Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сімъ побдиши

Пашкевіч Алесь

Шрифт:

— Ну так… — падтрымаў яго Заяц і нечакана перапытаў: — Дык усё ж ён прадаў тое Евангелле?

— Ды хто ж яго цяпер ведае? — праз насцярожную паўзу паціснуў плячыма старэйшы Янкавіч і працягнуў: — Не разумею я мітусні вакол той кнігі. Евангелле і Евангелле. Вунь іх цяпер колькі сучасным друкам размножана! І ўсе яны аднолькавую сілу маюць, бо праз аднаго Хрыста дадзеныя.

— Так, — зноў пагадзіўся Заяц і, узрушана варухнуўшы галавой, спытаў: — А чаму менавіта евангеліста Яна абралі сваім патронам афонскія кніжнікі?

— Бо якраз ён, — старэйшы Янкавіч нібыта чакаў гэтага пытання, і твар яго радасна змяніўся, — якраз ён, хоць і быў непісьменным, першым атрымаў дар духа Святога: абвясціў тое, чаму іншыя тры евангелісты спачатку не навучылі. Ён гаварыў пра ўцялесненне Слова: «І Слова стала плоццю».

— А чаму Яна называюць любімым вучнем Ісуса? — распытваў далей

Заяц.

Старэйшы Янкавіч усміхнуўся:

— Цудныя дзеі твае, Госпадзе… Толькі не крыўдуйце, калі ласка… Я і прысніць не мог, што савецкі прафесар, хутчэй за ўсё камуніст, выявіць такую глыбокую цікавасць «опіумам народа», як называў рэлігію Маркс… У Госпада, дарагі дружа, усе дзеці з паствы ягонай любімыя. Сярод іх — і святы евангеліст Ян. Ён, калі хочаце ведаць, родзіч Хрысту… Яго пляменнік. Так! Іосіф меў ад першай жонкі сямёра дзяцей: чатырох хлопчыкаў і трох дзяўчынак: Марфу, Эсфір і Саламію. Саламія нарадзіла Яна. А затым Іосіф заручыўся з Марыяй, ад якой з Божай таямніцай і нарадзіўся Хрыстос. Да ўсяго, святы Ян, пра якога Вы спыталі, згадваецца ва ўсіх Евангеллях як адзін з самых набліжаных да Госпада апосталаў. На тайнай вячэры ён першы, прыхінуўшыся да грудзей Хрыста, спытаў: «Госпадзі, хто выдасць цябе?». А затым, пасля ўкрыжавання Ісуса, ён быў высланы царом Траянам за абвяшчэнне слова Гасподняга на выспу Патмас, дзе і прадыктаваў святое Дабравесце-Евангелле…

— Ну вось… — перад імі з’явілася чарнявая гаспадыня, а з ёй — пахкая цім’янам, лаўрам, біберам і ўсемагчымымі ўсходнімі зачынамі смажаніна. — Ой, забыла… — Прыгажуня мітнулася і выставіла на стол літровую бутлю каньяка мясцовай маркі «Рубін» — з выявай на ружова-фіялетавай этыкетцы ледзь не старадаўняй «Пагоні» — вершніка-віцязя на кані перад развалінамі ну рыхтык Наваградскага замка, толькі ў руцэ вершніка замест мяча — напоўнены кубак, ці чаша па-сербску…

— Прашу ў гонар нашага госця іспіты здравіцу! — закахана ўсміхнуўшыся жонцы, прапанаваў малодшы Янкавіч.

— Прабачце, гэта замнога… — паспрабаваў аднеквацца Заяц і адставіць напоўнены келіх, на што пачуў ад гаспадыні шчыра-гарэзнае:

— Ды што Вы, пасля гэтага нават за руль садзіцца можна!..

— Так-так! — далучыўся і старэйшы Янкавіч. — Садзіцца можна, толькі… не ехаць. Гэта я як кіроўца з вялікім стажам — і дарожным, і каньячным — сведчу.

Выпілі, смачна закусілі.

— Так-так… — старэйшы гаспадар зноў пасур’ёзнеў. — Вы не крыўдуйце, прафесар, калі што-кольвек з маіх расповедаў не да душы прыйшлося…

— Ды не… Чаго ж?

— Рознае, самі знаеце, і цяпер, і раней рабілася… — і праз напружаную паўзу: — Я Вам на развітанне адну прытчу-прыпавесць хачу нагадаць — пра вялікі стол, састаўлены з меншых. Удзельнікі застолля праз некалькі чарак перасталі чуць, а потым — і слухаць адзінага зазывалу. Дык вось: у кожнага стала павінен быць свой тамада. Чаго, відаць, урэшце прычакаюць і наша, і ваша дзяржавы… — Янкавіч колка-ўважліва зірнуў на госця — і зноў узняў келіх: — За тое і прапаную тост-здравіцу!..

II

1493–1547 гады

З падзеннем Канстанцінопаля нібыта зямля перавярнулася пад нагамі афонскіх манахаў. Яны нястомна малілі Госпада ўразуміць іх і выявіць святыя знакі. Але — ці не бачылі, ці не заўважалі, ці іх — не было.

І манахі — хто не звязаў свой лёс з янітамі — падаваліся ў скіты. Афонскія манастыры амаль пуставалі. Балела ад таго ў Максіма Грэка душа, і ён дзякаваў Богу за тое, што мае магчымасць аддаваць свае сілы на пашырэнне Ягонага слова. Манах за некалькі гадоў працы ў Кіеўскай лаўры перапісаў сем кніг і з многімі дапамог у перакладзе. Ён ужо звыкся са сваім новым месцам, зжыўся з ім, як некалі — з Падуяй і Фларэнцыяй, дзе вучыўся, і толькі ў мяккіх снах, забываючыся над кніжнымі радкамі і старонкамі, зрэдку вяртаўся на радзіму — вось як у гэтым, з высокай сакавітай травой, вінаграднікам за спіной, дарогай… доўгай дарогай… якая выбегла з вады ў лес… стары пагудасты лес з вялікімі невядомымі яму дрэвамі… белымі, халоднымі… і дарога белая, ажно забалелі вочы…

— Эвлагітэ! — нечакана пачулася над спіной, і ён абудзіўся.

Яшчэ неўразумела — між сном і явай — усхапіўся над залітым воскам прыстолкам, перахрысціўся і адказаў:

— О Кірыёс… Гасподзь дабраславіць…

І збянтэжыўся, убачыўшы перад сабой брата-яніта, земляка па Афоне, свайго аднаіменца — Максіма Спартанца, у чорным хітоне, з накінутай на плечы авечай скурай.

— Вось я і адшукаў цябе. Збірайся…

Інак, які прывёў госця ў келлю, пакланіўся і выйшаў.

А яны доўга не маглі

нагаварыцца. Пачутае аніяк не супакойвала кніжніка-Максіма — свет і сапраўды пераварочваўся: у Рыме пануе нямецкае войска, Свяшчэнная Імперыя спрачаецца з Францыяй за свецкую ўладу… І аскепкі дынастыі Палеалогаў, пасля таго, як Венецыянскі сенат нагадаў маскоўскаму ўладару аб ягоных правах на спадкаемства візантыйскага тытулу, вырашылі падацца на ўсход. Між тым князь маскоўскі Іван ІІІ нібыта прымаў імператарскага пасла і пагадзіўся на саюз з Максіміліянам супраць ісламу, але развязаў вайну з ляшскімі хрысціянамі… А цяпер рыхтуецца да жаніцьбы з пляменніцай Канстанціна Зояй Палеалог і пагадзіўся прыняць герб Візантыйскай імперыі — двухгаловага арла. І вось ён — брат Максім — з’явіўся сюды ў суправаджэнні брата нябожчыка-базілеўса Фамы Палеалога і будучай імператрыцы Зоі, а ў пасажным абозе — з паўсотні старадаўніх манускрыптаў.

— …А яшчэ маскавіты жадаюць пашырэння царкоўных кніг візантыйскай традыцыі, і таму — збірайся і ты, цёзка брат-Максім, у новую вандроўку. Вось табе і ліст нашага магістравага заступніка аб тым… — закончыў госць.

Вось табе і дарога…

Белая, аж вочы коле. Снегу насыпала столькі, што здавалася, ён не растане і за ўсю вясну. А яшчэ — мароз і сіберны вецер, ад якіх слаба ратавалі авечыя скуры ды збітыя на санях буданы-балаголы. Калі коні стамляліся, абоз спыняўся ў больш-менш сцішным месцы. Сані расстаўлялі кругам, у цэнтры распальвалі вогнішча, грэлі ў катле штось паесці, затым — калі былі не ў стэпе — прыцягвалі некалькі сухастоінаў, звычайна елак, і падпальвалі. З людзьмі радаваліся цяплу і коні, дромна іржалі, нібыта ўрываючыся ў манатонныя размовы манахаў.

— …Дык ці скора яна, тая Масковія? І ці праўда, што тамтэйшы базілеўс, ці князь па-іхняму, не дачакаўся патрыяршай булы і загадаў называць сябе імператарам, царом? — пытаў, энергічна паціраючы далоні, Максім Спартанец. — Ці не было тое заявай на візантыйскую спадчыну?

— Пабачым, — спакойна ўздыхнуў Максім Грэк і схаваў у накладную кішэню ружанец — келейны, не на сто «зярнят»-напамінаў пра малітву Ісусаву, а на тысячу, з большым кожным дзясятым «прыпынкам». Кукаль манах апусціў на спіну і прыгладзіў свае наравіста-кучаравыя, з русым адценнем валасы. — У Кіеве ад манашства я многа чаго чуў… Ён, маскоўскі князь Іван, прысвоіў сабе тытул гаспадара ўсяе Русі, гэтым самым заявіўшы сваё права на Кіеў і Полацак. Невядома, што будзе з вольнымі гарадамі Псковам і Ноўгарадам. Але чалавеку — чалавечае, а Богу — Богава. — Манах узняў сваю прадаўгаватую галаву, адкрыўшы востры коўцік, і назіраў, як ад вогнішча адрываюцца і кружляюць у паднеб’е ігрыста-ружовыя матылькі-іскрыны.

— Эх, раней мы і не чулі пра тую Масковію, а цяпер вось даводзіцца снягі да яе церці, — уздыхнуў, калупаючыся дручком у вуголлі, малады і дужы прыслужнік Зоі Палеалог Сілуан, сын канстанцінопальскага ліцейшчыка. І без таго аграмадны, у накідках-скурах ён выглядаў волатам. Толькі дробны, крыху ўзняты нос сведчыў пра яго добры і мяккі характар. Зноў уздыхнуўшы, Сілуан нечакана згадаў: — Я калі ў кузні бацьку дапамагаў, у самы санцапёк, марыў, бывала, каб у лёдзе паляжаць, а тут вось…

— Кароткі век чалавечы, як і ўсялякай дзяржавы, акрамя Нябеснай, — не адрываючы вачэй ад агня, загаварыў Максім Грэк. Гарачыя языкі ўсполыхаў адлюстроўваліся ў ягоных валошкавых зрэнках і, здавалася, вось-вось расплавяць іх. — Я прачытаў некалькі летапісаў і хронік аб тым краі. Розных. Масква нараджалася як калонія, заснаваная русамі ў чужой фінскай зямлі. Яшчэ два-тры стагоддзі таму Масковія гарэла ў братазабойчай вайне паміж нашчадкамі Уладзіміра Манамаха. Юрый Даўгарукі ачоліў войска-калонію і падаўся на паўночны ўсход шукаць новыя землі. Ішоў той дарогай, па якой і мы: праз лясы, між ложаў Дняпра і Волгі… Падпарадкоўваў сабе іншыя плямёны. І збудаваў паходны лагер перасяленцаў, які і стаўся Масквой… Затым, як Божае пакаранне за пралітую кроў — доўгае нашэсце арды.

…Дагарэла вогнішча. Зыркае яшчэ вуголле насыпалі ў катлы і глыбокія жалезныя місы, паставілі ў вазы: яшчэ з гадзіну-дзве будуць леціць-грэць. Запрэглі коней — і санны караван выбраўся з прылеску ды зноў пасунуўся заснежанай поймай ракі.

Сонца — як аграмадны мандарын з афонскага саду — завісла злева ад іх і, здавалася, не спяшыла заходзіць за ледзяны небакрай, баючыся абмарозіцца. А як прыгожа некалі, думалася Максіму Грэку, яно садзілася ў фіялетава-малочныя хвалі — нібыта няўцерп было, перагрэтаму, нырцануць у марскую прахалоду… «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? Бо вандруе па свеце, — згадаліся словы прападобнага брата Філафея. — Так і святая кніга павінна асвятляць землі Гасподнія…».

Поделиться с друзьями: