Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

— Дык ці будзе, ойча, у нас добры ўлоў? — спытаў ігумена старэйшы рыбак (напрыканцы шляху збіраліся закідваць невад — каб прадаць рыбу на канстанцінопальскім рынку).

Ігумен Ніл усміхнуўся, правёў даланёй па мяккай барадзе і мовіў:

— Я ж не варажбіт, чалавеча. Нікому са смяротных не дадзена знаць пра жыццёвую лоўлю. На тое ёсць вечны лавец душаў — Бог наш нябесны. Папрасіце ласкі Ягонай — і будзе вам улоў…

Яшчэ тры разы вынырвала з марскіх глыбіняў і атухала ў паружавелай вадзе вераснёвае сонца, пакуль іхні карабель скінуў якар на дно бухты Залаты Рог.

Кажуць, выспа —

вароты Басфора — нагадвае галаву арла. Арол з дзвюма галовамі — герб Усясветнай Канстанцінопальскай Патрыярхіі і цяперашняй імператарскай дынастыі Палеалогаў.

У даўнія часы грэкі-каланісты заснавалі на выспе горад Візантыя ў гонар свайго правадыра Візанта. Затым ён стаў новай сталіцай Рымскай імперыі і назваўся Канстанцінопалем — у памяць пра першага хрысціянскага імператара Канстанціна Вялікага. З Рыма, Афінаў, Эфеса ды іншых гарадоў сюды звозілі лепшыя скульптуры, каштоўныя рукапісы ды таленавітых архітэктараў.

Прайшла пасля таго тысяча гадоў, а прасолены Мармуровым морам ды ўсушаны высокім сонцам горад выглядаў маладым і бадзёрым. Як і раней, сцякаліся на форум — рынкавую плошчу — гандляры і купцы, узвышаўся над засмяглай у спёцы зелянінай і квеценню Букалеон — імператарскі палац, за ім — жоўтыя каменныя сцены цырка, тэатра, ніжэй, уздоўж пыльных выпетраных вулак — двух-трохпавярховыя дамкі з аркадамі, грамадскія лазні, якія ледзь не ўсутыч ляпіліся да старой гарадской сцяны.

Цяпер жа горад пераліўся і праз тую, і цераз новую сцяну: яго абаранялі ўжо тры рады каменнай цвержы з глыбокімі забраснелымі ірвамі перад кожнай і дзевяноста шэсць вартавых вежаў. І сем абшытых тоўстымі металёвымі лістамі брамаў.

Калі стомлены дарогай ігумен з дапамогай келейніка спускаўся ў лодку, штось бліснула ў ягоных вачах.

— Хвала Табе невымерная, Нябесны стваральнік, — прашаптаў Ніл і перахрысціўся.

На асмужаным даляглядзе вынырнуў пазалачоны купал Святой Сафіі.

Толькі напрыканцы трэцяй варты1 афонскі ігумен патрапіў у Верхні горад. Патрыяршы спраўнік запрасіў у гасцёўны пакой, дзе манахі — Ніл і ягоны келейнік — маглі памыцца і адпачыць з дарогі.

— Яго Вялікасць Боская Усесвяцейшасць Архіяпіскап Канстанцінопальскі-Новага Рыма і Усясветны Патрыярх, — паведаміў ён, развітваючыся, — зможа прыняць вас пасля вячэрні.

Службу ў Святой Сафіі яны аніяк не маглі прапусціць — калі б нават раскрыліся нябёсы над Вечным горадам і загулі трубы іерыхонскія. Келейнік наведваў храм упершыню, а ігумен Ніл у свае маладыя гады быў ягоным дыяканам — ды таксама адчуў першасную акрыленасць ад сузірання велічных сценаў. Унутры яны, як і падлога, да самага мазаічнага ўзвышша пакрытыя прыроднымі роспісамі мармура з белымі, бірузовымі і вогненна-карычневымі вертыкальнымі разводамі… Вось і Харалагін, дзверы, праз якія можна выйсці на каменны пандус і дабрацца на верхнюю галерэю — нібы на нябачных крылах узняцца да залачоных архангелаў і зверху ўвабраць у дрыготкую душу храмную прастору…

Аграмадны купал, які — здавалася звонку — уціскаў святыню ў грэшную зямлю, унутры на далонях двух нефаў выглядаў лёгкім і ўзлётным. Можа — ад сонечнага вянка ўрэзаных у яго авальных вокнаў, можа — ад гонкіх узалочаных фрэсак, можа — ад высозных калонаў, а можа — ад намоленых слоў, што гучалі пад тым купалам і ўжо не месціліся ў храме.

Але ім, малітоўным словам, было прасторна ў манашскіх душах, якія ў час гэтай вячэрні таксама ўзнімаліся да

нябеснага купала…

— Эвлагітэ! — ігумен упаў на калені, калі патрыярх увайшоў у свой тронны пакой — пераапрануты, у простым падрасніку. На галаве замест сферычнай клабукі была белая скуфія.

— Бог дабраславіць, мой дарагі брат! — адказаў патрыярх і таксама ўкленчыў перад госцем. — Думаў, ужо й не пабачу тваю мудрую сівізну.

Яны абняліся і прыселі на лаву, прыстаўленую ўздоўж сцяны з высокім арачным акном. Леваруч ад іх на пакрытым дарагім дываном узвышэнні стаяў залачоны трон з аксамітнай падушкай і доўгімі кутасамі.

Патрыяршы трон ніколі не пуставаў: на ім месцілася кніга старадаўняга рукапіснага Евангелля ў залатых вокладках. Па абодва бакі трону — гліняныя вазы-гаршкі з доўгімі пальмавымі галінамі. Просты ж драўляны сталец патрыярха быў пад узвышэннем, але ўладыка сеў побач з госцем.

— Ці добрай была дарога? І як цячэ жыццё Божае на Афоне?

— Хвала Богу, і дарогі, і жыццё нашае добрыя, — пачаў Ніл — і спыніўся, не ведаючы, як падступіцца ў размове са сваім клопатам, але патрыярх нібыта адгадаў ягоныя думкі:

— Аднак бачу пакутнае ў вачах тваіх: гавары.

— На дванаццатым годзе чорнага скіту адкрылася нашаму старэйшаму брату Філафею відзежа нябесная: Маці Божая паказала яму бой двух галубоў, чорнага з белым. І ўбачыў брат наш Божы… смерць Канстанцінопаля і разбурэнне Святой Сафіі… — ігумен сполашна перахрысціўся і адвёў ад патрыярха вочы.

Праз акно ў залу запаўзалі першыя вечаровыя цені. Бліснула пад нізкімі промнямі астылага свяціла залатое акаймленне Евангелля на патрыяршым троне — і адлюстравалася ў блакітных зрэнках ігумена.

— Гавары далей, — загадаў-папрасіў патрыярх.

Ігумен уздыхнуў, нярвова скрыгатнуў зубамі — ажно зварушыліся абветраныя жаўлакі — і прадоўжыў:

— Апякунка Нябесная спусцілася ў агонь высокі, у якім гарэлі словы Божыя — кнігі Святога Пісання… «Ідзі і раскажы», — загадала Валадарка Цноты старцу Філафею, і ўбачыў ён у тым сне, як выйшла Бязгрэшная з агня, і паклала на ваду кнігу, і сказала: «Вось цела Сына майго». І разгарнула кнігу, і перст свой да радкоў прыклала, і сказала: «А гэта кроў Ягоная»…

Патрыярх устаў, прайшоў да трона, укленчыў перад Евангеллем:

— Госпадзе, Божа мой! Ты паставіў зямлю на цвёрдых асновах: не пахіснецца яна векавечна! — прашаптаў словы псалма і, не паварочваючыся да ігумена, спытаў:

— І як брат Філафей тлумачыў сваю відзежу?

— Загадаў адпраўляцца да Вашай Усесвяцейшасці і папярэдзіць аб небяспецы. «У Канстанцінопалі захоўваецца найбагацейшы скрыпторый, — мовіў. — Ратуйце і пашырайце слова Хрыстова. Цела Божага ад крыві Ягонай адлучаць нельга»…

— І якім чынам ратавацца Святому гораду? Мне, можа, ігумен, пайсці да імператара і папрасіць яго новую сталіцу заснаваць, калі гэтай вы смерць прарочыце?! — у словы патрыярха ўпляталіся ноткі абурэння: — Канстанцінопаль цяпер як ніколі моцны. Рыхтуецца Фларэнційскі Сабор і падпісанне царкоўнай уніі з Рымам… І туркі цяпер аслабленыя: Цімур-мангол на Анкары надоўга сілу з іх выбіў. Успомні, як восем летаў таму Мурат Другі насмеліўся напасці на Канстанцінопаль — і што з таго сталася?! — патрыярх трывожна памаўчаў, падышоў і зноў прысеў да ігумена: — Ідзі з Богам, браце Ніл. Дзякуй за расповед. Адпачні, колькі трэба, ды вяртайся мацаваць веру Хрыстовую ў душах манашскіх…

Поделиться с друзьями: