Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

— Прыгожа… — прашаптаў госць, на што шафёр радасна хітнуў маладжавай галавой (на выгляд яму каля сарака) — і паддаў «газу»…

Ягоны даклад быў на пленарным пасяджэнні. Заяц і падрыхтаваўся, і стараўся — як ніколі: і нечаканка ў звароце, каб захапіць увагу залы, «антытэза — тэза» і гэтак далей. Ён гаварыў пра ролю кнігі ў развіцці чалавецтва, пра славянскіх друкароў Скарыну і Фёдарава.

— Вось першыя асноўныя цуды свету… — Заяц упэўнена падняў да аўдыторыі далонь і пачаў загінаць пальцы, — монатэізм, кола, палёт чалавека ў космас і… кніга! — Калі ён задумваўся, на адкрытым ілбе з раннімі залысінамі выяўлялася глыбокая вертыкальная баразна-маршчына, а доўгія бровы ўзнімаліся рымскай пяцёркай — як у савы. Заяц усклаў рукі на канты трыбуны і пасля невялікай

паўзы закончыў: — А кніга можа стаць і міжнародным сімвалам. Сімвалам яднання, братэрства, грамадскай візітоўкай. Такой, як скіпетр, сцяг… Вось, напрыклад, інкунабулы Візантыйскай бібліятэкі. Некаторыя з іх пасля падзення Канстанцінопаля былі перададзеныя Палеалогамі ў Маскву. Прыкладам — Евангелле ад Яна. Як сведчылі прадстаўнікі княжскай дынастыі Негашаў, яна затым перахоўвалася ў чарнагорскіх манастырах. Дык вось уявіце сабе… — Заяц адышоў ад трыбуны і наблізіўся да першых шэрагаў залы. — Калі б гісторыкі, архівісты адшукалі яе — яна б стала сімвалам-сцягам усяго славянства ад гэтых югаслаўскіх гор да гор Урала!..

Пытанне яму было зададзена толькі адно: «Чаму сярод цудаў духоўна-інтэлектуальнага развіцця чалавецтва Вы не назвалі адкрыццё сонечнай сістэмы?».

— Гелеацэнтрызм, на маю думку, не зрабіў каардынальнага ўплыву на культуру. Ну круціцца зямля вакол сонца ці не… Чалавек бачыў, як штовечар яно, сонца, хаваецца-«памірае», а пасля начы зноў нараджаецца. Гэта і адкладвала ў ягонай псіхалогіі адбітак… Адлюстравалася ў міфалогіі і фальклоры…

У перапынку многія падыходзілі да яго, хвалілі за даклад, але — аніводнага, нават ускоснага намёку пра кнігу Евангелля! Ну хай там замежнікі, немцы ці французы, якія й чуць аб ёй не чулі… Але ж тутэйшыя, сербы, чарнагорцы?..

Вечарам было застолле. Мора традыцыйнай ракіі, каньяка, лікёра «Горкі ліст»… Любіў Заяц гэтую справу, але стрымліваўся: хто яго ведае, як там абернецца? Усё ж — замежжа…

Назаўтра працавалі асобныя секцыі, і ён пайшоў на «Культуру і гісторыю Балканаў». Паслухаў даклад прафесара Янкавіча аб ролі нацыянальнай паэзіі ў станаўленні сербскай дзяржаўнасці, яшчэ з дзясятак карацейшых выступаў — і пасля кава-паўзы пайшоў у гатэль адпачыць. Зранку былі запланаваныя экскурсіі: цеплаходам у Бока-Каторскі заліў, на Скадарскае возера і ў Цэціньскі манастыр. На выбар. Зразумела, ён выбраў апошняе: там захоўвалася старадаўняя бібліятэка.

І вось — напаўпусты (большасць удзельнікаў канферэнцыі падалася да мора) «Ікарус» хутка адлічыў паўсотню кіламетраў ад Падгорыцы і завіляў па вузкіх вуліцах Цэціні.

Гарадок быў заліты сонцам і пахам пераспелай смоквы. Старанна злепленыя з камянёў дрымотныя сцены манастыра. Да глянцу нацёртыя падэшвамі прыступкі. Прахалода і мядовы бляск абразовых акладаў дзеючай царквы…

— Не хочаце, гасподар прафесар, пабыць каля машчэй святога Пятра? — вывеў з задуменнасці ціхі голас Янкавіча.

— Так, дзякуй.

У невялікім пакоі пад белымі зводамі сценаў перад авальным акном стаяла р'aка. Над ёй — тры сціплыя абразы. Манах у чорнай рызе і дзве бабулькі ў чорных хустах укленчылі перад мармуровым узвышэннем. Янкавіч перахрысціўся, за ім аўтаматычна і Заяц.

«Ну вось, — падумаў, — савецкі навуковец, камуніст… Бачыў бы хто з нашых…»

Затым яны сядзелі на каменнай лаве пад ценем невядомага дрэва з тоўстымі і прадаўгаватымі — як рыбы — лістамі і чакалі астатніх.

— А багатая бібліятэка ў манастыры? — як скрозь дрымоту спытаў Заяц.

— Так. — Калега загадкава апёк яго зіхоткімі зрэнкамі. — Але візантыйскага Евангелля ад Яна там няма…

У апошні дзень канферэнцыі Янкавіч запрасіў Зайца да сябе на вячэру — у прыгожы белы дом пад чырвона-рудаватым дахам. Разам з ім тут жыў і стары бацька — прафесар гісторыі. Невялікага росту, сухі, сівыя бровы і вейкі, але пад імі — жвавыя каштанавыя вочы. Абрадаваўся госцю, пахваліў, што пакланіліся Пятру Цэціньскаму. Гаварыў па-расійску амаль без акцэнта, толькі зрэдку ўстаўляючы сербскія словы:

— З ім, святым Пятром, і вашай краінай — цэлая гісторыя. Калі падмацуецеся і захочаце паслухаць старога, магу распавесці… — і з чвэрць гадзіны ў цяністай прахалодзе гучаў ягоны лаўровы голас: — Святы Пётар Цэціньскі, наш цудатворац і дзяржаватворац, вучыўся ў Пецербурзе,

а потым ужо як архімандрыд адправіўся быў да царыцы Екацярыны прасіць дапамогі свайму праваслаўнаму народу. А царыца яго не прыняла… Затым яго рукапалажылі ў Карлаўцах у сан архіярэя Чарнагорскага, на што быў атрыманы дазвол аўстрыйскага імператара. І зноў падаўся Пётар да сваіх мацнейшых братоў, братоў па духу і веры — з просьбай аб падтрымцы, але князь Пацёмкін загадаў яго выгнаць з Пецербурга. Гарэтніка ўкінулі ў паліцэйскую павозку і гналі дзень і ноч без спачынку да самай мяжы — як ліхвяра, а не архіярэя. Маўляў, які архіярэй без дазволу русійскага Сінода? Вось як! Нібыта не ўсё агульнае пад Божым небам і не аднолькавую сілу мае… — стары зморшчыў лоб і часта заміргаў вачыма, кашлянуў, глынуў астылай гарбаты і працягнуў: — А калі вяртаўся Пётар, на Чарнагору напалі туркі, скадарскі візір Махмут-паша Буш1. Шмат людзей панішчылі. Разрабавалі Цэціньскі манастыр. І былі голад і холад, і елі кару дрэў ды малолі на муку карэнне і траву жучэніцу… І не было падтрымкі ад русійскага праваслаўнага брата.

— Прабачце, а ў якім гэта было годзе? — перапыніў Заяц.

— У 1785-м. Напрыканцы, словам, XVIII стагоддзя. — Стары зірнуў на наструненага сына і памякчыў свой тон: — Ну Вы ж, я думаю, не будзеце крыўдаваць на маю крытыку палітыкі русійскага царызму? Яна ж цяпер ва ўсёй савецкай гісторыі выкрываецца… — зірнуў уважліва, хоць і далікатна, зноў глынуў гарбаты. — Дык вось, туркі яшчэ двойчы напрацягу некалькіх гадоў нападалі. І абраны мітрапалітам святы Пётар у Бога заступніцтва прасіў. І перамаглі Буша і ягонае войска. — Старэйшы Янкавіч памаўчаў і дадаў як штось выбаленае: — Не разумею я і еўрапейскую, і русійскую палітыку… Што ёсць нашыя Балканы? Гэта апошні рубеж-бастыён праваслаўя, славянства, калі заўгодна. Зямля, прыціснутая з поўдня нястомным ісламам, а з поўначы — змораным каталіцызмам. Аслабеем мы — заўтра ваяўнічы іслам увойдзе ў надувену… пыхлівую Еўропу! Скорымся мы — і хто са славянскіх народаў падзякуе і паверыць багатай і моцнай Русіі?

— Прабачце, наколькі ведаю, Расія і раней не забывала пра югаслаўскія народы… Цар Павел Першы падараваў згаданаму мітрапаліту Пятру ордэн Святога Аляксандра Неўскага, і ў часы вайны з французамі дапамога была… — нібыта апраўдваючыся, згадаў Заяц.

— Так, хто ж аспрэчвае. «І раней не забывала…». Не буду пра недалёкае — пра спрэчкі Сталіна і Ціта. А тады, пры святым Пятры, русійскую імперыю напалеонаўскі петао… певень дзюбнуў! Вось і закруціліся. А ў той час святы Сінод Русійскай царквы прызнаў мітрапаліта Пятра гультаём, які ўчыніў «цяжкія грахі»: пры ім, маўляў, манастыры апусцелі і паства паменела. Нібыта не вайна тое зрабіла… А яшчэ — прысланыя з Русіі кнігі ён, маўляў, не чытаў і, ратуючы свой народ ад голаду, заклаў нейкія манастырскія багацці купцу з Бокі…

— Добар дан! Я бачу — у нас госці? — перад сталом з’явілася — прыйшла з працы — стройная загарэлая маладзіца. — Богдан! Тата!.. Ну што гэта за пачастунак? Пачакайце, я зараз прыгатую…

Пакуль штось апетытна смажылася і сквірчэла, малодшы гаспадар змяніў тэму гаворкі:

— Прафесар Заяц цікавіцца штампаваннем кніг… то бок друкам. Наогул, гісторыяй інкунабул. У прыватнасці, візантыйскім Евангеллем ад Яна.

— А, Еван’елле по Йовану?! — абудзіўся стары Янкавіч і, звёўшы выцвілыя бровы, спытаў: — А вы штось чулі пра брацтва янітаў?

— Не давялося…

— Яго стварылі пад патранажам візантыйскага патрыярха афонскія манахі. Іх мэтай было захаванне і распаўсюд Божага кніжнага слова. У наш час падобную місію выконваюць Гедэонавыя браты. Якраз яніты доўгі час і перахоўвалі згаданае Евангелле…

— А потым з пляменніцай Палеалога прывезлі ў Маскву, адкуль яно патрапіла на тэрыторыю Югаславіі? — не стрымаўся Заяц.

Вочы старэйшага Янкавіча звузіліся. Ён задуменна змуліў, нават прыкусіў тонкія вусны:

— Так, калі быць больш дакладным — сюды, у Чарнагору. — І стары, нібыта штось успомніўшы, перакінуўся на іншае: — Дык вось, архіярэі русійскага Сінода і абвінавачвалі мітрапаліта Пятра, што ён тое цудадзейнае Евангелле прадаў купцу з Бокі Каторскай. А калі атрыманыя сродкі пайшлі на ежу галодным дзецям?! Што можа быць важней здароўя душы хрысціянскай? Урэшце, мітрапаліт жа не прадаў сваю веру ці слова Божае…

Поделиться с друзьями: