Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Змоўклі абое, загледжаныя ў будучыню; ён туліў толькі яе штораз мацней да сябе, а на руцэ ягонай мігацеў ад месяца залаты рыцарскі пярсцёнак.

У работніцкай убогай частцы гораду ўсе ўжо спалі, панавала цішыня.

— Ты дазволіш мне спатыкацца з Пампоніяй? — спытала Лігія.

— А няўжо ж. Адведвацімем іх, запрашацімем да нас. Хочаш, дык забярэм да сябе Апостала Пятра? Ён прыгноблены векам і працаю. Павал нас адведваціме, наверне Аўла Плаўцыя, і як ваякі закладаюць калоніі ў далёкіх краёх, так мы заложым хрысціянскую калонію.

Лігія ўзяла руку Вініція і хацела далікатна пацалаваць, але ён, шэпчучы, як бы баючыся спалохаць шчасце, бараніўся: — Не, Лігія! Не! Я цябе павінен цалаваць і вяльбіць, дай ты мне руку.

— Кахаю цябе.

Ён прыціснуў вусны да ейных белых, як язмін, рук, і праз хвіліну чулі толькі біццё сваіх сэрцаў. У паветры ні шораху, цыпрысы,

моў мёртвыя, казаў бы й яны затрымалі дыханне ў грудзях… Нараз неспадзяваныя раскаты грому разарвалі паветра. Лігія жахнулася, Вініць выпраставаўся і супакойвае: — Гэта львы ў віварыях рыкаюць… І пачалі абое наслухоўваць. За першым раскатам паўтарыўся другі, трэйці, дзесяты, з усіх бакоў і кварталаў. У горадзе часамі бывала да тысячы львоў пры розных арэнах, і не раз, упіраючыся мызамі ў клетку, такім спосабам агалошвалі сваю тугу да вольнасці й пустыні. Так тужылі й цяпер, пераклікаючыся рыкам на цэлы горад. Нейкая злавесная й панурая пагроза тоілася ў гэтым, і Лігія, ад якое прагнаў ясную й спакойную візыю будучыні, слухала гэты рык з дзіўным жахам і сумам.

Але Вініць абняў яе моцнаю рукою і пацяшае: — Не бойся. Ігрышчы блізка, дык усе віварыі перапоўнены.

І пайшлі абое ў дамок Ліна пад марш штораз магутнейшых рыкаў львоў.

XL

У Анцыюме тым часам Пятроні штодня трыумфаваў над усімі аўгустыянамі, якія ўвіхаліся за ласкамі цэзара. Уплыў Тыгэліна змалеў зусім. У Рыме, дзе трэ было спратваць людзей, якія выдаваліся небяспечнымі, абдзіраць іх маёмасць, рабіць палітыку, ладзіць відовішчы, задзіўляючыя пышнатою ды благім густам, а ўрэшце заспакойваць дзікія прымхі цэзара — Тыгэлін, спрытны і адчайны, быў безумоўна патрэбен. Але ў Анцыюме, сярод палацаў, красуючыхся ў ажурах мора, цэзар жыў жыццём Гэллады. Ад самага рання да вечара чыталі вершы, дыскутавалі аб іхняй будове і стройнасці, захапляліся ўдалымі сказамі, цікавіліся музыкай, тэатрам, адным словам, усім тым, што стварыў і чым упрыгожыў жыццё грэцкі геній. У такіх абставінах беспрыраўнальна больш, чым Тыгэлін і аўгустыяне, адукаваны Пятроні — гумарыста, вымоўны, поўны субтэльнага адчуцця і густу — мусіў здабыць перавагу. Цэзар патрабаваў ягонага таварыства, цікавіўся ягоным поглядам, раіўся падчас творства і прыязніўся жывей, чым калі йнакш. Асяроддзю выдавалася, што ўплыў ягоны асягнуў канчатковую перамогу, што прыязнь між ім і цэзарам будзе сталай, трываціме многія гады. Тыя нат, што калісь недалюблівалі элеганцкага эпікурэйца, пачалі яго цяпер акружаць і дбаць пра ягоныя ласкі. Сёй-той быў нат шчыра задаволены ў душы, што верхаводзіць чалавек, які сапраўды ведаў, хто чаго варты, і падхлебніцтва ўчарашніх ворагаў прыймаў з усмехам скептычным, але ці то праз лянівасць, ці праз вытворнасць не мсціўся і магутнасці свае не выкарыстоўваў на чужую згубу ці шкоду. Бывалі моманты, калі згубіць мог і Тыгэліна, але ён воліў яго высмейваць як невука й грубіяна. Рымскі сенат адпачываў, бо ўжо ад паўтара месяца не было ніводнага прысуду смерці. І ў Анцыюме, і ў Рыме расказвалі, праўда, дзівосы пра распусныя выдумкі цэзара і ягонага фаварыта, але кожны воліў мець над сабою цэзара вымудраванага, чым абыдлячанага ў руках Тыгэліна. А Тыгэлін з галавы сходзіў і хісліва сумняваўся, ці не зрачыся зусім уплываў, бо цэзар не раз адзываўся, што ў цэлым Рыме і між усімі прыдворнымі ёсць толькі дзве душы, якія разумеюцца, ды двух сапраўдных гэленцаў: ён і Пятроні.

Подзіву годная Пятроніева спрытнасць зацвердзіла ўва ўсіх перакананне, што ягоны ўплыў перажыве ўсе іншыя. Не ўяўлялі сабе, як цэзар без яго мог бы абыйсціся, з кім бы мог гутарыць аб паэзіі, музыцы, цыркавых рэкордах і ў чыіх вачах шукаў бы апрабаты для сваіх твораў. А Пятроні з свомаю сабе раўнавагай не надаваў, здавалася, ніякае ўвагі свайму становішчу. Быў, як заўсёды, павольны, лянівы, дасціпны і скептычны. Часта выклікаў у людзей уражанне чалавека, які кпіць з іх, сябе, з цэзара і з усяго свету. Часам не шчадзіў прыганы ў вочы й самому цэзару, і калі іншыя ўважалі смеласць ягоную задалёкай або проста згубнай, ён так нечакана ўмеў яе выкруціць, што абярталася на ягоную карысць, будзячы ўва ўсіх подзіў і перакананне, што няма такое сітуацыі, з якое Пятроні не мог бы выкруціцца з трыумфам. Раз больш-менш у тыдзень па прыездзе Вініція з Рыму цэзар чытаў у вузкім коле ўступ з сваёй «Троікі», а як кончыў ды прагрымелі воклічы захаплення, Пятроні ў адказ на пытальны позірк цэзара адазваўся: — Дрэнь! Аж просіцца ў агонь!

Сэрцы прысутных замерлі ад жаху, бо Нэрон ад дзяцінства не чуў ніколі такога асуду; толькі твар Тыгэліна заіскрыўся радасцю. Вініць збялеў, бо думаў, што

Пятроні, які ніколі не быў п’яны, цяпер, як на бяду, упіўся.

А Нэрон мядовым трэмолавым галаском, у якім звінеў плач зраненае самагоднасці, пытае: — Што ж ты тут знайшоў нядобрага?

Пятроні насеў на яго: — Не вер ім, — адазваўся, паказваючы рукою на прысутных, — яны нічым не знаюцца. Пытаешся, што нядобрае ў тваіх вершах? Калі хочаш праўды, дык скажу табе: добрыя яны для Віргілія, добрыя для Авідыя, добрыя нат для Гомэра, але не для цябе. Табе не можна такіх пісаць. Той пажар, які апісваеш, заслаба гарыць, твой агонь заслаба паліць. Не слухай падхлебніцтва Люкана. Яму за такія самыя вершы прызнаў бы я генія, але не табе.

А ведаеш чаму? Бо ты вялікшы за іх. Каму багі далі столькі, колькі табе, ад таго можна больш вымагаць. Але ты лянуешся. Жадаеш прыдрамаць пасля прандыюма замест прыседзець над работай. Ты ж можаш стварыць твор, аб якім свет да сяння не чуў, і дзеля таго кажу табе ў вочы: напішы лепшы!

І гаварыў гэта тонам нядбальным, як бы кпіў, а разам і дакараў, але вочы цэзара займгліліся раскошай, ён сказаў: — Багі далі мне крыху таленту, але далі й нешта больш: сапраўднага знаўцу і прыяцеля, які адзін умее праўду гаварыць у вочы.

Сказаўшы гэта, выцягнуў сваю пукатую, пакрытую іржавым валоссем руку да залатога кандэлябра, зрэквіраванага ў Дэльфах, каб спаліць вершы.

Але Пятроні выхапіў іх.

— Не, не! — кажа. — Нат і няўдалыя належацімуць да людства. Пакінь іх мне.

— Ну дык дазволь адаслаць іх табе ў пушцы майго помыслу, — адказаў, сціскаючы яго, Нэрон. А па хвіліне гаварыў далей: — Так, маеш рацыю, мой пажар Троі мала гарыць, слаба пячэ. Я думаў, што як дараўняюся да Гомэра, дык і годзе. Нясмеласць і недацэньванне сябе заўсёды мне перашкаджалі.

Ты мне адкрыў вочы. Але ведаеш, чаму так ёсць, як ты кажаш? Рэзьбяр, творачы статую, шукае сабе мадэлю, а я ж не меў мадэлю. Я ніколі не бачыў гораду ў вагні, дзеля таго мой опіс бляды, бяспраўдны.

— Згадзіся з тым, што трэ, аднак, быць вялікім мастаком, каб гэта разумець.

Нэрон задумаўся і цераз часіну пытае: — Адкажы мне, Пятроні, на адно пытанне: ці ты шкадуеш згарэўшае Троі?

— Ці шкадую?.. На кульгуна-мужа Венеры! Хто б таго шкадаваў! І скажу табе чаму: Троя не згарэла б, калі б Праметэй не абдарыў людзей агнём і калі б грэкі не аб’явілі Прыяму вайны; бо каб не было агню, Эсхілос не напісаў бы свайго «Праметэя», роўна як без вайны Гомэр не напісаў бы «Іліяды», а мне больш даспадобы, каб існавалі «Іліяда» і «Праметэй» замест мясціны праўдападобна сціпленькай і бруднай, у якой цяпер сядзеў бы нейкі сасланы пракуратар і нудзіў бы цябе сварнёю з арэопагам.

— Вось што значыць разумна гаварыць! — адазваўся цэзар. — Для паэзіі й мастацтва можна й трэба ўсё прысвяціць. Шчаслівыя ахайяне, што прыдбалі Гомэру змест для «Іліяды», і шчаслівы Прыям, які аглядаў гібель айчыны! А я? Я не аглядаў гораду ў полымі.

Настала хвіліна маўчання, перарваў яе ўрэшце Тыгэлін: — Я ж табе казаў, цэзар, выдай загад, а спалю Анцыюм. Або ведаеш што? Калі табе шкада гэтых віллаў і палацаў, загадаю спаліць караблі ў Остыі або збудую табе на Альбанскім прыгор’і драўляны горад, у які сам пусціш полымя. Хочаш?

Нэрон пранізаў яго вокам пагарды.

— Я глядзеціму на драўляныя буды ў агні? У цябе, Тыгэлін, зусім выветрыўся глузд! Бачу пры гэтым, не надта цэніш мой талент і маю «Троіку», калі думаеш, што нейкая іншая ахвяра была б для яе завялікая.

Тыгэлін астаўпеў, а Нэрон па хвіліне, як бы хочучы змяніць гутарку, дадаў: — Лета ідзе… О, як той Рым патанае цяпер у смуродзе!.. А ўсё ж такі на летнія ігрышчы трэ будзе туды ехаць.

На гэта Тыгэлін: — Як адправіш аўгустыянаў, цэзар, дазволь мне на хвіліну застацца.

Цераз гадзіну пазней Вініць, вяртаючыся з Пятроніем з цэзаравай віллы, гаварыў: — Меў я праз цябе немалы страх. Думаў, што ты п’яны і загубіў сябе без ратунку. Памятай, гуляеш са смерцю!

— Гэта мая арэна, — адказаў абыякава Пятроні. — Захапляе мяне пачуццё, што я найлепшы на гэтай арэне гладыятар. А бач, як скончылася? Мой уплыў сяння яшчэ падрос. Прышле мне сваю паэзію ў куфэрку, які — пойдзем у заклад — будзе надта багатым і ў дрэнным гусце. Будзе ў чым майму лекару хаваць лекі на прачышчанне. Зрабіў я гэта яшчэ й для таго, каб справакаваць заахвочанага ўдаласцю Тыгэліна, які захоча наследаваць мяне, і ўяўляю бокі рваць сабе, што станецца, як рушыць досціпам. От будзем, бы той Дэмакрыт, абсэрвуючы ходзячага па лініі пірэнейскага мядзведзя. Каб я хацеў, патрапіў бы сплавіць Тыгэліна і стацца замест яго прэфектам прэторыянаў. Тады б меў на цугундары і самога Агенабарба. Волю з бядою такое жыццё, якім жыву, і нат з вершамі цэзара.

Поделиться с друзьями: