Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

Наступная публікацыя ў «ЛіМе» адбылася толькі праз тры гады — 11 снежня 1981 года (№ 50). Да гэтага маё прозвішча ўпаміналася хіба што ў аглядах. Нумар быў прысвечаны нарадзе маладых у Каралішчавічах. На адным развароце змяшчаліся творы Алеся Жыгунова, Алега Мінкіна, Васіля Сахарчука, Валянціны Хамчук, Леаніда Галубовіча, Адама Глобуса, Міраслава Шайбака і мае.

Ходзячы дарогамі зямнымі, Прыкмячаю, што ў краях далёкіх Гэтак, як і ў нас, красуюць кветкі, Жыта
спее, зелянеюць дрэвы,
Аднаго там не хапае — маці…

З белымі вершамі тады наогул складана было. У Разанава не хацелі нават кніжку выдаваць.

Увесь час, калі я працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», патрабаванні да аўтараў былі вельмі высокія. Нават да старэйшых ставіліся строга. Лепшыя творы друкаваліся на восьмай і дзявятай старонках. А дванаццатую адводзілі для твораў «З літаратурнай пошты». І тут друкавалі тых, каго не маглі не друкаваць, бо стары, заслужаны, але на восьмую і дзявятую старонкі не дацягвае. Пра гэта ведалі толькі ў рэдакцыі. Гэта было даўно, але гэта было…

Мужык і Верка

25.02.2012. «Мужык Верку Мацюшыкаву на ланцуг навязваў…» — расказвае бацька пра Пугачы. «Чаму?» — цікаўлюся я. «А таму што надта была красівая!» — адказвае бацька.

* * *

25.02.2012. Сёння паэту Алесю Пісьмянкову было б 55. Учора з гэтай нагоды ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася вечарына «Рыцар паэзіі». Восем год назад я быў маладзейшы за Алеся на тры гады, цяпер я старэйшы на пяць. Час ляціць! Выступоўцаў хапала, але, на жаль, аніводнага не было літаратара з сённяшніх маладых…

* * *

26.02.2012. Пагаліў і падстрыг бацьку. Ён увесь час быў маўклівы і сумны, як трынаццаты апостал, які заблудзіўся ў вечнасці…

Свая гісторыя…

26.02.2012. Нядаўна глядзеў па расійскім тэлебачанні, як дзве прыгажуні сур’ёзна разважалі пра вайну 1812 года. Адна дагаварылася, што Напалеон сканаў у Маскве ад пажару. Другая таксама паказала сваю мудрасць, сказаўшы, што помнік Мініну і Пажарскаму — гэта помнік двум мужыкам, адзін з якіх ставіў міны, а другі паліў Маскву…

Сумна…

26.02.2012. Па дарозе ў Вільню Менее бяроз. Снег, як пілавінне, Сыплецца з нябёс. Ды не знікне тое, Што павінна быць, Бо яно святое, Бо душа баліць І за нашу Вільню, І за шум бяроз, І за пілавінне, Што ляціць з нябёс…

* * *

27.02.2012. Бацька расказвае пра золата, якое было ў Мацю­шыкаў. На маё пытанне: «Дзе яно цяпер?» — бацька адказаў: «Што Пеця Мацюшыкаў не прапіў, тое бабы пакралі, якія да яго лезлі ў жонкі…»

Бацька і Кукабэка

29.02.2012. «Ці скора Вялікдзень?» — пытаецца бацька. «Яшчэ трэба пачакаць…» —

адказваю я. «Падгаворым Кукабэку! У яго ёсць гармонік. І пойдзем у валачобнікі. Спачатку ў Еленку!» — працягвае бацька. «Колькі ж гадоў твайму Кукабэку?» — цікаўлюся. «Ды ён даўно памёр»,— чую ў адказ. «А як ён мёртвы пойдзе?» — «Калі добра падгаворым, дык і ён пойдзе!» — кажа бацька і пачынае расказваць, якім добрым гарманістам быў Кукабэка…

* * *

29.02.2012. Сёння чатыры месяцы, як бацьку прывезлі ў горад. Пра вёску амаль ужо не пытаецца. Жыве ўспамінамі пра час да сваёй жаніцьбы…

САКАВІК

* * *

2.03.2012. «Мама хварэць не ўмела. Мама мая не хварэла…» — напісаў два радкі і спыніўся, бо спынілася маміна сэрца…

* * *

2.03.2012. Прыходзіў Вераціла, у якога трынаццаць зубоў. Прыводзіў падобнага на сябе мастака, у якога яшчэ амаль усе зубы…

* * *

2.03.2012. «Дзед у сенцах гнаў самагонку — расказвае бацька.— Раніцай прыходзілі мужыкі пробаваць. Пробавалі цэлы дзень…»

* * *

2.03.2012. Яшчэ зусім нядаўна думаў, што мама дажыве да часу, калі прыйдзе Бог і скажа: «Усе, хто дажыў да сённяшняга дня, будуць здаровыя і будуць жыць вечна!»

* * *

2.03.2012. Думаю толькі пра маму. Стараюся не заглыбляцца ва ўспаміны і гэтым ратуюся ад слёз…

* * *

2.03.2012. Без мамы жыць цяжка. Глыбіню гэтых слоў зразумеў, страціўшы маму…

* * *

2.03.2012. Ужо сёння мама планавала б, у які дзень будзем садзіць бульбу…

Лёнька

4.03.2012. Даведаўся, што амаль месяц назад у Татарскіх памёр Лёнька Якаўлеў. Яму было 53 гады. У школе ў мяне з ім былі добрыя адносіны. Падчас службы ў войску Лёнька ўпаў з вышкі і, атрымаўшы траўму галавы, быў камісаваны. Жыў пры маці, якая працавала паштальёнкай, і, калі застаўся адзін, быў пад наглядам аднавяскоўцаў…

Мама і «Звязда»

4.03.2012. Мама амаль 50 гадоў выпісвала газету «Звязда». І свае першыя вершы, калі мне было 12, я паслаў у гэтую газету. Апошнія тры гады «Звязду» выпісваў бацька, хоць яе і не чытаў. Выпісваў для мамы. Цяпер «Звязду» ў вёсцы і бацька не выпіша…

* * *

4.03.2012. Мне на дзень народзінаў мама падарыла цёплыя скураныя пальчаткі. Прыехаўшы дамоў, захацеў пахваліцца маміным падарункам. Гляджу, а пальчатак няма. Згубіў. З таго дня мінула больш за дваццаць гадоў…

* * *

5.03.2012. Сёння тры гады, як мама атрымала інсульт. Бацька не разабраўся, што адбылося, і мама амаль суткі праляжала на ложку. І, каб не зайшоў вясковец, мама б ужо тады памерла, а так выклікалі «хуткую», на якой маму завезлі ў Ракаўскую бальніцу, дзе і адратавалі. Потым мама ўспамінала пра інсульт: «Раптам у вачах шуганула маланка — і я ўпала. Болей нічога не памятаю».

Свідруюць…

5.03.2012. На месцы разбуранага філфакаўскага інтэрнату пачаліся падрыхтоўчыя работы да новага будаўніцтва. Ужо два тыдні машыны свідруюць зямлю і бяруць пробы грунту. Свідруюць, нібыта шукаюць нафту…

Поделиться с друзьями: