Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

Тры фанфарныя бомбы абрынуліся на маленькую залю, на адмыслова прыцягнутым сюды плазменным экране замільгала нейкае рэнэсанснае ню, а чалавек зь мікрафонам задушэўна прамовіў:

– Мяне завуць Андрэй Макараў, і я рады разам з вамі вітаць на гэтай сцэне першы конкурс прыгажосьці матацыклетнага заводу!

Апошнія словы патанулі і г.д. Макараў сьціпла махнуў рукой і зноў схаваўся ў цень. Дабрадушна й спагадліва аглядаючыся вакол, пляскалі ў ладкі члены журы, нібы яны ўсё жыцьцё толькі тым і займаліся, што арганізоўвалі падобныя конкурсы. Паважна пляскалі вэтэраны; з адцяжкай, бы лупілі кагосьці праведнай розгай, – сьвядомая моладзь заводу; са смакам – пузатыя ружовашчокія мужчыны (жанчыны ў залю, бы на колішнія грэцкія Алімпіяды, загадам заводзкага кіраўніцтва не дапускаліся). Таварыш Грышук разыйшоўся так, што калі воплескі

заціхлі, у звонкай цішыні яшчэ доўга і г.д. Макараў, не пакідаючы свайго сьціплага ценю, каб, ня дай божа, ня ўлезьці ў чый-небудзь заслужаны німб, прадставіў арбітраў – пяцерых тоўсташыіх стомленага выгляду начальнікаў са сьлядамі генных парушэньняў на зямлістых тварах, у аднолькавых пінжаках і з засунутымі ў рот фрыкатыўнымі гальштукамі.

Журы складалі былы муж дырэктаркі раённага загсу, вышэйпамянёны намесьнік, два ягоных намесьнікі й сакратар маладзёвай арганізацыі заводу. Таварыш Грышук, які сядзеў у пятым радзе, вельмі хацеў паглядзець, як выглядаюць гэтыя кіраўнікі, і параўнаць іх з тымі, хто ўручаў яму калісьці граматы й вешаў яго на дошку гонару, аднак са сьпіны членаў журы было не адрозьніць. Ён спадзяваўся, што здолее зрабіць гэта, калі начальнікі будуць, прыўстаючы, з бацькоўскімі усьмешкамі ківаць публіцы, аднак і тады, як яму здалося, падымаўся адзін і той жа чалавек.

108.

Неўзабаве начальнікі прыкметна засумавалі: кідаючы на экран дзікія цені, перад імі праскакалі нейкі гапак выхаванцы студыі дзіцячых сьпеваў. Потым Макараў зноў зьявіўся на сцэне, доўга дэклямаваў пра каханьне, кіндэр, кюхе, кірхе... Былы муж дырэктаркі загсу дастаў мабільны тэлефон і пачаў з імпэтам складаць эсэмэску, а адзін з намесьнікаў употай чытаў пад сталом газэту, для прыстойнасьці патупваючы нагой, якую, на жаль, мог бачыць адзін вядучы. Аднак усё калі-небудзь сканчаецца. У залі засьвісьцелі, і Макараў, таямніча ўсьміхнуўшыся, абвесьціў нарэшце выхад удзельніц.

Іх было пяць, наядаў, амазонак, русалак, мэнадаў, манадаў, ундзінаў. І калі першая выклікала задаволенае крэканьне мужчынскай часткі залі, то на другой дзевяноста чалавек папросту аблізваліся. “Трынаццаць гадоў, а якія сіські”, – шапталіся ў залі й засоўвалі рукі ў кішэні. Трэцяя ўдзельніца, васьміклясьніца кулінарнай гімназіі, у якой бацька працаваў у КБ інжынэрам, кароткастрыжаны бес у афіцэрскім мундзіры на голае цела, выклікала ў залі здушаны вой. Чацьвертая была нішто сабе, толькі ногі таўставатыя. Забіла ўсіх апошняя канкурсантка, Алеся. Пры яе зьўленьні нават члены журы страцілі валоданьне сабой і па іхным нешматлікім шыхце пабеглі трэшчыны вар’яцтва. Намесьнікі намесьніка ўсталі, селі й тут жа зноў усталі са сваіх месцаў, былы муж дырэктаркі загсу парываўся стаць на карачкі й рыкаў як бык, намесьнік выгнуўся катом і нечакана нізкім голасам прасьпяваў куплет “Сябровачкі”, а сакратар маладзёжнай арганізацыі пачырванеў і таропка адпрасіўся ў прыбіральню. Алеся, паказаўшы пушкінскія ножкі з-пад бальнай сукенкі, з распусным сьмехам ушчыкнула намесьніка за падбародзьдзе й зьбегла ў бакавыя дзьверы.

Пакрысе ў залі зноў усталяваўся парадак. Разваліўшыся ў крэслах, людзі зьдзіўлена азіраліся вакол. Яны ня верылі, што гэта ўсё ня сон: што можна вось так спакойна і абсалютна бясплатна сядзець у цёплай залі, наталяцца блізкасьцю паўраспранутых дзяўчат і чакаць працягу. Перадавікі перашэптваліся наконт далейшай праграмы – у прафкаме абяцалі, што апошнім нумарам праграмы будзе конкурс касьцюмаў Евы, а пры вызначэньні пераможцы конкурсу глядацкіх сымпатыяў удзельніц можна будзе й памацаць. “Я – Алесю”, – летуценна й гучна прамовіў лаўрэат заводзкага конкурсу прафмайстэрства й тут жа атрымаў ад калегі кулаком па галаве. “На Алесю шмат знойдзецца”, – аўтарытэтным тонам сказаў адзін з намесьнікаў намесьніка гендырэктара па кадрах і павярнуўся да залі тварам – ён быў вядомы ўсяму прадпрыемству сваім дэмакратызмам. “А я бы вось трэцюю, як там яе завуць”. Гэтае выказваньне дадало публіцы шалу й палу. Пакуль ішоў творчы конкурс – удзельніцы ў рабочай уніформе спаборнічалі ў тым, хто хутчэй разьбярэ й зьбярэ матацыклетны рухавік – гледачы эмацыйна дзялілі пяцерых канкурсантак, часам, асабліва сярод моладзі, гэтая разьвёрстка набывала ваяўнічы характар, і ў левым куце ўспыхнула й тут жа згасла бойка, а ў правым нехта нудна й паныла лаяўся па мацеры. Адны толькі члены журы паводзілі сябе як культурныя людзі:

дзелавіта прыгнуўшыся над сталом, яны кінулі жэрабя й, па ўсім відаць, ніхто не застаўся пакрыўджаным. Над усім гэтым салаўём разьліваўся Макараў.

109.

Пасьля творчага конкурсу на сцэну нясьпешна выйшлі першаклясьніцы з гуртка “Юная мадэль” пры раённым Цэнтры творчасьці дзяцей і моладзі, які існаваў пры фінансавай падтрымцы заводу. Іхныя надзіманыя грудкі выклікалі ў залі здаровы, па-бацькоўску добры рогат. Уздоўж радоў завіхаліся афіцыянты з кавярні “Вавёрачка”, разносячы кактэйль “Матацыклетны”, адмыслова вынайдзены да конкурсу шэф-пэварам заводзкай сталовай. У залі зьявілася й першая жанчына: намесьніца главы раённай адміністрацыі, жалезная лэдзі з амаль паўвекавой радаслоўнай – яна стрымана прыняла паклоны членаў журы і ўселася на пачціва падсунуты пад яе прынцыповы зад фатэль. Макараў раз-пораз заглядваў у бакавыя дзьверы й потым дэманстраваў свой скажоны выразам незямной асалоды твар публіцы, якая ўжо пагалоўна ціха й радасна лаялася ад зайздрасьці й нецярплівасьці.

З кароткай прамовай выступіў намесьнік дырэктара. Ён пажадаў удачы ўдзельніцам, штосказу намагаючыся хоць краем вока зазірнуць за прыадчынныя бакавыя дзьверы, потым распавёў пра посьпехі заводу ў сацыяльна-культурным будаўніцтве й напасьледак нагадаў, што пасьля новага году прафкам і адміністрацыя сумесна з выканкамам плянуюць арганізаваць такую ж імпрэзу, толькі для жанчын.

Таварышу Грышуку хацелася праваліцца скрозь зямлю. Ён быў найстарэйшы з прысутных у залі вэтэранаў, і толькі цяпер, калі Макараў жэстамі паказваў, якія бюсты маюць юныя канкурсанткі, зразумеў нарэшце, у чым справа. “А ты за каго, баця?” – штурхнуў яго локцем у бок пераможца конкурсу профмайстэрства, і таварыў Грышук бясьсільна зажаваў губамі. “Увесь рад за Алесю, можа, ты сабе нумар чатыры возьмеш?” – крыкнуў нехта ад супрацьлеглай сьцяны. “А што, такія ногі гадоў трыццаць таму былі ў цане”, – засьмяяўся майстар за сьпінай. “А за каго... кіраўніцтва?” – прамармытаў разгублена таварыш Грышук. Два дзясяткі чалавек хорам заіржалі. “Кіраўніцтва! Яму, дзядуля, і пасьля конкурсу будзе чым заняцца!”

“А цяпер...” – Макараў падкінуў мікрафон уверх і спрытна спаймаў яго. “А цяпер я хачу абвясьціць...” Адзіны стогн працяў публіку. “Чарговы этап конкурсу –...”. Самыя трывалыя сьвідравалі вачыма атрыманыя перад пачаткам праграмкі – няўжо праўда? “Першага конкурсу прыгажосьці матацыклетнага заводу...” Кат зь мікрафонам з асалодай цягнуў паўзу. “Сіські!” – заскандзіравала заля. І тут з бакавых дзьвярэй выскачыў нічым не адрозны ад публікі, аднак бледнашчокі й зь нездаровым бляскам у вачох мужычонка. Ён вырваў у аслупянелага Макарава мікрафон і зароў, ледзь не засунуўшы яго сабе ў рот:

– Людзі! Людзі! Вас наёбваюць! Там, вунь там! Там сядзяць пяцёра псіхаў і сочаць за вамі! Мужыкі, ёт-акаёт!! Гэта праўда, зуб даю!

Ён тыцкаў рукой за сьпіны гледачоў, у накірунку белай сьцяны. Гледачы недаўменна абярнуліся, вочы, нязвычныя ўзірацца ў белыя сьцены больш за пяць сэкундаў, прымружыліся й паволі, пагрозьліва вярнуліся да мужычка ля экрану, на якога спалохана шыпеў вядучы. “Во, аднаго ўжо торкнула”, – сказаў пераможца конкурсу профмайстэрства. “Паехаў дах у мужыка, нефіг такія паўзы рабіць”.

– Там, там, за сьцяной, ідзеце й праверце! – надрываўся парушальнік спакою. – Вы для іх трусы падвопытныя! Там Мінус І! Я сам толькі што адтуль! Праўда, ёт-акаёт!

Члены журы паморшчыліся.

– Гэта правакацыя, – абурана прамовіла намесьніца главы адміністрацыі й паднялася зь месца. Макараў нясьмела спрабаваў забраць у выступоўцы мікрафон. Аднак і насупленая заля не зьбіралася адседжвацца. “Ты, урод, звалі са сцэны”, – пачулася адтуль і тут жа ў сьпіну гэтаму ветліваму выказваньню таўхануліся іншыя, цэлы чыгуначны састаў, нагружаны матацыкламі: “Уёбішча, вэг дахаты!”, “Ідзі прасьпіся”, “Уроем суку”.

– Яны хворыя! Яны там усё шызікі, ёт-акаёт! – хрыпеў у мікрафон мужычок і, бухнуўшыся на калені, скруціўся ў тры пагібелі, каб цяжэй было справіцца. – Людзі! Ідзіце за мной! Яны забойцы! Яны маньякі!

– Тыповыя апазіцыйныя штучкі! – сказаў інтэлігентны былы муж дырэктаркі загсу.

– Адмарозак! – падтрымала яго намесьніца главы. – Вы ўжо выклікалі міліцыю?

– Народ і безь яе ва ўсім разьбярэцца, – з усьмешкай прамовіў намесьнік дырэктара й паказаў вялікім пальцам сабе за сьпіну.

Поделиться с друзьями: