
Адсюль. Ад палавіцаў, на якіх можна граць “Разьвітаньне з радзімай”, ад паголеных аконных броваў, ад шызых простакутнікаў пылу на паркетным узоры, ад павуціньня, якое апынаецца такім трывалым і рвецца толькі на сярэдзіне калідору. Ад ліхтарнага сьвятла, якое яшчэ ўчора разьбівалася аб драўляныя дамбы шафаў, а цяпер нарэшце здолела выкласьці свой нескладаны малюнак на забароненую роўнядзь.
Усё меней укрыцьцяў для ворана, усё меней крэслаў для стомленых, усё меней падключаных да сеткі рэчаў. Адчыняюцца ўсе тайнікі, і адтуль выходзяць падсьлепаватыя маленькія стварэньні ды машуць нам доўгімі хударлявымі рукамі. Прастора няўхільна рэпрадукуе сама сябе, і вось ужо непражаванае жыльцамі рэха ліхадзейным колам куляецца-коціцца па дывановых калюгах. Аднак мы маем яшчэ трохі часу. І ў апошні раз падымаем слухаўку.
116.
– Не глядзі, не глядзі, – амаль крычу я й засланяю экран; суворы навуковы голас удараецца мне ў копчык і разьбіваецца на сотні словаў, іхная плынь абцякае мяне й намагаецца зноў злучыцца ў адзінае цэлае на ўзроўні жывата. Яна са сьмехам спрабуе зазірнуць за мяне, круціцца ўлева, управа, узіраецца празь мяне, на яе вуснах блішчыць вясёлая сьліна. Я адводжу рукі назад і абхопліваю імі экран, яна тыцкае ў мяне пультам, быццам хоча мяне выключыць. Там, на экране, залатыя шлемы, бліскучыя рогі, адтуль сыплюцца жудасным порахам дзіўныя словы: тымультыністарта, Іштар, нінэвія. Я дацягваюся да патрэбнай кнопкі й націскаю яе. Усьмешка перада мной згасае.
У яе пачарнелі зубы. Я й ня ведаў, што яна даўно ня ходзіць да стаматоляга, яна заўжды размаўляла так мала, так бедна, так непераборліва, расьціскала вусны толькі на мілімэтр, каб даць вылецець надакучліваму, вымушанаму слову. Яна была абазнаная ва ўсходніх травах, таямнічых зёлках, зь яе роту пахла духмянасьцямі. Напэўна, яна жавала іх употай, як дзеці жуюць дравесную смалу.
Яна працягвае мне тэлефонную слухаўку. Як шкада, што мне толькі адзін раз удалося зграць сапраўднага ворана.
– Мяне завуць Жучок, Пётр Мікалаевіч Жучок... Вы, відаць, чулі...
Я прамаўляю нешта.
– Рэч у тым, што... Пра гэта пісалі нядаўна ў семдзесятвасьмёрцы... У мяне юбілей... Якраз перад сьвятам.
– Віншую, – я халодны, як рукі І.
– Я хацеў бы зьняць у вас залю на вечар... Мне казалі...
– Вы памыліліся.
– Прабачце?
– Памыліліся. Нумарам. Мовай. А можа, жыцьцём. Не ўключай, там няма чаго глядзець, – сказаў я й пацалаваў яе ў вузкія вусны. – Апранайся, нам трэба ісьці.