Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Роздумы

Aurelius Marcus Antoninus

Шрифт:

18. Тое, што памірае, ня выпадае з сусьвету. Калі-ж яно застаецца тут, дык і зьіначваецца тут, і распадаецца на свомыя сабе часткі - элямэнты сусьвету, і самога цябе. Гэтыя зьіначваюцца, але не наракаюць.

19. Усё, што існуе, існуе для пэўнае мэты, як напраклад, конь, вінаградная лаза. Чаму ты дзівішся? Нават і сонца можа сказаць, што я маю мэту; падобнае і багі могуць сказаць. І дзеля якое мэты існуеш ты? Для насалоды? Паглядзі, ці мае гэта які-небудзь сэнс?

20. Натура распасьцірае сваю ўвагу ў ваднолькавай меры на канец, як і напачатак, гэтаксама, як і на трываньне дзеяньня, падобна, як чалавек, які кідае мяч. Што добрага для мячыка ў тым, што ён нясецца ўгару, ці дрэннага ў тым, што ён імкнецца ўніз ды нават, калі ўпаў ды ляжыць? Што добрага для бурбалкі ў тым, што яна разьдзьмулася, ці дрэннага

ў тым, што яна лопнула? Тое-ж самае можна сказаць і пра лямпу.

21. Выверні што-небудзь (цела) унутранаю стараною наўзьверх і паглядзі, якое яно, і якім яно стаецца, калі старэецца, ці з прычыны хваробаў, або празьмернасьцяў.

Коратка жывуць і той, хто хваліць, і той, каго хваляць, і той, хто памятае, і той, каго памятаюць. Да таго-ж, усё гэта адбываецца ў куточку якой-небудзь краіны, дый тут ня ўсе згодны паміж сабою і асобныя людзі самі з сабою. Дый уся зямля - пясчынка.

22. Няхай твая ўвага будзе засяроджана на рэчы, што знаходзяцца перад табою; хай сабе гэта будзе слова, перакананьне, чын.

Ты маеш тое, на што заслужыў, бо ты баржджэй выбраў стацца добрым заўтра, чымся сягоньня.

23. Раблю я што-небудзь? Я раблю гэта, лічачыся з дабрабытам людзей.
– Здараецца са мною што-небудь? Я дапушчаю, лічачыся з волею багоў і крыніцыю ўсяго, дзе бярэ пачатак усё, што ўзьнікае.

24. Гэтак, як мыцьцё ў лазьні выяўляецца табе - тлушч, пот, гразь, ліпкая вада - рэчы, што выклікаюць агіду, - падобна выяўляецца кажная частка жыцьця і кажная рэч.

25. Люцыльля перажыла Вэруса, а пасьля і сама памерла; Сэкунда пахавала Максімуса, каб пайсьці ягоным сьледам; Эпітынханус бачыў паміраючага Дзіёцімоса, і сам памер усьлед за ім; Антонінус бачыў паміраючую Фаўстыну, а пасьля і сам быў пахаваны. І гэтак рэч маецца з кажным. Цэлер бачыў паміраючага Гадрыяна, і пасьля гэтага памер Цэлер. Дзе-ж усе тыя мудрацы, вяшчальнікі, ганарліўцы? Дзе, напрыклад, з мудрацоў Харакс, Дэмэтрыёс плятоністы, Эўдаймон і ім падобныя? Усё хуткамінаючае, усё даўно мёртвае. Некаторыя былі адразу забытыя, іншыя сталі мітамі, яшчэ іншыя зьніклі ўжо зь мітаў, Затым, памятай, што ўсё тое, што творыць сабою цябе, мусіць або распасьціся, або твая жыцьцёвая сіла згаснуць, ці зьіначыцца і быць перанесенаю на іншае месца.

26. Дзейнасьць, свомая для чалавека, зьяўляецца для яго крыніцаю радасьці. Чалавеку ўласьціва добразычлівасьць да сябе падобных, пагарда да пачуцьцёвых імпульсаў, адрозьненьне пераканаўчых ўяўленьняў, сузіраньне натуры Цэлага і таго, што адбываецца, дзякуючы ёй.

27. Існуюць тры суадносіны паміж табою і іншымі рэчамі; да цела, якое акружае цябе; да боскае прычыны, якая зьяўляецца крыніцаю ўсяго таго, што здараецца з усімі; і, нарэшце, да людзей, што жывуць з табою.

28. Боль зьяўляецца або злом для цела - у такім выпадку няхай цела і гаворыць пра гэта; або для душы; але душа здольнаю ёсьць захаваць уласьцівыя ёй зразуменьне і супакой і ня бачыць у болю зла. Бо ўсякае меркаваньне і імкненьне, схільнасьць і неахвочасьць знаходзяцца ўнутры нас, і ніякае зло сюды не пранікае.

29. Гані ад сябе ўсякае лятуценьне і заўсёды кажы сабе: Цяперака ад мяне залежыць, каб у гэтай душы ня было ані брыдоты, ані прагнасьці, ані наагул ніякага перапалоху; але, бачачы ўсё так, як яно ёсьць, я буду карыстацца ўсім у адпаведнасьці з яго каштоўнасьцю.
– Памятай пра гэтую здольнасьць, уласьцівую табе, дзякуючы натуры.

30. У сэнаце ці з прыватнаю асобаю заўсёды трэба гаварыць з павагаю, але бяз пыхі. Няхай мова твая будзе праўдзіваю.

31. Аўгустусавы двор, ягоная жонка, дачка, патомкі, нашчадкі, сястра, Агрыппа, сваякі, хатнія, прыяцелі, Арэюс, Мэцэнас, лекары, ахвяравальнікі, увесь двор памер. Перайдзі, тады, да ўсіх іншых, да сьмерці не паасобных людзей, але цэлых радоў, напрыклад Помпееў. На надмагільных помніках, між іншых, можна знайсьці інскрыпцыю: Апошні з гэтака ці іншага роду. Падумай, колькі намаганьняў затрацілі продкі, каб пакінуць сабе спадкаемца.
– Ды ўсё-ж, нехта павінен застацца апошнім. А пасьля ўжо памірае і апошні з роду.

32. Жыцьцё трэба складаць з паасобных дзеяньняў і быць задаволеным, калі кажнае зь іх адказвае свайму назначэньню. Але ніхто ня можа перашкодзіць табе ў тым, каб кажнае тваё дзеяньне адпавядала свайму назначэньню.
– А што, калі перашкоды

зьявяцца звонку? Гэтакіх нямашака для дзейнасьці справядлівае, разумнае і прадуманае.
– Але, магчыма, якая-небудзь іншая дзейнасьць наткнецца на перашкоды?
– Аднак-жа, дзякуючы супакойнай паставе, занятае да самое перашкоды і разважнаму падыходу да дадзеных абставінаў, на месцы ранейшае зараз-жа выявіцца новая дзейнасьць, карысная для падобнага ўкладу жыцьця, пра якую ідзе гутарка.

33. Прыймай багацьці або памыснасьць жыцьця без фанабэрыстасьці; і будзь гатовым згубіць усё.

34. Ці бачыў ты калі-небудзь адцятую руку або нагу, ці адсечаную галаву, што ляжыць асобна ад тулава? Гэтакім чыніць сябе кажны той, як далёка ён можа, хто нездаволены з таго, што здараецца і адыходзіць набок ад іншых або чыніць нешта супроць свайго асяродзьдзя. Прымем, што ты адасобіў сябе ад натуральнае еднасьці - бо ты нарадзіўся быць часткаю, але цяперака ты сам адсек сябе. Аднак тутака табе дадзена яшчэ тая магчымасьць, што ты можаш ізноў прывесьці сябе да зьяднаньня. Гэтага Бог не дазволіў ніякай іншай частцы: ізноў сысьціся, будучы ўжо адасобленаю і адсечанаю. Ацані дабрыню, якую ён праявіў да чалавека: ён даў яму волю не адрываць самога сябе з самага пачатку ад Цэлага і ўжо адарванаму дазволіў сысьціся, зрасьціся і заняць месца ў частцы.

35. Як усе іншыя здольнасьці разумнае істоты ўкладзены ў яе натураю Цэлага, гэтаксама мы атрымалі ад яе і наступную. Падобна, як яна ўсё, што супрацьставіцца і насупраць ёй дзейнічае, ператварае на сваю карысьць і ўключае ў ланцуг неабходнасьці, чынячы яго сваею часткаю, гэтаксама і разумная істота можа ператвараць у матэрыял для сябе кажную перашкоду і выкарыстаць яе, усяроўна, якія былі яе ранейшыя мэты.

36. Няхай не агортвае цябе сумная думка пра тваё жыцьцё ў сваей суцэльнасьці. Не затрымлівайся над тым, колькі і якога характару цярпеньняў, напэўна, давядзецца табе дазнаць, але пры кажным, што пагражае табе, зьвяртайся да сябе з пытаньнем: Што ёсьць у гэтым, чаго нельга было-б перанесьці і сьцярпець?
– Ты дазнаеш пачуцьцё сораму, адказваючы афірматыўна. Затым бо, памятай, што цябе гняце ня прышлае і ня мінулае, але заўсёды толькі сучаснае. Але апошняе яшчэ зьменшыцца, калі ты абмяжуеш яго ў ім самым і ўпікнеш сваю душу, калі ёй выдасца немагчымым нават гэткі цяжар.

37. Ці Пантэя або Пэргамос усё яшчэ сядзяць каля грабніцы Вэруса? Ці Хабрыяс або Дзіёцімос сядзяць каля грабніцы Гадрыяна? Нават само пытаньне ёсьць сьмешным. Але, калі-б яны і сядзелі, дык ці адчувалі-б гэта нябожчыкі? А калі-б і адчувалі, дык ці прынесла-б гэта задавальненьне? А калі-б і прынесла задавальненьне, дык сталіся-б тыя, што сядзяць каля іхных грабніцаў, несьмяротнымі? Ці-ж не наканавана ім спачатку стацца старымі, а пасьля памерці? Але, што сталі-б рабіць нябожчыкі пасьля іхнае сьмерці? Усё гэта - цяжкое паветра, мяхі, напоўненыя парахнёю.

38. Калі ты можаш бачыць востра, тады глядзі і разважай мудра, кажа філёзаф.

39. У пабудове разумнае істоты я не спасьцерагаю мужнасьці, якая супроцьставілася-б справядлівасьці; але спасьцерагаю мужнасьць любові, і гэта ёсьць паўстрыманасьць.

40. Адмоўся ад свайго пагляду адносна таго, што здаецца засмучаючым цябе - і ты сам знойдзешся ў поўнай бясьпецы. Але хто гэты «сам»?
– Розум. Але я ня розум.
– Тады, будзь ім.
– Такім чынам, няхай толькі розум сам не засмучае сябе. Калі-ж нешта іншае ў табе чуецца дрэнна, дык няхай яно само і ўпэўніваецца ў самым сабе.

41. Перашкода для ўспрыняцьця змысламі - гэта зло жывёльнае натуры. Перашкода для імкненьня (жаданьня) - гэтаксама зло жывёльнае натуры. Існуюць гэтаксама і перашкоды для расьліннага жыцьця, якія зьяўляюцца злом для яго: гэтак і перашкода для духа зьяўляецца злом для духовае натуры. Дастасуй усё гэта да самога сябе. Ці боль або змысловая прыемнасьць узьдзейваюць на цябе? Няхай змыслы пакажуць на гэта. У сваім імкненьні ты наткнуўся на перашкоды? Калі аддаешся імкненьню бязумоўна і без засьцярогаў, дык гэта ўжо дрэнна для цябе, як істоты разумнае. Але, калі ты расшырыш свой кругагляд, дык ня сустрэнеш шкоды і не спаткаешся з перашкодамі. Дзейнасьці-ж, уласьцівае духу, ніхто іншы перашкодзіць ня можа, бо ён недасягальны ані для агню, ані для мяча ці тырана, ані для паклёпу. Як доўга гала існуе, яна ня можа страціць свае кругласьці.

Поделиться с друзьями: