Праклятыя госці сталіцы
Шрифт:
Пакуль я зьнясілена сядзела на кухні, спусташаючы бутэльку, яна запаліла нарэшце сьвечку – сьвятло выхапіла карцінку, якую Віка павесіла некалі ў калідоры: рэкляма абутку вытворчасьці сумеснага прадпрыемства, бліскучая, глянцавая нага на сьпіне ганарыстага музэйнага льва. Я ўздыхнула й рушыла назад: мы сутыкнуліся на павароце з калідору й з жахам адхіснуліся адна ад адной. Яна падзьмула на полымя, яно ўпарта выпрасталася й зазьзяла яшчэ ярчэй, я нахілілася й ператварыла вогненнага матыля ў саладкаваты пах.
Трымаючыся за рукі, мы прайшлі ў пакой і апусьціліся на канапу. Тут было трохі сьвятлей, халодна блішчэлі апячатаныя месяцам прадметы.
105.
– Мне трэба ісьці, – сказала я мягка. – А дзясятай у мяне жывы этэр.
І адвярнулася, а потым рэзка ўскочыла й закрычала – усе гукі, якімі нядаўна поўніўся вечаровы пад’езд, адразу ж сьціхлі:
– Каб болей ніякіх!... Ты хворы чалавек, табе трэба дапамога, і я табе дапамагу! З гэтага дня... Зь сёньняшняга дня! Прабач...
Цяпер яна валялася ў мяне ў нагах. “У цябе гістэрыка”, – драўляным голасам прамовіла я, драўляны бажок. Сусед спыніў свае сьпевы й выражаў сваё зьдзіўленьне далікатным пагрукваньнем у сьценку.
– Паглядзі на сябе, – І села каля мяне і абхапіла рукамі калені. Голас яе дрыжэў, бы ішоў па канаце. – Паглядзі на нас. Ты ж чалавек бяз будучыні, ты, са сваёй гэтай невядома кім выдуманай асырыйскай тэлевізыяй. Больш за тое: ты чалавек без мінулага й, што яшчэ страшней, безь цяпершчыны. Трэба рабіць нешта. Мінус нас пагубіць.
– Рабіць, – сказала я абыякава.
– Што рабіць? Станавіцца нармальным чалавекам. З тэатрам трэба парваць. Нармальным – гэта ня значыць усялякія там мяшчанскія штукі... Нармальным – з нармальнай сістэмай каардынатаў. Займаць месца, адкуль цябе будзе відаць усім астатнім, дзе яны змогуць заўважыць цябе і ацаніць. Ці не ацаніць... Вось так.
– Нармальным чалавекам? Але што ўва мне?...
– Нармальным! – яна зноў павысіла голас, было відаць, што яна ненавідзела сябе гэтак жа, як слова нармальны, ды што паробіш: часта словы самі выбіраюць нас. – Так, нармальным. Гэта значыць штораніцы спадзявацца, што сёньняшні дзень будзе лепшы за ўчорашні.
– Я слухаю, – сказала я й з уздыхам пацягнулася па цыгарэты. І патлумачыла мой рух па-свойму й сутаргава схапіўшы гадзіньнік, сунула яго сабе за сьпіну. І тут у дзьверы пазванілі. Быццам чараўніца, якая адным дотыкам робіць зь людзей статуі, я лёгка правяла пальцамі па шчацэ І, хутка прамінула перадпакой і адчыніла не раздумваючы: жабрацтва – добры лек ад страху. На парозе стаяў сусед.
– Чуеш, – ён цяжка дыхаў і відавочна не разумеў, чаму я не пускаю яго ў кватэру. – Чуеш. Я, гэта...
Ён панізіў голас і ўсё спрабаваў пралезьці бачком міма мяне ў маю прыватную цемру:
– Што, Віка вярнулася? Мая кажа, бабы нейкія тут у цябе... Я ёй кажу: не, ён баб ня водзіць, а потым чую. Чуеш...
– Заняты, – я ступіў наперад і ён быў вымушаны адыйсьці на сваю тэрыторыю. – Праца падвярнулася. Ты ж ведаеш... У мяне –
І я красамоўна паказаў на лічыльнік. Сусед павёў сябе высакародна й тут жа схаваўся за плячыма жонкі, якая, мяркуючы па прамяністых, бяздонных яе вачох, квасіла з ранку разам з мужам. Я вярнулася ў кватэру, дзе мяне чакаў непрыемны сюрпрыз: І нідзе не было.
У такіх сытуацыях я лёгка станаўлюся жывёлаю – вось і цяпер, на лёгкіх лапах, з прагнымі ноздрамі я асьцярожна, імкнучыся ня пахнуць, дасьледвала кожны закуток, загарадзіўшы папярэдне перадпакой крэслам, бо ў
любы момант цень маёй госьці мог выпырхнуць з якой заўгодна шчыліны. Адрэзаўшы І шлях да ўцёкаў, я паволі ішла скрозь шыхты замерлых прадметаў і на ўсялякі выпадак гаварыла – хаця б для таго, каб даць ёй зразумець, што я яе знайду.– Працягнем. Ты скажаш: а ці ня трэба запытацца ў сябе – што ты зрабіла для таго, каб сёньняшні дзень быў лепшы за папярэдні. А вельмі мала насамрэч. Неабходна толькі не рабіць нічога дрэннага ўчора. І ўсё. А ў астатнім жыві як пажадаеш. У сьвеце ўсім знойдуцца месца, хлеб і пяшчота – і гультаям, і дурніцам. І карэспандэнткам...
Пагардаю павеяла аднекуль з-за сьпіны. Я ўдала, што не заўважыла гэтага, прымусіла нюх працягнуць сваю разьмераную працу, а потым імкліва – у два скачкі – апынулася ў калідоры й паклала растапыраныя пальцы на куты рэклямнага плякату. Спачатку ён толькі скамечыўся па краёх, аднак потым я з лагодаю дыхнула на яго, як на люстэрка. На мігатліва-глянцавую каленку ўпала крысо доўгага чорнага строю, нага ўздрыгнула й даволі бесцырымонна ступіла ў паветра перада мной – на шчаках маіх засталіся кроплі. Усе мы жывем у вадзе.
106.
Вішнёвы вомут сьцяны расступіўся перад намі; бы сабака, я ўмею глядзець наперад і адначасова заўважаць усё, што робіцца па абодвух бакох. Як заўсёды, яны адплюшчылі вочы й пераглянуліся – такое ўражаньне, што заслона была зьвязаная зь іхнымі вейкамі адмысловым мэханізмам; і не было ў іхных позірках ані ўсьмешкі, ані прыязнасьці, ані варожасьці. Маё запясьце ляжала ў руцэ Даражка – мне здаецца, нават калі разьвітваемся, ён бярэ яго з сабой: бачу, як ён спахопліваецца ў мэтро, купляе на канцавой станцыі пакет і кідае запясьце туды. Але да разьвітаньня яшчэ далёка.
Шараговы вечар, шараговы спэктакль.
Абрысы людзей, што сядзяць у цёмнай залі, нагадваюць адтуліны вялізных замкоў – асабліва калі бачыш іх са сьпіны. Аднак сьвятло запальваецца. Чалавек за пультам ліхаманкава шукае фанфары. Мы глядзім на іх, а яны ня бачаць нас.
107.
Калі загучала музыка, дзеючыя асобы не без шкадаваньня пачалі складваць разгорнутыя газэты – перад пачаткам уся заля чытала сьвежы нумар газэты №78, які прадаваўся каля ўваходу. Даўно раённая семдзесятвасьмёрка не карысталася такім попытам. Уся справа была ў матэрыяле пра той загадкавы труп, які знайшлі нядаўна ў сквэры праз дарогу адсюль. Не абы які, а са скроневым раненьнем. Хадзілі чуткі, што забіты – відны апазыцыйны палітык, і партыя, якую ён прадстаўляў, ужо кідала па паштовых скрынях улёткі, дзе называла гэтае забойства палітычным, а кіраўнік краіны гідліва адгукнуўся пра ўсё гэта як пра “разборкі” – “не падзялілі сьмярдзючых даляраў”. Газэты зь першай дзясяткі навогул пра здарэньне маўчалі.
Аднак раптоўна, як міліцыянэр, узьніклая ў залі музыка прымусіла ўсіх адкласьці “семдзесятвасьмёрку”. З аздобленага шарыкамі ценю зьявіўся малады чалавек у паношаным смокінгу, ён быў сама добразычлівасьць, а аптымізм і дзелавітасьць сьвяціліся нават на гузіках ягонай кашулі. Ён элегантным рухам падхапіў са стала мікрафон і, абагнуўшы стол, выйшаў, усьміхаючыся, да пярэдніх радоў.
– Ну вось, – лёгкая ды сьветлая туга прабівалася празь ягоную ўсьмешку. – Вось і прысьпеў час. Тое, пра неабходнасьць чаго так доўга гаварылі бальшавікі, адзьдзел па справах моладзі раёну й намесьнік дырэктара матацыклетнага заводу па кадрах – зараз адбудзецца прама на вашых вачах!