Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

102.

Скаргаў Таварыш Грышук даслаў тры: адну ў адміністрацыю раёну, адну ў міліцыю і адну ў газэту №1. Апошняя была надрукваная ў разьдзеле чытацкіх лістоў, а астатнія засталіся без наступстваў. У міліцыі таварыша Грышука адправілі ў адміністрацыю, а ў адміністрацыі, паспачуваўшы, патлумачылі: канцэрт быў дазволены, меры бясьпекі прынятыя, скончыла “маладзёш” роўна а дзявятай – няма да чаго прыдрацца. Паабяцалі, праўда, што надалей арандатары такіх імпрэзаў ладзіць ня будуць, санстанцыя супраць. Дый заводзкі Палац культуры, які ўжо паўтары гады знаходзіўся на рамонце, мусіў адкрыцца акурат на сьвята.

Сёньня таварыш Грышук выправіўся па новы пінжак. Рэч у тым, што ўраньні яму патэлефанавала цудоўнае дзяўчо з прафкаму непрацуючых

пэнсыянэраў матацыклетнага заводу й звонкім камсамольскім голасам запрасіла на першы заводзкі конкурс прыгажосьці. Яна ўжо зьбіралася класьці слухаўку, калі таварыш Грышук, трохі аглухлы ад яе траскатні, зьбянтэжана і радасна перапытаў:

– Дык а дзе будуць праводзіць, кажаце?...

– У памяшканьні кінатэатру імя Жданава, – адрапартавала дзяўчына.

– Дык няма ж ужо... – прамармытаў сарамліва таварыш Грышук.

– Не хвалюйцеся, – адказала яна, пераблытаўшы заадно і імя ягонае, і імя па бацьку. – Усё дамоўлена.

Такім чынам, Таварыш Грышук вырашыў на гэты раз унуку на дыскі нічога не даваць, а абзавесьціся новым пінжаком. Ён урачыста йшоў да нядаўна адкрытага за два прыпынкі ад дому магазыну адзежы – яму было так лёгка на душы, што ён наважыўся прагуляцца туды пехатою, і трамваі, пазвоньваючы, асьцярожна абганялі таварыша Грышука, і з павагай паглядалі на яго пасажыры. На выканкам таварыш Грышук ня крыўдзіўся: раз сказалі, значыць, так трэба. Значыць, трэба пацярпець. Часовыя цяжкасьці. Стратэгічнае адступленьне. Сталін вунь пакт зь немцамі заключыў – значыць, так было трэба на той момант. Ім, наверсе, відней. Усё адно, надыйдзе час – і адкажуць яны за ўсё, усе гэтыя гамбрынусы, татрымінусы, олвейсы, памперсы, вітасы, макдоны. Вымяце іх мятла куды падалей. Дзесяць гадоў таму здавалася: усё, канец сьвету, дарма працаваў, дарма кроў лілася ды сёмы пот. Ды не, народ, ён не дурны, ён падман адчуў і выкараскваецца паціху. І выкараскаецца!

Найбольш чамусьці таварыша Грышука раздражняла слова “пампэрсы”. Выдумалі ж... І прамаўляюць так мярзотна, хоць ты плюйся цэлы дзень. З націскам на першае “а”, з гонарам такім лайдацкім, са смакам. Пампэрсы. Ім бы толькі, дармаедам, тарам-пам-пам. У вёсцы, адкуль таварыш Грышук родам, быў такі курдупель-прайдзісьвет, толькі бульбу красьці ўмеў ды на танцах скакаць, і ўсё прыпяваў, плюючыся: “Пам-пам-пам”. І, галоўнае, унучка туды ж – прывядзе малога, серуна гэтага, сядзе на кухні й завядзе, у вочы гледзячы: “Зараз дзядуля нам дасьць на п-а-а-мпэрсы...”. Фігу вам, а ня пампэрсы! На шакалядку дам, на боты малому дам, а на пампэрсы – ні за што. Сёньня яны сабе гэтыя пампэрсы, а заўтра, глядзіш, на блядкі пойдзе – хто з малым сядзець будзе? Ён, інвалід? Пампэрсы! Гора яны ня ведалі.

Што такое пампэрсы, таварыш Грышук уяўляў даволі прыблізна. Аднойчы наважыўся, спытаў у суседкі, жвавай шасьцідзесяцігадовай прыбіральшчыцы, калі яны выпадкова апынуліся адны каля пад’езду.

– Што? Пампэрсы? Ды нашто ж вам пампэрсы ў вашыя гады? – насьмешліва ўсклікнула яна, яшчэ больш упэўніўшы таварыша Грышука ў гнюснай, бескарыснай і потнай распуснасьці гідкага амэрыканскага тавару. Баючыся розгаласу, таварыш Грышук уцёк дахаты й болей да такіх сьлізкіх тэмаў не вяртаўся.

103.

Мы глядзім на іх, а яны ня бачаць нас. І музыка працягваецца. І кожны падобны да кагосьці – хаця б звонку. Як штатны мастак уплывовай заходняй газэціны на скандальным судзе, я сяджу трохі ўбаку ад уважлівага глядацкага кола і адчайна намагаюся ўвасобіць іхныя нібы толькі што выраслыя над чорнымі падвоччамі зрэнкі, іхны заціснуты ў кулаках ціхі кашаль, іхныя пахілыя сьпіны. Яны заўважаюць навокал так мала, быццам перад кожным – вузкі калідор. Віно сьцякае па іхных падбародзьдзях, і часам дрыжыць, хістаючы ўсё гэтае нагрувашчаньне непрасохлых пасьля барвовага дажджу ценяў, закансэрваванае паветра залі – гэта хтосьці нэрвова й бездапаможна скідвае з пляча палы ліст сумненьня.

Я малюю іх, не робячы аніводнага руху, фарбы ў маёй галаве кіпяць, і хто ведае, можа быць, мой сьціплы няўдзячны занятак калі-небудзь уратуе прысутных ад забыцьця. Мінус, падобны да яшчаркі, якую сонца ганяе па раскалённых

камянях. Даражок, што нібыта ліхтар на носе сьпячага карабля. Кіроўца, кавалак мяса ў вакуумнай упакоўцы, які можна захоўваць – верце мне, верце! – бясконца, бясконца, бясконца!(усё ж тут мусіць стаяць кропка). Кармушкін, як дзьве геамэтрычныя фігуры, якія ўсё намагаюцца зьліцца. Маленькі лекар – да сьмерці засыпаная лісьцем лавачка ў восеньскім парку. І – выкінутая на мой бераг прылада невядомага прызначэньня.

104.

Так, так, як гэта завуць таго нямецкага мастака, аўтара цалкам рэалістычных гуашаў і акварэляў – на іх можна ўбачыць заклапочаных, занятых нейкай працай людзей, звычныя прадметы – вось толькі чым канкрэтна яны занятыя, што робяць, ня можа адказаць ніводзін наведнік выставы. Каля гэтых карцінаў трэба паводзіць сябе ціха – інакш здаецца, што замінаеш пэрсанажам. Такой мне заўжды падавалася І: уся як на далоні, еш, але неспасьцігальная, замок без ключа. Празь яе вочы, напэўна, штосэкунды шалёна праносіліся апаленыя статкі, пралясквалі войскі, прадзіраліся скрозь начное вецьце звар’яцелыя птушкі, і я пачуваўся непаўнацэнным, разумеючы, калі трымаў яе за рукі, што сам ня здольны кінуцца ў гэты апакаліптычны вадаспад. Набіраю код, калі трэба ламаць дзьверы.

Усё скончылася там, дзе й пачыналася – ля дзьвярэй, якія я, як высьветлілася, не замкнуў. Што пабачыў бы сусед, завітай ён па нядзельнай завядзёнцы ў маю сумную кватэру, убогі бярлог удаўца... Нявіннае боко-мару на ледзяным ложку, такім халодным, нібы ён ўляцеў у вакно перад самым нашым прыходам; нерухомую й выпрастаную, як мумія, І, якую я ўціскаў у люстра, прагнучы зрабіць яе сваім адбіткам; І на маіх руках у карагодзе сьценаў; хованкі ў вузкай і цеснай лазьніцы; яе галаву, якая зьвісала з края канапы, як пясочны гадзіньнік, напоўнены крывёй; ці, можа быць, асьцярожнае пасоўваньне па перадпакоі, упрытык са сьцяной – бы па тратуары запруджанай машынамі вуліцы... Цяпер я глядзеў на яе са зьдзіўленьнем, спрабуючы ўзгадаць, дзе ж бачыў раней гэтую жанчыну, антырэклямную, антытэлевізыйную, амаль антычны мармур, са скрадзенымі шарай гадзінай каштоўнымі часткамі, ушпіляную прышчыкамі, мікраскапічным шнарамі, марсіянскімі каналамі мутных венаў, лёгкай дробнай сеткай зморшчынак, імгненнымі ценямі, што перабягалі, нецярпліва выцягваючыся ўперад з-за недахопу хуткасьці, ад левай грудзі й саскоквалі са сьцягна ў бездань. Няўжо гэта яе целам я нішчыў толькі што павуціньне свайго ранейшага жыцьця? Яна паўляжала ў нагах у маіх плашчоў, ні чырвані, ні чарцяняці, чужы почарк відушчага вечару чакаў прачытаньня.

– Ты магла б пайсьці на кухню, там засталося трохі... – сказаў я й, пачакаўшы, схадзіў і наліў сам. Вярнуўся й замкнуў дзьверы, запаліў цыгарэту. Нечакана ўва мне, як калі б я па цёмнай дарозе з кухні наступіў на нешта вострае, заныла дзіўнае раздражненьне. Мне хацелася ад І дзеяньняў, я й забыў, што яшчэ паўгадзінкі таму марыў хаця б пра намёк. Яна магла, яна мусіла зрабіць што-небудзь хаця б цяпер, пасьля таго, што адбылося. Не пацалунак, не ацэнка, не словы – ну хаця б аглядзелася вакол, пацікавілася маім побытам, маімі падсьвечнікамі, напрыклад, або папіла б вады з-пад крану, у скрайнім выпадку. І нязграбна паднялася – яна нават не ўспацела, і гэта закранула маё самалюбства яшчэ больш.

Я строга й зь нейкім болем зашпіліў на яе строі ўсе гузікі, адарваўшы адзін, на ўзроўні жывата, занадта рэзка пацягнуўшы яго на сябе, мне было І чамусьці шкада, і ад гэтага расло маё раздражненьне. Я зноў адправіўся на кухню, смага не давала мне прамовіць што-небудзь вартае моманту. Так, мне было яе шкада – можа быць, таму, што яна апынулася такой жа падатлівай і здатнай да выкарыстаньня, а імкнулася ж выглядаць згатаванай з асырыйскага цеста, з бабілёнскіх смуглявых камянёў. Я, канечне, разумела – тое, што адбылося, нагадвала хутчэй таропкае ўдушэньне з выкарыстаньнем мяха за сьпінай й меху на грудзёх, чым любоўны акт; было б у мяне больш часу і ўпэўненасьці ў наступным спатканьні, я б паказаў ёй свайго зімуючага рака... Але не, зь ёй ні ў чым нельга было быць упэўненым, за яе сьпінай вечна тырчэў Мінус і не даваў мне правесьці рэканструкцыю.

Поделиться с друзьями: