Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

Ігумен і манахі перахрысціліся.

— Як завуць цябе і хто бацькі твае? — спытаў ігумен.

— Максім. Бацькі з-пад Спарты…

— Што ж, Гасподзь выпрабоўвае веру нашую… — як аб нечым іншым уголас падумаў ігумен і ўздыхнуў: — Ідзі адпачывай з цяжкай дарогі. А мы з братамі памолімся. Ідзі…

Праз паўмесяца да Афона даплыў карабель пад сцягам двухгаловага арла Палеалогаў. Некалькі вояў-генуэзцаў, абаронцаў Канстанцінопаля, дабраліся на лодцы да берага і распавялі манахам пра апошнія хвіліны імператара, які сустрэў сваю смерць з мячом на гарадской сцяне. Каля сотні хрысціянаў з рэштай імператарскай сям’і — дзесяцігадовая пляменніца Зоя з цёткамі — змаглі прабіцца да прыстані і выйсці ў мора.

Генуэзцы перадалі ігумену Нілу апошнія словы патрыярха:

ідзіце ў народы візантыйскай веры. Папрасілі харчоў ды вады і вярнуліся на карабель. Іх чакала дарога ў Фракію…

Восенню трыццаць манахаў афонскага брацтва янітаў пасля трохдзённай малітвы выправіліся пад ачолам айца-магістра Ніла ў свой першы місіянскі паход. Іх ахоўвалі генуэзцы, якія на тым жа адбітым у янычараў караблі паспелі вярнуцца да Святой гары. Пераадолеўшы марскія хвалі і пакручастыя балканскія дарогі, яны аб’ядналіся са сваімі братамі-янітамі ў гарыстым балгарскім манастыры Белы, дзе месціўся святы схрон — Канстанцінопальскі скрыпторый-кніжніца — і паплылі да Крыму. Перазімавалі ў Судацкай крэпасці і, калі з рэкаў сышоў лёд, з дапамогай тамтэйшага дзясятніка-павадыра падаліся па Дняпры да кіеўскай Сафіі. Адтуль, пакінуўшы частку святых кніг і некалькі перапісчыкаў, да наступнай зімы дабраліся да Полацка, дзе і закончыліся зямныя дні сямідзесяцісямігадовага айца-магістра Ніла. Перад паходам, які ён назваў кніжным шляхам з грэкаў у варагі, Ніл склаў з сябе ігуменскія абавязкі, але манахі адмовіліся абіраць на яго месца іншага — і малітоўна запрасілі стаць манастырскай апякункай Божую Маці.

Ніл развітаўся з братамі-янітамі на высокім беразе Дзвіны, наклаў на кожнага крыж Хрыстоў, узняў у неба свае блакітныя вочы і прашаптаў:

— Мацуйце і пашырайце нашую справу, Богам дадзеную.

А затым нізка пакланіўся.

— Чую званы Божыя… — былі яго апошнія словы.

Па хартыі янітаў кожны павінен быў пасвяціць у брацтва трох наступнікаў. Ніл прывёў у яго трох Максімаў: Максіма Серба (які падаўся з місіяй на радзіму ў землі Зеты1), Максіма Спартанца (ён, колішні патрыяршы ганец з Канстанцінопаля, прыняў на Афоне манашскі пострыг) і перапісчыка-тлумача Максіма Грэка.

Апошні застаўся ў Кіеве…

1

1963, 1969 гады

Мікалай Заяц бачыў такі твар ужо другі раз у жыцці: нібыта яго пакруцілі ў пральнай машыне, а затым, перасушаны, папрасавалі. Ніводнага мімічнага руху! Нават вочы — як пацягнутыя пакостам, як масліны ў воцатным расоле…

І размова пачыналася аднымі й тымі ж словамі. Напачатку гэта было ў загадчыка кафедры, праз некалькі дзён пасля абароны кандыдацкай.

— Даручэнне, Мікалай Сымонавіч, маецца… па тэме Вашай навуковай працы. — І зрэнкі-масліны ўздрыгануліся. — Лекцыйную нагрузку перакінем на зіму, а тут трэба пастарацца, бо — самі разумееце — запыт зверху. Інструкцыі — на месцы…

І вось ён — упершыню «за сцяной», у самым што ні ёсць «сэрцы Радзімы». Паўз Палац з’ездаў уся іх група — сем чалавек — пад пажаўцелымі прысадамі цопае моўчкі і неяк насцярожана. Праваруч — Успенскі сабор, усыпальня мітрапалітаў і патрыярхаў, злева — званніца Івана Вялікага з дзвюмя зіхоткімі цыбулінамі-купаламі. Самая высокая пабудова Крамля. Кажуць, там звон — у шэсцьдзясят пяць тон…

Нарэшце і іхняя мэта: Архангельскі сабор. Сустракае сваёй некалі белай сіметрыяй — як разгорнутая напалам кніга. А паветра саленавата-церпкае… Можа, ад недалёкай рэчкі за сцяной? І ў галаве — усё, што можна было нашкрэбці ў гістарычных крыніцах…

Яшчэ пры браце Аляксандра Неўскага Міхаіле Яраслававічы тут збудавалі драўляную царкву ў гонар архангела Міхаіла. Пры Іване Каліце вырас каменны храм, як сведчаць летапісы — у знак удзячнасці за ратаванне Масковіі ад голаду. Каліту першым і пахавалі пад зводамі яшчэ незавершанай святыні, якая стала ўсыпальняй маскоўскіх князёў. А ў пачатку XVI стагоддзя храм зноў перабудавалі. Пачаліся рэстаўрацыі, апошняя з якіх планавалася на іхніх вачах…

Будаўнічыя рыштаванні абхоплівалі сабор, і калі ён нагадаў Зайцу разгорнутую кнігу, дык усё разам цяпер выглядала як закратаваны манускрыпт. І расчытаць

яго — няпростая работа, даручаная міністэрствамі культуры і адукацыі іхняму «зводнаму археалагічнаму калектыву» пад кіраўніцтвам прафесара Фёдарава.

…Вузкія шчыліны вокнаў, цяжкі, выцягнуты з усходу на захад простакутнік сценаў… Нейкі незвычайны ўрачыста-жалобны настрой (лічылася, што апякун сабора архангел Міхаіл быў правадніком душаў у царства вечнасці). Ну а храм, падумалася Зайцу, — «кантрольна-прапускны пункт» на той свет, праз што і даставалася яго сценам за ўсю гісторыю. Як адзначана ў летапісах, у 1450 годзе падчас навальніцы ў храм патрапіла маланка, а роўна праз чвэрць стагоддзя «внутри града» адбыўся пажар. У 1505-м князь Іван Васільевіч загадаў наогул разабраць старую царкву і закласці новую. Ды памёр. І сцены сабора, якія дастаялі да гэтых дзён, узводзілі ўжо пры ягоным сыне Васіліі Трэцім. «Курыраваў» будоўлю міланскі архітэктар Алевіз Фразін, які сачыў за ўзвядзеннем усяго каменнага Крамля. У вайну з Напалеонам французы выкарыстоўвалі храм як кухню ды казарму. Пакралі залатыя аклады, а з іканастасаў рабілі лаўкі ды ложкі… Таму зноў даводзілася аднаўляць унутранае ўбранства. У 1917-м сабор пашкодзілі пры абстрэле Крамля і праз год зачынілі. Цяпер жа, пасля адкрыцця тут музея, распачалася чарговая рэстаўрацыя — ужо знешняга выгляду помніка. Іхнім жа «надзелам» быў ніжні ярус з пахавальнымі крыптамі…

З кожнай хвіляй незвычайны трунак узнёсласці й жалобы запаўняў Зайцава цела, трунак, які апошні раз даводзілася піць ці не ў дзяцінстве, калі ў цэркаўку яго вадзіла бабця… Як усё даўно — і адносна блізка… Толькі змрочна, пуста ды хрыплае рэха пад нагамі і за парэпанымі калонамі… Толькі аніводнага ўсполыха васковай свечкі і пахне застарэлай цвіллю, як у закінутым склепе… І вось ён, ужо кандыдат гістарычных навук Заяц, зноў адрываўся ад рэальнасці і пераставаў бачыць сваіх калегаў…

Галоўная святыня сабора — ікона Міхаіла Архангела. Злева ад Царскіх Варотаў — ікона Божай Маці «Дабрадатнае неба», ва ўвесь рост у яркіх вогненных промнях, як ілюстрацыя да Янавага Адкрыцця: «И явилось на небе великое знамение: жена, облеченная в солнце; под ногами Её луна… И родила она младенца мужеского пола, которому надлежит пасти все народы жезлом железным…».

Жэзлам жалезным — паўтарылася ў ім, калі цугам — адзін за адным — дайшлі да ранніх фрэсак з сюжэтамі прыпавесці пра багатага і Лазара на сценах у дзяканніку ніжняга яруса, яруса, дзе ўладкаваная ўсыпальня Івана IV Васільевіча, празванага Грозным1… Усыпальня першага маскоўскага цара, які пашырыў дзяржаўную тэрыторыю. Яго пахавалі тут, пад сцёртымі плітамі падлогі, і парэшткі яго — сярод сарака шасці белакаменных плітаў у бронзавых футаралах з раслінным арнаментам і надпісамі вяззю.

Эксгумацыя труны Івана Жахлівага — і ёсць мэта іх незвычайнай «экспедыцыі».

— Значыць так. Паўтараю яшчэ раз: асаблівая ўвага — на дадатковыя прадметы. Адзначаем усё, што падобнае на кнігу ці не з’яўляецца часткамі трупа… — нагадвае «навуковец у штацкім», намеснік начальніка N-га ўпраўлення КДБ…

Бронзавае наверша ўскрылі лёгка, а вось пліта паддавацца не хацела. Зламаўся адзін з дамкратаў, і на падлогу пачала выцякаць жаўтавата-іржавая жыжка. Давялося падымаць пачаргова з бакоў — і падстаўляць драўляныя кліны. Большыя, яшчэ большыя…

Шэрхлы скрып, нібыта хтось ідзе па падсохлым імху ці пяску. Адчуванне не з лепшых у гэтай напампаванай электрычным святлом мёртва-каменнай прасторы. Як чыесьці крокі… Распавядалі, што да крыпты Івана Жахлівага прыходзіў Сталін: пастаіць з незапаленай люлькай, моўчкі паківае галавой — і марудна назад. Адна рука за спіной, другая, з люлькай, спераду…

Нарэшце і сама труна — як царкоўная р'aка, пакрытая срэбнымі пласцінамі.

— Асцярожна. Не выпусціце джына… — жартоўна шэпча «навуковец у штацкім», калі спрактыкаваныя археолагі мякка ўзнімаюць вечка.

Шаравата-шэрхлыя косці аддзеленыя ад хрыбта… Узнімаюцца-мацуюцца толькі шэсць верхніх рабрын, якія амаль пяць стагоддзяў таму прыкрывалі ўладарныя грудзі… Правая рука, правільней, тое, што ад яе засталося, нібыта надломленая і падсунутая пад «спіну». На ёй, а таксама па вертыкалі шкілета — фрагменты пашарэлай тканіны. Косткі ступняў павернутыя ў адзін бок і ўпіраюцца ў сценку труны.

Поделиться с друзьями: