Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
* * *
30.03.2012. «Ёсціка бабы горш, чым вошы, бо прыстаюць да таго, хто мае грошы!» — заявіў бацька, успамінаючы памерлага Пецю Мацюшыкава, у якога было золата…
* * *
31.03.2012. Я прывык, што да мяне людзі звяртаюцца, як да дзядзькі, як да бацькі, як да дзеда. Сёння жанчына, старэйшая за мяне на гадоў дзесяць, падышла і сказала: «Хлопчык, дай закурыць!..»
* * *
1.04.2012. Над невялікім штучным азярцом, якое завецца Мухляй і зусім блізка ад нашага дома, лётаюць чайкі. Праходзячы побач азярца, думаю пра мора і маму, якая пражыла амаль 82 гады і ніколі не
«Блакітны сьвін» і госці…
1.04.2012. Учора быў на ўручэнні «Блакітнага сьвіна», якое праходзіла ў невялічкім кафэ «Квін» на вуліцы Мяснікова. Урачыстасць пачалася а палове другой і ўжо ў дзве гадзіны Людміла Рублеўская ўручыла Наталцы Кучмель, Юліі Новік, Юрасю Нератку і Георгію Барташу належныя ім узнагароды. І толькі было расстаўлена па століках разлітае з дзвюх пляшак шампанскае і разнесены чатыры талеркі з бутэрбродамі, як у кафэ зайшоў высокі здаравенны мужчына ў форме рабочага, але ў даволі чыстай, і сеў на ўваходзе за столік. Афіцыянтка тут жа паднесла яму меню. Мужчына выбраў піва. Седзячы за столікам, незнаёмы выглядаў, як самы галоўны сярод нас, і хутка, праслухаўшы вершы Наталкі Кучмель, сказаў пабеларуску: «Канчайце гаварыць на трасянцы!» Пару чалавек з нашых нешта жартоўнае адказалі незнаёмаму, і ён пачаў далей павучаць нас, як трэба чытаць вершы. Юліі Новік мужчына прапаноўваў залезці на крэсла і адтуль выступаць. Мы зноў пасмяяліся і перасталі звяртаць увагу на нашага «настаўніка». Хутка да мужчыны прыйшоў другі мужчына гэтак жа апрануты, і яны пачалі шаптацца. Афіцыянтка прынесла меню. Другі мужчына палістаў яго і, дапіўшы піва свайго сябра, выйшаў. Першы мужчына яшчэ паслухаўшы, што мы гаворым і некалькі раз сфатаграфаваўшы нас на мабільнік, не разлічыўшыся, пакінуў кафэ. Следам за незнаёмым выбегла афіцыянтка і прымусіла яго разлічыцца. Незнаёмец думаў, што тут «всё включено» і яму ні за што плаціць не трэба. Праз хвілін дзесяць першы мужчына зноў зайшоў да нас і, падышоўшы да барменнай стойкі, пачаў прасіць афіцыянтку, каб яна з ім выйшла пагаварыць. Напарнік афіцыянткі не пусціў дзяўчыну, сказаўшы, што ёй няма часу размаўляць. Яшчэ крыху нешта пабубнеўшы, незнаёмец пакінуў кафэ. На маё пытанне, што гэта былі за нечаканыя госці, Юрась Нераток сказаў: «Хахлы са Львова!»
Чаму?
1.04.2012. Да нас шпакі прылятаюць яркачорныя, як пазалочаныя, а адлятаюць проста чорныя, як паношаныя дзіцячыя чаравікі…
* * *
1.04.2012. Знічка, як пісьмо ад мамы, якое не даляцела да мяне…
* * *
1.04.2012. У пад’ездзе дома, дзе дажываюць свой век адзінокія старыя, драўляныя паштовыя скрынкі, як макеты трун, прыбітыя да сцяны…
* * *
2.04.2012. Дзень пачаўся з зімовай завірухі. Прыходжу да бацькі і чую: «Як там бедныя шпачкі?»
* * *
2.04.2012. У скверы па дарозе да бацькі сёння снежна і поўна чаек. І любіцелі выпіць, якія гучна гамоняць, здаюцца мне марскімі ваўкамі…
* * *
2.04.2012. Сёння было неба чорнае, як зямля, а зямля была белая, як неба. А я ішоў да бацькі, успамінаючы маму…
* * *
3.04.2012. З акна на працы ўвесь год бачыў, як будаваўся трыццацідвухпавярховы дом. Нарэшце, здаецца, будынак завершаны, і цяпер ён другі месяц апранаецца ў шкло, нібыта зацягваецца лёдам…
* * *
4.04.2012. Прыходзіў мастак, які ўжо шаснаццаць гадоў піша вершы. Творы цікавыя і месцамі вельмі нядрэнныя. Праўда, рыфмы не ўсе дакладныя. Амаль паўгадзіны давялося даказваць, што «рэдзька — феня» і «река — вода» не рыфмуюцца... Разышліся мірна…
* * *
4.04.2012. Кармлю бацьку з лыжкі, і ён на мяне глядзіць, як на Хрыста. А я ж усяго бацькаў блудны сын…
* * *
5.04.2012. Выступаў перад школьнікамі восьмага класа ў бібліятэцы № 6, што на вуліцы Алега Кашавога. Імпрэза была прысвечана юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ці то жартам, ці то ў сур’ёз на пытанне супрацоўніцы бібліятэкі: «Хто першым ацаніў творы Купалы?» — адзін з вучняў адказаў: «Пушкін!» Праўда, тут жа некалькі ягоных аднакласнікаў выгукнулі: «Купала і Пушкін жылі ў розныя часы!» Прыемна было даведацца, што сярод прысутных ёсць дзяўчына,
якая піша вершы. Піша пабеларуску і нядрэнна для яе ўзросту. Вяртаючыся дамоў, хацеў заглянуць у кнігарню, у якую я раней нярэдка заходзіў. Кнігарні няма. На месцы кнігарні крама абутку…* * *
5.04.2012. Іржавы каналізацыйны люк у калюзе, як савецкая капейка, якая вырасла пад вясновым сонцам…
Жыццё і вершы
6.04.2012. Паэт Глеб Артханаў (Юра Аляксееў) прыехаў на пару тыдняў дамоў з СанктПецярбурга, дзе зарабляе грошы для сям’і, працуючы архітэктарам і мастакомрэстаўратарам. Пры сустрэчы гаварылі пра бацькоў, якія ў нас засталіся адны. Бацька Юры жыве ў Ялце і яму 84 гады. Паэт баіцца, што цяпер у любы дзень можа так здарыцца, што яму давядзецца кінуць усё тут і ехаць да бацькі, каб даглядаць яго. На развітанне Юра падарыў мне сваю новую кнігу вершаў «Зеркальный ковчег». Я разгарнуў яе і адразу ж напароўся на радкі:
Я умер — узнали не скоро — На юге в конце февраля. Мятутся шторма в эту пору Сквозь розовый дым миндаля… На ялтинском кладбище горном Под сизую зелень огня, В лазурь, в родовые просторы — К отцу положили меня…* * *
6.04.2012. Бацька ўспомніў, што ў вёсцы засталося ў лядоўні сала. А як мяне завуць — не ўспомніў…
* * *
7.04.2012. Бацька, даведаўшыся, што ў вёсцы ягонае сала пакралі, сказаў: «Злодзея трэба злавіць і расстраляць!» Пра расстрэл бацька гаварыў два дні, а сёння, калі я ўжо адчыніў дзверы, каб ісці дамоў, сказаў: «Не трэба расстрэльваць!»
* * *
7.04.2012. Сыплецца снег, як змерзлы дым з комінаў вясковых хаты…
* * *
7.04.2012. Мы, як вузлы ў сетцы, на якой над прорвай нябыту наша Беларусь…
У межах двара…
7.04.2012. У двары кантэйнеры поўныя смецця. Да іх падляцелі галубы. Тут жа праз хвіліну іх прагналі з двара чайкі, а чаек прагналі вароны, а варон прагналі бамжы. І толькі шэрыя вераб’і не ўцякаюць за межы двара…
Свята
8.04.2012. Сёння католікі святкуюць Вялікдзень, праваслаўныя — Вербную, а каля тралейбуснай станцыі «Лермантава» жэсаўскія рабочыя ўжо да васьмі гадзін раніцы назграбалі кучы смецця і бруднага пяску. Узгадалася, што мама не прымушала нас, дзяцей і бацьку, наогул нешта рабіць нават у звычайную нядзелю, калі можна было тое зрабіць у буднія дні…
* * *
8.04.2012. Прынёс бацьку некалькі галінак вярбы і пачуў: «Праз тыдзень Вялікдзень…»
* * *
8.04.2012. Сніліся Лягезы. Я з хаты прыйшоў у сад. Сонечна. І раптам загудзелі звышгукавыя самалёты, час ад часу пікіруючы на вёску. Я схаваўся пад яблыню. Успомніў маму — і навокал стала ціха…
* * *
8.04.2012. Дзеці былі малыя, і мы, іх бацькі, самі былі, як дзеці. І хацелася нам, як дзецям, сустракацца, і мы сустракаліся з такімі ж маладымі бацькамі, і было нам усім пра што гаварыць і чым заняцца разам. Дзеці выраслі, і цяпер мы сядзім сумныя і разумныя па сваіх кватэрах, як ахоўнікі таго, чаго ўжо няма і ніколі не будзе…
* * *
9.04.2012. Іду дахаты і бачу, што на лавачцы каля пад’езда сядзіць мама. Падыходжу... Мама, але не мая…
* * *
9.04.2012. Бацька пра маму ўжо не пытаецца, нібыта ведае, што мамы няма…
* * *
9.04.2012. Кучы смецця і бруднага пяску, якія былі ўчора з самага ранку нагрэблены каля дыспетчарскай станцыі «Лермантава», сёння яшчэ не звезены. І трэба было на Вялікдзень зганяць людзей на працу?