Quo Vadis
Шрифт:
— Што за лоўкасць: з наганы зрабіць падхалімства! Але ці сапраўды вершы тыя такія дрэнныя? Я прафан у гэтых рэчах.
— Не горшыя ад іншых. Люкан у адным пальцы мае больш таленту, але і ў Рудабародым нешта ёсць. Перад усім ёсць непамерная ахвота да паэзіі й музыкі. За два дні будзем зноў у яго і слухацімем музыкі да гімну на гонар Афрадыты, які сяння або заўтра скончыць. І будзем зноў у вузкім коле, яшчэ меншым: толькі я, ты, Тулій Сэнэцый і малады Нэрва. Тое, што я казаў табе калісь аб вершах — быццам ужываю іх пасля банкету, як Вітэлій ужывае перыны фламінга — гэта няпраўда!.. Бываюць часамі вымоўныя і ў яго. Словы Гэкубы, напрыклад, расчуляючыя… Скардзіцца яна на пакуты пароду, і Нэрон умеў знайсці шчаслівыя сказы, можа таму, што таксама родзіць у пакутах кожны верш… Часамі шкада мне яго. На Палукса! Што за дзівосная мешаніна! Калігуле
— Хто прадбачыць, дакуль можа зайсці шалёнасць Агенабарба? — спытаў Вініць.
— Ніхто. Могуць здарыцца йшчэ такія рэчы, ад якіх людзям праз цэлыя вякі ўставацімуць валасы на галаве. Але гэта якраз і цікавіць, ёсць забаўным, і хоць не раз нуджуся, бы Амонскі Ёвіш на пустыні, думаю, што пад іншым цэзарам нудзіўся б яшчэ горш. Твой юдэйчык Павал, прызнаю, ёсць вымоўны, і калі падобныя людзі агалошвацімуць тую навуку, нашыя багі мусяцімуць сцерагчыся не жартамі, каб не прыйшлося пасля эміграваць на падстрэшанне. Праўда, што мы былі б беспячнейшыя, калі б цэзар стаўся хрысціянінам. Але твой прарок з Тарсу, шукаючы доказаў для мяне, не падумаў, што для мяне, бач, гэтая няпэўнасць якраз і становіць жыццёвую прывабу. Хто не спрабуе ў косці, не прайграе маямосці, а аднак людзі ў косці йграюць. У гэтым тоіцца нейкая раскоша, самазабыццё. Я ведаў рыцарскіх сыноў ды сенатарскіх, якія самахвотна запісваліся ў гладыятары. Я, кажаш, гуляў з жыццём; так, але рабіў гэта, бо мяне гэта дражніць, забаўляе, а вашыя хрысціянскія цноты знудзілі б мяне, як направы Сэнэкі, у адзін дзень. Таму вымова Паўла пайшла з ветрам. Ён павінен цяміць, што такія людзі, як я, ніколі тае навукі не прыймуць. Ты дык штось іншае! З тваім настроем можна або ненавідзець імені хрысціяніна, або ім стацца. Я прызнаю ім праўду, пазяхаючы. Шалеем, ляцім у пропасць, штось таёмнае нясе нам будучыня, штось пад намі трашчыць, штось канае вобак нас — згода! Але памерці патрапімо, а тым часам не хочацца нам зблытваць жыцця ды йсці на службу смерці перадчасна. Жыццё існуе для сябе самога, не для смерці.
— А мне цябе шкада, Пятроні.
— Не шкадуй мяне болей, чым я сам сябе. Даўней табе было між намі не дрэнна і, ваюючы ў Арменіі, тужыў па Рыме.
— Тужу й цяпер.
— Так, бо кахаеш хрысціянскую вясталку, што сядзіць на Затыбры. Ані дзіўлюся табе, ані ганю. Дзіўлюся больш таму, што міма тае навукі, якую завеш морам шчасця, і міма таго кахання, якое хутка мае быць увенчаным, пасумнасць не сходзіць з твайго аблічча. Пампонія Грэцына вечна сумная, ты ад таго часу, як стаўся хрысціянінам, страціў смех. Не ўталкоўвай жа мне, што гэта навука жыццярадасная! З Рыму вярнуўся ты вось яшчэ сумнейшы. Калі хрысціянскае каханне ёсць такім — на яснакучаравага Бакха! — не пайду вашым следам!
— Гэта што іншае, — адказаў Вініць. — Я табе прысягаю не на кучаравага Бакха, але на душу майго родзіча, што ніколі за даўнейшых часаў я не дазнаваў нат прадсмаку такога шчасця, якім дыхаю цяпер. Але тужу страшэнна, і што дзіўна, як прабываю далёка ад Лігіі, здаецца мне, што над ёю вісіць небяспека. Не ведаю, адкуль бы магла прыйсці, а прадчуваю яе так, як буру.
— За два дні падручаюся выстарацца табе дазвол выезду з Анцыюма на так доўга, дакуль сам хацецімеш. Папея нейк паспакайнела, і, наколькі мне ведама, нічога ад яе не пагражае.
— А і сяння пытала, што я рабіў у Рыме, хоць выезд мой быў сакрэтны.
— Быць можа, шпегавала цябе. Цяпер, аднак, і яна мусіціме аглядацца на мяне.
Вініць прыпыніўся й кажа: — Павал навучаў, што Бог часамі перасцерагае, але ў варажбу верыць не дазваляе, дык баранюся ад тае веры, і нельга абараніцца. Раскажу табе, што здарылася, лягчэй мо будзе на сэрцы. Сядзелі мы з Лігіяй у такую ноч, як сянняшняя, і ўкладалі сабе будучае жыццё. Не ўмею табе выказаць, як мы чуліся шчаслівымі й спакойнымі. Нараз чуем рык львоў. Рэч гэта ў Рыме абыдная, а аднак ад тае пары не маю супакою. Здаецца мне, як бы ў гэным была злавесная пагроза… Ты ж ведаеш: на трывогу я не хуткі, але тады пачуваўся так, як бы трывога запоўніла ўсю цемень ночы. Так гэта прыйшло раптоўна й неспадзявана, што і цяпер гучыць увушшу той рык, а сэрца шчыміць ад трывогі, як бы Лігія патрабавала мае абароны ад чагось страшэннага… хоць бы й ад тых самых львоў. Я пакутую. Дык выстарайся хутка дазвол, бо калі не, дык паеду без дазволу. Не магу тут сядзець, кажу табе, не магу!
Пятроні зрабіў сабе з гэтага смех.
— Ну, да таго яшчэ не дайшло, — кажа, — каб сыны консульскіх
мужоў або іхнія жоны былі аддаваны львом на корм. Можа спаткаць вас кожная іншая смерць, але не такая. Хто ведае, ці гэна былі львы, ці германскія туры, што не горш ад іх рыкаюць. Я кплю з варажбы і празначэння. Учора ноч была цёплая, і бачыў я, зоры падалі, як дождж. Не аднаму зрабілася б моташна ад такога явішча, а я сабе падумаў: калі між імі ёсць і мая, дык прынамсі меціму таварыства!..На момант замоўк, пасля кажа далей: — Ну а калі ваш Хрыстус уваскрос, дык, можа, і вас абаіх усцеражэ ад смерці.
— Можа, — адказаў Вініць, углядаючыся на зорнае неба.
XLI
Нэрон граў і пяяў гімн на гонар Спадыні Цыпру ўласнага аўтарства.
Быў таго дня пры голасе і адчуваў, што музыка ягоная сапраўды парывае прысутных, пачуццё гэтае дадавала сілы голасу, які выдабываў з сябе, і так расхвалявала ягоную душу, што выглядаў натхнёным. Аж пасля сам збялеў ад шчырага ўзрушання. І, на дзіва ўсім, не хацеў слухаць пахвалы. Праз момант сядзеў з абапёртымі на цытры рукамі ды пахіленай галавою, пасля раптоўна ўстаў і кажа: — Я змучаны, дайце паветра. Настройце тым часам цытры.
Гэта сказаўшы, абкруціў горла шаўковаю хусцінаю.
— А вы хадзеце са мною, — сказаў, звяртаючыся да Пятронія і Вініція, што сядзелі ў кутку залі. — Ты, Вініць, падай мне рукі, бо не маю сілы, а ты, Пятроні, гавары мне пра музыку.
Выйшлі на выкладзены алебастрам і пасыпаны шафранам палацавы балкон.
— Тут дыхаецца свабадней, — адазваўся Нэрон, — расчуленай і сумнай душы маёй. Хоць бачу, што з гэтым творам, на пробу вам запяяным, магу выступіць публічна і што гэта будзе трыумф, якога ніколі шчэ не меў ніводзін рымлянін.
— Можаш выступіць тут, у Рыме і Ахайі. Падзіўляў я цябе цэлым сэрцам і душою, боскі! — адказаў Пятроні.
— Ведаю, на пахвалы ты занадта лянівы. І шчыры ты, як Тулій Сэнэцыё, але больш знаешся, чым ён. Скажы, што ты думаеш пра музыку?
— Як слухаю паэзіі, як гляджу на квадрыгу, кіраваную табою ў цырку, на стройную статую, прыгожую святыню або малюнак, як агортваю суздрам усё, што бачу, адчуваю, як у маім захапленні змяшчаецца ўсё, што гэтыя рэчы могуць даць. А вось як слухаю музыкі, злашча тваёй, адкрываецца перада мною штораз новая краса і раскоша. Бягу за імі, лаўлю іх, але не паспею іх успрыняць у сябе, як наплываюць новыя, бы марскія, хвалі, плывучыя з бязмежжа. Дык вось кажу табе, што музыка ёсць як мора. Стаімо на адным беразе і бачым далячынь, а другога берага дагледзець нельга.
— Ах, які з цябе глыбокі знаўца! — дзівіцца Нэрон.
Хвіліну шпацыраваў моўчкі, толькі шафран ціха шуршэў пад нагамі.
— Ты выказаў мае думкі, — адазваўся ўрэшце Нэрон, — і дзеля таго кажу заўсёды, што ў цэлым Рыме ты адзін толькі патрапіў мяне зразумець. Так.
Тое самае і я думаю пра музыку. Як граю ці пяю, бачу такія рэчы, аб якіх не ведаў, што існавалі ў маёй дзяржаве або на свеце. Вось я — цэзар, свет мой, усё магу. Аднак жа музыка адкрывае мне новыя краіны, новыя горы й моры ды новыя раскошы, якіх не ведаў дагэтуль. Часам не ўмею ні назваць іх, ні зразумець, адчуваю толькі іх. Адчуваю багоў, бачу Алімп. Нейкі засветны павеў ахінае мяне; ледзь дабачваю, бы ў мгле, нейкую бязмерную веліч, а супакойную ды так ясную, як узыход сонца… Уся сфэра наўкол мяне гучыць музыкай, і павінен табе сказаць, — тут голас Нэрона захваляваў сапраўдным здзіўленнем, — я, цэзар і бог, чуюся тады малым, як пылінка. Дасі веры?
— Так. Толькі вялікія артысты могуць пачувацца ў абліччы мастацтва малымі… — Сяння ноч шчырасці, дык адкрыю перад табою душу, як перад прыяцелем, і скажу табе болей… Няўжо думаеш, я сляпы ці не маю глузду? Думаеш, я не ведаю, што ў Рыме выпісваюць на сценах чарнату на мяне, што завуць мяне маткабойцам і жонабойцам… што ўважаюць мяне за дзікуна і людаеда за тое, што Тыгэлін дастаў ад мяне некалькі прысудаў смерці на маіх ворагаў… Так, мілы, завуць мяне людаедам, і я ведаю пра гэта… Удаўблі мне лютасць да таго, што сам часта сябе пытаю: няўжо ж я такі люты?.. Але яны таго не ўцеюць, што ўчынкі чалавека часамі могуць быць лютымі, а чалавек можа і не быць такім. Эх, ніхто не паверыць, а можа, і ты, мой дарагі, не паверыш, як часамі, калі музыка хвалюе душу, я чуюся так добры, бы дзіцянё ў калысцы. Прысягаю табе на гэныя зоры, што іскрацца над намі, кажу шчырую праўду: людзі не ведаюць, колькі дабра тоіцца ў гэтым сэрцы і якія сам я бачу ў ім скарбы, калі музыка адчыніць да іх дзверы.