Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Праклятыя госці сталіцы

Бахарэвіч Альгерд

Шрифт:

– Колькі гэта ў нас дзён засталося да прэм’еры? – спытаўся мастак у самога сябе, але чамусьці ўголас.

– Ня дзён, – рукі Майка абхапілі яго ззаду за жывот ды палезьлі, разыходзячыся бясконцымі аморфнымі шчупальцамі, уніз. – Ня дзён... Сэкундаў, батончык, сэкундаў...

– І праўда, – Мастак пацёр вочы й, пагладзіўшы прагныя пазногці, мармытнуў-пазяхнуў нешта ўдзячна-зморана-сьлепа-ружова-усьмешліва-неразборлівае...

99.

Гэта была надзвычай вольналюбівая музыка – прынамсі, такой яна задумвалася, рэцэпт яе прыгатаваньня заўжды месьціў у сабе пратэст супраць якога заўгодна таталітарызму, а таксама патоўчаную для лепшага засваеньня маладымі арганізмамі рамантыку й мілыя сэрцу любога падлетка цяжкія, як барановая нага, рыфы. Заўжды яна цуралася аднолькавасьці, гэтая музыка, такая прывабная сваёй небясьпечнасьцю гульня для прышчаватых і насупленых дзяцей... І вось жа паглядзіце вакол: колькі іх тут, чалавек восемдзесят,

ладны двухполы статак (а колькі яшчэ сядзяць за сьценамі, спатольваючы сьверб аддаленым буханьнем бочкі й ціха стогнучы!), колькі іх тут, тых, хто выпрасіў у бацькоў пяць пралетарскіх рублёў на квіток – і ўсе аднолькавыя, як быццам вырабленыя канвэерным спосабам: скураная куртка-касуха, накінутая на кранальны, дзіцячы, яшчэ не да канца аформлены торс, высокія боты на шнуроўцы, што пры хадзьбе безнадзейна цягнуць іхнага ўладальніка ўніз, бо важкія, важкія, бы пара цаглінаў; над імі сьмешна тырчаць зашмальцаваныя віетнамскія джынсікі; чорны (інакш нельга!) гольфік, які мама гістэрычным голасам прасіла пакласьці ў карзіну для бруднай бялізны ажно пазаўчора... Гэта ж натуральная ўніформа. І чым, скажыце, валасатыя бунтары, якія цяпер круцяць тулавамі, седзячы на сьпінках крэслаў, адрозьніваюцца па сваёй сутнасьці ад тых жа піянэраў? Хіба што колерам. Зірнем вышэй вопраткі: вострыя кадыкі, за якімі хаваюцца ломкія хлапечыя галасы, першыя вусікі, рупліва ўзгадаваныя разам з рэдкай бародкай усьлед нейкаму мітычнаму дзядулю са швайкай, старанны змрок у вочках, дзявочыя пасмы хлопцаў і хлапечыя вожыкі дзяўчат – апошнія таксама яшчэ тыя экзэмпляры: такія былі б цукерачкі, такія б былі ведзьмачкі – ведзьмачкі, я сказаў, а ня гобліншы!...

Так думаў ён, хаця й быў хіба на пяток гадоў старэйшы. Ягоныя музыканты – не сінюгі й ня наркі, аматары прасунутых падвываньняў (бубнач нават ведаў ноты!), моўчкі сядзелі ў прыбіральні, наладжваючы інструмэнт – ён заходзіў туды нядаўна, і ледзь знайшоў іх сярод абкураных паўтрупаў. Усё гэта (улучна зь відавочнымі перавагамі, якія даваў такі некамэрцыйны занятак) надакучыла яму яшчэ пазалетась, і аднак ён паслухмяна езьдзіў на другі канец гораду на рэпэтыцыі – звыкнуўшыся з тым, што пад вокнамі вечна выстылай актавай залі іржэ ў затрамвайшчынскай цемры мясцовая гапата, што на сярэдзіне рэпэтыцыі, калі здаецца, музыка пачынае ўрэшце выдзяляць празрысты сок чараўніцтва, уваходзіць вахторка й загадвае “закругляцца” – і якую пачварную колькасьць часу ён траціў на здабываньне машыны, арэнду апарату, дазвол у выканкаме, размовы з дырэктарамі-рэктарамі: гектары пабітых выпадковай чалавечай непагадзьдзю нэрваў. І вось момант для сэйшну надыходзіў: апарат гатовы перапрацоўваць у вязкія запілы сухі струнны ляск, на сольнік нацягнуты новы плястык, у сябра стрыечнай сястры гукарэжысэра ансамбля “Жалейка” выпрашаны японскі мікрафон, ля засьнежанага ганку тоўхаюцца гл. вышэй – і тут на блакітным верталёце зьяўляецца намесьнік дырэктара, Понці Пілат у спадніцы, і абвяшчае, што канцэрт адменены.

Не, не любіў ён болей гэтай музыкі, а рабіў выгляд, што жыць безь яе ня можа. Крыўднае насамрэч становішча: чалавек, якому да спадобы перабудовачныя камэдыі, аўсянае печыва, гульні з малым пляменьнікам і вялікія геаграфічныя атлясы, вымушаны курчыць зь сябе агрэсіўнага дэбіла, у якога аднялі знойдзеную ў пакеце для сьмецьця цацку. Калі ён спрабаваў пратэставаць (усё ж музыка абавязвала!), яму хуценька затыкалі рот размовамі пра ягоную геніяльнасьць. Ну і што? ну хадзіў ён калісьці ў вакальную клясу музычнай школы, езьдзіў на конкурсы ў Арменію і Калінінградзкую вобласьць. А цяпер вось хрыпіць пра чорных анёлаў і вампайраў перад малодшымі братамі тых, хто калісьці падпільноўваў яго па дарозе з музыкалкі.

Сёньня яны зноў гралі усё тыя ж пяць кампазыцыяў, што й кожны раз, дзьве сваіх, адну таксыдэрмістаў і адну дзядзькі Найтмара, усё ж з нагоды юбілею сабраліся. Пры адных толькі першых гуках гэтых опусаў, якія, зрэшты, у гэты вечар толькі чакалі свайго выхаду на сцэну, яму заўсёды хацелася ванітаваць. Аднак Гары сказаў: мы будзем граць іх пакуль ад пальцаў ня будзе адскокваць. Паставіць нагу на калёнку, махаць хайрамі й цягнуць, імітуючы дыскант кагосьці з таксідэрмістаў: “Цемра і змрок, як паўбог, я раблю...” – і потым торгнуць драпежна (цьфу, цьфу!) носам, выставіць уверх падбародзьдзе і заенчыць як згвалтаваны камар: “...кро-о-о-ок!”. Яны ад гэтага кіпнем пісяюцца, хлопчыкі й дзяўчынкі. У гэтай залі ж народ будзе стаяць ушчыльную, хто-небудзь і бутэлькай пустой гвездануць можа, калі ня выцягну...

Андрэй, барадаты мужычок, вугальная майка якога была спрэс ушпіляная назвамі ўсіх двухсот сямідзесяці дзевяці найтмараўскіх альбомаў, нарэшце выкульгаў на сцэну і, выдаўшы на ўра бліскучае барабаннае сола, абвясьціў фэст адкрытым.

– Як ты знайшоў месца? – лянотна спытаў ён у Андрэя. Той, па сваёй звычцы падумаўшы трохі даўжэй, чым думае Тармазнуты Джо, разважліва й марудна патлумачыў, уладкоўваючыся за пультам:

– Нармальныя тут чалавекі працуюць. Ціпа, тэатралы. Ціпа, тэатр тут у іх. Ну я... Субарэнда. За капейкі. Праўда, народу сюды шмат ня ўцісьнеш.

Ён кіўнуў, насылаючы

ў думках пранцы й трыпэр на першую каманду, нейкіх школьнікаў пад дурацкай шыльдай “Антаганіст”. Ягоны ансамбль выступаў апошнім – усё ж іх ведаў увесь горад, прынамсі той горад, які застаецца на стужцы дня пасьля праяўкі.

100.

На сцэне гот ішоў за готам, а яму чамусьці ўзгадаўся іхны выступ некалькі месяцаў таму ў маленькім правінцыйным гарадку. Тады яны таксама гралі апошнімі; той дзень прамінуў надта хутка, добра запомніліся пакрыты цьвільлю сьнегу пляц з абавязклвым ленінам, елачкамі, будынкам мясцовай адміністрацыі – Дом культуры, ці, па-мясцоваму, клюб, дзе яны ладзілі свае сярэднявечныя шабасы, знаходзіўся насупраць. Публіка вітала іх, сталічную банду, нечалавечым крыкам, ён бы ніколі й не падумаў, што ўсяго сто чалавек здольныя выпрацоўваць такую колькасьць дэцыбэлаў. Мясцовыя аматары цяжкай музыкі перад іхным выступам былі ўжо добра разагрэтыя сваімі землякамі, “Чорным фэльчарам”, ці як там іх, ды напоямі тутэйшай вытворчасьці (у мястэчку месьціўся завод пладовых вінаў), і жадала годнага працягу. І яны забясьпечылі правінцыялам працяг.

Дырэктар клюбу і шэратвары чыноўнік, што адказваў тут за культуру, спачатку спрабавалі ахоўваць парадак, аднак потым зразумелі марнасьць сваіх намаганьняў і пакорліва прыціснуліся да сьцяны. Мокры натоўп першабытных самцоў і самак, ваяўнічы, захоплены гарманальным вірам, не закранаў гэтых пажылых дзядзек толькі таму, што не заўважаў іх прысутнасьці. Ён дасьпяваў трэцюю рэч, лавіна пагудзела, дасягнуўшы дна, і сьціхла; яны амаль безь перапынку пачалі “Паўбога”, і тут ужо стартавала сапраўдная воргія.

Выпускаць зь сябе глупыя словы таннага гіта было прыемна й трохі млосна, быццам са скуры порцыя за порцыяй выходзіць гной. У вочы біў яркі бязьлітасны ліхтар, зь цемры залі раз-пораз выпадалі лямантуючыя паўголыя плечы, пяткі, вушы, мачалкі нямытых валасоў... “Кро-о-о-ок!” Гэтым падлеткам відавочна падабалася. Ён набраў паветра ў лёгкія, адкінуў з ілба пасмы і раптам зразумеў: загадай ён ім зараз ісьці забіваць, гвалціць, разбураць, тапіць сваіх сваякоў, прапануй ён ім спаліць нахрэн гэты райцэнтр – яны стрымгалоў кінуцца выконваць ягоную волю. Сто юных душаў былі падуладныя яму на кароткі час канцэрту, і з гэтым войскам ён мог бы ажыцьцявіць невялічкую рэвалюцыю – няважна, чым яна скончыцца і чым рэвалюцыя адрозьніваецца ад бунту, проста на некалькі гадзін ён мог стаць правадыром, дыктатарам...

Ён прапусьціў тады патрэбныя словы, і публіка прасьпявала іх за яго – дарма што была занятая нястрымнымі маладзёвымі забавамі... Пасьля гэтай кампазыцыі дырэктар, які, напэўна, адчуў няладнае, распарадзіўся вырубіць электрычнасьць. Вось тут і можна было запальваць сыгнальную ракету. Аднак ён быў разважлівым паўбогам – яны палаяліся са сцэны матам (па-ангельску), хуценька сабраліся й пайшлі да хлопцаў з “Чорнага мэдбрату” каштаваць мясцовае зельле.

101.

Канцэрт у былым кіно імя Жданава пераваліў за экватар. Ён сядзеў побач з Андрэем, піў піва й паглядваў зорнымі вачыма на васьміклясьніц, падобных да размаляваных мэдузаў.

– Ёсьць такая вясёлая забаўка: калі па тэлевізары круцяць які-небудзь канцэрт, узяць і выключыць гук. Як выдатна было б, калі б кожны выканаўца пасьля выступу паназіраў за сабой у запісе вось такім чынам. Толькі так можна ацаніць вартасьць таго, што робіш.

– Філёзаф, – зарагатаў Андрэй і пасадзіў сабе на калені вакалістку “Amanda Amazzo”.

Іх сустракалі цёпла – занадта цёпла, калі ўлічыць, як пагана яны адыгралі першую рэч. Не, народ і танчыў, і падпяваў, і нават па напаўзабытай традыцыі запальваў газавыя сьветлякі на “Люцыфэры з ускраіны”, аднак неяк вяла: нічога дзіўнага, яны чулі гэта тысячу разоў. І перад апошняй, найтмараўскай рэччу, якую іхны басіст уцяжарыў да максымуму, яму стала крыўдна. Ён атрымаў замала пакланеньня, не насыціўся іхнай энэргіяй, ня высмактаў сёньня сабе ўпэўненасьці на бліжэйшы тыдзень. І пры першых маршавых тактах “Kill you, baby” уздыхнуў, падумаў ды кінуўся на падлогу, як эпілептык. Лінзы перад выступам ён зазвычай здымаў, і таму не заўважыў антычных аскепкаў прыгожай бутэлькі, разьбітай кімсьці ля сцэны падчас папярэдняй песьні.

Ён падняўся на ногі, адкінуў з ілба валасы і ўмэнт стаў зноў чырвонаскурым кумірам охласу – акругліў вочы, намаганьнем волі запаліў у іх па-галівудзку вар’яцкі фанатызм і, падпарадкоўваючыся загадкаваму й найтрапнейшаму насланьню, выкінуў руку перад сабой. Некаторыя адразу ж паўтарылі гэты нескладаны рух, аднак ён меў на ўвазе іншае. Ягоны ўказальны палец выпрастаўся ў накірунку супрацьлеглай сьцяны, і публіка паверыла, лёгка і з задавальненьнем. Ён бачыў краем вока, як нават сівы вэтэран Андрэй абярнуўся й паглядзеў туды, на бялеючую ў цемнаце сьцяну – і, відаць, полымя ў вачах ягоных разгарэлася само сабой... Зьнічка ўпала на густыя дзіцячыя шэвелюры, і выступ быў уратаваны. Ён засьпяваў, не прыбіраючы свайго трывожнага пальца, паўтараў аўтаматычна словы, утаропіўшыся з цудоўна ўдаваным жахам у самы канец залі, і ўсё паказваў туды, паказваў, нібы там, за сьцяной, хаваўся прывід, здань, мроя, непатрэбнае закрэсьліць.

Поделиться с друзьями: